Мы былі мы.
Пра нас вершы складалі.
“Иностранцы? Иностранки?..”
У наскрозь бліскучай нашай кампаніі асобнай зоркай ззяў, канечне, Косця Воран. Ды гэта для мяне. А для некага — Віл.
Віл — мянушка Ледніка, якога зваць Віктарам, а па бацьку Іванавічам. Таму і Віл. Як Барыс Іванавіч Галушка — Біг. Такія мянушкі — па першых літарах імя і прозвішча — былі ў нашай кампаніі ў многіх.
У мяне была мянушка Князь. Не ведаю, чаму. Не помню нават, хто яе прыляпіў да мяне. Нехта ў тэхнікуме. Яшчэ тады, калі мы здавалі ўступныя экзамены. І, можа быць, тая мянушка таму да мяне прыляпілася, што, калі ўсе шпаргалкі да экзаменаў пісалі, я пісаў вершы татарцы Нэле. “Нэла! Не граф я! И Вы — не графиня! Но со слезой, что течет по шипам, Алая роза в хрустальном графине Тайно завидует вам!” Але ў такім разе я павінен быў займець мянушку “граф”, а не “князь”. Дзе логіка?
Біг сказаў, каб я такой драбязой не пераймаўся, бо гэта ў нашай мове граф і князь — словы розныя, а ў мове сусу, на якой размаўляюць гвінейцы ў цэнтральнай Гвінеі, гэта адно слова. Праўда, ён забыўся, якое, на што Палкоўнік не прамінуў заўважыць, што наўрад ці Біг тое слова ўспомніць, бо ў Гвінеі, наколькі яму вядома, ёсць усё, апроч князёў з княгінямі і графаў з графінямі. Графы, канечне, былі там, калі Гвінея была калоніяй Францыі, але потым іх з’елі.
Гэта азначала, што я мог з’есці вершы, якія напісаў татарцы Нэле. Палкоўнік трываць не мог ні ружаў у крышталі, ні іншых прыгажосцяў, а Бігу вершы падабаліся — і верш пра ружу, якая зайздросціць татарцы Нэле, ён у піку Палкоўніку пераклаў на мову сусу.
Біг — геній. І геній — не яшчэ адна мянушка ягоная, ён насамрэч мае здольнасці генія. Ведае 54 мовы (ангельскую — з чатырма дыялектамі), а пастанавіў сабе ведаць 100. У тым ліку іўрыт. І будзе ведаць 100 з іўрытам. Калі захоча. Ніхто ў тым не сумняваўся, апроч Віла, які (толькі ў гэтым) зайздросціў Бігу.
Віл вучыўся на журфаку і ўжо друкаваўся ў газетах. А яшчэ займаўся радыёспортам, праз які ва ўсім свеце меў знаёмцаў. Можа, таму і стаў ён першым і ў нашай кампаніі, і ў Мінску, і ва ўсёй Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы чалавекам, які дазнаўся, што ёсць такое дзіва: джынсы.
Ды мала — дазнацца. Іншы б дазнаўся, што ёсць недзе дзіва — і няхай сабе яно там будзе. А Віл разгрузіў дзесяць вагонаў на таварнай станцыі, сабраў грошы, паехаў у Маскву і купіў джынсы за пяцьдзясят рублёў у фарцы — дзе яшчэ ў савецкі час можна было дзіва купіць? Няхай тое дзіва паношанае, выцертае, сто разоў пранае, але якая ад “Бярозкі” да “Вясны” была праходачка!..
Толік жа хоць і быў стыляга, але ў Маскву па дзіва не паехаў бы. Характар не той. Можа, таму ён і да кампаніі нашай не далучаўся. Ці не далучаўся праз тое, што жыў не ў цэнтры — не ведаю. Але думаю, што калі б ён прасаваў “брадвэй” разам з намі, дык нашу кампанію не сапсаваў бы. Чубаты, мускулісты, рослы, выглядаў ён так, што амерыканец Алік побач з ім ніяк не выглядаў. А вось надумаў адбіць у яго Марыну…
А як адбіць?.. А ўзяць ды Толіка забіць! Дзеля гэтага Алік запісаўся ў паляўнічае таварыства і купіў стрэльбу. Ён збіраўся залезці на дах суседняга дома і, калі Толік, правёўшы Марыну, развітаецца з ёй, і тая зойдзе ў пад’езд, пакласці суперніка. На прыступках, не даўшы яму далёка адысці, каб Марына выбегла і ўбачыла, што Толік dead. Мёртвы. “You corpse!” — не раз наскокваў Алік на Толіка, пераймаючы стылягу пасля ягоных спатканняў з Марынай. Ніхто не звяртаў на гэта асаблівай увагі, а сам Толік, які мог пакласці Аліка адной левай, толькі адмахваўся ад Амерыканца, як ад мухі: “Добра, добра, я труп…”
Гэткія паблажлівыя адносіны даводзілі самалюбнага Амерыканца да шаленства — і перш чым забіць суперніка, ён вырашыў яго адмалаціць. Разумеючы, што сам-адзін зрабіць з Толікам нічога не здолее, Алік пачаў угаворваць нас дапамагчы яму. Ніхто не ўгаворваўся — і тады ён прапанаваў грошы. Па паўсотні кожнаму, хто згодзіцца. Гэта было ў чатыры разы болей за маю стыпендыю, але і за грошы лупіць стылягу Толіка, каб адбіць у яго Марыну для Амерыканца, ніхто не захацеў. Бо Амерыканец — чужынец, а стыляга Толік — свой.
Неяк у “Бярозцы” застаў я Амерыканца ў кампаніі з мужычком па мянушцы Ірад. Мянушку такую Ірад праз прозвішча меў: Ірадаў. Яны збіраліся ў цір пайсці, Ірад спытаў: “Хочаш пастраляць? Пару ворагаў забіць?..”
Я захацеў.
З усіх бакоў абкружалі ў той час Савецкі Саюз заклятыя ворагі, якія, калі пра нешта й марылі, дык толькі пра тое, каб нас знішчыць. Не ведалі толькі: як?.. Найлепш было б, як марыў амерыканскі сенатар Бары Галдуотэр, скінуць на нас атамную бомбу. Ён, праўда, як пазней высветлілася, удакладняў, куды хацеў бы тую бомбу скінуць: не на ўсіх нас, а толькі на Маскву. І не на ўсю Маскву, а выключна на Крэмль. І нават не на ўвесь Крэмль, які сенатар цаніў як сусветную архітэктурную каштоўнасць, а дакладненька на мужчынскі сарцір у Крамлі. Але пра абмежаванасць мары сенатара Галдуотэра мы тады не ведалі. Мы думалі, што амерыканцы прагнуць знішчыць нас усіх — і рыхтаваліся да адпору. Таму пры любой і кожнай савецкай установе, за выключэннем, можа быць, радзільняў і дзіцячых садкоў, меліся ціры, дзе нас вучылі цэліцца ў ворагаў, страляць іх, страляць і страляць.
Гэткі ж цір меўся і ў сутарэннях Мінскага радыёзавода, куды Ірад з Амерыканцам мяне прывялі, і дзе страляць можна было як па звычайных мішэнях, гэтак і па мішэнях-ворагах. Мусібыць, яшчэ ад першых пасляваенных гадоў пыліліся ў ціры стосы мішэняў з карыкатурнымі Гітлерам і Мусаліні, але і новых ворагаў хапала.
Ірад спытаў: “Табе каго павесіць?..” — і я выбраў Гітлера, а перад Амерыканцам Ірад, нічога ў таго не спытаўшы, павесіў фотаздымак стылягі Толіка. Страляў Амерыканец — трэба аддаць належнае ці амерыканскай марской пяхоце, у якой ён служыў перад тым, як рвануў у Савецкі Саюз, ці Іраду, які ўжо тут яго трэніраваў — як мае быць: дзесяць стрэлаў — і ўсе ў лоб.
Во рэўнасць! Бедны Толік… Я сказаў пра трэніроўкі ў ціры Ворану, і мы сталі падпільноўваць Толіка пасля ягоных спатканняў з Марынай. На ўсялякі выпадак, бо вораг ёсць вораг. Вунь амерыканцы на Кубе што вырабляюць! Свабоду на востраве Свабоды душаць!
Да таго ж гэты амерыканец Алік з мухамі. У яго шнар на левым запясці, дык Марына сказала, што гэта след ляза. Спроба самагубства. Яму ў Маскве, як толькі прыехаў і заяву напісаў, што хоча мець грамадзянства савецкае, адмовілі, дык ён сабе вены ўзрэзаў.
Партрэты нашых ворагаў у тагачасных газетах не друкаваліся, каб не замінаць фантазіям савецкіх людзей, якія ворагаў тых уяўлялі страшнейшымі за нячыстую сілу. Таму я не ведаў, як выглядае прэзідэнт Джон Кенэдзі. Калі ж Амерыканец вярнуўся ўАмерыку і свайго амерыканскага прэзідэнта забіў, партрэты Кенэдзі з’явіліся ў газетах. Я глядзеў і вачам не верыў: стыляга Толік! Толькі кок не набрыялінены…
Уражаны, я прыйшоў да Палкоўніка і спытаў, што ён пра гэта думае?.. Палкоўнік адказаў, што пра такую фіговіну ён нічога думаць не збіраецца. Калі б забілі правізара 13-й аптэкі, ён бы, можа, нешта й падумаў, бо правізар серную мазь з цынкавай для яго змешвае, а пра прэзідэнта яму — што думаць? Прэзідэнт — не правізар.
Усіх астатніх, апроч Палкоўніка, падабенства Толіка з амерыканскім прэзідэнтам зацікавіла больш, чым дэтэктывы Агаты Крысці. Чаго толькі кожны з нас ні выдумляў, якія ўзнікалі сюжэты!.. Нават калі Ас сказаў, што Джон Кенэдзі — гэта Толік, а Толік — гэта Джон Кенэдзі, які прыехаў у СССР разам з Алікам па дамоўленасці паміж ЦРУ і КДБ, ніхто не адмахнуўся, як звычайна, ад звар’яцелага генерала, а ўсе задумаліся, спрабуючы зразумець, як і для чаго такое магло быць… Бо меркаванне таго ж Аса: у Амерыцы плануецца будаўніцтва камунізму, і амерыканскага прэзідэнта прывезлі, каб павучыўся, як яго будаваць, — выглядала сумнеўным. Хоць, з іншага боку, у такім выпадку зразумела, за што забілі…
Пасля ад’езду Марыны з Алікам у Амерыку Толіка нідзе і ніхто не бачыў. Віл дазнаўся ў Марынінай цёткі, у кватэры якой на Круглай плошчы і жыла Марына, ягоны адрас. Мы паехалі па тым адрасе, але дзверы былі замкнёныя, і суседзі сказалі, што ўжо больш за год тут ніхто не жыве.
Толік з’ехаў у Амерыку? І Амерыканец там яго забіў?..
Усё супадала! Невядома, што і з чым, але супадала ўсё!..
Пра тое, каго забіў Амерыканец, можна было дазнацца толькі ў яго самога, але сам ён быў у турме, і мы вырашылі напісаць Марыне, каб яна ці перадала яму наш ліст, ці сама ў яго спытала: каго ён забіў і за што?.. З адрасам зноў жа дапамагла цётка Марыны, але адказу з Амерыкі мы не дачакаліся, бо праз два дні пасля таго, як Амерыканец забіў ці Джона Кенэдзі, ці Толіка, нейкі Джэк Рубі забіў самога Амерыканца.
— Спадзяюся, ён хоць добра кончыў, перш чым кепска скончыць, — пачуўшыпра тое, што сталася з Джонам Кенэдзі і Амерыканцам, сказаў Саламон Майсеевіч. “Ты пра каго, Саламон?..” — спытаў Палкоўнік, але Саламон Майсеевіч не стаў удакладняць, ці меў ён на ўвазе марскога пехацінца, ці Прэзідэнта ЗША?
Калі Амерыканца не стала, дазнацца пра тое, па кім, у чый лоб страляў ён, трэніруючыся ў ціры Мінскага радыёзавода, ужо не было ў каго. Вось тады Гарык Клябанаў і спытаў: “Ну, што я вам казаў?..” І зноў пачаў даводзіць, што Алік ніякі не амерыканец, бо навошта амерыканцу забіваць свайго амерыканскага прэзідэнта? Алік — іншапланецянін, пасланы на Зямлю вышэйшай за нашую цывілізацыяй.