Летам 1655 г. рускія войскі зноў перайшлі ў наступленне, паступова прасоўваючыся на захад. Тое, што ім разам з казакамі Залатарэнкі з чэрвеня па верасень 1655 г. удалося заняць Барысаў, Менск, Вільню, Гродна, Коўна, Клецк, Слонім, Тураў, Пінск, Любань і аблажыць Львоў, сведчыць аб іх вялікім поспеху. Фактычна амаль уся тэрыторыя Беларусі і Літвы і частка Украіны былі заваяваны і далучаны да Расіі. І гэта дало падставу цару Аляксею Міхайлавічу з верасня 1655 г. у свой тытул апроч Вялікай і Малой Расіі ўключыць Белую Расію і тытул вялікага князя літоўскага.
Здавалася б, што Масква дасягнула пастаўленай ёй мэты ў вайне, якую распачала ў 1654 г. Аднак вайна набыла нечакана новы паварот. Рэч у тым, што ў выніку гэтых поспехаў рускага войска склаліся вельмі спрыяльныя абставіны для Швецыі ў справе разгрому яе даўняга саперніка — Рэчы Паспалітай. Праўда, яшчэ раней у Маскве шведскія паслы вялі перамовы з царскім урадам аб падзеле паміж Швецыяй і Масквой тэрыторыі BKЛ, пры гэтым Масква прапаноўвала шведам адначасова пачаць вайну з Рэччу Паспалітай. Але згода не была дасягнута, бо Масква спадзявалася без шведскай дапамогі справіцца з Рэччу Паспалітай, што ёй у вялікай меры і ўдалося ў выніку летняга настуллення 1655 г. I вось зараз. убачыўшы і ўзважыўшы ўсё гэта, шведскі кароль Карл X Густаў пачаў у чэрвені вайну з Польшчай, у выніку чаго яна і была канчаткова разгромлена і заваявана. Акупавана была і значная частка Літвы. Аднак далейшы рух рускіх войскаў на паўночны захад ад Вільні спыніўся. У далейшым для ўмацавання свайго тылу былі паспешна пасланы рускія войскі пад тыя гарады, дзе яшчэ знаходзіліся гарнізоны войск BKЛ, якія не здаліся ворагу і прадаўжалі супраціўленне (Берасце, Слуцк, Стары Быхаў). У сваю чаргу Залатарэнка адвёў казакоў пад Стары Быхаў, каб мець большую магчымасць трымаць пад сваім кантролем паўднёва-ўсходнюю частку Беларусі. Аднак у пачатку кастрычніка 1655 г. у баі I. Залатарэнка быў цяжка паранены і праз некалькі дзён памёр. Замест яго прызначаны быў Іван Нячай, зяць Б. Хмяльніцкага.
Аднак што ж з’явілася галоўнай прычынай спынення далейшага руху рускіх войскаў на паўночны захад, каб прабіцца да Балтыйскага мора, што было іх канчатковай мэтай у гэтай вайне? Як было бачна, BKЛ зноў апынулася паміж двух агнёў: і з боку Расіі, і з боку Швецыі. I яшчэ да здачы Вільні перад Я. Радзівілам, у руках якога была засяроджана ўся ўлада і перад якім стаяла адказнасць за лёс дзяржавы, паўстала нялёгкае пытанне, як выратаваць яе ў такім цяжкім для яе становішчы. Вядома, што такое пытанне не было новым у гісторыі нашай дзяржавы. I адказ на яго павінен быў выключыць магчымасць абстрэлу з двух бакоў, што ў адваротным выпадку магло быць смяртэльным для яе. У выніку гэтага і заключаліся уніі з Польшчай. Таму і зараз перад Я. Радзівілам паўстала неабходнасць выбраць, з кім пайсці на саюз. Як ужо адзначалася, вялікі гетман быў далёка не прыхільнік саюза з Польшчай і супраціўляўся яе ўплыву ў BKЛ. Да таго ж ён ненавідзеў караля Яна Казіміра. I вось цяпер, калі Польшча была адолена шведамі, перад Я. Радзівілам паўстала рэальная магчымасць парваць з ёй унію. Аднак гэта адначасова азначала для ВКЛ ваяваць і са Швецыяй, і з Масквой, паколькі і першая, і другая захапілі землі княства. Але для ВКЛ гэта было згубным, і таму перад ім зноў паўстала пытанне аб уніі. I ў дадзеных абставінах яна магла быць заключана або з Масквой, або са Швецыяй. Я. Радзівіл добра разумеў, што саюз з першай быў яшчэ больш небяспечны, чым з Польшчай, бо гэта азначала б аддаць дзяржаву на поўнае паглынанне. I Я. Радзівіл рашыў пайсці, як на меншае зло, на унію са Швецыяй. Трэба зазначыць, што такое рашэнне не было раптоўным, бо яшчэ ў 1649 г. ён распачаў сувязь з паўночнай суседкай. А гэта можа сведчыць аб прадбачанні ім у далейшым вайны Швецыі з Польшчай, што і дасць магчымасць разарваць унію з апошняй і заключыць яе з другой. Трэба ўлічваць і тое, што ў гэты час Б. Хмяльніцкі праз Залатарэнку меў стасункі са шведскім каралём. Трэба думаць, што гэта не было таямніцай для Я. Радзівіла і падштурхоўвала яго на саюз са Швецыяй.
Апынуўшыся пасля заняцця рускімі войскамі Вільні 28 ліпеня 1655 г. на тэрыторыі, занятай шведамі, Я. Радзівіл прыступіў да ажыццяўлення вызначанай справы. I 17 жніўня пад Кейданамі (тут знаходзіўся і К. Паклонскі) і быў заключаны дагавор аб пераходзе BKЛ пад пратэктарат Швецыі. Пагадненне прадугледжвала аб’яднанне войскаў дзвюх краін супроць супольнага ворага. Шведскі бок абавязваўся вярнуць BKЛ усе страчаныя ім у вайне з Масквой гарады і землі. Асабліва важным у пагадненні было тое, што тут гарантавалася роўнасць дзвюх дзяржаў і выключалася магчымасць інкарпарацыі Швецыяй BKЛ. Пагадненне гэта з боку ВКЛ у Кейданах падпісалі каля паўтысячы асоб, сярод іх быў Я. Радзівіл, які пасля гэтага называў сябе гетманам шведскага караля, але адначасова лічыў сябе віленскім ваяводам. Праўда, у далейшым выявілася, што далёка не ўсе падтрымалі гэту унію, шмат было ў вярхах дзяржавы тых, хто лічыў сябе падданым каралю Казіміру.
Заключэнне Кейданскай уніі і было прычынай часовага спынення далейшага наступлення рускіх войскаў. Яе ўмовы сталі адразу вядомымі расійскаму боку, што для яго азначала непазбежнасць вайны са Швецыяй. Гэта тым больш стала відавочным, калі шведскія войскі, рухаючыся ўверх па Зах. Дзвіне, захапілі Браслаў, Друю і Дрысу, якія ў 1654 г. былі заняты рускімі войскамі. Для маскоўскага ўрада як вораг на першы план пачала выступаць Швецыя, якая сваімі дзеяннямі загароджвала рускім войскам шлях да Балтыйскага мора, што было таксама важнейшай мэтай іх і што ў сваю чаргу асабліва небяспечна было для Швецыі, якая ставіла сваёй задачай не выпускаць са сваіх рук валодання Прыбалтыкай. Усё гэта і змяніла рэзка кірунак вайны, якая з руска-польскай стала пераходзіць у руска-шведскую.
Пачаўшы ў маі 1656 г. перамовы аб міры з Польшчай, Масква аб’явіла вайну Швецыі, і яе войскі, паспяхова рухаючыся, у жніўні 1656 г. аблажылі Рыгу. Спадзеючыся канчаткова замацаваць за сабою Беларусь і маючы на мэце перацягнуць на свой бок шляхту і магнатаў, Масква пачала гарантаваць ім захаванне іх ранейшых правоў і прывілеяў, а за службу ў царскай арміі даваць і новыя маёнткі.
Перамовы аб міры паўнамоцных паслоў Расіі і Польшчы пачаліся ўжніўні 1656 г. у Вільні. У гэты час ужо рэзка змяніліся справы на вайне. Руская армія, не змогшы ўзяць Рыгу і атрымаўшы тут паражэнне ад шведаў, вымушана была адступіць да Полацка. Значна лепшыя абставіны склаліся ў Польшчы. Там узнялася народная барацьба супроць шведскіх акупантаў, і яны цярпелі паражэнне. Усё гэта паўплывала і на ход перамоваў. Калі пазіцыі рускіх паслоў слабелі, то польскіх мацнелі. Так, апошнія і слухаць не хацелі аб выбранні Аляксея Міхайлавіча каралём Рэчы Паспалітай пасля смерці Яна Казіміра. Гэта і з'явілася прычынай таго, што замест міру было заключана ў кастрычніку 1656 г. толькі перамір’е. Абодва бакі абавязваліся і далей весці сумесную вайну супроць Швецыі.
Варта асаблівай увагі тое, што маскоўскі бок у віленскіх перамовах асабліва настойваў на скасаванні царкоўнай уніі. I гэта зразумела. Маскоўская агрэсія на BKЛ, як правіла, праходзіла пад знакам вызвалення яго адзінавернага праваслаўнага насельніцтва ад прыгнёту спачатку нібыта літоўска-язычніцкіх князёў, а пасля польска-каталіцкіх каралёў. Аднак зараз, калі пераважная колькасць праваслаўных стала уніятамі, якія падначальваліся рымскаму папу, гэта падстава для маскоўскіх «вызваліцеляў» адпадала, і таму яны так дамагаліся адмены уніі. I толькі дзякуючы настойлівасці з боку Рэчы Паспалітай, гэта ўмова не была ўнесена ў Віленскае пагадненне.
К гэтаму часу пачала траціць сваё значэнне і Кейданская унія. Адной з прычын гэтага было тое, што вялікая колькасць магнатаў і шляхты не прызнала яе і па-ранейшаму лічыла сябе падданымі караля Яна Казіміра, што і ўнесла раскол ў малазначнае войска BKЛ. Мела значэнне і тое, што Я. Радзівіл — галоўны ініцыятар Кейданскай уніі, прыйшоўшы са сваім войскам у Падляшша, быў абложаны П. Сапегам у Тыкоціне, дзе ў самым канцы 1655 г. і памёр (па некаторых звестках быў атручаны, што верагодна). Пасады вялікага гетмана BKЛ і віленскага ваяводы займае яго найбольшы праціўнік П. Сапега, што азначала канчатковую перамогу прапольскай арыентацыі ў вярхах BKЛ і аднаўленне Люблінскай уніі.
Прычына спынення Кейданскай уніі крыецца і ў адносінах да яе са шведскага боку, які не лічыўся з яе ўмовамі, ігнаруючы іх. Частыя рабаўніцкія адносіны шведскага войска да насельніцтва ВКЛ выклікалі нянавісць да яго і нават прывялі Жамойць да паўстання. 3 адыходам шведскага войска з тэрыторыі ВКЛ у Інфлянты ў красавіку 1656 г. фактычна азначала, што Кейданская унія перастала існаваць. Яе заключэнне са Швецыяй, як і ранейшыя уніі з Польшчай, было вынікам выключна цяжкага знешняга становішча BKЛ. Не могучы змагацца з усімі сваімі ворагамі адначасова, што магло б прывесці да канчатковай пагібелі дзяржавы, ВКЛ вымушана было ісці на саюз з адным са сваіх суседзяў. Гэтым яно забяспечвала сабе далейшае існаванне, праўда, абмяжоўваючы свой суверэнітэт. Прычынай непрацягласці існавання уніі са Швецыяй было і тое, што апошняя непасрэдна не межавалася з ВКЛ, як Польшча. Толькі наяўнасць шведскага войска на тэрыторыі ВКЛ і магла забяспечваць унію з ёй. Аднак у выніку сваіх няўдач Швецыя вымушана была вывесці свае войскі з тэрыторыі ВКЛ, што і прывяло да спынення Кейданскай уніі.
ВАЙНА ЗНОЎ РУСКАПОЛЬСКАЯ
Заключэнне перамір’я з Польшчай дало магчымасць Маскве больш надзейна замацоўваць сваю ўладу над Беларуссю, якая была поўнасцю акупавана царскімі войскамі. Аднак тут з асаблівай яскравасцю выявіліся супярэчнасці паміж Масквой і ўкраінскімі казакамі, на чале якіх пасля гібелі I. Залатарэнкі стаў Іван Нячай, адзін з самых прыбліжаных і ўплывовых асоб, што акружалі Б. Хмяльніцкага, зяцем якога ён быў. Выяўляючы інтарэсы казацкай старшыны, што імкнулася ў мэтах свайго ўзбагачэння завалодаць землямі Беларусі, дзе ім, на іх думку, спакойней было б панаваць, I. Нячай, умацаваўшыся ў Чавускім павеце, не пажадаў аддаваць гэту тэрыторыю ў падначаленне маскоўскага ваяводы, а пасля стаў пашыраць сваю ўладу на Магілёўскі, Капыльскі і Мсціслаўскі паветы. Цікава адзначыць, што, калі раней Нячай называў сябе «палкоўнікам Чавускім», то зараз яго тытулам стаў «палкоўнік беларускі». I гэта вельмі паказальна, бо сведчыць, наколькі назва «Беларусь» замацавалася тады за ўсходам нашай краіны. Мы ведаем, што «палкоўнікам беларускім» называў сябе К. Паклонскі. Але калі ў адносінах да яго гэта назва была сапраўднай, то для I. Нячая яна з’яўлялася фальшывым прыкрыццём, бо ён не змагаўся за незалежнасць Беларусі, як К. Паклонскі, а імкнуўся падначаліць яе казацкай старшыне.
Дзеянні I. Нячая не маглі не выклікаць незадаволенасці Масквы, якая лічыла Беларусь сваім уладаннем, што падкрэслівалася ўнясеннем у тытул Аляксея Міхайлавіча «Белай Русі». Таму Масква запатрабавала ад Б. Хмяльніцкага вываду казакоў з Беларусі, але пасля абмежавалася дазволам размяшчэння казакоў I. Нячая толькі ў Чавускім павеце. Але гэта не закрэсліла ранейшых намераў I. Нячая. Ён толькі змяніў спосаб дзеянняў, накіраваўшы іх супроць магнатаў і шляхты, якім царскім урадам была вернута іх маёмасць і ўсе іх прывілеі. Менавіта ў асобе магнатаў і шляхты I. Нячай і бачыў сапраўдных уладароў Беларусі. А на гэта тут і прэтэндавала казацкая старшына і тым самым разглядала іх як сваіх сапернікаў, супроць якіх найперш і трэба весці барацьбу.
Не могучы адкрыта выступіць супроць мясцовых феадалаў, бо гэта б выклікала незадаволенасць цара, якому яны прысягнулі, I. Нячай інспіраваў сялянскія паўстанні супроць іх, тым самым звальваючы ўсю віну за расправу над імі на сялян. Каб яшчэ гэта было больш пераканаўча, на чале сялянскіх атрадаў, што таксама называліся «казацкімі», ставіліся мясцовыя жыхары. Такімі сотнікамі, як іх называлі, былі Дзяніс Мурашка на Ігуменшчыне, Сапрыка на Талачыншчыне, Слізкі і Паўкасцельскі на Шклоўшчыне і інш. Менавіта ў гэты час з асаблівай яскравасцю выявілася сапраўдная сутнасць паўстанняў беларускіх сялян супроць сваіх феадалаў. Як правіла, яны з’яўляліся вынікам падбухторвання з боку казацкай старшыны, для якой гэта было адным са спосабаў падначалення сабе Беларусі.
Трэба зазначыць, што ў той час асаблівых супярэчнасцяў паміж беларускімі сялянамі і феадаламі не было. Тады ўжо закончылася аграрная рэфома, якая ўвайшла ў гісторыю як «Валочная памера» (ці «Устава на валокі»), паводле якой былі вельмі дакладна ўрэгуляваны адносіны паміж сялянамі і феадаламі. I гэтыя ўстанаўленні, як правіла, выконваліся з двух бакоў. I таму ў беларускіх сялян не было падстаў для паўстанняў, бо калі і з’яўляліся якія супярэчнасці, то яны вырашаліся ў судовых інстанцыях, а не ў паўстаннях.
Як у свой час Віленскае перамір’е 1656 г. ператварыла руска-польскую вайну ў руска-шведскую, так заключэнне ў 1658 г. «Гадзяцкага дагавору» ператварыла руска-шведскую вайну зноў у руска-польскую. Рэч у тым, што пасля смерці Б. Хмяльніцкага яго гетманскае месца заняў I. Выгоўскі. I ён, у адрозненне ад свайго папярэдніка, які аб’яднаў Украіну з Расіяй, пачаў праводзіць палітыку аб’яднання з Польшчай, што і было здзейснена ў выніку падпісання згаданага дагавора.
Цікава адзначыць, што I. Выгоўскі, перайшоўшы на бок Рэчы Паспалітай, утварыў у складзе яе княства, у якое ўваходзілі цэнтральныя ўкраінскія землі на чале з Кіевам, і гэта княства ён назваў «Рускім». Менавіта гэтыя мясцовасці ў старажытныя часы і называліся Руссю, што яшчэ памяталася, як мы бачым, у XVII ст. Адсюль становіцца зразумелым, чаму, калі са складу ВКЛ у выніку Люблінскай уніі выйшлі ўкраінскія землі, з яго назвы выпала назва «Рускае» і яно стала называцца Літоўскім і Жамойцкім.
У поўнай згодзе з I. Выгоўскім быў I. Нячай. Калі для яго раней Беларусь была аб’ектам захопу, то цяпер яна стала для яго прадметам гандлю: ён паабяцаў Яну Казіміру пад яго каралеўскую міласць аддаць Белую Русь, за што прасіў узнагароду, якую і атрымаў. I сапраўды Сойм Рэчы Паспалітай у маі 1659 г. даў яму на пажыццёвае ўладанне Чавусы і Чэрыкаў, а таксама два войтаўствы ў Магілёўскім павеце і Бабруйскую эканомію. Шляхецкія званні атрымалі таксама і некаторыя кіраўнікі так званых сялянскіх паўстанняў. Усё гэта паказвае, што дзейнасць запарожскіх казакоў на Беларусі перш за ўсё дыктавалася іх інтарэсамі і ў залежнасці ад таго, калі ім было выгадней, яны прыстасоўваліся то на бок Расіі, то на бок Польшчы. У залежнасці ад гэтага яны прымушалі дзейнічаць сялянскія атрады. Калі I. Нячай са сваім атрадам зрабіў намер захапіць Магілёў, то Мурашка рашыў захапіць Менск. Аднак і першае, і другое скончылася няўдачай. Канчаткова I. Нячай і яго саюзнікі былі разгромлены ў канцы 1659 г., калі I. Выгоўскі ў выніку казацкіх хваляванпяў быў заменены Юрыем Хмяльніцкім, пры якім быў зноў адноўлены саюз Украіны з Расіяй. Па патрабаванні Масквы, якая бачыла ў казаках свайго саперніка ў валоданні Беларуссю, усе казацкія загоны павінны былі быць выведзены з яе тэрыторыі. У хуткім часе рускія войскі ў пачатку снежня 1659 г. захапілі Стары Быхаў. I. Нячай і яго паплечнікі былі ўзятыя ў палон, і большасць з іх — павешаны. Толькі заступніцтва Ю. Хмяльніцкага выратавала I. Нячая і яго брата Юрыя ад смерці, і яны былі высланы ў Табольск. Аднак паасобныя казацкія загоны, якія дзейнічалі самастойна, нікому не падначальваючыся, па-ранейшаму знаходзіліся на Беларусі і вялі тут вайсковыя дзеянні. Так, у чэрвені 1660 г. яны аблажылі і штурмавалі Пінск, а ў 1664 г. разам з рускімі войскамі зноў штурмавалі Пінск, а таксама Магілёў, у якім быў спалены замак.
Зноў пачалася новая хваля ўварвання расійскіх войскаў на Беларусь. Армія ваяводы Хаванскага ў снежні 1659 г. захапіла Гародню, а ў студзені наступнага года Бярэсце. Аднак гэтыя перамогі былі часовымі. Заключыўшы ў 1660 г. мір са Швецыяй, Рэч Паспалітая сканцэнтроўвае свае вайсковыя сілы на Беларусі супроць расійскай арміі. Ужо 18 чэрвеня 1660 г. руская армія пацярпела паражэнне пад Ляхавічамі, а 28 чэрвеня злучанымі войскамі BKЛ (пад камандаваннем П. Caпeгi) і польскага (пад камандаваннем С. Чарнецкага) войска Хаванскага было разгромлена пад в. Палонка (на Слонімшчыне). Гэтыя бліскучыя перамогі адкрылі шлях для далейшага прасоўвання на ўсход і адваявання тэрыторыі Беларусі. Ужо 3 ліпеня 1660 г. войскі BKЛ і Польшчы вызвалілі Менск, дайшлі да Бярэзіны. Гэтак жа паспяхова было адбіта 4 кастрычніка 1660 г. наступленне рускага войска на Чавусы, і яно вымушана было адступіць да Смаленска.
Адначасова з гэтым у гарадах, занятых рускімі войскамі, расла незадаволенасць мясцовага насельніцтва сваім паднявольным становішчам, што прывяло да шэрагу хваляванняў, з якіх асабліва вызначылася Магілёўскае паўстанне 3 лютага 1661 г. У ранейшай гістарыяграфіі сцвярджалася, што гэта паўстанне было вынікам змовы тых, хто чакаў уступлення ў горад войскаў Рэчы Паспалітай. Але адначасова сцвярджалася, што размешчаныя па кватэрах у Магілёве рускія салдаты з жыхарамі абыходзіліся груба, штодзённа чынілі ім розныя крыўды, ад якіх нідзе не знаходзілі дпя сябе ўправы і абароны, хаця і неаднаразова скардзіліся. Зразумела, што пры такіх абставінах не магло не быць усеагульнага абурэння насельніцтва горада, і таму яно прыняло актыўны ўдзел у паўстанні. Напярэдадні яго гаспадары дамоў, у якіх кватаравалі салдаты, у стрэльбах сваіх пастаяльцаў вынялі крэмні. Повад для пачатку паўстання падалі зноў такі самі рускія салдаты. Раніцай, па свайму звычаю натоўпамі праходжваючыся па рынку, чапляліся да гандлярак, яны хапалі ў іх выстаўленыя на продаж харчы. На рынку падняўся крык і шум. На гукі звону, што было ўмоўным знакам для пачатку паўстання, з дамоў сталі выбягаць узброеныя чым папала жыхары горада і сталі біць салдат. У выніку гэтага ўсе яны (а іх мелася тры тысячы) былі забітыя. Шмат было ахвяр і сярод жыхароў горада. Выратаваліся ад смерці толькі тры ваяводы і некалькі афіцэраў, якія былі захоплены і адпраўлены ў Варшаву. Падобныя паўстанні адбыліся ў гэты час у Дзісне, Себежы, Гомелі і іншых гарадах, што яскрава сведчыла, наколькі насельніцтва Беларусі вызвалялася ад ранейшых ілюзій (і яны яму ўпарта навязваліся) аб добрым цары, які прыйдзе з усходу і прынясе яму шчаслівае жыццё. Сапраўднасць жа паказвала, што іх гаротнае жыццё ў выніку прыходу добрага цара станавілася яшчэ больш цяжкім.
Расійская армія працягвала цярпець няўдачы. У пачатку лістапада 1661 г. частка яе пад камандаваннем Хаванскага і Орды-Нашчокіна была разгромлена ў баі каля в. Кушлікі. А 6 лістапада 1661 г. войскі BKЛ на чале з С. Чарнецкім нанеслі поўнае паражэнне расійскаму войску каля г. Глыбокага, што мелара шаючае значэнне для вызвалення Вільні 2 снежня 1661 г.
У далейшым руска-польская вайна на Беларусі атрымала зацяжны характар. Вялікіх баёў не было, у асноўным адбываліся лакальныя сутычкі. Знясіленыя шматгадовай барацьбой, ні адзін, ні другі бок не маглі істотна папаўняць вельмі парадзелыя войскі. I таму абодва бакі вымушаны былі ісці да мірных перамоваў, якія і закончыліся 30 студзеня 1667 г. у в. Андрусава (каля Мсціслаўля) падпісаннем перамір’я на 13,5 года. Паводле яго, да Расіі адыходзілі Смаленскае ваяводства, Северская зямля з Чарнігавам і Старадубам, якія раней належалі ВКЛ, а таксама Левабярэжная Украіна з Кіевам. Як бачым, хаця Беларусь у асноўным засталася ў складзе Рэчы Паспалітай, аднак страта Смаленшчыны для яе з’явілася цяжкім ударам. Будучы аднапляменнай крывіцкай зямлёй, яна за шматвяковую гісторыю так шчыльна звязалася этнічна, палітычна і эканамічна, што нават адабранне яе ад Беларусі па Андрусаўскаму перамір’ю не магло ў далейшым сцерці яе беларускі характар. У навуковай літаратуры XIX ст. Смаленшчына і адносілася да Беларусі. Не кажучы ўжо пра ўрад БНР, але нават I з’езд КПБ большую частку Смаленшчыны са Смаленскам аднёс да тэрыторыі абвешчанай ім БССР. Аднак у скорым часе яна была адабрана ад Беларусі разам з Віцебшчынай, Магілёўшчынай і Гомельшчынай. Але калі тры апошнія ў 1924 і 1926 гг. былі вернуты ў склад БССР, то Смаленшчына так і засталася ў складзе Расіі, што з'явілася не чым іншым, як пацвярджэннем Андрусаўскага перамір’я.
АПОШНЯЯ ТРЭЦЬ XVII СТАГОДДЗЯ
Гэты час для Беларусі быў адносна спакойным. Хоць войны, як убачым, тады і вяліся, аднак яны ў цэлым не закраналі яе тэрыторыю, як было перад гэтым. Але вынікі руска-польскай вайны 1654–1667 гг. былі настолькі катастрафічнымі, што пераадоленне іх асабліва абцяжарыла жыццё народа ў гэты перыяд. У адным дакуменце Сойма так характарызаваўся стан паасобных рэгіёнаў Беларусі пасля вайны. Адны з іх паказаныя як «ператвораныя ў руіны і пераважна спаленыя», другія як «ушчэнт разбураныя», трэція як «амаль датла спаленыя», чацвёртыя як «у многіх месцах пагарэлыя», пятыя як «дашчэнту спаленыя», шостыя як «у большай частцы ператвораныя ў папялішчы» і т. п.. Да таго ж, і гэта самы страшны вынік вайны, Беларусь страціла больш паловы свайго насельніцтва. Калі ў 1650 г. у ёй было 2,9 мільёна жыхароў, то ў 1673 г. у ёй засталося не больш 1,4 млн. I за трэць стагоддзя, да 1700 г. узровень насельніцтва дасягнуў толькі 2,2 млн. жыхароў. Гэта лічба вельмі добра паказвае, наколькі пакутлівым быў працэс аднаўлення разбуранага і вынішчанага вайной. Многія паселішчы так і засталіся маланаселенымі, што ў сваю чаргу адмоўна адбілася на развіцці сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю.
У хуткім часе пасля заключэння Андрусаўскага перамір’я адбылася змена на каралеўскім пасадзе Рэчы Паспалітай. У 1669 г. Ян Казімір, які быў каралём з 1648 г., добраахвотна адрокся ад свайго пасада. Такі вельмі рэдкі факт у біяграфіях уладных асоб быў выкліканы здароўем Яна Казіміра. I яно сапраўды шмат цярпела ад жорсткіх патрабаванняў часу яго каралявання, на які цалкам прыпадае барацьба з ім Б. Хмяльніцкага і вайна з Масквой і Швецыяй. Яну Казіміру нельга адмовіць у рэалістычным бачанні ім непрыгляднага ўнутранага становішча сваёй дзяржавы, абумоўленага перш за ўсё магнацкім свавольствам. Менавіта ў яго час увайшоў звычай аднагалосся на соймах, калі які-небудзь яго дэпутат адхіляў пастанову вокрыкам «не пазволям». Аб глыбокім прадбачанні Яна Казіміра канчатковага лёсу Рэчы Паспалітай добра сведчыць яго развітальная прамова на сойме, у якой ён прадказаў соймавым дэпутатам аб непазбежным падзеле ў будучым іх дзяржавы паміж Масквой, Прусіяй і Аўстрыяй, што ў далейшым дакладна і адбылося праз стагоддзе з лішкам. Адрокшыся ад пасада, Ян Казімір выехаў у Францыю, дзе і жыў у манастыры і дзе ў канцы 1672 г. памёр. Цела яго як караля было прывезена ў Польшчу і пахавана ў Кракаве.
Адразу пасля адрачэння Яна Казіміра адбыліся выбары новага караля. Як і раней, у такіх выпадках выстаўляўся і прадстаўнік маскоўскага царскага роду, гэтым разам сын Аляксея Міхайлавіча — Фёдар. Але, як і ў папярэднія разы, ён таксама не прайшоў. На каралеўскі пасад нечакана для яго і ў адсутнасць яго быў абраны Міхал Карыбут Вішнявецкі. Аднак яго караляванне было зусім непрацяглым ды і прыпадала зноў такі на цяжкі час. Як і перад гэтым, на сойме панаваў хаос у выніку ўзаемных прэтэнзій дэпутатаў. Супроць караля нават рыхтавалася змова яго шляхецкімі праціўнікамі. Але асабліва цяжкім ударам для Рэчы Паспалітай была вайна з Турцыяй, якая адбылася ў 1672 г. і якую справакаваў казацкі гетман Дарашэнка. У выніку яе Турцыя захапіла Правабярэжную Украіну. Такая страта для дзяржавы была невыноснай, і таму Рэч Паспалітая ў 1673 г. пачала вайну з туркамі. Ёю кіраваў каронны гетман Ян Сабескі, і яна была паспяховай. У ёй асабіста прыняў удзел і кароль, аднак у паходзе цяжка захварэў і ў лістападзе 1673 г. у 35-гадовым узросце памёр.
Ужо тое, што ў ліку прэтэндэнтаў на такі хутка апусцелы каралеўскі пасад Рэчы Паспалітай было звыш дзесяці чалавек, сведчыць, наколькі прывабнай была гэта высокая пасада. У ліку іх зноў быў сын Аляксея Міхайлавіча Фёдар. Яго кандыдатуру падалі прадстаўнікі BKЛ, сярод якіх быў вялікі гетман Міхал Казімір Пац, што на першы погляд некалькі можа здзіўляць, бо ўся баявая вайсковая дзейнасць яго была звязана з барацьбой супроць Масквы. Але менавіта ў гэтым кірунку ішло імкненне выбраць на каралеўскі пасад Фёдара Аляксеевіча, паколькі перад ім у выпадку яго абрання, апроч іншага (прыняцця каталіцтва, жаніцьба з удавой Міхала Вішнявецкага), ставілася і ўмова вярнуць BKЛ усё раней заваяванае ў яго маскоўскімі царамі. Вядома ж, гэта апошняе было асабліва непрымальным для Фёдара, і таму ён не даў згоды на яго абранне. I каралём Рэчы Паспалітай 8 мая 1674 г. быў абраны Ян Сабескі, які ўжо ў вайне з Турцыяй паказаў сябе як выдатны вайсковы дзеяч.
Стаўшы каралём, ён і ў далейшым удзяляў вялікую ўвагу барацьбе з Турцыяй. Ачысціўшы ад яе войскаў Правабярэжную Украіну і атрымаўшы бліскучую перамогу над ёй пад Венай, 12 верасня 1686 г. быў заключаны «вечны мір», які фактычна пацвярджаў умовы Андрусаўскага перамір’я і такім чынам канчаткова замацоўваў за Масквой Левабярэжную Украіну з Кіевам і Смаленшчыну. Аднак вайсковая падтрымка Я. Сабескаму з боку іншых дзяржаў была недастатковай, каб ажыццявіць сваю мэту. Хаця вайна з Турцыяй у 1699 г. і закончылася перамогай над ёй, аднак выціснуць з Еўропы Турцыю не ўдалося.
Усё больш станавілася відавочнай няроўнасць BKЛ у саюзе з Польшчай. Здавалася б, што агульныя соймы Рэчы Паспалітай павінны былі адбывацца пачаргова ў Польшчы i BKЛ. Аднак у 1673 г. была прынята пастанова, паводле якой у BKЛ (у Гародні) праводзіўся толькі кожны трэці сойм.
Беларусь заўсёды была месцам, дзе праходзілі і скрыжоўваліся міждзяржаўныя шляхі. Вось адразу пасля заканчэння вайны ў 1667 г. паміж Вільняй і Масквой быў пракладзены дзяржаўны паштовы маршрут, які праходзіў па тэрыторыі Беларусі, што было для яе важным, прагрэсіўным набыццём.