Кацярыне пакуль не хацелася распытваць, лезці чалавеку ў душу. «Калі захоча,— думала яна,— сама ўсё раскажа, падзеліцца, а змоўчыць — значыць, не яе розуму і клопату патрабуюць сямейныя справы сяброўкі».
— Ну што, дарагуша, пайшлі? — парушыла хвіліннае маўчанне Лазебная.— Разамнёмся.
— Я за дзень так наразмінаюся, бегаючы па горадзе за рознымі інтэрв’ю ды інфармацыямі, што пад вечар ногі гудуць, быццам слупы ў марозны дзень. Журналіста, сама ведаеш, ногі кормяць. Добра табе ў белым халаціку ў кабінеце сядзець. Хворыя прыходзяць, іх адлоўліваць не прыходзіцца. Але што гэта я? — перапыніла гаворку Таццяна.— Кожнаму сваё. Ты лечыш, а я інфармую. Пайшлі, сяброўка! — Коранева ўсхапілася з месца.
— Кожны жыве са сваімі праблемамі, клопатамі і радасцямі сам-насам. Ці праўду я кажу? — стоячы ўжо, спытала Таццяна.
— Не ведаю, не ведаю, шаноўная.
Сяброўкі ішлі не спяшаючыся па новаўкладзеным з плітак тратуары каля Купалаўскага сквера, у якім яшчэ блякла зелянелі лістотай таполі, а на лаўках бавіла час моладзь, гучна і здарова рагочучы. Змялелы паток машын на праспекце сведчыў, што большасць мінчан завіхаюцца на сваіх дачных сотках. Усё нешта парадкуюць, даводзяць да ладу.
«Добра гэта,— падумалася Лазебнай.— Чалавек няхай сабе і жыве ў бяздушных шматпавярховіках з цэглы і панэляў, але ўсё ж душою цягнецца да зямлі — асновы асноў усяго жывога. Яна корміць, лечыць і калечыць»,— пры апошнім слове Кацярына неўпрыкмет усміхнулася. Не, не ад рыфмы, недарэчнай і пустой, а ад таго, што часта так і здараецца. Колькі яна, будучы студэнткай апошніх курсаў медінстытута, перабачыла людзей, скалечаных зямлёю. Не ў прамым сэнсе зямлёю, а той непамернай працай, з якой шчыравалі вяскоўцы.
— Медпрактыка на многае адкрывае вочы. Недахоп кваліфікаваных урачоў у сельскай мясцовасці. Страшны недахоп, і вось нас, інтэрнаў, камандзіруюць ва ўчастковыя бальніцы. Прыходзяць людзі. Божа мой, як яны гадамі маглі жыць з такімі балячкамі ў целе і на целе. Неспасцігальна! Незразумела! Абсурдна! Не, проста злачынна. Здзек над самімі сабою і над прыродай, што стварыла ўсіх. Цярпенне! Якое патрэбна мець цярпенне, каб вытрымаць тыя пакуты, што бачыла… Вясковы чалавек — не гарадскі. Людзі зямлі трываюць да апошняга, да мяжы жыцця і смерці. Толькі ж чаму? Дзеля чаго? Няўжо ўся бяда ў тым, што не хапае там нас, добрых медыкаў? А мо ёсць іншыя прычыны? Гарадчук з кожнай скабкай у пальцы бяжыць да нас. I гэта добра. Так павінна быць… А можа, і не…
— Ай, Кацярына, нешта мы пра сумнае гаворым. Вечных праблем усё роўна не вырашым, Як былі яны, так і застануцца. Я табе лепш адну гісторыю раскажу, што здарылася ў нашай вёсцы, пад Баранавічамі. Значыць так: жыў недалёка ад нашай хаты кульгавы Ярмак. Гультай быў, якога свет не бачыў, ды і жонка Проська на праворнасць не хварэла. Сабраў Бог да кучы дваіх нядайдаў. На работу дык яны не здатныя, а вось дзяцей настругалі поўныя прыгаршчы. I ўсё адны дзеўкі. Брудныя бегалі, саплівыя, недагледжаныя, заўсёды напаўгалодныя, адны гумавыя галошы былі на ўсю сямейку. Не, Ярмак не нашым быў, не мясцовым. Перасяліўся ён з адной усходняй вобласці пасля вайны. Прыпоўз да нас, заходнікаў. А мы гжэчныя гаспадары былі яшчэ з-за польскага часу. Працавалі ўсе да знямогі. Не мелі часу бальшавікі вытравіць з людскіх душаў прагавітасць да свайго кавалка хлеба, не парваныя былі яшчэ жылкі ўласніка-гаспадара.
— Ага, паненка недарэзаная,— Лазебная грэбліва скрывіла губы.— У цябе, можа, яшчэ і глечык залатовак зарыты пад прызбаю ў бацькавай хаце, дык мо падзелішся? — Кацька падміргнула сяброўцы.— Мае ж продкі з Магілёўскай губерні родам, таму, па тваёй логіцы, і я лайдачка.
— Ну цябе. Не хочаш слухаць — так і скажы.
— Не крыўдуй, Карэньчык. Я проста хачу падзадорыць цябе. Кажы далей, цікава ўсё ж пра свайго земляка даведацца.
— Значыць так. Вырасла Ярмакова старэйшая Верка, замуж трэба аддаваць, на той час я была яшчэ вуглаватай і крываногай малечай…
Лазебная і тут не змоўчала. Дзяўчына на крокі два адстала ад Таццяны, ацэньваючым позіркам акінула ногі журналісткі і з-за яе спіны прамовіла:
— Танечка, дзетка, ды ў цябе і зараз між тваіх стройненькіх лытак «зэпар» праедзе.
Коранева прыпынілася, спапяляючым позіркам (так падалося Кацярыне) глянула на сяброўку:
— Кацька, ну і ведзьма ж ты. Каб добра цябе не ведала, то пакрыўдзілася б да самай магілы. Як з табою Пятрок жыве?
Лазебная спалохана пачала апраўдвацца. Таццяна ж, хітравата рагатнуўшы, кінула сяброўцы ўлюбёны жарт:
— Дарагуша, за гэтыя ножкі ў рэстаране бойку ўсчалі. Вось так. Але слухай далей.
Лазебная і Коранева зноўку пайшлі ўпоплеч.
— Аддаваць замуж Верку трэба, а хто возьме галечу ды з гультайскай сям’і? Вясковыя жаніхі на дзяучыну і вокам не кідалі, зыркалі, як на пустое месца. Вось тут Ярмак і надумаўся. Запрог ён каня ў калёсы (узяў у калгасе, яны нядаўна зробленыя ў нас былі), быццам на базар ехаць. Пасадзіў побач з сабою Верку, і паехалі яны ў дальнія вёскі, дзе пра іх мала хто ведаў. Значыць, заязджае Ярмак у чарговую вёску і гарлапаніць што ёсць моцы, аж шыбы ў хатах звіняць: «Саспела дзеўка, сазрэла, замуж захацела. Каму трэба ?!» I знаеш, выдаў-такі дачку замуж.
— Шчаслівая тая Верка,— уздыхнула Лазебная.— А то жывеш сабе і не ведаеш: замужняя ўжо ці ўдава, а можа, і ўвогуле — гуляшчая. Не, Таццяна, думаю, што ўсё ж гуляшчая я. Без дурыкаў прызнаюся, што зыркаю на ёмкіх прыгожых мужчын. Іншы раз убачыш такога самца, аж дых займае.
— Пятрок што, дрэнны ў пасцелі? — спачувальна зірнула Коранева на Кацярыну.— Тады навошта хлопца трымаеш каля сябе, мазгі яму пудрыш? Найдзін жа глядкі хлопец, сабе б знайшоў тую, якая ацэніць.
— Не разумееш мяне, падруга.— Вочы ў Лазебнай быццам зацягнула павалокай.— Не ўсё так проста. Хапае мне Петрака ў ложку, але душой адчуваю, што ён не мой, часовы, мімаходны. Ну, як бы перавалачны, ці што? Проста кагосьці хачу, а каго — і сама не ведаю.
— Ад тлушчу ёрнічаеш ды бесішся.
— I я так думаю, Танюш. Але ж сэрца не абманеш і вочы не заплюшчыш, якія, нібы зладзеі, слізгаюць па тварах маладых мужчын-бацькоў, што прыводзяць сваіх дзетак да мяне на прыём. Павер, не хачу заігрываць, а само сабою атрымліваецца…
— Так… Ну ты і лярва!
— Я душу раскрываю, а ты?!
Кацярына, здавалася, сапраўды пакрыўдзілася. Таццяна гэта адчула. Зразумела, што перабрала крыху крытычнага запалу. Трэба было ратаваць сітуацыю, таму яна зрабіла выгляд, што нічога не адбылося, і сумным — нават завельмі — голасам пачала гаманіць пра аддаленае, пра тое, што часта даймала дасціпную і спрытную журналістку.
— Кожны дзень мару пра тую часіну, калі нарэшце прыйду дамоў, зачынюся ў кватэры, адгараджуся ад усяго свету чатырма сценамі, разняволю цела ад шмотак і напоўню ванну гарачай водою. Добра, калі нікога няма побач: ні мужа, ні дзяцей.— Таццяна паправіла сумачку на плячы.— Абрыдла ўсё. Неяк не так мы жывём. Не, не толькі я асабіста, а ўсе. У гэтым я проста ўпэўнена. Думаем перш за ўсё пра сваё цела, толькі пра цела. Песцім, даглядаем, лашчым, задавальняем яго. А душа… Душа пакутуе ў нашай выглянцаванай плоці. Але што я кажу? Ды не пакутуе яна, душа наша вечная, памірае. Ці мо ўжо памерла…