— Замуж? — спачатку здзівілася Марыся. — Не збіраюся… — Потым таксама пажартавала: — Вось ты не ідзі ў лес ваўка пільнаваць, а бяры мяне замуж. Возьмеш?
Ясь збянтэжыўся:
— І вазьму… Але ж ты ў Пецярбург збіраешся.
Фогель, як пачуў гэтыя словы, трывожна зіркнуў на Марысю. Тут недзе пырхнуў конь. Павярнуліся, убачылі жандараў. Яны з'ехалі з дарогі, спыніліся каля маладых людзей, прывіталіся з дзяўчынай — паненка ўсё ж, а на Яся не звярнулі ўвагі.
Фогель жа нечакана глухім, нядобрым голасам сказаў:
— Прынясеш у мястэчка ўсю зброю, якую маеш…
— Прабачайце, васпане, — збянтэжыўся Ясь. — А есці што будзем?
— У цябе шмат стрэльбаў. Кажуць, нават і вайсковая ёсць…
— Крыху ёсць, — сумеўся юнак. — Гэтага дабра па лесе хапае.
— Дык ты збіраеш? А потым перадаеш мяцежнікам?
— Не, пане, што вы, — шчыра сказаў Ясь. — Я ў панскія гульні не гуляю.
У гэты час здарылася наступнае. Нечакана каля мосціка з'явіўся Інсургент. Быў недзе прапаў, а тут прыбег, падстаўляўся на вочы. Ясь глянуў на яго. Божачкі, малады воўк трымаў у пашчы… кацяня. Прыдушанае, яно яшчэ варушылася. Воўк з шчырым, даверлівым выглядам падаваў Ясю здабычу, чакаючы адабрэння, чакаючы, што яго пахваляць.
Марыся ўбачыла кацяня, закрычала:
— О, які жах! Гэта маё любімае!
Ясь вынуў з пашчы ваўка кацянё, пахукаў на яго, яно слаба піскнула. Фогель хацеў выцяць нагой ваўка, але Інсургент адскочыў. Тады жандар выхапіў з кабуры рэвальвер, узвёў курок, наставіў на Інсургента. Той прыціснуў вушы, адчайна скокнуў убок. Бахнуў стрэл! Інсургент скавытнуў, кінуўся праз равок прэч. Марыся пляснула рукамі і закрыла імі твар. Жандар хацеў стрэльнуць яшчэ раз, але Ясь падскочыў, тузануў яго за руку.
— Пане жандару, не чапайце. Гэта ж воўк, каты ў яго — хвароба…
— Хвароба? Якая дрэнь! — закрычаў Фогель. — Душыцель, драпежнік. Дажывешся, людзей пачне душыць… Адпусці руку, каму кажу! Не дакранайся да мяне…
— Паночку, не страляйце… Я з ім у лес, у лес пайду…
— Адыдзіся, кажу, — крычаў раз'юшаны Фогель.
Ясь адышоўся, збялелы, пакрыўджаны. Марыся, прыціскаючы прыдушанае кацянё да грудзей, пабегла дахаты.
— Ідзі адсюль, — пагрозліва прабурчэў жандар на Яся. — Ідзі, і каб больш я цябе тут не бачыў…
Фогель ненавідзеў у гэты момант самога сябе, што ўсё тут так здарылася. Ехаў сустрэцца з дзяўчынай, пагаварыць, неяк зачапіцца. І вось такое здарылася. Прыперла гэтага смаркача, ды яшчэ з ваўком!
3. Умець дараваць
Намер Яся падацца на Волхаўскія балоты губляў усялякі сэнс, бо належала шукаць Інсургента. Воўк пасля жандармавага стрэлу знік, і знік бясследна. Ясь абшукаў усё наваколле каля Налёткавай сядзібы, хадзіў усё шырэйшымі кругамі, баючыся натрапіць на ўтрупянелага чатырохлапага сябра. Потым шукаў па тых лясных сцежках, па якіх нядаўна блукалі разам з ваўком, клікаў, свістаў, нават браў вабу і падвываў, каб Інсургент адклікнуўся. Не, хмызнякі, чараты, дубнякі маўчалі.
Вяртаўся дахаты са спадзяваннем, што Інсургент, няхай паранены, падстрэлены, ужо вярнуўся, ляжыць у сваёй бочцы. Прыходзіў, зазіраў у бочку, але бочка была пустой.
Ноччу хлопец чуў, як нешта скрэблася ў сцены, мроілася сумнае скавытанне…
Аднойчы пані аканомава перадала, што хоча бачыцца з ім. Прыйшоў. Сказала, што ў маёнтку з птушніка прапаў улюбёнец пана Ўрбановіча — галандскі когут. Усе ўпэўненыя, што гэта — штукі ваўка. Пан аканом і Мондрык дзяжураць са стрэльбамі і сабакамі, мерацца застрэліць Інсургента.
Ясь не падаў выгляду, што абрадаваўся. Значыць, жывы, значыць, жандарава куля не дастала Інсургента.
— Уночы бегае вакол маёнтка, вые, скуголіць, просіцца да мяне. Адчувае, што яго могуць застрэліць… Забраў бы ты яго неяк, га?
— І што я з ім буду рабіць? — праказаў Ясь. — Ён — звер.