- Холад ёсьць тут, як сабачы, - адгукнуўся Вінцук.
Ён цёр замерзлыя рукі.
- Далей ходам пешым ісьці належыць, - сказаў Уладзімер.
- Вы там ужо былі? – спытала Вынтэнэ.
- Некалькі разоў летась, аднак надоўга – не.
- Voś hetaja ściežka, - сказала Хрысьціна і пераклала для Вынтэнэ: - Дарогай тут належыць ісьці.
- Сьцежка ішла ў лес. Лес быў сапраўдным, непраходным – быццам у прыгодніцкіх кнігах.
- А не заблукаем? – спытала дзяўчына.
- Дарогу ведаем ужо мы, - супакоіў Уладзімер. – За год мінулы зьмены верагодныя мала.
Вінцук і Хрысьціна вырвалісь далёка наперад і зьніклі за дрэвамі. Уладзімер і Вынтэнэ ішлі побач. Абодва маўчалі. Вынтэнэ ня ведала, што казаць. Пра што думае гэты літвін? Заўжды ветлівы, заўжды ахайны… Здаецца што ён зусім не зьвяртае на яе ўвагі, як на жанчыну. “Усё ж такі з чукчамі лягчэй. Наш бы ўжо даўно распачаў гаворку, стараўся б насьмяшыць, уразіць. Распавядаў бы пра свае подзьвігі. “ А чужынец ідзе сабе побач – і ні слова. Спакойны, упэўнены “Быццам і не патрэбная я яму…Навошта ж тады ён узяўся абудзіць мяне?”
Вынтэнэ паспрабавала абстрагавацца – сканцэнтравацца на навакольнай прыродзе. Дрэвы былі высокімі і, мабыць, вельмі старымі. Хвоі і яліны чаргаваліся зь бярэзінамі. Сьцежка час ад часу патанала ў хмызах. Часам даводзілася ісьці цугам, і тады Вынтэнэ бачыла толькі сьпіну літвіна і джынсы… пад якімі ўгадываліся крамяныя ягадзіцы. Дзяўчына старалася не апускаць вачэй.
Лес скончыўся. Падарожнікі выйшлі да ракі.
- На лева цяпер перасоўвацца неабходна, - сказаў Уладзімер.
- Што гэта за рэчка? Спытала Вынтэнэ.
- Чукчы называюць Няглін яе. На гаворцы, аднак, маскавітаў Няглінка завецца яна.
Ня-глінка? Што гэта азначае?
- Верагодна, рака, дзе ёсьць гліны адсутнасьць.
Рэчка была вузкай, па абодва бакі рос лес.
“А гэтая рака цячэ тут ужо тысячы гадоў, - падумала дзяўчына. І за тысячы гадоў нічога не зьмянілася. Тыя ж хвоі, тыя ж бярэзіны на беразе… Той самы хмызьняк… толькі маскавіты сышлі. ..“
- Глядзіце, Крэмль ёсьць гэта! – аб’явіў Уладзімер.
Перад імі была сапраўдная фартэцыя. Сьцены і вежы выкладзеныя з чырвонай цэглы. Перад фартэцыяй – роў.
- Нічога сабе! – вырвалось у Вынтэнэ.
Збудаваньне здалося ёй грандыёзным і велічным. Хто б мог уявіць, што ў дзікіх лясох Маскоўскай АА хаваецца нешта падобнае?
- Дзяўчына дастала фотаапарат.
- Кадры берагчы належыць, унутры паколькі яшчэ будзе цікавей, - параіў Уладзімер.
- Нічога, у мяне яшчэ дзьве касэты. Паслухайце, сфатаграфуйце мяне на фоне вежы!
***
Праз роў быў перакінуты мост. Мост быў драўляны. Ён моцна пахіліўся ад часу.
- Асьцярожнай будзьце! – Уладзімер падаў Вынтэнэ руку і дапамог перайсьці. Рука была цёплая і моцная….
Брама выбітая – аскепкі дагэтуль валяліся вакол. Вынтэнэ зрабіла яшчэ некалькі здымкаў.