Мы заўжды падспудна чакаем непрыемнасцяў, гвалтоўных зменаў, нейкай неакрэсленай пагрозы. Мы толькі не паказваем выгляду, што чагосьці баімся. Існаваць у лёгкім стрэсе — наш лёс. Хоць гэта не дае запабегчы здарэнняў, ліха. Такое не зусім утульнае існаванне не залежыць ад нашых жаданняў. Джавані Дрога чакаў па-мазахісцку. Частка афіцэраў Белай Арміі таксама. Яны засталіся, правадзіўшы вачыма белыя дымы, якія распусціліся ў моры. Каўчэг быў караванам з мноства караблёў. Яны стаміліся ад уцёкаў, зняверыліся, сталі абыякавыя да ўсяго, перш — да сябе. Яны не ведалі, што іх чакае. Маглі прадчуваць, але на нешта неакрэслена спадзяваліся, прынамсі стараліся ці спрабавалі спадзявацца. Эміграцыя здавалася катастрофай.
Час з’язджаць усё ж надышоў, яны з Сабінай, пакінуўшы ў рэцэпцыі рэчы, апошні раз на моры: месца хапае, раніца не пляжная, надвор’е нібы адмыслова змікшавана, каб яны не надта шкадавалі пра ад’езд. Пасля начнога дажджу з маланкамі халаднавата. Сонца заспалася, яго спачатку няма зусім. Уласна кажучы, па пляжы нечакана няўтульна, яны ўстаюць з драўляных лежакоў і ўзнімаюцца наверх, на “салярый”, што прасунуты ў мора. І нават тут не ўсё занята, як бывае звычайна, яны кладуцца плазам на прахалодныя дошкі і прыкрываюцца, бо апатычнае сонца раз-пораз зашморгваюць фіранкі шэрых хмарак, і ляжаць зусім не цёпла. Фабіяну ўзгадваецца рыцарскі турнір, што ў дзень іхняга ад’езду пачнецца на адлегласці — у горадзе з генуэзскай крэпасцю. Некалі рыцары, кавалеры крыжоў мусілі адплыць з паўвострава, пакінуць райскую мясціну, дзе вынішчылі затым усё рыцарскае, шляхецкае. Ці атрымаецца вярнуць сякі-такі дух? Штучныя прышчэпкі ці заўжды даюць вынік? У Фабіяна няма адказаў, ёсць толькі пытанні. Яны ляжаць з Сабінай моўчкі, размаўляць няма асаблівай патрэбы, хочацца адно надыхацца на астачу марскім паветрам, наслухацца хваляў, каб хоць на бліжэйшыя дні крыху захаваць адчуванне мора.
— Ты ведаеш, парушае пазней маўчанне Фабіян, выбітыя, выгнаныя з Ерусаліма крыжакі пагрузіліся на караблі і апынуліся ў моры. Яны заставаліся вайсковай сілай, як і армія генерала Урангеля, яны высадзіліся на Кіпры і заснавалі сваю рыцарскую дзяржаву.
— Але ж гэта быў востраў, ім пашанцавала.
— Можна й так сказаць, на пэўны час, зрэшты яна праіснавала трыста гадоў…
— Яны з вялікімі стратамі ўпарта заваёўвалі горад з Дамавінай Гасподняй, але бясконца ўтрымліваць яго не маглі. Іх акружала чужароднае ваяўнічае мора. Мне ўвогуле здаецца гэта вар’яцкім: рыцары ў жалезных даспехах у распаленых сонцам пясках. Я думаю, Кіпр стаўся для іх лепшым месцам, думаю, нават раем, калі ўлічыць, што сёння гэта суцэльны курорт, прынамсі нетурэцкая частка.
— Абрысы Кіпра нагадваюць відавочна відарыс крымскі. Але Бог не зрабіў Крым канчаткова востравам, штось яго стрымала, прымусіла пакінуць аднолькавую магчымасць і абараняць з поспехам вузкі уваход, і прайсці скрозь яго ўнутр. І нашым, і вашым. Тое, што чырвоныя прайшлі цераз гнілую затоку ў халады, перакрэсліўшы перакопскую абарону, не навіна. Імператарская пяхота рабіла тое ж самае, калі Перакоп абаранялі туркі з татарамі, я чытаў калісьці. Рускія некалькі разоў уваходзілі ў Крым, але пакідалі яго, некалькі разоў, нават дзіўна. Гэта каштавала столькіх жаўнераў, столькі пораху. Крым быў напэўна для іх накшталт Ерусаліма: і хочацца, і колецца…
— Толькі што яны не бачылі ў ім нічога свайго, не адчувалі сваіх правоў. Гэты пісьменнік, які потым стаў пісаць па-англійску, ён таксама трапіў за мяжу праз Крым, ён яго здзівіў, пісьменнік не адчуў рускага духу, як ён пісаў потым. Крым здаўся яму чужым краем, дзе ўсё было нярускім: пахі, гукі, рык асла, крык муэдзіна.
— Калі падумаць: рай і не павінен быў выглядаць інакш. Рай, гэта заўсёды незвычайна, гэта замежная тэрыторыя, экзатычны куток.
— Як у рэкламе “баўнці”?
— Сапраўды. Рай не мог выглядаць будзённа, як звычайная вёска: саламяныя стрэхі, пахіленыя парканы з парэпанымі збанамі, напрыклад.
Яны зноўку ляжаць моўчкі. Ляжаць, часам расплюшчваючы вочы ў неба, дзе сонца ніяк не можа вызначыцца, і глядзець не слепка, нават прыемна, усведамляючы, што бачыш неба над морам, над Крымам. І неадчэпная думка: апошні раз бачыш. А над галавой часам у абсяг зроку трапляюць чайкі, якіх кідае нібы ў хвалях у паветраных плынях, вецер трывае парывісты.
Бог ім нарэшце пасміхнуўся, дазволіўшы сонцу апоўдні ўлагодзіць Сабіне з Фабіянам апошнія марскія ванны. Аднак змыць соль аказалася не так проста, як ім здавалася напярэдадні. Платны душ, які яны даўно прыгледзелі, спыніў сваё існаванне менавіта ў патрэбны дзень. Ім паспачувалі, далі параду, і вось яны па чарзе ў змрочнай старой кацельні сярод іржавых трубаў, вентыляў здолелі за грашы пастаяць некалькі хвілінаў пад апатычным цурком з друшлячка.
Апошняя ежа з півам на цяністай тэрасе пад каменным мурам у “Раі” на набярэжнай. Гэта віла для новых рускіх побач з морам, яны ў жэзлонгах загараюць у лоджыях. Ад віна перад дарогай Сабіна з Фабіянам адмаўляюцца, апошняя пляшка выпіта ўчора ўвечары наверсе з морам як на далоні. З морам, якое апынаецца спакваля пад цёмным небам, якое не паспявае зрабіцца суздром чорным, бо нябачная рука жменяй раскідае наўсцяж россыпы залатых зораў. Апошняй пляшкай было ружовае, інкерманская “Гераклея”, Фабіян не вялікі аматар ружовага, але назва спадабалася вельмі. Яго не пакідае думка пра вінныя склепы ў горных пячорах. Штосьці Урангель, канечне, пагрузіў на караблі. Але колькі засталося яшчэ! Малаверагодна, што выбівалі коркі з бочак, білі бутэлькі, каб крымскі нектар багоў не дастаўся ворагу. Напэўна, матросы адчулі культурны шок, трапіўшы ў склепы з мадэрай.
— А што ты думаеш пра гэта? — пытаецца Фабіян, агучыўшы свае думкі пра віно.
— Я? — Сабіна робіць здзіўленыя вочы. — Я пра гэта не думала. Каб пры адступленні заўжды знішчалі тое, што немагчыма забраць, замест трафеяў пераможцы атрымлівалі толькі ламачча. Але, здаецца, з трафеямі звычайна бывала ўсё нармальна. Урангель не знішчаў жа свае танкі і самалёты? Вось ты, ці здольны быў бы выліць запасы марачнага ў мора?
— Я — не.
— Вось бачыш.
— У мяне ўжо нейкія думкі пад заслону, тэма не дае пераключыцца на іншае. Ці не была белая эміграцыя вылушчаным па восені плодам, зернем, ядром сваёй змучанай, скатаванай бацькаўшчыны? На беразе засталіся асцюкі, плеўкі, шалупінне. Ці не была менавіта знятымі вяршкамі, якія знесла хвалямі, нібы марское белае шумавінне?
— А мне, знаеш, калі фантазіраваць, хочацца параўнаць іх бадай з ікрой рыбіны: з успоратым брухам засталася на беразе кінутай дзюбам на спажыву. Як уяўлю, што ў сярэднім на палубах, у каютах і ў трумах кожнага карабля было больш за тысячу чалавек, робіцца ніякавата. Гэта цяжка ўявіць нават. Параўнанне з селядцамі ў бочцы не прыдатнае. Тут менавіта пра лічбу ікрынак у слоіку хутчэй падумаеш.
— Так, магчыма, сапраўды гэта больш дакладна будзе. Але я пра сваё: плод саспеў і адваліўся, нібы какосавы гарэх, да яго кінуліся галодныя і прагныя, ды зубы зламалі.
— Хутчэй міма рота пранеслі.
— І гэта праўда. Але, але насенне расцерусілася і без роднай нівы не дало і не магло даць асаблівага плёну. Яно трапіла ў чужую глебу і кволая рунь была заглушана пустазеллем. Сэ ля ві.
Вядомы сёння факт: генерал Урангель забраў паштовых вайсковых галубоў з Севастопаля ў Еўропу. Праз паўтара года яны вярнуліся. Галубы вярнуліся. Яны не разумелі нічога, тут размаўлялі цяпер не так іншай моваю, як іншымі словамі, з іншай інтанацыяй. Прыгаломшаныя, яны кружлялі, прыляцеўшы ў свой дом, які стаў чужым, калі не з Парыжа, дык з Бялграда. Зрэшты, яны нядоўга пакутвалі, іх зжэрлі, так-так, зжавалі моцныя чырвонафлоцкія сківіцы, як белагвардзейскіх паштовых сувязных. А як жа?!
Галубы ў клетках на палубе — чым не каўчэг сапраўды? — думаецца Фабіяну. Яны ратаваліся ад патопу, ад чырвонага патопу, ад шабельнай навалы. Не выключана, што нейкую іншую дробную жывіну разам з харчовымі прыпасамі ўзялі таксама, шлях да чужога берагу для некаторых забраў дзесяць нават дзён. Так, зусім не выключана, хаця пэўна невядома, бо дзе падрабязная справаздача пра гаспадарчы бок марскіх пярэбараў? Няма яе.
Пазней гэты прыклад натхніў можна сказаць чырвоную ўладу. НКВД, пасадзіўшы ў турэмныя цягнікі крымчакоў, вывезла іх з райскіх лясоў ў тартарары праз вузкі перакопскі перашыек, дарога заняла і месяц, і два. Паўтарылі так з іншымі: арыштаваўшы пагалоўна за ноч, падрыхтаваўшы закратаваныя каўчэгі на колах, прызначаныя раней для быдла. Каб учыніць гэта з зашуганымі старымі, дзецьмі, жанчынамі, у высокіх кабінетах і штабах распрацавалі паводле ўсіх вымогаў стратэгіі і тактыкі, а затым хутка і жорстка ажыццявілі свае буйнамаштабныя вайскова-карныя аперацыі. Стварыўшы цэлым народам незагойную рану на ўсё астатняе гістарычнае жыццё.
Што праўда, у 1920-м перасяленне белага народу адбылося ў незвычайна прымусовых абставінах, але добраахвотна, ніхто нікога не вывозіў сілком, у кайданах, і што яшчэ больш істотна — гэта быў зыход ад зыркай агнёвай, маланкавай пагрозы нявольніцтва, гвалту, арыштаў, расстрэлаў, ад смерці.
Тыя, іншыя пярэбары — не на караблях цераз Чырвона-Чорнае мора, не да цяплейшага краю на паўднёвым беразе, а ў замкнёных вагонах, пад збройнай аховай, у быдлячых умовах, адбываліся раптоўна, гвалтам і на ўсход, у стэпы і пустыні, на пагібель і ажыццяўляліся з больш-менш людскіх умоў, з родных котлішчаў. Першыя ўцякалі, ратаваліся ад варожых шабляў і штыхоў, ад чужынскай улады. Другіх акружалі, бралі ў жалезныя абцугі, хапалі яжовымі рукавіцамі нібы карнікі ў нядаўнюю вайну, арыштоўвалі родныя нібыта войскі з пяшчотнымі васільковымі пагонамі. І гэта пасля вызвалення з-пад акупацыі і па загаду роднай жа рабоча-сялянскай улады. Але ж лёсы! Жорны, напраўду.
Аніводзін карабель не загінуў у моры ў час Вялікага зыходу. Усе пазней дайшлі да далёкага порта, да месца сваёй апошняй стаянкі. Каб ператварыцца паступова ў жалезнае ламачча. У карабельныя могілкі. Але спачатку ў мёртвую эскадру, у лагер на вадзе з афіцэрскім сходам, шпіталем і школкай, з капліцай, штабам, пральняй і гарматамі. Урангель ад самага пачатку ведаў чым закончыцца ўсё. Як толькі прыняў камандаванне, ён загадаў рамантаваць караблі, рыхтаваць флот. За паўгода да эвакуацыі. Але таксама стаў умацоўваць армію. Каб даць час быць гатовымі каўчэгам да адплыцця.
У апошнія хвіліны, ужо ў маршрутцы, Фабіяну думаецца: урангелеўскія караблі сталі казармамі і жытлом на вадзе для афіцэрскіх сем’яў, гэта не быў ужо флот, з якім можна было спадзявацца на вяртанне, на паўторнае заваяванне Крыму. Але ён найдаўжэй заставаўся наколькі магчыма баявым фармаваннем, прычым флот не пацярпеў паразы, як армія генерала на крымскім мацерыку, флот выратаваў яе ад поўнага разгрому, але ён згас як агонь, як цяпельца, у якое не падкідаюць дроў. У афрыканскім моры, у Бізерце на Куццю 1924-га над урангелеўскімі караблямі быў спушчаны сцяг, назаўжды. Флот каўчэгаў спыніў існаванне…