— Да ладна табе, малая, чаго ты такая злосная?! Хочаш гарэлкі? — мужчына паспрабаваў усьміхнуцца, але атрымалася толькі расьцягнуць вусны.
— А давай! — адказала Марыя.
— А давай! — адказаў я.
— А давай, — адказаў чорны хлопец і дадаў: — Тут у плоце недалёка ёсьць нашая самаробная лесьвіца, падымешся па ёй!
Мужчына вярнуўся, прынёс гарэлку, і тут пачалося: за паўгадзіны мы ўсе былі неверагодна пʼянымі. Я, каб не ванітаваць на людзях, пралез у сваё акно й зьнік у прыбіральні, загадзіўшы ўсё навокал, і паснуў, абдымаючы ўнітаз.
Прачнуўся, як звычайна, з напаўраспушчанымі шасьцігадзіннымі ранішнімі пігулкамі ў роце, якія паклала мне мэдсястра, не дабудзіўшыся... Лячэньне... яно такое...
Я пасьпеў толькі падняцца й выйсьці вонкі ў пакой, калі з грукатам і пад крыкі мэдсястры "Заходзіць у інфэкцыйныя боксы забаронена!" уварваўся міліцыянэр.
Марыя была згвалтаваная. Знайшоў яе непадалёк ад бальніцы нейкі хлопец, які раніцою выгульваў сабаку ў суседнім парку. Марыя ціхенька спала на лаўцы аголеная... Другая дзяўчына, малая, тая самая аматарка партвэйну, у шоку сядзіць у сваім боксе, нікога не пускае, нічога не распавядае. Дзе чорны хлопец з Ганалулу — невядома...
Са мною яшчэ нармальна абышліся, перавёўшы да суседа й памяняўшы мне мэдсёстраў, якія цяпер мусілі пільнаваць мяне кожныя паўгадзіны, а мая доктарка больш ня мацала мой чэлес зь яйкамі, яна толькі прасіла апусьціць майткі й здалёк аглядала. Дзякуючы ёй мяне ўсё-ткі далячылі да самага канца.
Усе лячэньні-намаганьні скончыліся маім дзіўным трэцім падарожжам у бальніцу, я цяпер ужо быў фэномэнам... Дактары сказалі, што абодва прыдаткі апухлі й "ускладніліся" пад самы корань... Фэномэн! Дакладна — апэрацыя!
Трэцім разам я патрапіў у самае жахлівае аддзяленьне, і калі з суседняй палаты адносна малады мужчына трапіў у рэанімацыю, якому праз гангрэну спачатку ампутавалі ногі па лыткі, потым па калені, потым па сцёгны, а потым ампутаваць ужо не было чаго, ён пакутаваў, гадзіў пад сябе страшэнна, з такім гнойна-мярцьвяцкім пахам, што не трываў увесь паверх, гэта нагадвала сьмерць, і ўсе яе баяліся. Мэдсёстры ня мелі сілы ані падняць гэтага хворага мужчыну, ані зварухнуць яго. Яны абышлі ўсіх пацыентаў, якія маглі трымацца на нагах, але ніхто не згадзіўся дапамагчы адвезьці хворага ў аддзяленьне рэанімацыі, бо гэта быў жах. Мужчына разумеў, што яму канец, але ніяк не хацеў суцішыцца: ён скідваў зь сябе прасьціны й усе бачылі гэтыя ампутацыі, гэтую засохлую кроў з гноем, гэтае гаўно й ссакі. Ніхто гэтага не трываў, ніхто ня мог гэта бачыць.
Я падышоў і, спачатку апэцкаўшыся, але здужаўшы, перанёс разам са старшай мэдсястрою гэтае пакутлівае сутаргавае цела на насілкі, і мужчыну адвезьлі ў рэанімацыю. Праз тры гадзіны ён памёр, і я бачыў яго сямʼю, вялікую сямʼю, якая сядзела ў залі наведнікаў і плакала ўсеагульнымі сьлязьмі канчатковай страты... Той ноччу я моцна плакаў, калі ўсе суседзі па палаце глядзелі на маленькім тэлевізары "Чырвоную сьпякоту" каторы раз запар. Адвярнуўшыся да зялёнай сьцяны зь сінімі лушпінамі ад старой фарбы, з пракалупанымі пазногцямі крэйдавымі ямкамі, я плакаў і быў гатовы плакаць аж да самай раніцы, пакуль ня зьнікне пах памерлага мужчыны з маёй бальнічнай кашулі.
Праз колькі год мяне зноў чакала бальніца, але ўжо па іншай справе — апухлі міндаліны. Жах: гаварыць і есьці немагчыма, горла быццам напампавана бітым шклом і кожным разам, калі я намагаюся зглынуць сьліну, гнойныя міндаліны аддаюцца дзікім болем па ўсёй галаве... Аддзяленьне, у якое я патрапіў, абʼядноўвала хворых на пакутлівыя болі ў горле, таму ўсім нам, няшчасным, давалі па тры разы на дзень дымэдрол, каб мы спалі й папраўляліся. Ніхто з маіх у палаце ня піў дымэдрол, лічачы яго занадта санлівым, але мне гэта было толькі на руку: штодзень кожны з маіх суседзяў па палаце тройчы падыходзіў да мяне й прыносіў пігулкі, якія я спраўна зьбіраў у пакет, чакаючы выпіскі і шчасьлівых дзён разам зь Юлем, півам і дымедролам. Радавацца жыцьцю мне заміналі толькі міндаліны, якія кожную раніцу па-фашыстоўску разьдзіралі мэдсёстры. Перавязачны габінэт, я разяўляю рот, каб прапусьціць да налітых гноем міндалінаў, мэдсястра засоўвае ў рот спэцыяльныя нажніцы, якія на канцах вострыя й расплюшчаныя, як лапаткі, гэтымі канцамі яна пратыкае міндаліну й рассоўвае нажніцы, атрымліваецца жорсткі звышпакутлівы разрыў, і гной цячэ ў глотку, я плачу, крычу, мне моташна, але трэба ўжо ісьці паласкаць рот вадкасьцю, жоўтай, салёнаю, якая на смак нагадвае мачу. Палашчу горла, выплёўваю жоўта-чырвоную вадкасьць з карычневымі мутнымі кавалачкамі... Лягчэй не становіцца, іду ў палату, пʼю дымэдрол... засынаю...
Доктар прапанавала адрэзаць міндаліны, бо інакш яны мяне будуць часта турбаваць, але я адмовіўся, бо зьнікненьне міндалінаў магло паўплываць на імунітэт. Так і жыву зь імі, маімі даражэнькімі фашыстамі, якія аднойчы катавалі мяне два тыдні.
Усе мае бальніцы заўсёды ўспрымаліся мною лёгка, так бы мовіць — аптымістычна, бо першым, праз што я прайшоў адзінаццацігадовым, была дзіцячая псыханэўралёгія. Ейны будынак трымаў вельмі дзіўных дзяцей і падлеткаў, якія раніцамі ішлі ў сталоўку сьнедаць, і палова не даходзіла: нехта падаў непрытомны, нехта — спаралюшаны, таму падлога па дарозе ў сталоўку была выкладзеная старым сьмярдзючым дывановым пакрыцьцём карычневага й чырвонага колераў. Пацыенты былі дзіўныя і размаітыя: хтосьці быў нэўротыкам, хтосьці — зь цягаю да суіцыду, хтосьці проста ляжаў у куце й не варушыўся, а хтосьці быў дзікім шызафрэнікам і падчас прыступаў хаваўся пад ложак і суткі там спаў... Буйных не было, іх трымалі на паверсе вышэй. У мяне прыступ быў такі: я пачынаў бачыць, як увесь сьвет рэзка зьмяншаецца ў памерах і таксама вельмі імкліва павялічваецца — я, быццам Гулівэр, падарожнічаў па прасторы, але вельмі хутка й па-варʼяцку. Зьнешне падчас прыступу я выглядаў жудасна, мяне працінаў паралюш, я мроіў, містычна штосьці бачыў, я гаварыў нязьвязныя словы, маці вельмі пужалася й плакала.
Я акрыяў, пабыў на стацыянары тры гады й мяне выпісалі. Толькі калі я спрабаваў прайсьці мэдагляд ва ўнівэрсытэт, у паліклініцы выплыла на паверхню мая старая хвароба. З такім дыягназам забаронена кіраваць машынаю, нават калі зьняты са стацыянару. Дактары да гэтага часу ня ведаюць, ці вяртаюцца такія рэчы, як у мяне (запаленьне крывяносных сасудаў левай скроні), ці зьнікаюць назаўжды. Мне асабіста дапамаглі дзесяць даляраў, каб пазбавіцца ў маёй на той час яшчэ дзіцячай мэдычнай картцы запісаў аб хваробе, а праз паўгады я ўжо меў новую мэдкнігу зь перапісанымі са старой аналізамі, прышчэпкамі й хваробамі. Не хапала толькі аднаго пункту, але гэта ўжо было не істотна: я пераступіў мяжу юнацтва й пачынаў жыць дарослым.
6.07.2012
Трэнчын. Pohoda
ІНШЫ СЬВЕТ РОБІЦЦА БЛІЖЭЙШЫМ
— Я — Гераня Латураў, і іншы сьвет з кожным днём робіцца для мяне бліжэйшым. Я шмат пʼю, мацюкаюся... Зьбіраю кнігі, захапляюся матылькамі і калекцыяную паштоўкі... Сёньня я вырашыў распавесьці пра тое, з чым я сутыкаюся зь дзяцінства.
Калі мне было чатыры, да мяне на Новы год прыходзіў Дзед Мароз. Завітаў і пытаецца:
— Як цябе клічуць?
— Э-э-э, — засаромеўшыся і апусьціўшы галаву, гляджу на свае ногі.
— Добра, тады скажы, колькі табе год?
— Амаль чатыры!
— Вялікі ўжо....
Паўза. Нешта кажа бацьку. Пасьля паварочваецца ў мой бок.
— Я — Дзед Мароз, я табе падарункі прынёс! Толькі ты мусіш прасьпяваць мне песеньку!
Божа мой, якую яму песеньку сьпяваць!? Я ня тое што песенькі, я нават загадкі і вершыкі запамінаю цяжка, а тут песеньку цалкам!
— Я нічога ня ведаю! — адказваю я і бокам пасоўваюся да сьценкі, як быццам яна мяне можа выратаваць.