На яе адразу села птушачка, дзюбнула пустую далонь.
— Вось і яна, панове, стракатагрудка. Гэта найбольшая са славак.
Жандар і спраўнік спыніліся ад уражання пры дзвярах. Спраўнік не вытрымаў таптання на месцы, ступіў на сухенькі пясок, усеяны чарвячкамі птушынага памёту. Жандар дастаў насоўку і паднёс яе да носа.
— Вунь, панове, слаўка-гаварунчык, — паказаў Бароўскі на шэра-бурую птушачку з белым горлам. — Прылятае з салаўём, жыве ў жываплотах. Такая вяртлявая. Спявае без флейтавых гукаў, таму і гаварунчыкам празвалі. Гняздуе ў гурбах галля. А ёсць яшчэ, панове, слаўка-млынок. Гэтая птушачка ўпрыгожана самай сапраўднай вуздэчкай — мае плямкі на абедзвюх шчочках. Трымаецца па ельніку, лясных палянах. Шныпарыць па хмазах і часта клёкае, што той млынок. Таму немцы празвалі яе Mülerchen. А вунь, панове, завірушка, яна ж крапіўнік, тынаўка, альшанка. Па-латыні — Accentor modularis. Рыхтык палявы верабейка, ці не праўда? Бачыце, галоўка цёмна-шэрая, хвост кароткі. Падрыгвае хвастом, як верабей, у бакі.
Спраўнік утаропіўся ў завірушку і маўчаў, а жандар сачыў за тым, каб, крый Божа, якое са стварэнняў не капнула яму на блакітны кіцель.
— Там, каля той сцяны, панове, — паказаў Бароўскі, — у мяне пеначкі, або, як у нас на іх кажуць, раплючкі, ці пячураўкі. Пра іх можна гаварыць усё тое, што і пра альшанак. Ёсць раплючкі-вяснічкі, трашчоткі. Усе яны маленькія, зеленавата-шэранькія зверху, белаватыя знізу, з тонкімі, бачыце, панове, просценькімі дзюбкамі і жоўценькай броўкай над маленькімі, харошанькімі і чорненькімі вочкамі. У іх гнёзды з каптурыкам, з бакавым лятком. Адсюль і назоў — пячураўка…
Жандар перасмыкнуў плячыма. Расповеды гаспадара сталі яму надакучаць. Але даводзілася цярпець.
— Адрозніць падвіды раплюкоў цяжка, панове, — як ні ў чым не бывала казаў пан Бароўскі. — Увосень розныя падвіды іх збіраюцца ў чароды і мігруюць на поўдзень. Раплючкоў, як і іншых дробных пеюноў, трымаючы ў клетках, належыць асвятляць лямпай. Бачыце, я не шкадую газы дзеля гэтага. Калі едзеш дадому адкуль здалёк, то якая цудоўная карціна адкрываецца: родны дом, панове, клеткі з птушкамі, побач гарыць лямпа. Вам не сумна, панове?
— Не, — насуплена адказаў спраўнік.
Жандар толькі перасмыкнуў плячамі.
— Хвілінку пачакаем тут, — сказаў гаспадар. — Жанчыны збіраюць на стол, а мы пакуль тут пабавімся, так, панове?!
Пан Бароўскі падышоў да наступнай клеткі. Тут ягоны позірк спыніўся на акне. У ягоным праёме ўбачыў жаўнера. Той стаяў, абапёршыся на стрэльбу, і глядзеў у акно. Бароўскі на некалькі секунд змоўк. Ён зразумеў, што дом абкружаны і ўцячы сыну наўрад ці ўдасца. У галаве ліхаманкава закруцілася — як быць, што рабіць?
2. Адзінае выйсце
Людовік раней бацькі зразумеў, што дом акружаны. Уцячы можна толькі з гарышча на глухую, без вокнаў, сцяну. На гарышча вёў лаз з халоднай залі. Але як зайсці туды, калі там спраўнік і жандар?
Людовік прайшоў у калідорчык перад залай, прыслухаўся да голасу бацькі.
— А ці ведаеце, панове, што ў мяне жыве і нястомная лятуння, што лётам сваім дае насалоду воку далікатнай прыгажосцю сваіх паветраных рухаў, — салаўём заліваўся бацька. — Сапраўдная чараўніца, несумненна, найблізкае сэрцу сялян стварэнне… Ды не толькі сялян…
Як даць зразумець бацьку, каб той вывеў царскіх служкаў прэч?
Дзверы рыпнулі. Людовік азірнуўся — у калідорчык увайшла маці.
— Сыне, навошта табе пісталет?! — спалохана зашаптала яна, убачыўшы ў руцэ сына зброю.
— Ціха, матуля, дзеля Бога, ціха… — Людовік на мігах паказаў, што ворагі побач. — Шапні бацьку, каб вывеў іх з залі… Я пакуль схаваюся…
— Дзе ты, сыне, схаваешся?! — ледзь прытомна прашаптала маці.
— Знайду…
Спалоханая матка пастаяла хвіліну, падумала, зайшла ў залу.
— Прашу прабачэння, панове, — пачуў Людовік ейны голас. — Можна мужа на хвілечку?!
Двух ці трох словаў ёй хопіць, каб бацька зразумеў, што ад яго патрабуецца. Вось маці выйшла, кіўнула сыну, маўляў, перадала. Людовік прыслухаўся да голасу бацькі.
— А на гарышчы, панове, у мяне жыве пячураўка-трашчотка. Яе яшчэ называюць цюкалка. Гэтым летам яна ўпершыню ў мяне адклала яйкі. Пазнавата, праўда. Панове, проша да лесвіцы…
Бацька свядома паказваў гарышча, вёў туды спраўніка і жандара, каб тыя пераканаліся, што на гарышчы нікога няма. Добра, татусь, добра. Тады можна будзе, як жандар і спраўнік выйдуць, пераседзець на гарышчы, нікуды не ўцякаць. Толькі каб пашэнціла.
— Давайце, панове, смялей, лесвіца моцная.
Ага, палезлі. Пэўна, у планы спраўніка і жандара акурат уваходзіла абшукаць і гарышча. Але як знайсці прычыну, каб туды залезці. А тут і галавы не трэба ламаць — гаспадар сам туды вядзе. Людовік пачуў, як над галавой затупалі, бацькаў голас зрабіўся прыглушаным. Цяпер бацька патрымае «гасцей» гэтулькі, што рады будуць уцячы адтуль.
3. На гарышчы