Стаялі, перакрыкваліся, перагукваліся, быццам нечага чакаючы. І тут убачылі, што па дарозе, якая ішла па мяжы зямлі пана Дубойскага і пана Буевіча, з'явіліся коннікі. Шляхта пастаяла, пачакала, калі коннікі, а з імі нейкія вазы пад'едуць бліжэй. Урэшце ўгледзелі, што гэта былі конныя жандары. Яны суправаджалі вазок, у якім сядзела некалькі чалавек.
— Ого, пан Налётка! — крыкнуў нехта з партыі пана Дубойскага. — Зяцёк твой пхаецца.
— Які ён мне зяць, — абурыўся Налётка. — Мая Марыся яму гатова ў любы момант гарбуз вынесці.
Налётка-Чарняўскі казаў няшчыра — яго цешыла, што да ягонай дачкі падбівае лёстачкі начальнік жандараў. Праўда, з гэтага падбівання нічога не выходзіла, Марысю нельга прымусіць быць ласкавейшай — замуства ў яе планы пакуль не ўваходзіла.
Капітан Фогель таксама ўбачыў збройную шляхту, раздзеленую дарогай, натоўпы мужыкоў з аднаго боку мяжы і з другога. Падшпорыў каня, пад'ехаў да партыі Буевіча.
— Што за маніфестацыя? — спытаў. — Навошта зборня?
— Я і спраўніку скардзіўся, і ў вас, пане капітан, прасіў разабрацца як след з маёй скаргай на пана Дубойскага.
— На гэта ёсць суд, пане Буевічу. Суд вырашае. Я гэтым не займаюся… Тут цывільная справа…
— Калі не вы, то мы, згодна звычаёвага права, самі разбярэмся… — У голасе Буевіча прагучэла рашучасць.
— Якое звычаёвае права! — абурыўся жандар. — Калі што здарыцца, будзеце адказваць па ўсёй строгасці ваеннага часу.
— Якога ваеннага? — здзівіўся Буевіч. — Хто з кім ваюе?
— Не прыкідвайцеся, пане Буевічу, дурнем, прашу мяне выбачыць за рэзкае слова. Каб на маім месцы быў больш строгі, больш няродны гэтай зямлі чалавек, я загадаў бы жаўнерам даць залп і расчысціць дарогу.
— А вы паспрабуйце даць залп! — чамусьці ўхмыльнуўся Буевіч. — Паглядзім, што з гэтага выйдзе. Зрэшты, дарога свабодная — едзьце сабе. Вы рабіце сваю работу, а мы будзем рабіць сваю. Не ўмешвайцеся, не ўлазьце.
5. Гуртом і бацьку добра біць
Фогель не ўбачыў, як Буевіч даў знак сваім рушыць на шляхту Дубойскага. Тым часам вазы з асуджанымі ўцягваліся паміж двума коннымі атрадамі шляхты. Сяляне, падбухтораныя сваёй шляхтай, зараўлі, паднялі кіі і, мякка тэпаючы лапцямі па зямлі, кінуліся на такіх, як самі, сялян, толькі належных іншай шляхце. Тыя сяляне таксама ўсхваляваліся, закрычалі і таксама пабеглі ў наступ.
— Спыніце іх, — закрычаў Фогель. — Зараз жа спыніце!
Конь пад ім круціўся, узбуджаны крыкамі і гвалтам. Жандар выхапіў рэвальвер, даў стрэл у паветра. І гэта быў знак атакі ўсутыч.
— Як ты іх спыніш?! Гэта віхура! — крыкнуў Буевіч, падняў плётку. — Выбачайце, пане афіцэр, у нас свае парадкі. Гэй, шляхта, рушма!
Ягоны конь скокнуў, як сабака, з месца. Шляхта зараўла, загігікала, ірванула з месца. Нечы конь апудзіўся, сядок паляцеў старчма.
— Я буду страляць! Я вас арыштую! — ашалела закрычаў Фогель.
Ён размахваў рэвальверам, але было позна — шыхты проціборцаў сышліся. Застукалі, заляскалі ўжо разам з кіямі і шаблі. Шляхта з жарсцю фехтавала; хто быў спрытнейшы, лупіў супраціўніка плазам. Сяляне сцягвалі вершнікаў з коней, адбіралі шаблі. І так выйшла, што вазкі з арыштантамі апынуліся пасярод бойкі, у самай яе гушчыні. А тут яшчэ зусім нечакана пачалася страляніна, усё больш угору. Паваліў дым. Залёталі ў паветры ахлапкі ад набояў. Фогель вачэй не спускаў з арыштантаў — там жа сядзеў сам Артур Буевіч. І тут капітан адчуў, што нечыя дужыя рукі ўхапілі яго ззаду, звалаклі з каня. Глянуў — барадатыя, касматыя, як дзікуны, людзі накінуліся на яго, адабралі рэвальвер, сталі круціць, вязаць рукі, насоўваць на галаву мех. Спрабаваў бараніцца, дык атрымаў такога грымака ў спіну, што ажно ў носе зашчыпала. Нейкі час яго трымалі, потым, звязанага, кінулі. Круціўся на зямлі, поўзаў на каленях, спрабуючы скінуць з галавы смярдзючы мех. Як скінуў — убачыў, што ягоныя падначаленыя люта сякуцца плёткамі з сялянамі, якія насядаюць на іх з косамі і віламі.
— Перамога! — крычалі адны.
— Наша ўзяла! — крычалі другія.
— Усё, кідай дрыны, замірэнне! Замірэнне, — прагучэлі крыкі. — Пан Дубойскі аддае перуновік, аддае! Гэй! Хто там яшчэ дубасіцца?!
Фогель стаў развязвацца, вызваляцца ад вяровак, азірнуўся, аж вазкі — і адзін, і другі, і трэці — пустыя. Некалькі жаўнераў ляжалі, яшчэ аблытаныя вяроўкамі, некаторыя ўжо разблыталіся. Спешаныя жандары бегалі за сваімі коньмі, разганяючы плёткамі сялян, а тыя ўжо і не таўклі адзін аднаго, не насядалі на жандараў, разбягаліся хто куды; хто ўцякаў дахаты, смялейшыя стаялі купамі, глядзелі, як пан Дубойскі абдымаецца з панам Буевічам.
Адзін з Пратасавіцкіх скінуўся з каня і ад радасці пусціўся ўпрысядкі.
— Замірэнне! Згода!
— Стаўлю бочку піва! — закрычаў пан Дубойскі.
— Дзве бочкі піва! — раўнуў пан Буевіч. — Гэй, шляхта, да Бэрка, конна, рушма! Мужыкі — следам! Дармавое саладчэй заробленага!
Фогель кінуўся да фурманак. Ён даўно зразумеў, што да чаго. Тут і дурань зразумее. Сярод арыштантаў не было Артура Буевіча.