Пані Цэцыля расплюшчыла вочы. Гэта ж голас пыхлівай варшавянкі Валеўскай!
— Маё сэрца належыць… другой.
«А мужчына — ці не ангелец? Чаму ён па-польску гаворыць… За вячэрай ані слова не сказаў», — падумала пані Цэцыля. Яе сон як рукой зняло.
— Другой жанчыне? Вы нічога не расказвалі мне пра яе. Раскажыце…
Нельга не пазнаць поўны і чысты голас Валеўскай. Пані Цэцыля зразумела, што трапіла ў нявыкрутку: флігель раздзелены на палавіны, і ў другой палавіне начавалі іншыя людзі. Тое, што рабілася між імі, цалкам іхняя справа, але быць сведкай, няхай сабе і міжвольнай, гэтай справы пані Цэцыля не хацела. Яна намерылася ўстаць, каб ціхенька апрануцца і пайсці. Сена гучна затрашчала пад ёю, галасы за драўлянай сцяной сціхлі. Заціхла, перастала варушыцца і пані Цэцыля.
— Ці можна ўведаць імя гэтай шчаслівіцы? — зноў пачуўся голас Валеўскай.
— Вы хутка пра гэта даведаецеся… — адказаў мужчына.
— О, мой каханы… Вы малады, здаровы, чысты, светлы. Ідэёвы, у рэшце рэшт…
Гэта быў не голас, але стогн. Пані Цэцыля пачырванела. Падслухоўваць чужыя размовы ой як нягжэчна! Гэта — па-першае, па-другое — яна баялася, што ў суседнім пакойчыку вось-вось што-небудзь пачнецца, які-небудзь такі ўраган пачуццяў, якога яна не вытрымае і тут, за сцяной. Яна можа, напрыклад, страціць прытомнасць… Адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі лічыла найвялікшай святыняй, таму быць сведкай гэтых адносін, няхай сабе і выпадковай, — грэх, найвялікшы грэх. Але як пайсці адсюль, калі сена гэтак трашчыць.
— Выбачайце, пані Валеўска. Яшчэ ў Польшчы я зразумеў, што вы ніякая не патрыётка, не вандроўніца…
— А хто ж я?
— Вы — звычайная расейская шпіёнка.
— Што?!
Пані Цэцыля накрыла галаву адразу дзвюма падушкамі, але і пад падушкамі яна чула галасы мужчыны і жанчыны.
— Выбачайце, вы — прайдзісветка. Яны могуць быць сярод полек, расеек, беларусак…
— Не, я люблю цябе, мой любы, харошы. Як жа зваць вашу абранніцу, пане Каліноўскі?
— Беларусь, а як жа яшчэ…
— Каханы, яшчэ не нарадзіўся мужчына, які мог бы ўстаяць супраць мяне… Давай забудзем пра ўсё…
Пані Цэцыля заткнула вушы пальчыкамі. Няхай лепш гэта быў бы сон, а не ява, рэчаіснасць. Як яна зможа жыць пасля таго, што яна пачула тут, у гэтым флігелі? Тайна разбурыць яе! Хутчэй падзяліцца з кім, вызваліцца ад непасільнага цяжару.
2. Сустрэча аканома з Артурам
Пан Ежы прасачыў, каб з-пад «гарэха» ўсё прыбралі, аддаў распараджэнні па гаспадарцы і намысліў ісці паспаць, але адпачыць у тую раніцу Ўрбановічу не ўдалося. Перахапіў яго Буевіч Артур.
Ён так і сказаў:
— Нельга спаць у адказны для радзімы час.
— А што рабіць? — развёў рукамі пан аканом.
— Што рабіць? Прапаную скласці спіс асобаў нашай мясцовасці, якія дапамогуць нам.
— Дапамогуць? — яшчэ больш здзівіўся пан аканом. — У чым яны нам дапамогуць?
— Дапамогуць у заваяванні нашаму краю вольнасці.
Пан Урбановіч зразумеў, што бяседныя словы не проста словы. Няўжо яна, гэтая моладзь, усур'ёз успрымае застольныя шчырасці? Ну пагаварылі, памарылі, паразважалі… і разышліся.
— Вы маеце на ўвазе тых з тутэйшай шляхты, якія могуць зычліва паставіцца да паўстання? — каб не строіць з сябе дурня, спытаўся аканом.
— Так, пане Ўрбановічу. Шмат у чым маем патрэбу: амуніцыя, рыштунак… Аднаго пораху дзе ўзяць? А яшчэ правіянту… З кавалкам хлеба на адзін дзень у інсургенцыю не пойдзеш, згадзіцеся.