Побач з вайсковымі дзеяннямі зноў узнаўляюцца ў чэрвені 1566 г. і перамовы аб міры, але яны нічога ў гэтым кірунку не далі, паколькі прадстаўнік BKЛ патрабаваў вярнуць Полацк і Смаленск, і вайна працягвалася. Нягледзячы на шэраг паражэнняў рускіх войскаў, Земскі сабор у 1566 г. усё ж адобрыў намер Івана Грознага прадаўжаць Лівонскую вайну, што прывяло ў 1567 г. да аднаўлення вайсковых дзеянняў, ад якіх зноў такі найперш цярпела Беларусь. У перыяд 1567–1569 гг. рускія войскі, умацоўваючы пазіцыі каля Полацка, збудавалі крэпасці Суша, Сокал, Сітна, Красны, Казьяны, Усвяты, Туроўля. Вядома ж, усё гэта клалася вялікім цяжарам на плечы нашага насельніцтва, якое павінна было здабываць і дастаўляць будаўнічыя матэрыялы і выконваць земляныя работы. Лівонская вайна, якая цягнулася шмат гадоў, прынесла Беларусі незлічоныя людскія ахвяры і вялікія разбурэнні. Яна патрабавала вялікіх сродкаў на ўтрыманне арміі і на яе ўзбраенне. А гэта выклікала неабходнасць увядзення новых падаткаў і збораў, што прыводзіла да выключнага знясілення і дзяржавы, і народа. Вось на такім змрочным фоне Лівонскай вайны і ішла падрыхтоўка Люблінскай уніі.
ЛЮБЛІНСКАЯ УНІЯ: ЯЕ ПАДРЫХТОЎКА, ПРАВЯДЗЕННЕ I ВЫНІКІ
Як вядома, Крэўская унія была навязана польскімі вярхамі ВКЛ у час яго цяжкіх унутраных і знешніх абставін. Праўда, адразу пасля яе заключэння Польшчы не ўдалося падначаліць сабе ВКЛ. I тады яе магнаты перайшлі да тактыкі паступовага падначалення сабе ВКЛ шляхам перыядычнага перазаключэння уній. Для гэтага зноў такі выбіраліся неспрыяльныя моманты ў жыцці ВКЛ, як, напрыклад, паражэнне Вітаўта ў 1399 г. на рацэ Ворскле, што прывяло да заключэння Віленскай уніі 1401 г. I ў далейшым практыка абрання таго ці іншага вялікага князя ВКЛ адначасова і польскім каралём несумненна садзейнічала ўсё большаму падначаленню ВКЛ Польшчы. Менавіта гэта паўтаравяковая традыцыя і дала падставу польскім вярхам здзейсніць канчатковую унію, якая б задаволіла эканамічныя і рэлігійныя інтарэсы польскіх магнатаў. Ім ужо было цесна ў межах самой Польшчы, і яны праглі набыць у ВКЛ новыя землі для сваіх маёнткаў, новых пасадаў, адчыніць там новыя касцёлы і кляштары для большага пашырэння каталіцтва. Нездарма ж у сярэдзіне XVI ст. маюць месца шматлікія набегі польскіх і мазавецкіх феадалаў з іх войскамі на заходнія землі ВКЛ з мэтай іх абрабавання.
Вось чаму пытанне аб канчатковым аб’яднанні ВКЛ з Польшчай усё больш набывала сваю злабадзённасць для апошняй. Гэта яскрава было бачна ўжо на Петракоўскім сойме 1550 г., дзе гаварылася аб неабходнасці заключэння уніі і правядзення агульных соймаў. Хоць гэта прагучала толькі дэкларацыйнай заявай, аднак чым далей, тым гучней і больш настойліва гучалі не толькі гэтыя, але і новыя патрабаванні. Так, у 1551 г. на сойме ў Вільні польскія паслы ўжо высоўвалі патрабаванні далучэння да Польшчы Падляшша, Валыні, Кіева і Северскай зямлі. Вось гэта і з’яўлялася галоўным, дзеля чаго патрэбна было заключэнне уніі. Пра тое ж самае, але яшчэ з большым імпэтам гаварылася і на Кракаўскім сойме 1553 г. Пытанне аб уніі, якое навязвалася польскім бокам, непакоіла шырокія слаі грамадства, яно стала прадметам вострай палемікі сярод публіцыстаў Польшчы i ВКЛ. Калі першыя, напрыклад, сцвярджалі, што ВКЛ з’яўляецца ўладаннем Польшчы, падораным ёй у свой час Ягайлам, то другія, адстойваючы незалежнасць сваёй дзяржавы, паказвалі небяспечнасць аб’яднання з суседняй краінай, дзе пануюць свавольства і распушчанасць нораваў.
Калі да Лівонскай вайны ішлі толькі размовы аб уніі, якія насілі дэкларацыйны характар, як прапагандысцкая акцыя польскіх вярхоў і каталіцкага духавенства, то пасля страты BKЛ значнай тэрыторыі, захопленай рускім царом, пытанне аб аб’яднанні дзвюх дзяржаў набывае ўжо афіцыйны характар. Гэта ўпершыню выявілася на Варшаўскім сойме 1563 г., дзе фактычна польскімі пасламі было пастаўлена патрабаванне поўнага зліцця BKЛ з Польшчай. Насуперак гэтаму паслы BKЛ, якіх узначальваў Мікалай Радзівіл Чорны, разумеючы немагчымасць барацьбы ў адзіночку з усходнім суседам, згаджаліся толькі на саюз з Польшчай пад уладай аднаго гаспадара, што, вядома, не магло задаволіць польскі бок.
Для заахвочвання да уніі былі пушчаны ў ход розныя абяцанні. Так, дробная шляхта магла разлічваць на ўраўнаванне яе ва ўсіх правах з магнатамі. А ў 1563 г. быў нават выдадзены прывілей, які даваў праваслаўнай шляхце тыя ж самыя правы, што мела ўжо каталіцкая шляхта. Зразумела, што гэта павінна было перацягнуць на бок прыхільнікаў уніі і праваслаўную шляхту.
Аднак трэба прызнаць, што, нягледзячы на розныя заахвочванні, ні ў магнатаў, ні ў шляхты ВКЛ не было асабістага жадання аб’ядноўвацца з Польшчай. Толькі сумныя вынікі Лівонскай вайны прымушалі іх ісці на пэўныя ўступкі. Таму польскія вярхі, бачачы гэта, перайшлі да больш жорсткіх метадаў уздзеяння. У 1564 г. Жыгімонт II Аўгуст, вядома ж, па жаданні свайго акружэння, выдаў дэкларацыю, паводле якой ён адмаўляўся ад свайго спадчыннага права на землі ВКЛ на карысць Польшчы. I гэта выклікала вялікія пярэчанні з боку дзяржаўных людзей ВКЛ, якія зусім слушна сцвярджалі, што іх краіна не з’яўляецца вотчынай вялікага князя, бо ён выбіраўся народам для служэння ёй. Не магло супакоіць грамадства ВКЛ і далейшае тлумачэнне названай дэкларацыі яктолькі адрачэнне Жыгімонта II Аўгуста ад тытула вялікага князя.
Ініцыятары уніі і непасрэдна звязанай з ёй паланізацыі не маглі не разумець той вялікай перашкоды для ажыццяўлення іх мэтаў, якой з’яўлялася беларуская мова. Добра бачачы, што яна панавала ўва ўсіх сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця BKЛ, польска-каталіцкія дзеячы пачалі ўсё рабіць для таго, каб пазбавіць яе такога вялікага значэння. У гэтых адносінах і тады прымянялі метады накшталт сённяшніх рэферэндумаў. Так, на адным са сходаў шляхты, якая ў сваёй масе была малапісьменнай ці наогул непісьменнай, было прынята рашэнне прасіць урад, каб усе дакументы для іх пісаліся на лацінскай ці польскай мове, але не на беларускай.
Як і ў ранейшыя аналагічныя часы, так і зараз, польскія вярхі імкнуліся не ўпусціць вельмі спрыяльных умоў для заключэння уніі, якія зараз перш за ўсё вызначаліся цяжкімі паследкамі Лівонскай вайны. Баючыся не ўпусціць такі момант, Жыгімонт II Аўгуст, выконваючы жаданне свайго акружэння, не скупіўся на абяцанні і паслам BKЛ, якія прыбудуць на агульны сойм, дзе будзе вырашана пытанне аб уніі. Гэта і запэўніванне, што іх не будуць прымушаць да уніі і што яны могуць свабодна пакінуць сойм у выпадку нязгоды на унію, і гарантаванне таго, што ў выніку прыняцця яе BKЛ будзе мець аднолькавыя правы з Польшчай пад уладай аднаго гаспадара, і згода дапамагчы ВКЛ з боку Польшчы ў Лівонскай вайне.
Паслы ВКЛ не выступалі супроць уніі, якая б была раўнапраўным саюзам дзвюх дзяржаў і прыбылі на Люблінскі сойм, які пачаўся 10 студзеня 1569 г. I ўжо ў пачатку яго яскрава выявілася імкненне польскіх феадалаў заключыць унію, у выніку якой ВКЛ перастала б існаваць як дзяржава. Гэта нібыта грунтавалася на раней заключаных уніях, з чым паслы ВКЛ выказвалі сваю нязгоду і адмовіліся падпісаць такую ўмову. Не дапамагла і заява Жыгімонта II Аўгуста, якую ён зрабіў па жаданні польскіх прадстаўнікоў да паслоў ВКЛ. У ёй кароль папярэджваў іх, што ім не будзе прапанавана нічога іншага і што яны павінны згадзіцца з тым, што ад іх ужо патрабуецца. Аднак гэта і іншы ціск не падзейнічалі на паслоў ВКЛ, і яны 1 сакавіка адмовіліся ўдзельнічаць у сойме і пакінулі Люблін.
I вось для гэтага, па сутнасці, адбылося галоўнае, дзеля чаго склікаўся Люблінскі сойм. А менавіта 5 сакавіка таго ж года каралём было прынята рашэнне аб адняцці ад ВКЛ спачатку беларускага Падляшша, а пасля і ўкраінскіх земляў: Валыні, Падолля і Кіеўшчыны. Мы ўжо ведаем, што Польшча даўно прэтэндавала на гэтыя багатыя ўрадлівыя землі, з-за якіх неаднаразова ўзнікалі канфлікты паміж ёй i ВКЛ, як гэта, напрыклад, было пры Свідрыгайле. I вось цяпер, калі адрэзваліся ад BKЛ украінскія землі, у свой час далучаныя Гедзімінам і Альгердам, тэрыторыя дзяржавы змяншалася больш чым у два разы. А з гэтым траціліся вялікія багацці і вайсковая магутнасць. Менавіта апошняе асабліва было балючым для ВКЛ, калі войскі Івана Грознага авалодалі Полацкам і для барацьбы з імі былі патрэбны вялікія сілы. Нездарма ж Мікалай Радзівіл Рыжы сказаў на Люблінскім сойме: «На нашым хрыбце быў непрыяцель, калі мы ад’язджалі сюды». Цяжкія вынікі Лівонскай вайны і былі найбольш выкарыстаны Польшчай, каб прымусіць ВКЛ пайсці на падпісанне Люблінскай уніі. Апроч таго, паслы ВКЛ былі запалоханы пагрозай канфіскацыі іх маёнткаў, калі яны не вернуцца на сойм. Вядома ж, у падпісанні уніі была зацікаўлена і частка акаталічанай шляхты, якая спадзявалася на ўраўнанне яе правоў з магнатамі, як было ў Польшчы. Усё гэта і прымусіла паслоў ВКЛ 1 ліпеня 1569 г. падпісаць Люблінскую унію, якая была аформлена ў выглядзе прывілею. Паводле яго, дзве дзяржавы канчаткова зліваліся ў адзінае і непадзельнае цэлае. Адзінства яе падкрэслівалася адзінствам яе кіраўніка, які абіраўся зноў такі агульным соймам і каранаваўся толькі ў Кракаве. Гэта ўсё найперш і гарантавала дамінуючае значэнне Польшчы ў гэтай дзяржаве, якая стала называцца Рэччу Паспалітай і якая фармальна лічылася федэрацыяй, паколькі яшчэ захоўваўся тытул вялікага князя. ВКЛ мела сваю асобную казну і войска.
Так закончыўся Крэўскі перыяд, які цягнуўся амаль два стагоддзі і які быў адным з найцяжэйшых у нашай гісторыі. Калі папярэдні Віленскі перыяд характарызаваўся вялікім ростам тэрыторыі, то гэты перыяд, хоць напачатку, у час княжання Вітаўта, таксама вызначаўся гэтым, аднак у далейшым яго найбольш характарызавала змяншэнне тэрыторыі дзяржавы спачатку ў карысць Масквы, а ў самым канцы ў карысць Польшчы. Усё гэта суправаджалася шматлікімі войнамі, якія перш за ўсё наносілі велізарную шкоду Беларусі, на тэрыторыі якой яны найбольш і адбываліся.
I ўсё ж, нягледзячы на такія выключна неспрыяльныя абставіны, гэты перыяд, асабліва ў XVI ст., увайшоў у нашу гісторыю як «залаты век» нашай беларускай культуры. Яскравае сведчанне гэтаму — пануючае значэнне беларускай мовы ў дзяржаўным і грамадскім жыцці, беларускае пісьменства і кнігадрукаванне, прадстаўленае такімі выдатнымі імёнамі, як Ф. Скарына, С. Будны, В. Цяпінскі, такімі прававымі дакументамі, як Статуты 1529 і 1566 г. падобных якім у той час не было і ў Еўропе. Усё гэта паказвае, што BKЛ мела выразнае беларускае аблічча. Вось чаму польскія ўлады пасля Люблінскай уніі з мэтай ліквідацыі рэшткаў дзяржаўнасці BKЛ галоўны ўдар накіравалі супроць усяго беларускага. Асабліва ў цяжкім становішчы аказалася беларуская мова, якая пачала выцясняцца з усіх сфераў дзяржаўнага жыцця, усяляк ганьбіцца і прыніжацца. Менавіта з гэтага часу і бярэ пачатак заўзятая беларусафобія, зневажанне ўсяго беларускага з боку польска-каталіцкага асяроддзя, што і прывяло ў 1696 г. да забароны беларускай мовы ў афіцыйнай сферы. Жорсткая паланізацыя Беларусі працягвалася і пасля падзелу Рэчы Паспалітай ужо ў складзе Расійскай імперыі. Ітолькі пасля задушэння паўстання 1830–1831 гг. яна замянілася царскімі ўладамі не менш небяспечнай русіфікацыяй. Аднак, нягледзячы на гэта, беларусы, будучы аб’ектам паланізацыі, русіфікацыі, пазбаўленыя сваёй дзяржаўнасці, асветы, друку і царквы, працягвалі «без шуму і гвалту», як зазначыў у канцы мінулага стагоддзя гісторык А. Качубінскі, асіміляваць балцка-літоўскае насельніцтва. Гэта яшчэ адно вельмі красамоўнае сведчанне выключнай жыццяздольнасці беларускага народа, што дало яму магчымасць у неверагодна жорсткіх умовах узрадзіцца да нацыянальнага жыцця, да аднаўлення сваёй дзяржаўнасці, якая з найбольшай выразнасцю выявілася ў часы ВКЛ.
ПЕРЫЯД РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ (1569–1795)
ЧАС БЕСКАРАЛЕЎЯ
3 заключэннем Люблінскай уніі ў 1569 г. закончыўся ў нашай гісторыі перыяд уній, што цягнуўся ад Крэўскай уніі 1385 г. і наступіў новы перыяд — перыяд Рэчы Паспалітай… Такую назву атрымала дзяржава, у якой аб’ядналіся Польшча і Вялікае княства Літоўскае.
Здавалася б, утварэнне такой буйной дзяржавы, якая раскінулася «ад мора да мора» (маецца на ўвазе ад Балтыйскага да Чорнага), дасць ёй магчымасць стаць адной з магутнейшых у Еўропе. Аднак такое не адбылося. I гэта не было выпадковым. Па-першае, гэта аб’яднанне, якое ж да таго насіла прымусовы характар для насельнікаў ВКЛ, не толькі пазбавіла, але яшчэ больш абвастрыла ў аб’яднанай дзяржаве ўнутраныя супярэчнасці паміж рознымі грамадскімі пластамі. Па-другое, тэрыторыя Рэчы Паспалітай па-ранейшаму заставалася арэнай даволі жорсткіх і працяглых войнаў, накіраваных як супроць яе самой, так і супроць суседніх дзяржаў. Таму непазбаўленая ад ранейшых унутраных і знешніх цяжкасцей Рэч Паспалітая праз два стагоддзі і аказалася расцягнутай па кавалках паміж сваімі сквапнымі на чужыя тэрыторыі суседнімі дзяржавамі.
I цяжкасці пачаліся адразу. Ужо раней, як мы помнім, смерць караля Польшчы і адначасова вялікага князя ВКЛ выклікала абвастрэнне супярэчнасцей у Польшчы і ВКЛ, а таксама і паміж імі. Тое ж самае, але яшчэ ў больш абвостранай форме адбылося пасля смерці ў 1572 г. караля і вялікага князя Жыгімонта II Аўгуста. 3 ім і закончылася дынастыя Ягелонаў, паколькі ён быў бяздзетны. Як бачым, існаванне гэтай дынастыі супала з аб’яднаннем ВКЛ з Польшчай. Калі заснавалыіік гэтай дынастыі Ягайла ў 1385 г. пачаў справу аб'яднання, то пры апошнім Ягелоне яна была закончана. Прадбачанне спынення дынастыі Ягелонаў таксама ў ліку іншага прымушала польскія ўлады хутчэй ажыццявіць канчатковае аб’яднанне BKЛ з Польшчай. Яны баяліся, што з заканчэннем гэтага каралеўскага роду, пры якім аб’яднанне пачалося і ішло, можа раптоўна абарвацца пры новым каралі.
Як і заўсёды, у час абрання новага караля кожная больш-менш палітычная сіла імкнулася ўзвесці на пасад свайго стаўленіка. Як ужо нам вядома, асабліва ва ўмовах Рэчы Паспалітай палітычнае жыццё было шчыльна звязана з інтарэсамі канфесій, асноўнымі з якіх былі каталіцкая, праваслаўная і пратэстанцкая. Менавіта паміж імі і разгарнулася перадвыбарная барацьба. Трэба адзначыць, што асабліва абвостранае ў гэты час было саперніцтва паміж католікамі і пратэстантамі. I гэта зразумела. Рэлігійная вайна, якая захапіла ў той час Еўропу, усё больш пагражала каталіцызму, адрываючы ад яго вялікую колькасць насельніцтва ў карысць пратэстанцтва, якое набыло значныя памеры. Пасля аслаблення Ордэна і асабліва пашырэння ў ім лютэранства, Польшча стала найбольшай апорай каталіцызму на Усходзе. Так на Польшчу глядзела і Рымская курыя і таму аказвала ёй усялякую падтрымку. Менавіта ў гэты час каталіцызм трывала ўмацаваўся ў Польшчы, што нямала спрыяла ўзмацненню польскага ўплыву ў суседніх народаў, у тым ліку і беларускага.
Дзеля больш паспяховай барацьбы з пратэстанцтвам рымскі папа Пій V паслаў у Польшчу свайго адмысловага пасла Камендоне. Праўда, пратэстанцтва ў гэты час у Польшчы i BKЛ пачало слабець. Як вядома, у Беларусі на чале пратэстанцкага руху стаялі стрыечныя браты Радзівілы — Мікалай Чорны і Мікалай Руды. Асабліва вызначаўся ў гэтым першы з іх, які меў вялікае ўладаранне ў Нясвіжы. Аднак у 1565 г. ён памёр, што з’явілася цяжкім ударам для пратэстантаў, якія пазбавіліся свайго натхніцеля і кіраўніка. Разам з гэтым аслабленню пратэстанцтва садзейнічала з’яўленне ў ім розных плыняў, у тым ліку і такой радыкальнай, як антытрынітарызм, прыхільнікі якога адмаўлялі дагмат Тройцы ў хрысціянскай рэлігіі. Да слова, такім ідэолагам у гэтай плыні ў Беларусі з’яўляўся Сымон Будны, адзін з прадаўжальнікаў у нас друкарскай справы Ф. Скарыны.
I ўсё ж пратэстанцтва было яшчэ моцным. Гэта трэба было ўлічваць, асабліва па той прычыне, што пратэстанты займалі трывалыя пазіцыі ў сенаце і, зразумела, мелі важкі голас пры абранні новага караля. Вось чаму віленскі біскуп Валеры Пратасевіч запрашае ў Вільню езуітаў — гэту ўдарную сілу каталіцызму. Тут быў створаны іх калегіум, адчыніліся школы, у якіх навучанне было накіравана як выхаванне адданасці каталіцкай веры. З’яўленне езуітаў у BKЛ азначала эпоху больш рашучага наступлення і пашырэння каталіцтва. Цалкам зразумела, што каталіцтва рабіла ўсе намаганні, каб на каралеўскі пасад быў абраны яго прэтэндэнт. I ў гэтых адносінах папскі легат Камендоне асабліва актывізаваў сваю дзейнасць. Найперш у асяроддзі магнатаў. Ён, па-першае, рабіў намаганні для прымірэння католікаў і, па-другое, для распальвання варожасці паміж пратэстантамі.
Але не менш моцнай была ініцыятыва выбрання на пасад польскага караля і вялікага князя BKЛ маскоўскага цара Івана Грознага. Пры гэтым яго кандыдатуру падтрымлівала не толькі рада BKЛ, але і рада Польшчы. Калі для першай, праваслаўнай, важна было бачыць на пасадзе адзінаверца, то для другой больш прывабным было багацце маскоўскага цара, якім бы ён, стаўшы польскім каралём, падзяліўся б і з імі. Аднак усе добра ведалі жорсткае абыходжанне Івана Грознага са сваімі баярамі і таму рашылі некалькі змяніць свой намер, а менавіта запрасіць на свой пасад не самога маскоўскага цара, а яго сына Фёдара. У Маскву быў адпраўлены ганец Варапай, які паведаміў Івану Васільевічу аб смерці Жыгімонта II Аўгуста і аб прапанове выбраць на пасад царэвіча Фёдара. Аднак з доўгага адказу Івана Грознага было найперш бачна, што ён сам хацеў бы ўсесціся на пасад польскага караля і вялікага князя BKЛ. Ён згаджаўся і на заключэнне міру, нават абяцаў вярнуць Полацк, але з умовай, калі яму будзе аддадзена частка Лівоніі, якая належала Рэчы Паспалітай. У заключэнні Іван Грозны прасіў Варапая перадаць панам радным аб прызначэнні да яго вялікіх паслоў, якія б вялі перамовы пра яго выбранне на пасад польскага караля і вялікага князя.
Аднак з прычыны таго, што польская рада затрымлівала згоду на далейшыя перамовы з Іванам Грозным, рада BKЛ толькі праз шэсць месяцаў, у пачатку 1573 г., паслала да яго свайго ўпаўнаважанага Міхаіла Гарабурду. Ён перш за ўсё апраўдваў затрымку з прычыны маравой пошасці, якая лютавала ў яго краіне. Пасля гэтага паведаміў маскоўскаму цару пра жаданне паноў рады ВКЛ бачыць ці яго самога, ці яго сына Фёдара на пасадзе караля Польшчы і вялікага князя BKЛ. Аднак пры гэтым выкладалася ўмова, каб пры сваім абранні ён ці яго сын далі гарантыю не парушаць шляхецкіх правоў і вольнасцяў, а таксама вярнуць BKЛ гарады Смаленск, Полацк, Усвяты і Азярышча. А калі каралём стане Фёдар, то бацька павінен даць яму яшчэ ў прыдачу некалькі воласцей. Як бачым, паны радныя BKЛ, запрашаючы на свой пасад маскоўскага цара ці яго сына, мелі на мэце задавальненне сваіх дзяржаўных інтарэсаў, найперш вяртанне ім забраных Масквой гарадоў і воласцей. Але калі наконт захавання вольнасцей і правоў Іван Грозны згаджаўся як са справай зразумелай, то вяртанне гарадоў ён назваў «пустой справай», бо, як ён казаў, добрая дзяржава не змяншае, а павялічвае сябе. Цар згаджаўся аддаць на пасад Рэчы Паспалітай свайго сына, але з умовай, што Польшча i BKЛ аб’яднаюцца з Масквой і каб у тытуле Фёдара найперш называлася каралеўства Маскоўскае, а пасля Карона Польская i BKЛ. Апроч таго, выказвалася патрабаванне аддаць Кіеў. Праўда, Полацк і Курляндыю ён згаджаўся аддаць BKЛ узамен на частку Лівоніі, якая знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай.
Заслугоўвае нашй увагі тое, што Іван Грозны адмаўляўся ад ранейшых прэтэнзій Масквы на землі да Дняпроўскай Бярэзіны. Менавіта ў той час існавала ўяўленне, што мяжа Літвы з рускімі землямі ішла па Бярэзіне Дняпроўскай. Сапраўды, такая мяжа была, але не па Дняпроўскай, а па Нёманскай Бярэзіне, у даўнія часы па якой ішла мяжа паміж летапіснай Літвой і Полацкім княствам, пра што яскрава сведчыць тапаніміка. Вёскі Палачаны і Літва размешчаны блізка адна каля адной, але па розныя берагі Нёманскай Бярэзіны. Пра гэта сведчыць і тое, што ўздоўж паўночнага (полацкага) боку Бярэзіны маюцца такія паселішчы, як Гарадок, Гарадзілава, Гарадзечна, Гародзькі, назвы якіх гавораць, што ў даўнія часы тут былі полацкія ўмацаванні. Вось гэта Бярэзіна, якая была менш вядомай і была зблытана з Дняпроўскай Бярэзінай, якая з’яўлялася больш вядомай Маскве, паколькі яе войскі шмат разоў яе пераходзілі. Але ў заключэнне свайго адказу Гарабурду Іван Грозны выказаў жаданне, каб ён сам, а не яго сын, быў абраны на каралеўскі пасад. На гэта Гарабурда заўважыў, што Івану Васільевічу будзе цяжка ажыццяўляць кіраўніцтва такой дзяржаваю, паколькі для гэтага трэба будзе ўвесь час пераязджаць з адной у іншую, а таксама, што, выбраны на каралеўскі пасад, ён павінен будзе прыняць рымскую веру. Але гэта было аспрэчана Іванам Грозным. Трэба асабліва адзначыць яшчэ адну прапанову, якую ён зрабіў двойчы. А менавіта: што калі пажадаюць паны радныя абраць яго толькі на велікакняжацкі пасад без Кароны Польскай, то ён гэтаму будзе яшчэ больш рады, паколькі ён хацеў бы гэтыя дзве дзяржавы «трымаць за адно».
Трэба ўлічваць, што для BKЛ у той час так склаліся абставіны, што яму, княству, можна было выбіраць толькі паміж большым і меншым злом. I наша тагачасная дзяржава, заключыўшы Люблінскую унію, выбрала апошняе, г. зн. меншае, бо, як мы бачым, яна магла б аб’яднацца і з Масквой, што, несумненна, для таго часу было б большым злом для яе. Сапраўды, калі аб’яднанне з Польшчай, краінай меншай па памерах, абышлося для нашых продкаў толькі адабраннем ад нас вярхоў грамадства, якія складалі меншую частку народа, а большасць якога засталася некранутай, што і дало магчымасць беларусам не загінуць і ўзрадзіцца, то аб’яднанне з Масквой, дзяржавай вялікай па памеры, прынесла б нам поўнае перамолванне нашага народа ў жорсткіх умовах маскоўскай палітыкі і русіфікацыі. I зараз бы пра Беларусь не было б і напаміну. Яскравы прыклад гэтаму — Наўгародская зямля. Яна была адным з буйнейшых усходнееўрапейскіх дзяржаўных утварэнняў, мела свой дыялект, які адзначаўся яшчэ ў XIX ст. Аднак, рана заваяваная Масквой, яна паступова траціла сваю асобнасць, тыповы для яе рэспубліканскі лад, што адзначалі і адзначаюць і рускія гісторыкі, быў задушаны маскоўскім самадзяржаўным ладам, яе дыялект не змог развіцца ў самастойную мову, і ён, Вялікі Ноўгарад, паступова растварыўся ў Расійскай імперыі, страціў магчымасць свайго дзяржаўнага адраджэння. Вось такі б самы лёс чакаў бы і Беларусь, калі б яна ў гэты час аб’ядналася з Масквой, як прапаноўваў Іван Грозны. Аднак гэтага не адбылося.
3 прычыны таго, што Іван Грозны настойваў на сваіх умовах, на тым, што ён сам жадаў быць абраным на каралеўскі ці велікакняжацкі пасад, — усё гэта паслабляла маскоўскую партыю ў выбарчай гонцы. Апроч таго, Іван Грозны не пасылаў сваіх паслоў у Рэч Паспалітую, якія б павінны былі расхвальваць яго і раздаваць шчодрыя падарункі кіруючым колам. Не мелі поспеху і кандыдатуры аўстрыйскага імператара Максіміліяна і яго сына Эрнеста. У выніку аслаблення прамаскоўскай і прааўстрыйскай партый і быў выбраны каралём Генрых Анжуйскі — брат французскага караля Карла IX. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічаў французскі пасол Манлюк. У сваёй прамове на сойме ён не толькі расхвальваў свайго кандыдата ў каралі, але і сыпаў нямала кампліментаў Польшчы і палякам. Так, адзначыўшы, што палякі амаль нічым не адрозніваюцца ад французаў (гэта было намёкам на тое, што каралю-французу будзе няцяжка кіраваць палякамі), ён зазначыў, што Польшча з’яўляецца абаронаю хрысціянства (вядома ж, мелася на ўвазе каталіцкага).
Абранне француза каралём Рэчы Паспалітай асабліва ўстрывожыла пратэстантаў, што і зразумела, бо ў той час, а менавіта 28 жніўня 1572 г., адбылася так званая Варфаламееўская ноч, калі ў Парыжы і іншых французскіх гарадах адбылося масавае знішчэнне гугенотаў — тамтэйшых пратэстантаў. Вядома ж, пратэстанты Рэчы Паспалітай не маглі не прадбачыць і для сябе такой жахлівай перспектывы пры ўладзе брата таго французскага караля, пры якім адбылася такая страшная падзея.
Прыехаўшы ў Кракаў, Генрых быў каранаваны 18 лютага 1574 г. Здавалася б, што з абраннем караля ў Рэчы Паспалітай усталюецца грамадскі спакой. Аднак такое не адбылося. Пратэстанты, па-ранейшаму не ўпэўненыя пра далейшы свой лёс, патрабавалі пацвердзіць свае правы, ад чаго Генрых ухіляўся. Гэта прыводзіла да хваляванняў у сойме. Па-ранейшаму паміж прыхільнікамі паасобных партый узнікалі спрэчкі, якія нярэдка заканчваліся забойствамі. I ўсю гэту сумятню не мог супакоіць Генрых, бо яго каранаванне фактычна было фармальным. Гэтаму садзейнічала і тое, што ён не ведаў ні польскай, ні беларускай мовы. Трэба асабліва адзначыць, што апошняя цвёрда ўмацавалася пры каралеўскім двары за час Ягелонаў. Першы з іх, Ягайла, стаўшы польскім каралём і не ведаючы польскай мовы, увесь час гаворачы па-беларуску, перавёз з Вільні ўсю сваю канцылярыю, якая карысталася беларускай моваю. I з гэтага часу беларушчына трывала прыжылася пры каралеўскім двары. Найперш дакументы, якія тычыліся BKЛ, пісаліся пераважна па-беларуску. Гэтак было і пры Генрыху, пра што сведчыць напісаная ад імя яго 9 красавіка 1574 г. жалаваная грамата Жамойцкай зямлі. Цікава звярнуць увагу і на тытул Генрыха, указаны ў гэтай грамаце. Ён названы тут як кароль Польскі, вялікі князь Літоўскі, Рускі, Прускі, Мазавецкі, Жамойцкі, Кіеўскі, Валынскі, Падляшскі, Ліфляндскі і інш. Апроч гэтых, указаны і яго французскія тытулы. Як бачым, між іншым, тут жамойцкі тытул далёка не на першым месцы.
Вядома ж, няведанне рабочых моў прыраўнівала становішча Генрыха на сойме да становішча глухога ці нямога. Ён фактычна быў пешкай у руках соймавых груповак. I ў першую чаргу каталіцкай. Яму заставалася толькі марнаваць час у баляваннях і картачных гульнях, чаму ён з вялікай ахвотай і аддаваўся. Зразумела, што такое працягвацца доўга не магло, тым больш, што пачалі ўжо чуцца пагрозы скінуць Генрыха з каралеўскага пасада. Але гэтага не спатрэбілася, і развязка наступіла нечакана пасля некалькіх месяцаў недарэчнага каралявання Генрыха. Атрымаўшы вестку пра смерць свайго брата Карла IX, ён, упэўнены, што не будзе добраахвотна адпушчаны з Польшчы, таемна ноччу 27 ліпеня 1574 г. пакінуў яе. Незмагла яго вярнуць і пагоня, пасланая наўздагон за ім. Ён не паддаўся на ўгаворы, паабяцаўшы толькі вярнуцца, калі дазволяць абставіны. Але такога не адбылося, і сойм праз некаторы час павінен быў прыступіць да абрання новага караля.
I вось у гэты час зноў набыў вялікі шанец быць абраным на каралеўскі пасад Рэчы Паспалітай Іван Грозны. Зноў — не толькі ў асяроддзі праваслаўных BKЛ, але і ў польскім асяроддзі. Пра апошняе добра сведчыць зварот гнезненскага арцыбіскупа Ухманьскага, які быў самай уплывовай асобай у Польшчы, да самога маскоўскага цара. Ён раіў яму, каб быць абраным на каралеўскі пасад, не скупіцца на падарункі соймавым дэпутатам. Аднак даючы шчодрыя абяцанні паасобным уплывовым людзям, у тым ліку Ухманьскаму, Іван Грозны замоўчваў выкананне тых патрабаванняў, пры якіх ён мог толькі быць выбраны каралём. А гэта і рабіла яго кандыдатуру менш прывабнай, чым іншыя, прадстаўнікі якіх былі асабліва красамоўныя на шчодрыя абяцанні. У выніку ўсяго гэтага на каралеўскі пасад Рэчы Паспалітай быў абраны семіградскі князь Стэфан Баторый (у некаторых беларускіх летапісах ён называўся Сцяпанам Батурам). 18 красавіка 1575 г. ён прыбыў у Кракаў, дзе і быў каранаваны. На гэтым і закончыўся час бескаралеўя. Дзяржаўная дзейнасць характарызавала С. Баторыя як чалавека з высокім палітычным розумам і цвёрдым характарам. Бясспрэчным з’яўляецца яго вялікі чалавечы, дзяржаўны талент і адміністратыўныя здольнасці.