— Воля ваша, паночку. — Кавалец звыкла ўтупіў вочы ў зямлю.
— Га?! Паламайце граблі! Па лобе б'юцца… — невыразна прамармытаў Ясь.
І яго ятрыла несправядлівасць. Артур такую бучу ўскалаціў, мо і людзей забіваў, а тут вінаваты Інсургент. Крайняга знайшлі.
Пан рэзка абярнуўся.
— Што ты сказаў?
— Гладкай, пане, дарогі…
Буевіч чмыхнуў, тузануў каня. Чалавек дапамог узлезці яму ў сядло.
Як толькі пан паехаў, пайшлі шукаць Інсургента. Адчуваючы небяспеку, воўк пакінуў бочку і глыбока зашыўся ў салому. Ясь пагладзіў Інсургента па лбе.
— Ну, брат, уліплі мы з табой.
Юнак узяў паляўнічую кайстру, пашытую з ласінай шкуры, свае пістонаўку і крамзэлю — крамянёвую стрэльбу, набраў у кашэль хлеба, солі. Па ўсім было відаць, што сабраўся надалёка і надоўга.
— Ты куды, Ясю? — спалохана спытала маці.
— У свет. Далей ад людзей…
— Сынку… — падняла рукі маці. — У лесе поўна жаўнераў. Паўстанцаў шукаюць…
— Я не туды, — махнуў рукой Ясь у бок Калоднага. — Я… на Волхаўскія балоты…
— Глядзі толькі, каб не падстрэлілі і цябе, — прамовіў сваё слова стары Кавалец. — Пакажы, што ты ўзяў?
Ясь раскрыў кайстру. Бацька ўзяў шратоўню, зробленую з бараняга мяшэчка.
— Дзе кулі? Колькі ў цябе куляў?
— Усяго дзве, тата.
— Значыць, крамянёўку бярэш?
— Пістоны ненадзейныя, а я ў лес іду. З крамзэляй надзейней.
— Ты, Ясю, з бунтаўшчыкамі не звязвайся. Ну іх да халеры. Паловяць іх, як рудых мышэй. Яшчэ, сынку, у мяне да цябе просьба: перадай грошы Налёткавым. Збіраюць дачку ў Пецярбург.
У Яся соладка заныла сэрца. Падабаліся яму дзяўчаты аднадворца. Выбірай любую. А тут такая нагода сустрэцца. Асабліва панаравіў Марысю, старэйшую. Разумная, начытаная. Гэтулькі часопісаў прывезла з далёкай сталіцы.
Тое, што ўбачыў на сядзібе Налётак-Чарняўскіх, непрыемна ўразіла яго. Марыся стаяла на мосціку праз равок і нешта весела расказвала… жандарскаму капітану Фогелю.
«Фогель тут. Значыць, праўду людзі кажуць, што ён лёстачкі да яе падпускае… Вось гэта неспадзяванка…»
Ясь падышоў, прывітаўся. Фогель злёгку кіўнуў. Ясь перадаў Марысі ўвязаныя ў хустачку грошы. Дзяўчына ўзяла грошы, злёгку пачырванела. Пастаялі, пагаварылі. Ясь пажаліўся, што змушаны нейкі час жыць у лесе, бо пан Буевіч пагражаў застрэліць Інсургента. Гаварыў ён гэта з тым намерам, каб у будучым не выклікаць у жандарскага начальніка падазрэнняў.
— Навошта табе гэты воўк? — сказаў Фогель, узіраючыся ў Інсургента. — Гэта ж звер… Прагані яго.
— Загіне адзін, зацкуюць сабакамі.
— Выгадаваў на сваю галаву, — уздыхнула Марыся. — Колькі часу ты будзеш у лесе?
— Спадзяюся, ты не паспееш выйсці за каго-небудзь замуж! — пажартаваў юнак з намёкам у адрас Фогеля.
Той зразумеў, крыва пасміхнуўся.