— Кацярынка, даражэнькая, гэтымі словамі ты аспрэчваеш сама сябе. Ну адкуль мне ведаць, хто сапраўды перада мною? Чаму я павінен астужваць чужую больку, калі сам сыходжу крывёю? Дзе логіка? Ну скажы: дзе яна?
Кацярына ўсхапілася з фатэля так імкліва, што Сяргей усім тулавам падаўся да кафельнай сцяны каміна. Руку вышэй локця перацяў пякучы боль: загараджальная рашотка каміна прапаліла кашулю. Смуродліва запахла сінтэтычнай тканінай. Хлопец, як на спружынах, ускочыў на ногі, адзіраючы кашулю ад апёклай рукі. Спалоханая Кацярына далонямі прыкрыла твар, знерухомела.
— Логіка. Вось табе і логіка,— праз сціснутыя зубы нягучна прамовіў Сяргей.— Спрэчак хопіць, давай лячыцца, а то заўтра і дроў не змагу накалоць.
Дзяўчына маўчала. Яна быццам абмерла.
— Згодны з табою,— працягваў далей хлопец,— няхай будзе ўсё лагічна, толькі пашукай у шуфлядцы пад люстэркам бінт і вазьмі ў лядоўні алею. Ты ж у мяне медычка, хоць і незакончаная яшчэ,— Сяргей нацягнута ўсміхнуўся, уключаючы здаровай рукой святло ў пакоі.
Насценны гадзіннік з выявамі сямі гномікаў роўна і няспешна адлічваў хвіліны. Яны ўсё доўжыліся, а Сяргей з Кацярынай так і стаялі слупамі.
— Усё адначасова магчыма і немагчыма. Зноў парадокс. Ці не так? — нібы самому сабе прыглушана прагаварыў Сяргей.— Мне іншым разам падаецца, што я ў адзін і той жа момант знаходжуся ў некалькіх месцах. Штосьці прыблізнае можна адчуць у круглым пакоі з люстранымі сценамі, падлогай і столлю, вялізнымі люстэркамі. Ты, па сутнасці, адзін, але цябе дзясяткі, сотні.— Ён крыху памаўчаў, гледзячы ашклянелымі вачыма ў нікуды. Затым нетаропка прадоўжыў: — Але паўглядаўшыся некалькі імгненняў у сотні свайго родненькага адбітку, ужо не адчуваеш, дзе ты сапраўдны, а дзе ўяўны, шкляны. I з горла вырываецца крык. Толькі ж і сотні тваіх уяўных «я» крычаць такім жа голасам, і позіркі ўва ўсіх аднолькавыя. Яшчэ праз каліўка часу ты ўсоўваеш у разяўлены рот пальцы і кусаеш іх, кусаеш, не шкадуючы, але і «яны» кусаюць самога сябе. I пасля ўва ўсіх сінеюць пазногці. Дык магчыма такое, Кацярынка, ці ўсё ж немагчыма? — Сяргей нарэшце адняў руку ад прапаленай кашулі.
Кацярына адвяла далоні ад твару. Вецер праз шчыліны ў акне мерна пакалыхваў укарочаную фіранку, у каміне патрэсквалі, дагараючы, паленцы, а гадзіннік няспешкі адлічваў хвіліны.
— Я зараз, хуценька, Сяргейка, ты здымі толькі кашулю, і мы перавяжам руку. Нічога страшнага нямашака, будзь надалей абачлівы.— Кацярына асцярожна прамачыла бінт алеем і абматала пачырванелую вышэй локця руку хлопца.— Пяцярпі крышку, і боль сунімецца, палягчэе.
— Ды яно і не баліць ужо, толькі дробненька паколвае,— Сяргей дакрануўся лбом да галавы дзяўчыны.— Ты прабач маю гаварыльню. Проста іншым разам находзіць, прарывае, і нельга змоўчаць. Хоць і хацеў бы.
…Тэлефонны званок назойліва тузаў цішыню ў кватэры. Кацярына прахапілася. Некалькі секунд яна не магла зразумець, дзе знаходзіцца, бо памяць да таго яскрава высвеціла ўспамін, быццам яна перажыла тое нанава.
«Ці не Пятрок? — падумала.— А мо з бальніцы? Першы выхадны за два тыдні. Дзеці хварэюць, урачоў не хапае. Чыё сёння дзяжурства?.. Міканоравай. Яна ж толькі пасля ардынатуры, маладая зусім. Раптам нешта неадкладнае?..» — думкі мільгалі, як прыдарожныя дрэвы за акном хуткага цягніка, а Кацярына аніяк не магла ўзняцца з месца. Яе нібы скавала, зледзяніла і даўняя размова з Сяргеем, яе аднагрупнікам, на дачы. Цяпер ён у Германіі, урач пасольства, паспрыялі бацькі. «Што паробіш, калі я не дачка пасла? Ды і ці трэба тое, мінулае? Хай яно застанецца там. Кожны ідзе сваёй дарогай ці, хутчэй, сцежачкай. Тапчы яе, не збочвай на чужую, бо чужое чужым і застанецца…»
Тэлефон не змаўкаў. Ён ужо, падалося Кацярыне, зласліва заходзіўся. Лазебная паднялася з крэсла, узяла трубку, паднесла да вуха.
— Алё. Так, я. Чаму не ўгадала? Таццянка, золатка. Я рада чуць цябе. Вечнасць не бачыліся. Гультайнічаю. Адна. Пайшоў дапамагчы сябру з машынай. Так, дзень выдатны. Не, не супраць. Тое, што трэба. Давай на выхадзе са станцыі метро «Кастрычніцкая». Хвілін праз сорак. Паспею. Падмалюю зенкі, свісток падвяду. Сумны голас? Не, Усё добра. Успаміны нагарнуліся. Так, пагамонім. Добра, праз сорак хвілін. Пакуль. Нічога, пачакаю.
Тэлефон вуркатнуў задаволеным кацянём і змоўк, уціхамірыўся. Кацярына пацягнулася каля насценнага люстэрка, хіснула ўбок галавой, валасы прыкрылі твар.
«Што ж, выхадны дык выхадны. Трэба і ў людзі выбрацца. Малайчына, Таццянка, што пазваніла, а то б даймала сябе ў адзіноце ўспамінамі, вярэдзіла душу. Зараз крыху макіяжу — і на свежае паветра».
Кацярына Лазебная пазнаёмілася з Кораневай гады два таму, напярэдадні Дня медыцынскага работніка. Таццяна працавала карэспандэнтам на рэспубліканскім радыё, падрыхтоўвала перадачу да свята медыкаў. Загадчык педыятрычнага аддзялення і параіў Кораневай пагаварыць з Лазебнай, як з лепшым педыятрам іхняй бальніцы. Пры першай жа сустрэчы неяк незаўважна і завязалася сяброўства паміж дзяўчатамі. Нягледзячы на розніцу ў прафесіях, было нешта агульнае ў характарах Кацярыны і Таццяны. Спачатку Лазебную здзівіла прастата, нават, можна сказаць, прасцецкасць, з якой журналістка адносілася да жыцця, а мо гэта і імпанавала Кацярыне, бо яна сама не магла так жыць. Заўсёды капалася сама ў сабе, зводзілася душой, калі нешта не атрымлівалася на рабоце ці дома, нервавалася, як Таццяна гаварыла, з-за дробязяў, займалася непатрэбным самаспусташэннем. «Умей радавацца жыццю,— даводзіла Коранева,— якія нашы гады, мы з табою яшчэ дзеўкі о-го-го. Любога кавалера акруцім».
Значна пазней, калі яны бліжэй сышліся душэўна, Кацярына зразумела, што ў Таццяны гэта напускное, для чужога вока. Што і ў яе не ўсё так гладка, не дужа ладзіцца ў сям’і з мужам-развядзенцам і ўжо, лічы, дарослымі ягонымі дзецьмі.
Хвілін праз пятнаццаць прычыпураная Кацярына крочыла да аўтобуснага прыпынку. Восеньскае сонца пяшчотна агортвала яе стройную постаць, а лёгкія подыхі-ўсплёскі ветру перабіралі кароткія пасмы валасоў, шлыкаталі па шчаках і шыі.
***
Гараж Рудзькі Ганьчына знаходзіўся ў мікрараёне «Вяснянка», ціснуўся ён сярод соцень аднатыповых прыземіста-шэрых цагляных будынкаў з доўгімі выцяжнымі трубамі. На рознакаляровых, па гусце гаспадароў, дзвярах гаражоў красавалі парадкавыя нумары. Пятрок памятаў, што Рудзькава ўласнасць мела сто дзевяноста трэці знак. Сябрук атрымаў гэтую рэзідэнцыю (так Рудзька ахрысціў шэры цаглянік) ад цесця-нябожчыка.
«Рэдка цяпер такія людзі сустракаюцца,— часта паўтараў пры сустрэчах з Петраком Рудзька,— адкрытай душы быў чалавек, нічога не шкадаваў, чужога не браў, а сваім спакойна мог падзяліцца. Мне часта здаецца, што ён лёгка жыў, бяскрыўдна. Вось бы нам так навучыцца… Шыш — не выйдзе. Не той цяпер момант!» Заўсёды, кажучы апошнія словы, Ганьчын уздымаў угору ўказальны палец правай рукі і глыбакадумна закочваў вочы.
Прыгадаўшы сябраву позу, Пятрок міжволі ўсміхнуўся сам сабе, седзячы ў напаўпустым тралейбусе. Дзіўна было, што такой парою бязлюддзе. Самая ж раніца, а пуста. «Вось дурное боўдзіла, зусім з галавы вылецела, што сёння нядзеля. Зазамбіраваўся да макушкі».
Званок ад Рудзькі быў нечаканасцю для Петрака. Без лішніх слоў сябрук-аднавясковец загадаў (так-так, загадаў, а не папрасіў) прыехаць у гараж. «Сюрпрыз з вёскі ёсцека»,— і больш ні слова. У прынцыпе, які сюрпрыз можа чакаць — Пятрок здагадваўся. Калі пабываў Рудзька дома ў маці, то хутчэй за ўсё трохлітровік пякучага са струкамі перцу, самагону прывёз у сталіцу, А дзе яшчэ могуць выпіць сябры, пасядзець, пагаманіць і ўспомніць мінулае, сваю вёску-нябожчыцу? Так, вядома ж, толькі ў гаражы, дзе няма гняўлівых позіркаў Рудзькавай жонкі Нінкі, не чуваць капрызлівага голасу прыёмыша-сына. Сябрук Ганьчын пайшоў у прымы да Нінкі, узяў яе з дзіцём. Гаварыў, што не шкадуе. Нават жартаваў з сябе.
«Дундзіла ты, Пятрок. Я ўва ўсім у выйгрышы. Мне Нінка патрапілася добра памякчаная, здаволенай ужо жыццём. За мяне ўсё зрабіў першы муж, састругаў хлапца, а зараз корміць яго, не кідае. Любячы бацька аказаўся. Я ж толькі у дзённіку распісваюся».
Нінка, як і Петракова Кацярына, была старэйшай за Рудзьку, але наколькі, Найдзін не пытаўся. Калі кінуць вокам на сябраву жонку, то здавалася — мінімум гадкоў на восем.
«Жонка трэба вопытная, жыццём бітая,— заўважаючы Петракоў ацэньваючы позірк, гаварыў Рудзька.— Ды і ты сваю не з манастыра прыхапіў і не са школьнай парты. Пасцель усіх раўняе: і старэйшых, і маладзейшых. Ноч, браце, матка — не спі гладка»,— зухавата ўсміхаўся Рудзька, робячы па-вясковаму практычныя высновы.
Тралейбус спыніўся на Другім кальцы, адсюль пехатою да сябравага гаража хвілін пятнаццаць, а можа, крыху больш. Пятрок не спяшаўся. Навошта, нічога палаюча-тэрміновае не гоніць у шыю. Дзень казачна-цудоўны. Хоць тут, у горадзе, і не надта заўважаеш. У вёску б цяпер. У іхнюю Асінаўку. Прайсці па Бярозавай грыве з кошыкам, сярод хрусткіх верасоў і папаратнікаў, зрэзаць некалькі дзясяткаў чорных груздоў ці ўзбрысці нечакана на познія апенькі… Ды, урэшце, хоць бы падыхаць на поўныя грудзі. Падыхаць паветрам дзяцінства, прысеўшы пад бярозкамі ці сасною на купчастым лясным грудку і, закінуўшы галаву, углядацца да кружэлак у вачах у роўнае, па-восеньску паніжэлае неба. Але ўсё гэта толькі мары. Пустыя мары пра вёску-нябожчыцу.
Пятрок страсянуў галавою, прыпыніўся на незаасфальтаванай дарозе-праездзе між гаражоў, дастаў пачак цыгарэт, прыкурыў. Салодка зацягнуўшыся, не спяшаўся выпускаць дым. Адсюль ён ужо бачыў расчыненыя дзверы Рудзькавага гаража. Значыць, падышоў не раней за гаспадара. «Хы, маленькая радасць, а прыемна»,— па-дзіцячы ўсміхнуўся сабе Найдзін, азірнуўся па баках, там-сям дзверы гаражоў былі адчынены. Аўтааматары паўцякалі ў выхадны дзень ад жонак сюды. «Добрае вынаходніцтва — гараж. Не, выдатнейшае вынаходніцтва чалавецтва — гараж».— Пятрок, не вымаючы цыгарэты з вуснаў, пашыбаваў да дзвярэй Рудзькі Ганьчына.
I калі зазірнуў у цемнаваты прасвет, то заўважыў, што сябра корпаецца ў салоне свайго патрыманага «вольва». Бразгацеў там нейкімі жалязякамі. Лёгка праціскаючыся між машынай, старэнькай зашмальцаванай канапай і вузенькім самаробным столікам з падслепаватай лямпачкай, Пятрок знянацку шмаргануў за нагу заюшанага сябра, якая вытаркалася з-за дзверцаў. Рудзька похапкам выпраміўся. Скураная шапка звалілася з галавы, і курчавыя, як у каўказца, валасы разбэрсана пырснулі ва ўсе бакі, чуб прыкрыў вочы.