— Відаць, надакучыла я табе, сынок. Не даю спакойна ляжаць. Гоніш ты мяне, Сяргейка, ад сябе. Гоніш… А і праўда, спачывай, дзіцятка, з Богам ды чакай мяне. Не затрымаюся я дужа доўга, прыйду хутка, прыйду, і будзем разам навечна. Спі спакойна, Сяргейка, а я пайду да сямейнікаў. Як ні цяжка, але жывому пра жывое думаць трэба. Твая праўда, сынок.
Акуліна за адно-адзінюсенькае імгненне неяк асунулася, счарнела-састарылася, быццам на яе плечы нехта нябачны ўскінуў дзясятак непасільных гадоў. Ледзь перастаўляючы ногі, яна пасунулася да брамкі-варотцаў могілак…
…Пятрок прачнуўся ад шчаўчка замка ва ўваходных дзвярах. 3 секунду няўцямна ўзіраўся наўкола. Нічога не разумеў, бо яшчэ знаходзіўся там — побач з бабуляй, глядзеў на свет яе вачыма, а ў грудзях шчымела і надрыўна бухкала сэрца. Ён быў у далёкай вёсцы-нябожчыцы, роднай вёсцы, якая засталася толькі ў памяці, а не на квітнеючай зямлі. Не, нельга назваць Асінаўку нябожчыцай, нельга. Яна існуе, яна працягвае жыць, праўда, толькі ў свядомасці тых, хто яе памятае. Паціху адыходзяць у лепшы свет вяскоўцы, але ж засталося пакаленне маладых, Петракова і Рудзькава пакаленне. А яны не забываюць родны куток, помняць кожны двор, кожную сцежку і дрэва. I вёска ўдзячная ім, яна начамі прыходзіць у сны, супакойвае, калі нудота агортвае душу, калі няўтульна і адзінока, дапамагае знайсці суладдзе з самім сабой, гармонію, якой часта не хапае былым вяскоўцам у зменліва-здрадлівым горадзе. Асінаўка сілкуе сваіх удзячных дзяцей, якіх выпеставала, узняла на ногі і выпусціла ў вялікі свет.
I яны, дзеці роднай старонкі, помняць малюсенькі куточак, дзе было так добра і надзейна, спакойна і ўтульна, дзе была самая смачная вада і найвысачэйшае неба, а цёплыя дажджы змывалі з цел усе хваробы і болькі.
— Не, Асінаўка не нябожчыца. Яна жыве разам са мною.
— Пра што гэта ты? — спытала з прыхожай Кацярына.— Толькі давай не лаяцца, я ж у Таццяны заначавала. Нічога страшнага не здарылася.
«Ведаў бы ты, мой хлопчык,— падумала пра сябе,— накормлены конь і то наравіць скубануць клок травы з чужога агарода. Такая ўжо сутнасць чалавечая».
— Падымайся. Ці на работу сёння не думаеш ісці? У мяне другая змена. Зараз звару кавы, пап’ем разам.— Кацярына падышла да ложка, пацалавала Петрака ў шчаку.— Слухай, дарагі, нешта ты дужа памяты, і вочы заплылі, не раўнуючы, кітаец ляжыць. Што, кутнулі з Рудзькам?
— Было трохі,— буркнуў Пятрок.
— Божа мой, ну і перагарам жа нясе. Лепш не дыхай на мяне,— замахала рукамі Кацярына.— I што такое ты мог выпіць?
— Зелле ад Рудзькавай маці.— Пятрок наважыўся прыцягнуць да сябе Кацярыну, але яна выкруцілася.
«Хопіць з мяне на сёння любошчаў. I так за ноч вочы не звяла. Смыляць, быццам пяску туды нехта сыпануў. Дурная баба, і чаго ты яшчэ шукаеш? Такі сорам»,— яна выйшла на кухню, паставіла на газавую пліту турку, сыпанула некалькі лыжак кавы, цукру, заліла вадою і чырканула запалкай.
«Пагана на душы. Быццам скрала нешта ў сваёй маці. Падман… Ён, як лядзяш усярэдзіне, даймае. Дакацілася. Пайшла па руках. Гэта ж трэба туляцца па кватэрах, аціраць чужыя ложкі. I дзеля чаго? Закарцелася навізны? Дык яе ж і не было. Ніякай радасці, толькі адчуванне апляванасці… Ды ўсё нармальна. Усё як трэба. Не займайся самаедствам! Мінула ноч, а з ёю і прыгода. Я ж не дзеля сябе хацела. Таццяну неяк трэба было вывесці са штопару, згладзіць яе сямейныя праблемы. I ўсё… Не падманвай саму сябе. Не атрымаецца. Вінаватая ты, шэльма, а яшчэ хвастом круціш, гуляеш у хованкі са сваім сумленнем».
На кухню зайшоў Пятрок. Згатавалася кава. Пілі моўчкі, седзячы за сталом насупраць адно аднаго. Кацярына баялася сустрэцца позіркам з хлопцам, а ён неадрыўна глядзеў у свой кубачак. Над галовамі Кацярыны і Петрака вісела пані Недаверлівасць.
«Ён аб нечым здагадваецца. Душой адчувае, што не ўсё чыста. Ну і няхай. Я ж яму не жонка! Не падабаецца — брысь на ўсе чатыры бакі. У вернасці я не клялася… Пра што ты балбочаш, дурніца? Хто цябе яшчэ будзе любіць, як не ён? Думаеш, што сённяшні Лёнька? Ды ён ужо забыў тваё імя, вар’ятка. Госпадзі, сама саграшыла і Таццяну ўцягнула. Ад самоты ўсё гэта. Ад самоты… Не, дарагуша, аддурасці».
Петраку таксама было моташна. Ён не ведаў, што сказаць Кацярыне. Хацелася павініцца, папрасіць прабачэння. Выгаварыцца. Расказаць пра сон, пра Асінаўку і бабулю Акуліну, пра тое, як яго цягне на месца былой вёскі, як хочацца пахадзіць там, дзе вырас, і як страшна згладзіць у памяці вобраз жывой вёскі. Хацелася выказаць усё, але нешта не дазваляла, бараніла Петрака ад бяздумнага кроку. Так і пілі яны моўчкі каву, кожны думаючы пра сваё.
Цішыню парушыў тэлефон. Ён зазвінеў гучна і пранізліва. Кацярына ад нечаканасці аж уздрыганулася. Кава пралілася на саматканы абрус, які даўнавата ўжо прывёз Пятрок ад сваёй маці. Карычневая вадкасць імгненна ўсмакталася льнянымі ніткамі. Пляма была няроўная, зласліва-рваная.
— Бязрукая клуша,— вылаялася на сябе дзяўчына.— Ідзі падымі трубку, а то ў вушах звініць.
Пятрок падышоў да тэлефона.
— Цябе,— гукнуў ён з прыхожай.
— Хто? — спытала Кацярына.— 3 работы?
— Не ведаю. Нейкі мужчына,— абыякава прагаварыў Пятрок і ўзяўся за недапітую каву.— Можа, новы кавалер,— з яхіднасцю буркнуў ён Кацярыне.
— Галоднай куме толькі тое і наўме,— адказала яна і ўзялася за тэлефонную трубку.
Званіў Лёнік.
«Вось прыпыленая дык прыпыленая,— лаяла сябе ў думках Кацярына.— I навошта давала свой нумар ? Усё з-за выпітага віна. Таццяна разумніца, сказала, што бестэлефонная. А я, курыца абшчыпаная, візітоўку сунула. Маўляў, глядзі ты, паненка якая, доктарша. Цьфу ты!»
— Так, я слухаю. Сёння не магу. Занятая. Заўтра таксама. Не, не забылася. Пустое ўсё гэта. Што было, тое было. У госці не трэба. Няма калі прымаць. Сум хутка праходзіць. Перастань ты. Дзіцячыя глупствы гэта. Усё. Забудзь. Я сказала. Перастань. Не трэба званіць і надакучваць. Мы ж дарослыя людзі, а не падшыванцы. Кожны і далей пойдзе сваёй дарогаю. Хто не памыляецца ў жыцці? Ну, тады ты шчаслівы. А я часта раблю тое, чаго не хачу. Усяго добрага. Хопіць бязглуздых размоў.
Кацярына паклала трубку. Шчокі ў яе гарэлі, як спелыя маліны. Адчувала, што і вушы палаюць чырванню. У горле застраў нейкі камяк. Яна кашлянула раз, другі. Зрабіла глыток рэшткаў кавы. На зубах затрашчала гушча-кашыца. Пятрок зацікаўлена зірнуў на яе. У звужаных вачах скакалі гарэзліва-ліхаманкавыя чорцікі.
«Што яму сказаць? Трэба нешта прыдумаць праўдападобнае. Такое, каб адпалі ўсе пытанні. Думай, думай, лярва. Сама знайшла прыгоду на сваю задніцу. Цяпер круціся вужакай…»
— Званіў былы аднагрупнік Сяргей.— Выплыла аднекуль з-пад свядомасці.— Я табе расказвала. Было ў мяне ў студэнцтве каханне,— Кацярына старалася, каб голас не дрыжэў, а быў упэўнены і абыякавы.— Хацеў сустрэцца, успомніць былое. Прыехаў з-за мяжы на некалькі дзён.
— Запрасіла б у госці,— зірнуў спадылба Пятрок.