АНАТОЛЬ КАЗЛОЎ
Яны жылі разам ужо каля пяці гадоў. Яны — гэта Кацярына і Пятрок. Жылі так, як большасць сённяшніх маладых людзей: шлюбу не бралі, у царкве перад алтаром не стаялі — проста грэліся ў адным ложку ў невялічкай панэльнай кватэры на ўскрайку стольнага Мінска. Кацярыне набліжаўся трыццатнік, а Петраку толькі споўнілася дваццаць пяць. Калі на іх паглядзець збоку, то здаецца, што анічагусенькі ў іх няма агульнага. Дзяўчына заўсёды выглядала сціплай і памяркоўнай, часцей задуменнай і рамантычнай, малагаваркою. Любіла вечарамі сядзець дома, паціху корпацца на кухні ці ў зальчыку — усё дагледзець, давесці да ладу. 3 суседзямі па лесвічнай пляцоўцы кантактавала мала і нячаста: «Добры дзень!», «Як вы?» — і ўся размова. Напачатку, калі Каця Лазебная толькі атрымала кватэру, жанчыны-сямейніцы па паверсе стараліся наблізіць яе да сябе: запрашалі ў госці, забягалі пазычыць цукру ці солі, прапаноўвалі схадзіць па крамах пасля атрымання зарплаты. Дзяўчына ж усё аднеквалася. Маўляў, прабачце, няма калі. Суседкі, якія ў сваёй большасці жылі да гэтага ў інтэрнатах, маўкліва паціскалі плячыма, перашэптваліся за спінай Лазебнай, а ў хуткім часе і адсталі ад маладухі. Па тыпу: «Ганарлівая, нос задзірае, дык і няхай жыве ваўчыцаю. Мы да яе па-людску, з душою, а яна задам паварочваецца». Адным словам, адчапіліся суседкі-квактухі. Перакінуліся са сваімі ўедліва-сяброўскімі, саладжавымі запрашэннямі на кабет з ніжніх паверхаў. Адчулі і зразумелі, што Кацька Лазебная не іхняга поля ягадка. Ну не хацелася ёй варыцца ў адным кошыку з Валькай Крываротай (сапраўднага прозвішча суседкі дзяўчына не ведала, а Крываротай яе ахрысціў муж — гарласты і таўсматы, набычаны Андрэй, які часта на цэлыя месяцы сыходзіў у запой). Не цікавілі Лазебную і праблемы Тамары.
У Кацярыны хапала сваіх клопатаў: як накарміць сям’ю, уціхамірыць пузана Анатоля з трактарнага завода. Гэты сусед смоллю ліп да яе. Усё прапаноўваў купіць цесакі-нажы, якія сам рабіў на заводзе і кантрабандай выносіў адтуль. А навошта ёй, дзяўчыне, тая смертаносная зброя? На кухні ад іх ніякай карысці, толькі замінаць будуць ды штораз напамінаць пра нялёгкае сённяшняе жыццё, калі паўсюль, куды ні ткні, страляюць, рэжуць ды колюць безабаронных людзей «гаспадары жыцця». 3-за гэтага крывавага месіва, што пануе наўкола, Кацярына старалася нават не глядзець тэлевізар. Там адны чалавечыя пакуты: слёзы, выбухі, аўтаматныя чэргі, гвалт і кроў… «Не,— думалася ёй часцяком,— трэба захаваць у сабе крупіцы чалавечай дабрыні, спагады і лагоды. Як бы гэта цяжка ні было сёння зрабіць. Нельга паддацца нявер’ю, зніштожыць светлыню намераў і памкненняў. Бо як жа без Бога ў сэрцы глядзець на новы дзень за акном, і на паспешлівых людзей, што снуюць наўкола са сваімі праблемамі, радасцямі і трывогамі? Свет і так перапоўнены негатывам, не хочацца дабаўляць у гэты кіпячы кацёл сваю кроплю. Раптам з-за гэтага выплюне кіпень праз край і абварыць, спляжыць тое, што яшчэ не кранута сквапнай рукою чэрствасці?!»
3 Петраком Кацярыне было добра. Чаго там выбіраць? Усё ж трэба, каб у хаце пахла мужчынам, каб нехта мільгаў перад вачыма. Не, не чужы «нехта», а той, да каго прывыкла і каго, па шчырасці, не заўважае, але ён ёсць. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова толькі паклікаць і ці, адышоўшы ад задуменнасці, кінуць вокам у ягоны бок.
Так, былі ў Каці Лазебнай хлопцы-жаніхі і да Петрака Найдзіна. Але тое цяпер здавалася далёкім і нерэальным, нават нейкім ілюзорным, як сонечны дзень у парку, калі Кацярына ў восем гадкоў ад роду разам з бацькам пазірала на горад з вялізнага кола агляду. Тады ёй падавалася ўсё наваколле такім малюпасенькім і смешным, што Кацька аж захліпалася ад унутранай радасці, сэрца ў грудзях распірала лагода да бацькі, які зрабіў для яе, дачкі, такое свята. Вось і былыя жаніхі-залётнікі часам усплывалі ў свядомасці, але не казыталі ўжо сэрца, не выклікалі тых трапяткіх пачуццяў, якія былі напачатку. А што яны былі, тыя пачуцці, Кацька і цяпер добра памятала. Проста, як і ўсё ў жыцці, яны згладзіліся, сталі штодзённымі, нейкімі бесцялеснымі, як цені ад дрэваў на асфальце.
Сёння Пеця-Пятрок пасунуўся некуды ў горад. 3 самай раніцы, гадзін у восем, патэлефанаваў ягоны сябра Рудзік (Каця разы тры бачылася з ім). Хлопцы пагаварылі некалькі хвілін, і яе Найдзін, чамусьці вінавата хаваючы вочы ў стаптаным дыване на падлозе, прамовіў:
— Я — у горад. Рудзіку трэба дапамагчы ў гаражы. Калі затрымаюся, то пазваню ад яго.
Крыху памаўчаў, не кладучы тэлефоннай трубкі на рычажок. Яна манатонна пікала без усялякіх трывожных нотак. Ды і адкуль тая трывога магла ўзяцца? I ўсё ж нешта — ці не жаночая рэўнасць? — кальнула Кацярыніну свядомасць. Маўляў, ага, Рудзька табе тэлефанаваў, а мо ніякі і не Рудзька, а Рудольфа Іванаўна.
«Не, маці,— гэта ўжо Кацярына сама сабе ў думках,— старэеш, старэеш, бабанька. Глядзі, што, не дай бог, дойдзе да такой сітуацыі — следам пачнеш бегаць за Найдзіным. А ён чалавек вольны, як знайшоўся, так і згубіцца. Чаго ўжо там… Трэба напачатку было не зарыцца на маладзейшага. Сама ж ведаеш, што па кабеце і спадніцу выбірай. Не свяці лыткамі, калі ногі крывыя. Ды і якая мне розніца? Згінь ты, рэўнасць каўтунная…»
— Чаго маўчыш? — насцярожыўся Пятрок.
— Га? Што пытаеш?
— Кажу: пайду да Рудольфа, ну, да Рудзькі, ты ж яго памятаеш. Просіць дапамагчы…
— Ідзі, ідзі,— паспяшалася адказаць Кацярына, баючыся, што Пятрок западозрыць яе ў ваганнях ці, горш, падумае, што Кацьку грызанула рэўнасць.
— I ты не сядзі ў хаце. Зірні за акно — які выдатны дзень. Залаты пачатак кастрычніка. Прагуляйся па горадзе, схадзі ў парк. Памятаеш, некалі і мы пад шапаценне апалага лісця клёнаў пазнаёміліся. Сонца тады гуляла ў вершалінах дрэў, люстравалася ад рудавата-карычневых галінак на прыціхлую гладзь вады канала.
— Ого, Пятрок, столькі разам, а я і не ведала, што ты такі рамантык,— яхіднавата, стараючыся быць абыякавай, прамовіла Лазебная.— Не хвалюйся, выберуся і я падыхаць. Праўду кажаш: чаго сядзець у чатырох сценах, работы спешнай няма, выхадны сёння, дык і я разамнуся. Ідзі, ідзі, Пятрок.
Нарэшце змоўкла піканне ўтэлефоннай трубцы. Цяпер падалося ўжо Кацярыне, як быццам нечага не хапае — таго няўлоўнага, што некалькі хвілін існавала між ёй і Петраком. Тэлефон маўчаў. Найдзін збіраўся. Кацярына сядзела ў фатэлі з кнігай на каленях.
— Пакуль,— з дзвярэй развітаўся Пятрок.— Я думаю, доўга не затрымаюся.
— Шчасліва,— сумны голас Кацярыны.
Шчаўчок замка. Гул ліфта, які падымаўся знізу да іхняга паверха. Праз фортку ў пакой заляцела позняя восеньская муха. Вялікая і, як падалося Кацярыне, выцвілая. Муха кружляла пад столлю паўз лямпачкі люстры.
«Гаротніца, шукаеш цяпла, зімы хуткай баішся. Адзінокая…» — маладуха невядома чаму пашкадавала гэтую брыдоту, да якой заўсёды адносілася з гідлівасцю, як і да прусакоў, якія часам забягалі на кухню праз вентыляцыйную сістэму. «Хто я? — раптам кальнула думка.— Яшчэ дзяўчынка, дзяўчына ці ўжо жанчына, жонка, кабета? А мо сквапная векавуха?» Яна нейкі час проста сядзела, быццам здранцвелая. Аніякай думкі. Пустата. Такая пустата бывае толькі ў непрытомнага. Калі чалавек фізічна тут, у гэтым месцы, глядзіць, але нічога не бачыць, дыхае, але не адчувае паху, слых не прабіваюць мільённыя гукі, што ўрываюцца ў пакой праз расчыненую фортку.
— Я — жанчына,— нарэшце сарвалася з вуснаў Кацярыны.— Чаму ж не магу раўнаваць, не магу ўзбясіцца, як большасць з нас, жанчын, калі адчуваю, што нейкая сцярвоза забірае маё? Ці хоць бы сквапна пазірае на таго, хто стаў маім, да каго я прывыкла і, здаецца, люблю, кахаю?.. А ці кахаю я ўсё ж Петрака? Дурніца, ты звар’яцела! Што найшло сёння на цябе?! — Кацярына адкінулася на спінку крэсла-фатэля, кніга звалілася з каленяў, але дзяўчына не стала падымаць, толькі лацвей выцягнула ногі.— Усяму віною восень. Самотная і шчодрая восень. Яе можна любіць, а можна звыкла не заўважаць, але восень паўсюль, яна проста прыйшла і агарнула сваёй задуменнай журботай усё навокал. А чаму павінна я быць выключэннем? Чаму? Восень… Не, не трэба, каб яна была ў душы. Яшчэ рана, вельмі рана пускаць яе туды. На вуліцы сонца, восеньскае сонца.— Раптам Кацярына адчула, як маланкай прастрэліў памяць успамін. Далёкі, рамантычна-дзявочы, які доўгія гады хаваўся ў падсвядомасці.
«Няўжо сённяшні дзень прымусіў яго выплысці? Тады таксама была восень. Вечар. Дачны пасёлак. Гразкая дарога. Паўсюдна лужыны. Ці не тыдзень запар ішлі дажджы. Хаткі пашарэлі, іх нават не ажыўлялі скупаватыя промні сонца, якое спаўзала за лес, так і не здолеўшы за дзень высушыць макрэчу на дахах і сценах пабудоў».
Кацька з Сяргеем сядзелі ў невялічкім зальчыку двухпавярховай дачы бацькоў хлопца.
— Ты ўсё гаворыш пра вечнае, пра душу, існасць, пра тое, што нельга памацаць рукамі, пабачыць вачыма, адчуць на смак. Гэта ж — не спрачайся — абстракцыя.— Сяргей з хвіліну памаўчаў, углядаючыся ў яркія язычкі агню, якія танчылі па сухіх бярозавых паленцах у невялікім каміне.— А вось адкажы мне на пытанне: чаму ўва ўсіх нас, людзей, аднолькавыя сэрцы ў грудзях, пячонкі і лягчонкі пад рэбрамі, і кроў аднолькавы мае колер у жылах, і сцягнута цела нашае такім жа сухажыллем, але мы ўсе да непазнавальнага розныя? Той — нягоднік, здраднік, хапуга і гвалтаўнік, а другі — вечны пакутнік праз дабрадзейнасць сваю, праз шчырасць і спачуванне кожнаму, каму балюча. Не, каб ён прыхаваў, што мае, для сябе асабіста, адхапіў ад некага, хто мае большае. Жыў і радаваўся жыццю, але ж не — праўдзіўца шукае пакут, плача над чужым горам, не заўважаючы свайго. Дык як жа ж тады саўладаць з душою — з той нябачнай душою, пра якую ты ўсё талдычыш? — Сяргей узняўся з мяккага фатэля, наблізіўся да каміна, паціху расчыніў каванай качарэжкай загараджальную рашотку і падкінуў пару паленцаў у трапяткі агонь.
Кацярына маўчала, абхапіўшы танклявыя калені рукамі. Караткавата астрыжаныя валасы прыкрывалі ейны твар, а выгнутая спіна падавалася маладой неакрэплай лазінкай, на якую мароз навесіў празрыстыя ледзяшы. Пыхкія языкі агню з каміна няроўна асвятлялі шэрую сукенку на дзяўчыне.
Абое маўчалі. Маўчалі, думаючы ці не пра адно і тое ж. Але вось Кацярына страпянулася, выпрамілася ў зручным фатэлі, паспешліва акінула позіркам пакой, у якім знаходзілася не больш за тры гадзіны і да якога, як ёй падалося, не маглі ніяк прызвычаіцца. Не маглі — бо тут усё чужое, нават Сяргей і той здаваўся чужым… Але гэта з часам праходзіць. Яна добра ведала пра такія адчуванні. Дастаткова тут пераначаваць, а раніцай усё вакол будзе ўжо значна бліжэйшым, а мо нават адчуеш, што яно тваё.
— Ты, Сяргунчык, гаворыш пра тых, хто аддае, і тых, хто забірае, каму балюча ад чужога, пра тых, хто забывае пра свае крывавыя раны і плача над болькамі іншых. Мне падалося, ты не верыш, што такое бывае. Не верыш? Я праўду кажу?
— Ды як у такое верыць? Ты паглядзі навокал, расплюшчы нарэшце вочы — і замест людзей убачыш незлічоныя зграі ваўкоў, якія грызуцца за абгрызеныя косткі, шматкі мяса. А калі няма ўжо косткі, то яны — людзі-ваўкі — пажыраюць адзін аднаго. I не так ужо важна, хто перад табою — ваўчаня ці старая нямоглая ваўчыца. Эх, Кацярына!
— Дурненькі. Як жывецца табе з такою душою? Мы вось гаварылі пра боль і гора, і я міжволі ўзгадала радкі аднаго паэта, якога люблю. Праўда, поўнай дакладнасці не гарантую, але ён некалі пісаў, што хтось выносіць гора напаказ, як з пажару чорныя калёсы, ці не трацім часам мы запас дабрыні на бедненькіх і слёзных. Добраму вучыла ты, дабро, як жа ведаць, хто перад табою: сапраўды баліць яму альбо стогне, каб не ўчуць чужога болю.