У канцы чэрвеня 1649 г. Б. Хмяльніцкі, які ў гэты час зноў узнавіў вайсковыя дзеянні супроць Польшчы, пасылае на Беларусь шасцітысячны казацкі атрад, які ўзначальвалі Падбайла і Гаркуша. Ён умацаваўся паміж Сожам і Дняпром, куды з часткай свайго войска рушыў Радзівіл, каб разграміць казакоў. Але з тылу ён быў атакаваны новым казацкім атрадам Міхаіла Крычэўскага. Хоць войска Радзівіла і панесла значныя страты, але яму ўдалося перамагчы казацкія сілы. Цікава адзначыць, што Радзівіл угаворваў Крычэўскага, які папаў у палон, перайсці на яго бок. Аднак той не паддаўся на ўгаворы і, ведаючы, што яго чакае лютая смерць, скончыў жыццё самагубствам, стукнуўшыся галавой аб кола воза.
3 падпісаннем Б. Хмяльніцкім у жніўні 1649 г. з Польшчай Збораўскага міру вайсковыя дзеянні на Украіне часова спыніліся. А гэта дало магчымасць Я. Радзівілу канчаткова разграміць рэшткі казацкіх атрадаў, якія знаходзіліся ў раёне Лоева. Пасля гэтага ён узяў кірунак на Украіну. Яго наступленне не мог стрымаць высланы Б. Хмяльніцкім 15-тысячны атрад палкоўніка Марціна Нябабы. Ён быў разбіты ў раёне лоеўскай пераправы з вялікімі ахвярамі, у ліку якіх быў і сам Нябаба.
Паражэнне войскаў Б. Хмяльніцкага пад Берасцечкам у 1651 г. дало магчымасць Я. Радзівілу авалодаць Кіевам. Як бачым, Я. Радзівілу, хоць і з вялікімі цяжкасцямі, усё ж удалося не толькі перамагчы шматлікія казацкія ўварванні на Беларусь, але і прарвацца на Украіну, і захапіць Кіеў. I гэтыя яго дзеянні не былі вынікам яго саюза з Польшчай у барацьбе з Б. Хмяльніцкім. Якраз наадварот, Я. Радзівіл быў праціўнікам польскага ўплыву і каталіцтва ў ВКЛ і таму дзейнічаў самастойна ў інтарэсах сваёй дзяржавы. Не выключана, што яго прарыў на Украіну быў прадыктаваны імкненнем зноў вярнуць яе землі ў BKЛ, у складзе якога яны былі да Люблінскай уніі.
У 1654 г. барацьба Б. Хмяльніцкага з Польшчай закончылася аб’яднаннем Украіны з Расіяй. Здавалася б, што разам з гэтым наступіць мір і на Беларусі, аднак гэтага не адбылося, яна зноў стала арэнай працяглай і жорсткай вайны.
ПАЧАТАК «ПАТОПУ»
Гісторыя Беларусі — гэта найперш гісторыя войнаў, пры гэтым самых крывавых і разбуральных. Цяжка пералічыць іх з-за вялікай колькасці на нашай зямлі. Вось і зараз, не паспеў наш народ акрыяць ад Лівонскай вайны, доўгай і пакутнай, як зноў трапіў пад агонь яшчэ больш знішчальнай вайны, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай руска-польскай вайны 1654–1667 гг. Фактычна вайсковыя дзеянні з казацкімі атрадамі працягваліся з 1648 г., аднак ў 1654 г. пачаўся сапраўдны вайсковы патоп, які хлынуў на Беларусь з розных бакоў.
Адразу пасля аб’яднання Украіны з Расіяй у 1654 г. для Масквы адкрылася магчымасць ажыццяўлення сваёй запаветнай мары: аб’яднаць пад сваёй уладай усе ўсходнеславянскія землі, непадначаленай з якіх была толькі Беларусь. I калі Украіна аб’ядналася з Масковіяй добраахвотна, то Беларусь трэба было заваёўваць, што і стала галоўнай прычынай гэтай вайны.
Ужо восенню 1653 г. разарваны дыпламатычныя адносіны з Рэччу Паспалітай з прычыны таго, што апошняя, маўляў, парушала ранейшыя дамовы з Масквой. А гэта азначала непазбежнасць вайны. I што важна адзначыць — план яе пачатку і далейшага ходу царскаму ўраду падказаў Б. Хмяльніцкі ў сваёй грамаце ад 17 мая 1654 года. У ёй гаварылася аб неабходнасці шчыльнага ўзаемадзеяння рускіх і ўкраінскіх войскаў. Калі першыя будуць наступаць з усходу, то другія з поўдня.
Адразу пачалася ўзмоцненая падрыхтоўка да вайны. Шэраг дакументаў сведчыць, што насельніцтва паасобных земляў Беларусі, асабліва пагранічных з Расіяй, чакала прыходу маскоўскіх войскаў як сваіх вызваліцеляў. Не выключана, што гэта было арганізавана агентамі Масквы, бо ў асяроддзі цёмных і забітых мас народа жывуць ілюзорныя надзеі на «добрага» цара, які прынясе вызваленне. Са свайго боку і царскі ўрад рабіў усё, каб падтрымаць гэтыя дарэмныя чаканні, даючы распараджэнні сваім ваяводам некрыўдзіць тых «беларусцаў», якія не будуць аказваць супраціўлення рускаму войску.
Ведаючы аб падрыхтоўцы вайны з боку Масквы, палявы гетман ВКЛ Януш Радзівіл выдае 16 лютага 1654 г. універсал ваяводам аб прывядзенні войскаў пад Оршай у баявую гатоўнасць.
Вайна пачалася ў сярэдзіне мая 1654 г. з боку Масквы, калі яе войскі пад камандаваннем Шарамецьева накіраваліся на Невель і гарады, размешчаныя на Зах. Дзвіне. Сам жа цар Аляксей Міхайлавіч узначаліў цэнтральную групоўку войскаў, якая ўзяла ў аблогу Смаленск. 3 боку Бранска кірункам на Мсціслаўскае ваяводства рушылі войскі пад началам Трубяцкога. 3 поўдня на Беларусь выйшла 30 000 казакоў, пасланых Б. Хмяльніцкім пад камандай I. Залатарэнкі, якія рухаліся на поўнач уздоўж Дняпра ў кірунку Гомеля, Прапойска, Старога Быхава. Як бачым, тэрыторыя Беларусі была абкладзена і з фронту, і з флангаў. што давала рускім войскам магчымасць захапіць умацаванні па Зах. Дзвіне і Дняпры і, абапіраючыся на першы поспех, прасоўвацца далей на захад.
Гэтаму забяспечвала поспех і тое, што сілы Польшчы і ВКЛ былі тут непараўнальна слабымі. Дзесяцітысячнае войска Я. Радзівіла, якое знаходзілася пад Оршай, не магло прыйсці на дапамогу абложанаму рускімі войскамі Смаленску. Не мела поспеху спроба Я. Радзівіла сабраць павятовыя апалчэнні з мясцовай шляхты, якая тут лічылася ў дастатковай колькасці, каб намнога ўзмацніць войска. Аднак яна тут з асаблівай выразнасцю паказала сваю карыслівасць. Будучы пад уладай Польшчы, шляхта ВКЛ змагалася за наданне ёй прывілеяў польскай шляхты, чым яна асабліва даражыла. Аднак цяпер, бачачы наступленне маскоўскіх войскаў і баючыся, апынуўшыся пад рускай уладай, страціць свае ранейшыя правы, яна ўхілялася ад ўступлення ў армію, каб бараніць айчыну. Трэба ўлічваць, што цар Аляксей Міхайлавіч загадаў прымаць на вайсковую службу тых беларусаў, якія захочуць яму служыць. Ён нават дазваляў фарміраваць асобныя аграды з беларусаў у складзе яго войскаў. Як пакажуць далейшыя падзеі, шляхта шэрагу мясцовасцей Беларусі, занятых маскоўскімі войскамі, звярталася да новых уладароў аб захаванні старых ці наданні ёй новых прывілеяў.
Як бачым, у гэты цяжкі для Радзімы час яе феадалы клапаціліся перш за ўсё пра свае выгоды, гатовыя служыць за іх чарговаму гаспадару. У свой час Я. Купала добра ахарактарызаваў іх паводзіны, адзначыўшы, што «людзі «лепшыя», як зблудшая аўца, той за маскоўскім, іншы за варшаўскім раем… за шляхецкія адзнакі або за царскія чыны… плылі ў чужыншчыну сляпой паводкай».
Менавіта з прычыны малалікасці войска ВКЛ і дало магчымасць рускім войскам імкліва развіваць паступленне. Ужо ў ліпені 1654 г. ім удалося авалодаць Полацкам, Дзісной, Друяй і іншымі гарадамі. А ў маі - чэрвені 1654 г. казакі I. Залатарэнкі, якіх было 20 000, захапілі гарады Гомель, Чачэрск, Новы Быхаў і падышлі да Старога Быхава. Аднак там, дзе былі больш-менш моцныя гарнізоны, поспех рускіх войскаў быў больш стрыманы. Толькі праз тры месяцы аблогі 18 верасня быў захоплены Смаленск. За здачу яго ваявода Піліп Абуховіч падвергся суроваму і здзекліваму асуджэнню ў літаратурным творы «Ліст да Абуховіча». I толькі 18 лістапада здаўся Віцебск.
Аблогі і ўзяцці рускімі войскамі гарадоў Беларусі суправаджаліся іх разбурэннем, спусташэннем, вынішчэннем і паланеннем насельніцтва. У гэтых адносінах паказальны лёс Мсціслаўля, аднаго з першых захопленых беларускіх гарадоў. Калі сам горад быў захоплены параўнаўча лёгка, то яго замак, у якім хаваліся ад небяспекі многія жыхары ваяводства, доўга не здаваўся. I толькі прадпрыняўшы прыступ за прыступам з дапамогай моцнага артылерыйскага агню, замак быў захоплены. І як вынік гэтага — насельнікаў розных станаў (шляхты, мяшчан, яўрэяў, простых людзей) насмерць секлі, а калі сярод трупаў знаходзілі жывых, то іх бралі ў палон і вялі ў Маскву. Такі ж лёс падзялілі і іншыя беларускія гарады.
Захоп у палон жыхароў Беларусі і вывад іх у Расію быў найважнейшай мэтай расійскага ўрада. Так, летам 1655 г. атрад Валконскага, абрабаваўшы і спаліўшы Тураў, Давыд-Гарадок, Столін, Пінск, вывеў дзесяткі тысяч сялян і гараджан у Расію. Асаблівы клопат выяўляўся ў паляванні на таленавітых майстроў, якіх, узяўшы ў палон, выкарыстоўвалі ў Маскве. Так, напрыклад, было з рэзчыкам Арсенем, які з дваццаццю сваімі землякамі ўпрыгожыў беларускай рэззю Крэмль і Каломенскі палац. Пераехаў у Маскву і Сімяон Полацкі, які дзякуючы сваёй выключнай таленавітасці і адукаванасці ўсебакова ўзбагаціў рускую культуру.
ХТО Ж ЁН, ПАКЛОНСКІ?
Падзеі гэтай вайны з асаблівай яскравасцю выявілі факт замацавання за ўсходняй часткай нашай зямлі назвы «Беларусь». Яна шырока ўжываецца ў дзяржаўных дакументах таго часу. Гэта назва паступова пачала пашырацца на захад нашай зямлі, выціскаючы адтуль назву «Літва», якая канчаткова ў пачатку XX ст. перайшла на тэрыторыю сучаснай Літвы. На жаль, гэта вельмі важная акалічнасць не ўлічвалася, ды і зараз не ўлічваецца шэрагам даследчыкаў, і таму ўсё, што насіла назву «Літва» ў мінулым, цалкам адносіцца да сучаснай Літвы. Усё гэта паказвае, што назва «Беларусь» з’яўляецца спадкаемніцай усяго ранейшага, што знаходзілася пад назвай «Літва».
Паказальна і тое, што ў гэты час атрымаў пашырэнне і тэрмін «беларускае пісьмо», што і зразумела. Будучы на працягу стагоддзяў дзяржаўнай мовай Вялікага княства Літоўскага, яна канчаткова выкрышталізавалася ў высокаразвітую і ў гэтай якасці атрымала ўсеагульнае прызнанне і таму шырока ўжывалася ў афіцыйнай перапісцы, пра што сведчаць шматлікія дзяржаўныя дакументы, у якіх адзначана, што яны выкананы «беларускім пісьмом». Ім карысталіся жыхары беларускіх гарадоў нават пры звароце да маскоўскага цара. Заслугоўвае асаблівай увагі тое, што беларускае пісьмо ўжывалі Б. Хмяльніцкі і наказны казацкі гетман I. Залатарэнка. I ці можна гаварыць пасля гэтага, што дзяржаўнай у ВКЛ была ўкраінска-беларуская (?) мова, як сцвярджаецца ў некаторых даследаваннях, калі нават тагачасныя ўкраінскія лідэры карысталіся не ўкраінскім, а беларускім пісьмом.
Канчатковае замацаванне за ўсходам нашай дзяржавы назвы «Беларусь» пацвярджаецца і з’яўленнем нашых першых дзеячаў, якія ўсведамлялі сябе як беларусы і былі абаронцамі інтарэсаў сваёй зямлі. Першым з іх і быў Канстанцін (ён часамі ў сваіх лістах называў сябе Косткам) Паклонскі. У савецкай гістарыяграфіі ён паказваўся як авантурыст і здраднік. І сапраўды, шэраг яго дзеянняў на першы погляд як бы пацвярджаюць гэту характарыстыку. Аднак тут не ўлічваліся канкрэтныя гістарычныя абставіны таго часу, якія дыктавалі неабходнасць такіх ці іншых крокаў дзейнасці К. Паклонскага.
З’яўляючыся шляхціцам і будучы жыхаром Магілёва, ён у пачатку вайны ўзначаліў тую частку насельніцтва горада, якая гатова была добраахвотна здаць свой горад рускаму войску, якое з ходу не ўзяло яго. Але прыхільнікі К. Паклонскага былі ў меншасці, і таму на яго глядзелі як на здрадніка і мяцежніка. I ён з некалькімі сваімі прыхільнікамі пакідае Магілёў, звязваецца з казакамі, якія адсылаюць яго да Б. Хмяльніцкага, па парадзе якога ён накіроўваецца ў Маскву да цара Аляксея Міхайлавіча. Прыязна прыняты ім, К. Паклонскі, атрымаўшы ад цара тытул палкоўніка і каштоўныя падарункі, абавязваецца прыцягваць магілёўцаў да падуладнасці Рускай дзяржаве. Яму таксама быў дадзены дазвол на стварэнне палка з мясцовай шляхты і служывых людзей.
Вярнуўшыся таемна ў Магілёў, Паклонскі беспаспяхова імкнуўся схіліць гараджан да добраахвотнай здачы царскаму войску, і тады ён, з’явіўшыся ў Чавусах, пачынае фарміраваць свой полк са шляхты, гараджан і сялян. Сабраўшы досыць значнае шасцітысячнае войска, Паклонскі з ім падышоў да Магілёва, размясціўшыся недалёка ад яго лагерам. Злучанымі сіламі рускіх войскаў ваяводы Войекава, казацкага палка I. Залатарэнкі і палка К. Паклонскага 24 жніўня 1654 г. Магілёў быў захоплены. Маскоўскі ўрад міласціва захаваў за магілёўцамі ўсе іх ранейшыя правы і прывілеі. У тым ліку і Магдэбургскае права. Між іншым, ім было замацавана і права насіць адзенне «па даўнім звычаі». А гэта значыць, што магілёўцы цанілі свае народныя асаблівасці.
Уся шляхта, якая прызнала сябе падданымі цару, таксама захавала ўсе свае ранейшыя правы. Не быў абыдзены царскай міласцю і сам Паклонскі. Яму ў часовае карыстанне быў аддадзены Магілёў з Чавускім паветам, што і стала асновай яго палкавой адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Аднак Паклонскі не здаволіўся толькі гэтым і стаў пашыраць тэрыторыю свайго кіравання, імкнучыся падначаліць сабе ўсё беларускае Падняпроўе, г. зн. тэрыторыю, якая ў той час і называлася Беларуссю. Адсюль зразумела, чаму Паклонскі стаў называць сябе палкоўнікам беларускім.
Да пачатку восені 1654 г. наступальныя дзеянні рускіх войскаў спыніліся, што дало магчымасць войскам BKЛ на чале з Я. Радзівілам пайсці ў контрнаступленне. Казакі I. Залатарэнкі пад пагрозай далейшага націску Я. Радзівіла адышлі да Новага Быхава.
I вось тут менавіта і выяўляецца ўся сутнасць дзейнасці Паклонскага. Ён не столькі імкнуўся, каб аддаць Магілёў і ўсё беларускае Падняпроўе рускай уладзе, колькі выкарыстаць яе як рэальную сілу ў падначаленні сабе гэтай тэрыторыі. I ён, як мы бачым, дасягнуў гэтага. Хоць ён у сваіх зваротах да цара называў сябе яго падданым і халопам, аднак усё гэта, як паказалі далейшыя падзеі, было толькі прыкрыццём яго сапраўдных намераў. Праўда, іх спярша заўважыў не цар, а казацкі гетман I. Залатарэнка. Калі яго атрады раней падначальвалі паўднёва-ўсходнія гарады Беларусі, то на тэрыторыі Магілёўскага павета казакі ўбачылі для сябе перашкоду, бо тут існавала ўжо самастойная адміністрацыйна-тэрытарыяльная арганізацыя на чале з Паклонскім. Яна мела сваё значнае войска і таму магла абараняць свае інтарэсы.
У гэты ж час з выключнай выразнасцю выявіліся і сапраўдныя мэты ўкраінскага казацтва як у ранейшых яго ўварваннях на Беларусь, так і зараз, у гэтай вайне. Менавіта казакі ўступілі ў яе не для таго, каб дапамагчы Маскве захапіць беларускія землі, а каб далучыць іх да сябе. Войска I. Залатарэнкі так затрымлівалася каля абложаных ім беларускіх гарадоў, бо патрабавала ад іх, каб яны здаваліся не «на імя цара», а ім. Убачыўшы варожыя адносіны да сваіх казакоў з боку Паклонскага, Залатарэнка звяртаецца са скаргай на яго да маскоўскага цара. У сваім лісце ён паведамляў, як Паклонскі «с хоругвями, з бубнами, наехав на сёла, казаков запорожских одних убиша, мужиков казнил, а иные несть где подевались». Хоць Залатарэнка і мог перабольшваць жах учынкаў войска Паклонскага, але яскрава бачна непрымірымасць апошняга да спроб казакоў умацавацца і ў Магілёўскім павеце. Трэба думаць, што супярэчнасці паміж Паклонскім і казакамі не засмучалі, а радавалі маскоўскую ўладу, бо ў гэтым яна бачыла аслабленне аднаго і другога боку, што адкрывала менавіта ёй упэўненасць ва ўстанаўленні тут свайго поўнага панавання.
Паклонскі па-ранейшаму трымае сувязь з Масквой. Так, яшчэ ў пачатку студзеня 1655 г. ён звяртаецца да цара па дапамогу войскам, каб ваяваць супроць П. Caпегi, і Аляксей Міхайлавіч абяцаў яму падтрымку. У сярэдзіне студзеня ён з такой жа просьбай звярнуўся да баярына Бутурліна, адначасова скардзячыся на Залатарэнку, які не дапамагае яму. Але ўсё гэта, відавочна, было толькі прыкрыццём для яго рашучага пераходу на бок BKЛ. Ён ужо ў гэты час зносіцца з Я. Радзівілам, войскі якога i В. Гансеўскага, перайшоўшы ў наступленне, узялі Оршу, Копысь, Дуброўна і знялі аблогу са Старога Быхава і аблажылі Новы Быхаў, Віцебск і Магілёў. I калі раней Паклонскі ўсё рабіў для таго, каб дапамагчы Маскве заваяваць Магілёў, дык зараз ён дапамагае Я. Радзівілу вызваліць гэты горад ад рускіх войскаў. Аднак усё гэта нельга тлумачыць авантурызмам Паклонскага. Невыключана, што, будучы адданым праваслаўю і адчуваючы наступленне на яго з боку каталіцтва, ён і звярнуўся да маскоўскага цара, бачачы ў ім абаронцу ад такой пагрозы. У гэтых адносінах ён падзяляў ілюзіі значнай часткі нашага народа ў поглядзе на рускага цара як на вызваліцеля ад рэлігійнага ўціску. Але, як мы бачылі, ён выкарыстаў маскоўскую сілу ў сваіх інтарэсах, а менавіта ў стварэнні свайго асобнага войска, якое бараніла інтарэсы сваёй зямлі, за якой ужо замацавалася назва «Беларусь». Менавіта тое, што Паклонскі называў свой полк беларускім, добра сведчыць аб успрыняцці ім гэтай зямлі як сваёй Радзімы, якая мае сваю адметную назву і якой ён павінен аддана служыць і бараніць свае інтарэсы. Гэта і дало яму магчымасць убачыць у запарожскіх казаках не абаронцаў яго роднай зямлі, а яе захопнікаў і рабаўнікоў. І ён робіць усё, каб бараніць ад іх сваё насельніцтва. Тое ж самае ён убачыў і ў маскоўскай уладзе. Аб якой абароне праваслаўя магла ісці гаворка, калі куцеінскія праваслаўныя манахі былі ў палон забраны, а ўсё дарагое ўбранства манастыра абадрана і ў Маскву адпраўлена? Пра якое вызваленне магла ісці гаворка, калі, як пісаў Паклонскі, пасля «залатых слоў» абяцанак «железные волности на ноги надевали, жён и девиц их мучительски тиранско с ними поступя, на вечную неволю отдали, что не чинитца от поган».
Убачанае Паклонскім закрэсліла далейшыя ілюзіі і прывяло яго, як ён сказаў, «к возврату до милое и златые отчины». Не супярэчыў гэтаму і ягоны пераход на бок Я. Радзівіла, бо апошні, будучы праціўнікам польскага ўплыву ў ВКЛ, змагаўся ў інтарэсах сваёй дзяржавы, часткай якой была Беларусь. Вось чаму Паклонскі дапамагае Я. Радзівілу адваяваць Магілёў. Менавіта ён ноччу 6 лютага 1655 г. знаходзячыся са сваім палком у Магілёве, адчыніў яго вароты для Я. Радзівіла. Аднак ім удалося толькі пранікнуць за знешні земляны вал. А ўнутраны стаў недаступным у выніку ўпартага супраціўлення рускага войска. I Я. Радзівілу прыйшлося зняць аблогу горада і адступіць да Бярэзіны. Стаўшы яго саюзнікам, адначасова з ім адступіў і Паклонскі. Важна адзначыць, што Я. Радзівіл 10 траўня 1655 г. асобным універсалам даў К. Паклонскаму палкоўніцтва над усімі беларускімі краямі. Такім чынам, і Я. Радзівіл бачыў у асобе К. Паклонскага выдатнага дзеяча Беларусі і таму даручыў яму кіраванне яе войскамі. Праўда, яму не ўдалося стрымаць наступ рускіх войскаў на Друці і Бярэзіне, што вымусіла адступіць на захад.
Далейшы лёс Паклонскага быў вельмі цяжкі і складаны. Спачатку ён прадаўжаў служыць у войску Я. Радзівіла, пасля трапіў у Прусію, ваяваў са шведамі, да якіх папаў у палон, адкуль яму ўдалося вызваліцца. Жыццё яго абарвалася дзесьці каля 1662 г. Для нас жа ў дзейнасці К. Паклонскага асабліва важна тое, што ён, знаходзячыся ў складаных гістарычных абставінах, змог выкарыстаць іх для ўзвышэння сваёй краіны, якая набывала сваю новую назву «Беларусь» і першым выдатным дзеячам якой ён і стаў.
ЯШЧЭ АДНА УНІЯ