Аднак ганенне на праваслаўных не доўга працягвалася, бо, як заўсёды, яны знаходзілі абарону з боку Масквы, куды пасылаліся скаргі аб здзеках над імі. Пётр I ва ўльтыматыўнай форме звярнуўся да польскага ўрада аб спыненні гвалту над праваслаўнымі, што і прымусіла Аўгуста II выдаць адпаведны дэкрэт, якім катэгарычна забаранялася адбіраць ад праваслаўных цэрквы і манастыры і іх маёнткі, а таксама чыніць праваслаўным розныя здзекі.
Асекшыся на ганенні праваслаўных, польскі ўрад і каталіцкая царква рашылі заняцца уніяцкай царквой, што было больш бяспечна, паколькі за яе не мог заступіцца Пётр I, які, як ужо нам вядома, таксама быў самым заклятым яе праціўнікам. Але чым не задавальняла уніяцкая царква польска-каталіцкія колы, якія ў свой час стварылі яе? Рэч у тым, што яна па іх задуме павінна была стаць пераходным этапам ад праваслаўнай веры да каталіцкай, і таму ўсё рабілася, каб чым найболей загнаць у яе вернікаў. Але яны ў гэтым перастараліся. Зрабіўшыся самай шматлікай па колькасці прыходаў і вернікаў, уніяцкая царква стала самастойнай. Хоць прайшло ўжо звыш ста гадоў пасля яе стварэння, ніхто з яе вернікаў не перайшоў і не жадаў пераходзіць у каталіцкую веру, і таму зразумела, што для польска-каталіцкіх колаў яна стала такой жа перашкодай, як і праваслаўная царква. Вось чаму яны, адчуўшы сваю няўдачу ў барацьбе з праваслаўем, тэрмінова ўзяліся за уніяцтва. Дзеля гэтага ў 1720 г. у г. Замосце (у Люблінскім ваяводстве) быў скліканы уніяцкі сабор. Старшынёй яго з’яўляўся папскі нунцый. Цікава, што сярод уніяцкіх епіскапаў, якія прысутнічалі на саборы, быў і смаленскі уніяцкі епіскап, хаця, як вядома, Смаленск у гэты час ужо не быў у складзе Рэчы Паспалітай.
Аднак за час знаходжання Смаленшчыны ў складзе BKЛ у ёй, як і ва ўсёй Беларусі, значна пашыралася уніяцтва, што нават у складзе Расіі яно трымала шчыльную сувязь з усёй уніяцкай царквой, пра што яскрава і сведчыць прысутнасць смаленскага епіскапа на гэтым саборы.
Зразумела, што такую масавую веру, якой была уніяцкая, ліквідаваць за кароткі час было немагчыма. Гэтаму найперш перашкодзіла б і шматлікае уніяцкае духавенства. I таму галоўнай задачай ініцыятараў склікання гэтага сінода і было: не ліквідуючы уніяцкай царквы, прыдаць ёй найбольшае падабенства да каталіцкай царквы. Гэтаму і садзейнічалі прынятыя саборам новыя дагматы і абрады уніяцкай царквы. 3 іх галоўнымі былі: прызнаваць непагрэшнасць рымскага папы і маліцца за яго здароўе, верыць у наяўнасць не толькі пекла і раю, але і чысцілішча, адзначаць пакутніцкую смерць Іасафата Кунцэвіча, пасвячаць у святары толькі бязжэнных асобаў, апранацца уніяцкім святарам гэтак жа, як і каталіцкія ксяндзы і інш. Былі таксама ўнесены змены ва ўнутраным выглядзе уніяцкіх храмаў накшталт каталіцкіх касцёлаў.
Пацярпеўшы няўдачу ў пачатку 20-х гадоў XVIII ст. у ганенні праваслаўя дзякуючы заступніцтву за яго Пятра I, польска-каталіцкія колы пасля заканчэння Паўночнай вайны і асабліва пасля смерці Пятра I зноў пачалі гэту перарваную справу. Тым больш што ў гэты час для іх склаліся спрыяльныя абставіны. Рэч у тым, што зараз на расійскім пасадзе пры імператрыцы Анне Іванаўне вялікі ўплыў атрымаў немец Бірон, які дружалюбна адносіўся да Польшчы і таму не мог, як Пётр I, перашкодзіць яе вярхам праводзіць дыскрымінацыйную палітыку супроць праваслаўя. У гэтых адносінах асабліва вызначыўся сойм, які быў скліканы ў 1732 г. у Варшаве. Дарэчы ён, як і папярэднія, не абыходзіўся без сварак і боек паміж дэпутатамі. I спрэчкі на гэтым сойме найперш узніклі паміж дэпутатамі BKЛ і Польшчы, паколькі сойм быў скліканы ў Варшаве, а не ў Гародні, дзе яму трэба было адбыцца па чарговасці. Дык вось гэтым соймам і была ўтворана так званая «Генеральная канфедэрацыя», абавязкам якой з’яўляўся перагляд усіх прывілеяў, якія мела праваслаўная царква ў Рэчы Паспалітай. Паводле яе рэкамендацый было забаронена выбіраць праваслаўных у соймы і розныя трыбуналы, склікаць якія-небудзь з’езды і сходы, прымаць праваслаўных на працу ў ваяводствах, гарадах і замках. Апроч таго, і што самае агіднае, праваслаўным святарам нельга было праводзіць хрэсьбіны, шлюбы і пахаванні без дазволу ксяндзоў і без унясення ўстаноўленай імі аплаты. Дайшло да таго, што пахаванні адбываліся толькі ноччу. Пашырэнню каталіцтва садзейнічала і патрабаванне, каб дзеці ў выніку змешаных шлюбаў запісваліся католікамі. Усё гэта яшчэ раз засведчыла, што каталіцызм быў галоўнай дарогай польскай экспансіі на Беларусі, паколькі пашырэнне яго тут цягнула за сабою ўсё шырэйшую паланізацыю.
Гэты працэс не спыніўся і пры наступным каралі Аўгусце III, які ўступіў на каралеўскі пасад пасля смерці свайго бацькі Аўгуста II ў 1733 г. Паколькі уніяцкая царква ў выніку Замосцкага сабору была ў вялікай меры акаталічана, то зараз зноў набыў масавы характар перавод праваслаўных манастыроў і цэркваў ва уніяцкія. Толькі з 1732 па 1743 г. па Беларускай і Тураўскай епархіях такому пераводу падвергліся 128 манастыроў і цэркваў. Прычым усё гэта суправаджалася гвалтамі над насельніцтвам, забойствамі тых, хто супраціўляўся гэтаму.
Такое наступленне на праваслаўе не магло не выклікаць супраціўлення з боку паасобных дзеячаў царквы. Адным з іх і быў Г. Каніскі, дзейнасць якога была звязана з Беларуссю, калі ён узначаліў у 1755 г. Беларускую епархію (яе цэнтр быў у Магілёве). Ен арганізаваў у Магілёве духоўную семінарыю, чым значна павысіў адукацыю праваслаўнага духавенства, якое вельмі адстала ў гэтых адносінах. Г. Каніскі арганізаваў архіў царкоўных дакументаў, што дало магчымасць выратаваць шэраг манастыроў і цэркваў ад перадачы іх уніятам, паколькі гэта часта рабілася пад выглядам адсутнасці дакументаў на валоданне землямі пад гэтымі манастырамі і цэрквамі. Але як раней праваслаўная царква ў Рэчы Паспалітай, так і Г. Каніскі ў справе абароны яе найперш арыентаваўся на дапамогу Расіі, і таму заўсёды паведамляў у Пецярбург аб усіх ганеннях на праваслаўе з боку каталіцтва і уніяцтва і прасіў аб заступніцтве, у чым яму не адмаўлялі, што толькі ратавала праваслаўе ад канчатковай пагібелі ў Рэчы Паспалітай.
Важнай і, магчыма, выключнай асаблівасцю часу караля Аўгуста III было тое, што з 1736 па 1763 г. Рэч Паспалітая абышлася без войнаў. Здавалася б, што ўсё гэта будзе выкарыстана для ўнутранага ўмацавання дзяржавы, чаго не толькі не атрымалася, але ў гэтым кірунку яшчэ больш пагоршылася. Перастаўшы быць полем бітваў, Рэч Пспалітая стала прахадным дваром для чужаземных армій. Асабліва ў гэтых адносінах цярпела Беларусь. Менавіта перш за ўсё праз яе тэрыторыю рухаліся расійскія войскі, якія ішлі на вайну з іншымі дзяржавамі.
Па-ранейшаму вялікім злом для Рэчы Паспалітай была барацьба паміж магнацкімі родамі за сваё першынство ў дзяржаве. I нездарма ж у беларусаў з’явілася з выпадку гэтага прыказка: «У Польшчы кожны большы». Сапраўды, кожная магнацкая група, паказваючы сваю сілу, імкнулася аслабіць сваіх канкурэнтаў і таму, сабраўшы з падуладнай ёй шляхты і чэлядзі войска, рабіла на іх так званыя «наезды», г. зн. рабаўніцкія напады. Як дзяржаўны сойм, так і павятовыя соймікі суправаджаліся вялікімі спрэчкамі, якія вельмі часта пераходзілі ў бойкі са смяротным зыходам, як гэта было ў Менску, Лідзе і іншых гарадах, дзе па загаду К. Радзівіла былі забіты некалькі няўгодных яму дэпутатаў. Магнаты нават не грэбавалі арганізоўваць казацка-сялянскія атрады, якіх накіроўвалі на разгром маёнткаў сваіх сапернікаў.
Але не абышлося і без самастойных сялянскіх антыфеадальных выступленняў. Асабліва вызначалася па сваім размаху Крычаўскае паўстанне 1743–1744 гг. ва ўладаннях Радзівілаў. У той час многія феадалы з мэтай больш хуткага атрымання так патрэбных ім грошай на раскошнае жыццё і арганізацыю наездаў, здавалі свае маёнткі ў арэнду багатым яўрэям. Тыя, у сваю чаргу, каб пабольшыць свае прыбыткі, узмацнялі эксплуатацыю сялян, абкладалі іх рознымі паборамі, што выклікала вялікую незадаволенасць, якая і штурхала на масавыя выступленні. Менавіта гэта і адбылося ў Крычаўскім старостве. Паўстанне ўзначаліў селянін Васіль Вашчыла, які ўжо раней вызначаўся як арганізатар сялянскіх выступленняў. У канцы 1743 г. паасобныя сялянскія хваляванні перараслі ў масавае ўзброенае паўстанне з дзвюма тысячамі ўдзельнікаў. Яно было накіравана супроць феадалаў, арандатараў, купцоў, ліхвяроў. Захопліваліся маёнткі і дзялілася іх маёмасць, знішчаліся судовыя і даўгавыя кнігі, у якіх былі зарэгістраваны бязлітасныя прысуды і невыносныя падаткі. Аднак з прычыны стыхійнага характару і слабай узброенасці паўстанне пацярпела паразу. У лютым 1744 г. войска, пасланае Радзівілам, разграміла яго спачатку каля Крычава, а пасля каля в. Царкавішча. Многія яго ўдзельнікі былі пакараны смерцю. Вашчыла, трапіўшы ў турму, захварэў і скора памёр. Усё ж паўстанне, нягледзячы на паразу, мела і пэўныя станоўчыя вынікі. Радзівіл вымушаны быў пайсці на некаторыя ўступкі, у тым ліку не даваць свае маёнткі ў арэнду.
Для Рэчы Паспалітай з гэтага часу характэрна было і ўсё большае аслабленне каралеўскай улады, якая фактычна была намінальнай. У гэтых адносінах асабліва паказальны кароль Аўгуст III. Пазбаўлены магчымасці што-небудзь рабіць у кіраванні дзяржавай, ён аказаўся ў стане беспрацоўнага і таму ўвесь час жыў у Дрэздэне, прыязджаючы ў Польшчу толькі на паляванне і на соймы. Там жа ён і памёр у 1763 г., дзе і пахаваны. Абраннем новага караля Станіслава Панятоўскага ў 1764 г. і адкрыўся час канчатковага распаду Рэчы Паспалітай і яе расцягвання суседзямі.
БАРСКАЯ КАНФЕДЭРАЦЫЯ I ПЕРШЫ ПАДЗЕЛ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ
Ужо папярэдні разгляд гісторыі Рэчы Паспалітай паказаў, наколькі моцны быў уплыў Расіі ў гэтай дзяржаве. Пасля смерці Аўгуста III у 1763 г. гэта яшчэ больш узмацнілася, найперш у выніку яе застарэлай хваробы — барацьбы паміж магнацкімі групоўкамі за большы ўплыў у жыцці краіны. Як і заўсёды, гэта барацьба абвастралася ў час абрання новага караля. Так было і зараз. За абранне на каралеўскі пасад гэтым разам найбольш вострым было змаганне паміж Чартарыйскімі і Патоцкімі. У Расіі ў гэты час была ўжо Кацярына II. Да яе і звярнуўся Чартарыйскі з просьбай прыслаць ім на дапамогу рускае войска, у чым ім, зразумела, не адмовілі. Менавіта злучаныя сілы BKЛ і рускага атрада ў чэрвені 1764 г. атрымалі перамогу над войскам аднаго з найбольш магутных паплечнікаў Патоцкіх — Караля Радзівіла, захапіўшы яго крэпасці ў Нясвіжы і Слуцку. А сам іх уладальнік схаваўся за мяжой.
Гэта перамога і дала магчымасць Чартарыйскім 7 верасня 1764 г. правесці на каралеўскі пасад іх пляменніка — 35-гадовага Станіслава Панятоўскага. Усё гэта адбылося пры непасрэднай падтрымцы Кацярыны II, якая асабіста ведала новавыбранага караля, бо ён некаторы час жыў у Пецярбургу пры яе двары і, магчыма, нават быў яе фаварытам. Для поспеху абрання С. Панятоўскага каралём мела і тое, што ў Варшаве ў гэты час стаяла расійскае войска. Такім чынам, абранне С. Панятоўскага канчаткова замацавала рашаючы ўплыў Расіі ў Рэчы Паспалітай.
Яшчэ перад выбраннем новага караля Чартарыйскія рашылі прыняць новыя рэформы, якія б умацавалі цэнтральную ўладу дзяржавы. I хоць на адным з соймаў у 1764 г. і было абмежавана права вета і прыняты рашэнні пра ўпарадкаванне фінансавай і судовай спраў, аднак гэта выклікала супраціўленне кансерватыўных колаў грамадства, найперш магнатаў і шляхты, якім і была выгаднай слабая дзяржаўная ўлада. Спачатку гэтыя рэформы падтрымала і Расія, бо яна мела ў сваіх руках Рэч Паспалітую і ёй было выгадней бачыць яе больш умацаванай.
Па-ранейшаму для большага націску супроць Рэчы Паспалітай выкарыстоўваліся рэлігійныя справы, тым больш што ў ёй прадаўжалася палітыка пераследу некаталіцкіх канфесій. Па ініцыятыве Прусіі і Расіі быў прапанаваны праект ураўнення ў правах дысідэнтаў (пратэстантаў і праваслаўных) з католікамі, на што згаджаўся і сам кароль Панятоўскі, але чаго не ўхваліў сойм. А гэта, як і ў папярэднія часы, пацягнула за сабой прысылку войскаў у Рэч Паспалітую, а менавіта на тэрыторыю Беларусі, дзе ў кастрычніку 1765 г. расійскімі войскамі былі захоплены Слуцк і Нясвіж.
У мэтах абароны кожнай з гэтых канфесій пачалі ўтварацца канфедэрацыі: пратэстанцкая ў Торуне, праваслаўная ў Слуцку. Больш за тое, у Радаме была створана каталіцкая канфедэрацыя, якая ўзяла курс на саюз з Расіяй. I самае дзіўнае, што на чале яе стаў К. Радзівіл, які раней займаў процілеглую пазіцыю і ўладанні якога раней захапіла рускае войска. Відаць, гэтым самым ён і хацеў вярнуць сабе страчанае. У выніку дзейнасці гэтых канфедэратаў, якіх падтрымлівала 40-тысячнае рускае войска, сойм у 1768 г. і вымушаны быў прыняць пастанову аб ураўненні дысідэнтаў у правах з католікамі, у тым ліку — права займаць дзяржаўныя пасады. Але хоць засталіся некранутымі такія правы дзяржаўнага жыцця Рэчы Паспалітай, як ліберум вета, выбарнасць караля, недатыкальнасць шляхецкіх прывілеяў — усё, што аслабляла краіну, тым не менш рэакцыйныя, асабліва каталіцкія, колы, незадаволеныя ўраўненнем з іх правамі дысідэнтаў і саюзам з Расіяй, у тым жа 1768 г. у Бары стварылі сваю канфедэрацыю. Праўда, склад яе быў неаднолькавы. Хоць у яе ўвайшлі і сапраўдныя патрыёты, што выступалі за незалежнасць Польшчы, аднак у ёй задавалі тон кансерватыўныя элементы, для якіх найперш важна было захаваць «залатыя вольнасці» шляхты і асабліва вяршэнства каталіцкай царквы, і тым самым захаваць нацыянальна-рэлігійны прыгнёт над іншаверцамі. Тое, што Барская канфедэрацыя выступала за захаванне шляхецкіх прывілеяў, можа тлумачыць, чаму ў яе было шмат прыхільнікаў і на Беларусі, асабліва ў Берасцейскім і Мсціслаўскім ваяводствах, у Ваўкавыскім, Ашмянскім і Браслаўскім паветах. Вось чаму дзеянні барскіх канфедэратаў перакінуліся і на Беларусь. Супроць іх і былі кінуты расійскія войскі. Менавіта ў кастрычніку 1768 г. яны разбілі канфедэратаў пад Дзярэчынам і захапілі Нясвіж і Слуцк. Аднак у наступным годзе берасцейскі атрад канфедэратаў на чале з самім кіраўніком усёй канфедэрацыі Юзафам Пуласкім разбіў рускія войскі пад Берастовіцай, Слонімам і Мышшу. Дзеянні Барскай канфедэрацыі на Беларусі яшчэ больш пашырыліся ў наступныя два гады, асабліва калі на яе тэрыторыю ўступіў атрад Ш. Касакоўскага, які складаўся ў асноўным з дробнай шляхты і дзейнасць якога прасціралася ад Мядзеля да Менска. Пад уздзеяннем гэтага зноў канфедэратыўны рух перайшоў на Полаччыну, Ашмяншчыну, Браслаўшчыну і Мсціслаўшчыну.
Паколькі канфедэратыўны рух непасрэдна пагражаў Расіі, то яе ўрад прыняў усе меры, каб яго задушыць, для чаго і былі кінуты новыя войскі, што і дало першыя вынікі. Пад Новагародкам быў разбіты атрад Касакоўскага. Асабліва вызначыўся ў задушэнні Барскай канфедэрацыі славуты А. Сувораў, які ў гэты час са сваім войскам знаходзіўся ў Польшчы. Менавіта ім быў разбіты трохтысячны атрад вялікага гетмана ВКЛ М. Агінскага пад Сталовічамі ў верасні 1771 г.
Расправа з Барскай канфедэрацыяй як у ВКЛ, так і ў Польшчы канчаткова наблізіла Рэч Паспалітую да яе падзелу. Праўда, ініцыятыва гэта ішла не ад Расіі, бо яе цалкам задавальняла існаванне гэтай слабай і таму бяспечнай для яе дзяржавы, якая да таго ж знаходзілася пад непасрэдным яе ўплывам. Ініцыятыва падзелу зыходзіла ад Прусіі, якая не магла далей мірыцца з тым, што Польшча адгароджвала яе ад Усходняй Прусіі. Менавіта ад прускага караля Фрыдрыха II паступіла прапанова да Расіі, без удзелу якой не мог адбыцца падзел Рэчы Паспалітай. На гэта Кацярына II і дала згоду. У перамовы аб падзеле некалькі пазней далучылася і Аўстрыя. I вось 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу паміж гэтымі трыма дзяржавамі і была падпісана дамова аб падзеле Рэчы Паспалітай. У выніку гэтага Прусія атрымала заходнюю частку Польшчы, Аўстрыя — паўднёвую яе частку і Галіцыю са Львовам, да Расіі адышлі Інфляндскае ваяводства, усход Полацкага ваяводства (па правым беразе Зах. Дзвіны), Віцебскае ваяводства (за выключэннем яго крайняй заходняй часткі), усё Мсціслаўскае ваяводства, а таксама ўсходняя частка Менскага ваяводства (з Гомелем, Рагачовам, Прапойскам і Чавусамі).
Лёс гэтых адрэзаных ад Рэчы Паспалітай частак склаўся па-рознаму. Відаць, удалым быў для Галіцыі. Менавіта знаходзячыся ў складзе Аўстрыйскай імперыі, гэта частка Украіны мела пэўныя ўмовы для свайго нацыянальнага развіцця. У Аўстрыі існавала ўласна ўкраінская курыя, якая пасылала сваіх дэпутатаў у парламент, што падкрэслівала нацыянальную асобнасць украінскага насельніцтва і тым самым спрыяла росту яго нацыянальнай свядомасці. Гэтым і тлумачыцца, чаму тут найперш і зарадзілася новая ўкраінская літаратура, а таксама тэатр і друк. Тут прадаўжала існаваць уніяцкая царква, якая была нацыянальнай украінскай. Часамі аўстрыйскі ўрад выкарыстоўваў украінскае насельніцтва ў сваіх палітычных мэтах. Так, калі ў 1846 г. аўстрыйскія палякі (а яны галоўным чынам былі памешчыкамі) паднялі паўстанне за аднаўленне Польшчы, то канцлер Аўстрыі Мэтэрніх на задушэнне гэтых памкненняў не паслаў ніводнага салдата, а натравіў на паўстанцаў галіцыйскіх сялян, скарыстаўшы іх класавую нянавісць да сваіх паноў, і яны (сяляне) за адну ноч вынішчылі паўстанцаў. У свой час А. Герцэн назваў гэта галіцыйскай пугачоўшчынай.
У сувязі з больш-менш выгадным становішчам часткі Украіны ў складзе Аўстрыі выказваецца меркаванне, што калі б частка Беларусі (захад Віленшчыны і Гарадзеншчыны) трапіла ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай пад уладу Прусіі, то ў ёй бы больш паспяхова, як у Галіцыі ў складзе Аўстрыі, ішло нацыянальнае развіццё. Але, напэўна, так не было б. Прусія са сваёй моцна цэнтралізаванай уладай далёка не была падобнай на Аўстрыю, у якой дапускаўся пэўны федэралізм, і таму наўрад ці змірылася б тут з беларускім нацыянальным рухам. Вось надзвычай яскравы прыклад. Калі ў 1918 г. адна еўрапейская дэлегацыя ў сувязі з аднаўленнем Польшчы як дзяржавы наведала Познаншчыну, г. зн. тую частку Польшчы, якая была пад Прусіяй, то была здзіўлена, што яе ўсе насельнікі, якія мелі польскія прозвішчы, гаварылі толькі па-нямецку, а не па-польску. Вось такі лёс, відаць, чакаў бы і беларусаў, калі б яны трапілі пад уладу Прусіі.
3 забраных Расіяй усходніх беларускіх тэрыторый былі ўтвораны Пскоўская губерня (некалькі пазней яна была перайменавана ў Полацкую) з правінцыямі Пскоўскай, Велікалуцкай, Дзвінскай (раней Ліфляндскай), Полацкай і Віцебскай з цэнтрам у Апочцы і Магілёўская губерня з правінцыямі Магілёўскай, Аршанскай, Рагачоўскай і Віцебскай.
Адразу на ўключаных у склад Расіі землях Беларусі афіцыйнай мовай замест польскай была ўведзена расійская. І, такім чынам, Беларусь адразу трапіла з агню паланізацыі ў полымя русіфікацыі. Праўда, першая з іх не адразу знікла і нават у першую трэць XIX ст. дасягнула свайго піку дзякуючы А. Чартарыйскаму, які, стаўшы прыбліжаным расійскага цара Аляксандра I і адначасова будучы папячыцелем Віленскай вучэбнай акругі, у якую ўваходзіла амаль уся Беларусь, стаў адчыняць тут паўсюдна польскія школы, якія садзейнічалі далейшай паланізацыі. Менавіта гэтым і тлумачыцца, чаму А. Міцкевіч, У. Сыракомля, С. Манюшка і іншыя беларусы сталі выдатнымі дзеячамі польскай культуры. Толькі пасля задушэння паўстання 1830–1831 гг. паланізацыя на Беларусі была канчаткова зменена на не менш небяспечную русіфікацыю.
Разам з расійскай мовай на тэрыторыі Беларусі пачалі ўводзіцца характэрныя для Расіі ўстановы, напрыклад губернскія і правінцыйныя суды, устанаўлівацца падаткі, якія павінны былі плаціць сяляне, а таксама купцы і яўрэі.
Але асаблівая ўвага была ўдзелена царкоўным справам. Найперш пад абарону была ўзята праваслаўная царква. Былі ўтвораны Пскоўская і Магілёўская праваслаўныя епархіі.
Апошнюю, як і раней у складзе Рэчы Паспалітай, узначаліў Г. Каніскі.
Было надалей забаронена пераходзіць праваслаўным у каталіцтва і асабліва ва уніяцтва. Рэарганізацыі падверглася і уніяцкая царква. Была ліквідавана Смаленская епархія з прычыны малой колькасці ў ёй вернікаў-уніятаў, але пакінута Полацкая епархія з падначаленнем ёй уніятаў на ўсёй тэрыторыі забранай Беларусі. Уніяты не толькі заахвочваліся да пераходу ў праваслаўе, але і гвалтоўна заганяліся ў яго. Так, па Полацкай епархіі было перацягнута ў праваслаўе каля 130 тысяч уніятаў, а па Магілёўскай — каля 120 тысяч. Устанаўлівалася, што ўсе сыны ад змешаных шлюбаў павінны лічыцца праваслаўнымі.
Звернута была ўвага і на арганізацыю каталіцкай царквы, для кіравання якой у Беларусі была створана Магілёўская епархія. Поле дзейнасці ёй было прадстаўлена вельмі шырокае, паколькі ёй павінны былі падначальвацца ўсе каталіцкія каецёлы і манастыры ва ўсёй Расіі. Гэта і дало ёй магчымасць у далейшым ператварыцца спачатку ў архіепіскапію, а пасля і ў мітраполію.
3 мэтай абароны праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай была ўтворана адмысловая праваслаўная епархія, месцазнаходжаннем якой быў г. Слуцк. Епіскапам у ёй прызначылі В. Садкоўскага. Гэта менавіта ён на Слуцкім царкоўным саборы пагражаў мясцовым святарам, якія ў сваім набажэнстве ўжывалі зразумелую вернікам беларускую мову: «Я скараню, знішчу, штоб і языка не было вашага праклятага літоўскага». Зразумела, што тут пад літоўскай мовай разумелася беларуская, і гэта яшчэ раз паказвае, што ў той час паняцці «Літва» і «літоўская» адпавядалі сучасным «Беларусь» і «беларуская». Як бачым, расійскі стаўленік В. Садкоўскі адразу прыняў непрымірымую пазіцыю да беларускай мовы. Але калі праваслаўны епіскап В. Садкоўскі ўсё рабіў для таго, каб перацягнуць уніятаў у праваслаўе, то уніяцкі мітрапаліт Рэчы Паспалітай Смаргжэўскі ўсё рабіў дпя таго, каб паболей акаталічыць уніятаў.
Як ужо вядома, Замосцкі сабор 1720 г. абавязаў уніяцкую царкву прыняць шэраг каталіцкіх абрадаў. Аднак, відаць, гэта патрабаванне не асабліва выконвалася. Тым больш што былі уніяцкія іерархі, як полацкі біскуп Лісоўскі, якія супраціўляліся акаталічванню уніятаў. Вось чаму Смаргжэўскі рашуча патрабаваў ад уніяцкіх святароў прыняцця каталіцкіх абрадаў.