— Ну, тады верш!
— Сынок, памятаеш, што мы з табою вучылі? — падыходзіць да мяне маці, яна як заўсёды прамяністая і бясконца добрая, ласкава абдымае мяне за плечы.
— Наша Таня громка плача, пацерала ў рэчцы мячык (паўза)... цішэ, Танечка, не плач... — на гэтым я спыняюся, бо ня памятаю працяг, шморгаю носам і рыхтуюся плакаць, цьвёрда ўпэўнены, што за частку вершыка не атрымаю падарунка. Я стаю з саплямі ў носе і чакаю прысуду.
Я тады лічыў, што Дзед Мароз — зь іншага сьвету, бо мама казала, што ён не існуе. Але тады я атрымаў ад яго падарунак — грузавік МАЗ. "Гэта мая любімая цацка", — вырашаю я ў адно імгненьне яе лёс.
Мне падавалася, што Дзед Мароз не існуе, як і Мікі Маўс і мой кумір Віня Пых, але пазьней я вырашыў для сябе, што менавіта ён быў маім першым госьцем зь іншага сьвету.
Я стаяў на сваім ложку, абапёршыся рукой на балконную шыбу, і глядзеў у акно на вуліцу і на пухнаты сьнег. Я разважаў: "Як гэта можа быць, што да мяне прыходзіў чалавек, якога няма?"
Я ўсё яшчэ стаяў на сваім ложку, на вуліцы нікога не было, і толькі сабака блукаў цёмнай плямкай па двары, парушаючы роўнядзь сьнегу адбіткамі трох лапак, таму што заднюю, чацвёртую, ён намагаўся прыціскаць да цела.
З таго дня навагоднія тыдні сталі для мяне чароўнымі, і я доўга верыў у тое, што Дзед Мароз прыходзіць зь неба і прыносіць падарункі, што калі загадваць жаданьні ў гэтыя дні, яны абавязкова зьдзейсьняцца.
Мне было каля сямі, калі я ўсіх спалохаў воклічам: "Мама, дзед Вікенцій!" Крычу і паказваю на бальконныя дзьверы. Усе былі шакаваныя, бо я ніколі ня бачыў яго. Тым больш, што ён некалькі месяцаў таму згарэў ва ўласнай хаце. Гэта было ўвосень, тады мама вярнулася дадому змрочная і заплаканая. Прыехала і адразу павалілася ўсім целам на канапу ў кухні, ляжыць, плача, а я побач, на падлозе, ціхамірна гуляю з грузавіком. Я разумею, што маме зараз вельмі кепска, але не магу альбо не жадаю падыходзіць да яе, не жадаю яе супакоіць, падтрымаць. Я проста раблю выгляд, што вельмі заняты гульнёй з машынкай і мне ні да чаго няма справы. А праз пару тыдняў я ўбачыў дзеда Вікенція на нашым бальконе. З таго моманту ён неаднаразова прыходзіў да мяне ў снах або ва ўспамінах і цёпла ўсьміхаўся! У гэтым ёсьць нейкая містыка, і гэта стала яшчэ больш загадкавым, калі я, дарослы, неяк натрапіў на фотаздымак дзеда Вікенція і зразумеў, што менавіта яго зь дзяцінства і бачу!
І цяпер засталася толькі яна — мая самая частая госьця ў снах і думках. Мая бабуля. Яна памерла празь дзесяць дзён пасьля маіх ...наццатых народзінаў. Я памятаю, тады я быў дома зь сябрам і зазваніў мабільны. Я ўзяў яго ў рукі, гляджу — вельмі доўгі і цьмяна знаёмы нумар тэлефона. Кажу "ало", чую голас дзядулі, ён ціха так, змрочна і адначасова вельмі жаласна гаворыць: "Бабуля памерла... Дзе маці? Бабуля памерла!" У мяне цямнее ў вачах, ня памятаю, што я яму сказаў, але праз хвіліну тэлефон ужо ляжаў на пісьмовым стале. Я, зьвярнуўшыся да сябра, які абыякава паліў і мэтадычна пераключаў каналы, зь першага і па парадку да апошняга, распавёў пра трагедыю, жахлівую навіну і задыхаў глыбока і нэрвова. Ад кіслароду, адрэналіну і частага сэрцабіцьця мне стала блага, я ледзьве стрымліваў сьлёзы.
Празь некаторы час адчыніліся ўваходныя дзьверы і на парозе апынуліся бацькі. Я адразу выпальваю пра сьмерць бабулі. Усе пачынаюць зьбірацца ў дарогу, на пахаваньне. Маці плача, бацька маўчыць...
У галаве круціцца ўспамін пра тое, што яшчэ ўчора я гаварыў зь ёй па тэлефоне і яна, як заўсёды, пыталася, калі ж я прыеду, бо я ня быў у яе ўжо некалькі гадоў! Я ёй рэзка адказаў, што я працую, я вучуся, мне не да гэтага! Мая бабуля вельмі мяне любіла, мне нават падавалася, што ў іх з маці было свайго роду суперніцтва, хто мацней мяне любіць. Бабуля кожным разам, як тэлефанавала, нязьменна задавала адно і тое ж пытаньне: "Ты мяне любіш?", "Мг" або "Ну так" — быў мой стандартны адказ. Гэтае пытаньне кожны раз выклікала ў мяне пачуцьцё сарамлівасьці, ня ведаю, чаму, але мне было і прыкра, і сорамна адначасова. І цяпер, калі яна памерла, маё цела трэсла ад гора, бо гэта я некалькі гадоў да яе не прыязджаў, не гаварыў зь ёю нармальна па тэлефоне! А яна, мая бабуля, самая блізкая і сапраўдная бабуля, памерла, і невядома ад чаго, ад сьпіртнога або ад рака грудзей, які ёй выразалі яшчэ шэсьць гадоў таму. Яе больш няма, той бабулі, якая вельмі моцна мяне любіла і лічыла сваім сынам.
Як бывае цяжка і крыўдна за гэты юнацкі максымалізм, гэтую дзікасьць і адасобленасьць ад людзей, якія цябе любяць!
Цяпер я з бабуляй маю зносіны часьцей, чым тады, цяпер я часта пра яе думаю, і, сустракаючыся зь ёю ў снах, я паўтараю: "Бабуля, любімая бабуля! Я да цябе абавязкова прыеду, я абавязкова цябе наведаю! Прыязджай і ты да нас, бабуля! Я цябе люблю!"
Я — Гераня Латураў, і я хацеў бы жыць у іншым сьвеце...
3 — 10.03.2010
Менск
КОЛЬКІ СЛОВАЎ ПРА ЯЕ
Сіні і чырвоны, два маленькія плястылінавыя кубікі губляюць сваю квадратную форму, расьцякаюцца, як тлушч на патэльні, на распаленай калодзежнай страсе. Сонца няўмольна пячэ. Ты катаеш гарачы плястылін у ручках, ён астывае і прыліпае да пальчыкаў, непрыемнае адчуваньне толькі напачатку, але калі ён становіцца амаль халодным, то яго гнуткасьць і цягучасьць становяцца меншымі. Ты любіш гуляцца з плястылінам, хоць за гэта і сварыцца бабуля, што, маўляў, саколка ўся ў тлустых плямах. Але хіба цябе гэта хвалюе?
Сіні і чырвоны колеры зьмяшаліся ў адну брудна-фіялетавую масу. Ты глядзіш, як яна ляжыць у цябе на далонях. Фу, зараз атрымалася гадасьць нейкая! Ты паварочваешся ўбок хаты, і маленькія ножкі зь дзіцячай лёгкасьцю і непасрэднасьцю нясуць цябе на пошукі невядомага... і раптам ты спатыкаешся аб сабаку, які ляжыць у трох мэтрах ад ганку. Ты клічаш бабулю. Яна прыходзіць і зьдзіўлена хітае галавой, маўляў, і чаго гэта наш зусім малады сабака здох? Ты налічваеш на левым баку мёртвага Тобіка ажно зь дзясятак зялёных люцылій, сярод якіх, самотна склаўшы крылцы, як быццам далонькі ў малітве, яркай плямкай сядзіць білан, выдатны матылёк, які сваёю постацьцю адбівае навакольле.
Ты плачаш, табе шкада сабачку, асабліва калі дзядуля, абыякава ўзяўшы яго за заднюю лапу, валачэ цела на сьметнік...
Гэты мёртвы сабака з самага дзяцінства будзе перасьледаваць цябе ў снах і ў кожнай новай мёртвай жывёліне нагадваць пра тагасьветнае існаваньне.
Ты прачынаешся, запальваеш, вылазіш з ложка, гультаявата паўзеш рабіць каву, на гадзіньніку чатыры, дзень амаль прайшоў.
Думкі зьбіраюцца з розных кавалкаў у адзін вялікі камяк падобны да плястыліну. Ты ўзгадваеш яе. Тую самую. Яна нават у моманты тваіх ілюзорных каханьняў сумнеўных сяброўстваў уласных варʼяцтваў заўсёды надавала моцы жыць існаваць. Ты так і ня выканаў ні аднаго абяцаньня дадзенага ёй. Маленькае худзенькае цела вялікія вочы і фрызура нагадваюць японскае анімэ. Сябар знаёміць цябе зь дзяўчынай. Ты глядзіш на яе і адчуваеш як сэрца ўтульна хутаецца ў цяпло. Цябе чалавека неверагодна бурлівага жыцьця жыцьця на мяжы і толькі на мяжы адольвае сэнтымэнтальнасьць і самае дзіўнае ты гэтаму не толькі не супраціўляешся але і рады. Табе становіцца вельмі лёгка дыхаць і ты разглядаеш яе малочную скуру вачыма кранаючы яе валасы ты адчуваеш яе пах гэты асаблівы водар які будзе перасьледаваць усё жыцьцё. Гэты пах будзе здавацца за вугламі дамоў у розных месцах зямлі... Гэты яе водар... Гэты незвычайны чалавек разбурыць твой ілюзорны патасны сусьвет. Цябе запаліла жаданьне схапіць яе і моцна абдымаючы ніколі не адпускаць і ўсё гэта адбылося яшчэ да таго як рэчы былі названыя да таго як сам барʼер паміж вамі быў разбураны фармальным абменам інфармацыяй у выглядзе назвы сваіх імёнаў. Была зіма але ў вечар вашага знаёмства лёгкая адліга. Мокрага сьнегу было шмат ён ляжаў на вуліцы шэры і брудны як алькаголік. Вы ўтрох накіраваліся ў выпадковы рэстаран таму што любімая кавярня была запоўненая чалавечымі целамі. Холадна волка вакол адзін сьнег яшчэ толькі дванаццаць а падаецца што тры ночы. Узімку складана адчуваць час. Ты сядзіш побач зь ёю на лаве абсыпанай мармуровымі плямкамі але вам усё адно дзе і на чым сядзець. Ты ў доўгім паліто яна ў доўгай куртцы. Піва ўжо перастала грэць алькаголь паступова выпарыўся...
Слухай а ў цябе ногі ня змоклі пытаешся ты гледзячы на яе балеткі відавочна апранутыя не па сэзоне.
Мокра адказвае яна і вымаўляе гэта неяк ня так як гавораць усе вакол а па-свойму ты потым яшчэ доўга будзеш прывыкаць да яе спэцыфічнай манэры размаўляць.
Давай памяняемся шкарпэткамі.
Не ня трэба яе вочы з падзякай глядзяць на цябе.
Яна такая тонкая і загадкавая такая каханая і любая відавочна не належала гэтаму зласьлівага і абсурднага сьвету. Факт быў наяўны як аксіёма.
Мы ішлі пехатою ад самай кавярні у цябе відаць сапраўды мокрыя ногі гэта нават не абмяркоўваецца ты настаяў.