На вакзале яе сустракалі.
- Я Кэленкеў, - прадставіўся мужчына гадоў пад сорак. – Даручылі цябе сустрэць.
- Вынтэнэ, - сказала дзяўчына.
- Ведаю, ведаю. Журналістка. Прыехала пра маскавітаў пісаць. Нам у адміністрацыю патэлефанавалі, папярэдзілі…
Кэленкеў панёс валізу да машыны.
- Нам тут побач, - прыгаворваў ён. – Маглі б нават пехатою…
- Скажыце, а дзе знайсці маскавітаў? – спытала Вынтэнэ.
Ды дзе заўгодна! Тут, у месьце, іх тысячы тры. Бяры інтэрвію колькі хочаш!
- Я сапраўдных шукаю, разумееце? Такіх, каб у "ізбах" жылі, коней пасьвілі, па-маскоўску гаварылі…
- Дзікуноў хіба? – зьдзівіўся Кэленкеў. – Ды гэткіх няма цяпер. Не засталося. Усе ў інтэрнатах вучыліся, усе па-чукоцку шпараць. На матацыклах ездзяць, пра коней забыліся.
- То я дарма прыехала?
- Ну чаму ж? У нас ёсьць цудоўны народны ансамбль. “Валенкі” называецца. У іх там і строі маскоўскія, і сьпевы на тутэйшую музыку, і спектаклі. Усё на чукоцкай, усё зразумела. А яшчэ краязнаўчы музэй…
- Вы мяне ня так зразумелі, - перабіла Вынтэнэ. – Я сапраўдных маскавітаў шукаю, не чукотызаваных. Тых, што сьпяваюць на маскоўскай гаворцы.
Кэленкеў паціснуў плячыма.
Ну, дачушка, калі табе экзотыка патрэбна, - едзь у вёску.
- Я вам не дачка і прашу зьвяртацца да мяне на “Вы”, - Вынтэнэ не любіла фамільярнасьці.
- Ох ужо гэтыя анадырцы, - прабурчэў сабе пад нос Кэленкеў.
Вынтэнэ зрабіла выгляд, што не пачула. Іншагароднія ня любяць анадырцаў, лічаць іх снобамі. Звычайны комплекс жабрака адносна забясьпечанага. А чым, як не галэчаю, ганарыцца немаладому мужчыне з правінцыі?
- Прыехалі, - буркнуў Кэленкеў, - вось ён, гатэль.
***
Гатэль “Масква” аказаўся ўтульным. А для правінцыі нават “шыкоўным”. У кожным нумары – асобны душ і прыбіральня. Ложкі запраўленыя ахайна. Вокны вялікія, са шторамі. Каб яшчэ краявід за вокнамі памяняць…
- У нас тут учора замежнікі пасяліліся, - па сакрэту паведаміў швайцар. Ён казаў гэта так, быццам замежнік – гэта нешта асаблівае. Такім тонам паведамляюць пра прыезд прэзідэнта ці, як мінімум, эстраднай зоркі.
- Турысты? – спытала Вынтэнэ.
- Што вы?! Навукоўцы!
- У вас тут навука разьвітая?
- Ну, разьвітая ня разьвітая, для іхнай навукі тут самае месца.
- Што ж гэта за іхная навука? – з’едліва сказала Вынтэнэ.
Але швайцар не зразумеў іроніі..
- Этнаграфія, - патлумачыў ён. – Ездзяць па ўсёй акрузе і маскавітаў вывучаюць. Самі яны з Літвы, а для літвінаў маскавіты – як для нас каракі.
- Літвіны?