– Машка!
– Надзейка!
– Яніна!
– Стаська!
– Лізаве-е-е-та!
– Хрысціна!
– Волечка!
Марыля кінулася да Тоні, бо тая заварочалася, прачнуўшыся:
– Дзетачкі, што ж такое дзеецца?
Марылю трэсла, але яна спрабавала супакоіць старую:
– Гэта нічога, нічога, жартуе нехта.
Тоня з хвіліну ляжала, прыгаломшаная, а пасля нешта ўзгадала, войкнула і скацілася да куфра:
– А, гадаўкі, пачакайце, зараз вы ў мяне атрымаеце! Алена сядзела ля сцяны, абняўшы калені. Раз-пораз каменьчыкі дзынькалі аб сцёклы, і тады Алена ўздрыгвала, як быццам бы яны траплялі ў яе.
– Рытка!
– Анэля!
– Ірынка!
– Але-е-е-еська!
Тоня корпалася ў куфры, нешта мармычучы, а Марыля не ведала, бегчы ёй да адной ці да другой, і вінаваціла сябе за тое, што праз яе выпала столькі непрыемнасцяў. Але ў галаве праносілася: як добра, што яна зараз не адна.
І тут галасы сціхлі. І тая, напэўна ж, галоўная, крыкнула:
– Ведаем, што ты там! Мы цябе пазналі, адшукалі цябе! Не хавайся ад нас, дурненькая! Мы забяром цябе, рана ці позна! Хадзем, хадзем з намі, сястрычка! Хадзем хутчэй да шчасця!
І іншыя галасы далучыліся да яе, утварыўшы жудасны хор:
– Хадзем!
– Хадзем!
– Хадзем!
Побач з крыжыкам прабегла Тоня – Марыля не паспела яе затрымаць, як яна кінулася за дзвярэй:
– Зараз, зараз вы ў мяне пакрычыце!
Яна тарганула дзверы – з таго боку іх моцна нешта трымала. Памкнулася да акна – і тут шкло разляцелася вострымі вадзянымі пырскамі: на падлогу ўпаў вялізны камень, патрапіўшы якраз на дыван.
Звонку выбухнуў рогат, і зноў, як учора, закрычаў певень, і ўсё сціхла. Марыля наблізілася да акна, спадзеючыся заўважыць, куды яны пабеглі, як раптам белая рука прасунулася ў дзірку і кінула ёй пад ногі штосьці слізкае:
– На, сястрычка, падсілкуйся крывёю! Хутка ў шлях да нас!
На падлогу пляснулася рыбіна, без галавы: яе нібыта адгрызла нейкая жывёліна. У хаце запахла ракой і тванню. Першай апамяталася Тоня: яна падхапіла рыбіну вілкамі і кінула ў печ. Тады ачуняла і Марыля: заткнула дзірку анучай і пачала збіраць аскепкі. Алена не рухалася з месца, і Марыля ўспомніла, што суседкі за спінай называлі тую вар’яткай, і спужалася, каб з ёй не здарыўся прыпадак – аднойчы на полі яна бачыла, як калацілася на зямлі зашлая жанчына, якая з’явілася ў іх калгасе пасля вайны. Яе тады павялі да Альжбэты, але тая сказала, што нічога нельга зрабіць: чары занадта моцныя. Жанчына хутка памерла, і зараз наўрад ці хто з вёскі памятаў яе імя.