Паўротны ўзмахнуў рукой у бок купы жаўнераў. Там, абступлены жаўнерамі, у густым цяні прыдарожнай алешыны сядзеў на зямлі малады чалавек у распоратым па шву сурдуце. Фогель глянуў на ягоны скрыўлены, незадаволены твар. Так, гэта сын Бароўскага — Людовік.
— Ён? — паказаў нагайкай на Людовіка спраўнік, пытаючыся ў задыханага Максіма Дзеркача.
Селянін моўчкі кіўнуў.
— Ён страляў? — зіркнуў Фогель на паўротнага.
— Так точна, палячок стрэльнуў. Вось зброя гэтага бандыта. — Паўротны падаў рэвальвер. — У Гулевіча ледзь не патрапіў…
Сярод жаўнераў адзін, голы па пояс, трымаў кашулю ў руках. Пэўна, гэта і быў Гулевіч, бо засоўваў у дзірку ў палатне палец і казаў:
— Палячок стрэльнуў, кашулю прабіла, а я цэленькі, цэленькі, як маці нарадзіла.
— Дайце яму гарэлкі, — загадаў Фогель, паказваючы вачыма на Гулевіча.
— Ваша благародзь, — ажывіўся небарака, — нашыя палячка разы са тры лавілі. Зловяць і адпусцяць. Каб, значыцца, потым зноў злавіць… А як зловяць, то ўжо і прыкладуцца як след… Тры разы лавілі: палячок у жывога мяне страляў, а я цэленькі, цэленькі; толькі кашульку латаць давядзецца…
Жаўнеры паднялі схопленага за звязаныя за спінай рукі. Падштурхнулі, маўляў, ідзі. Людовік выйшаў на святло з ценю алешыны. Ускудлачаны, умазаны ў пясок, памяты, з падбітым вокам, якое набрыньвала ліловай крывёй, аблізваў перасохлыя, разбітыя на грыбы вусны.
Фогель і спраўнік разглядвалі арыштанта.
Людовік нягучна, слабым голасам, як быццам баючыся, што яго за гэтыя словы ўдараць, выкрыкнуў:
— Жыве вольнасць, жыве свабода!
Жандар і спраўнік паморшчыліся, капітан махнуў рукой, даючы знак ісці.
— Тыповая польская фанатычнасць… — ціха праказаў спраўнік, але юнак пачуў, павярнуў твар ужо з амаль чорным вокам і сказаў:
— Я не паляк… Мы — не палякі!
— Ага, ліцвіны ці мо — беларус? — не хаваючы сарказму, праказаў Фогель. — Чулі, ведаем… Тут была і будзе Расея! І дзесяць, і дваццаць, і пяцьдзесят гадоў…
— А хоць і сто! Усё роўна народ, які тут жыве, пераможа!
— Не пры нас, не пры нас. А вы, малады чалавек, з вашай зацятасцю і да Сібіры не дацягнеце… Прывяжыце яго да ружжаў!
Фогель нацягнуў повад, спыніў каня, павярнуўся да спраўніка.
— Што з птушкамі рабіць будзем? Не хацеў я браць. Непрыгожа.
Спраўнік нічога не адказаў. Рота з арыштаваным рушыла па дарозе наперад.
Спраўнік цяжка ўздыхнуў, адчыніў клетку і кінуў яе разам з птушкай на абочыну. Жандар загадаў жаўнеру, які нёс ягоны падарунак, паставіць клетку пры дарозе і расчыніць дзверцы.
Залацістая шчурка, або пчалаедка, якую пан Бароўскі атэставаў ледзь не як райскую, як толькі жаўнер адчыніў дзверцы, адразу выпырхнула, узнялася высока ў неба, зрабіла невялікі, нібы развітальны, круг і роўненька, як па шнурку, падалася на поўдзень.
Вучоны шчыгол не хацеў вылазіць з кінутай клеткі. Жаўнер засунуў руку ўсярэдзіну і спрабаваў злавіць птушку. Шчыгол балюча ўшчыпнуў жаўнера за палец. Фогель загадаў бегчы да сваіх.
Рота пайшла далёка наперад, жандар і спраўнік падаліся следам. Вучоны шчыгол насіў пустое вядзерца, чэрпаў і чэрпаў з пустога карытца, пераносіў і пераносіў паветра з аднаго кутка клеткі ў другі, хоць дзверцы на волю былі адчыненымі.
Раздзел XVIII. «Апошні наезд»
1. Калоднае
Людовіка судзілі ваенна-палявым судом і прысудзілі катаргу. Стары Бароўскі рады ўжо быў таму, што не павесілі.
З Польшчы прыходзілі неверагодныя навіны. Казалі, што паўстанцы стваралі аддзелы ўласнай палявой жандармерыі. За шпегства, даносы і супрацоўніцтва з расейскімі ўладамі сваіх жа вешалі на тэлеграфных слупах.