– Я ж казала, не ўцячэш. А ты не паверыла. Ну што, сястрычкі, варта павучыць. За здраду.
І зноў пасыпаліся камяні.
Марыля рыўцом падцягнула калені да падбароддзя, каб хоць крыху затуліцца. На губах адчула салёны смак крыві – ён змяшаўся з рыбіным смакам сеткі і прэсным смакам зямлі. Наўкола больш не крычалі яе імя, не енчылі, не смяяліся. Збівалі моўчкі, засяроджана, кідаючы камяні па чарзе. За сваё нядоўгае жыццё яна шмат разоў рыхтавалася да смерці – як і ўсе тут, падчас вайны. Думала пра смерць і тады, калі вайна скончылася, лежачы ў чорнай адзінокай хаце. І нават уяўляла, як памірае. Яна не ведала, як і калі тое адбудзецца, але ведала, што будзе шаптаць. І зашаптала зараз, пакуль хапала моцы:
– Мамачка, мамачка, мамачка.
Боль стаў такім, што немагчыма трываць, – большым за яе, большым за ўвесь гэты свет, – і Марыля правалілася ў забыццё.
Апошняе, што адчула, – моцныя рукі, якія падхапілі яе і паспрабавалі з гэтага забыцця вырваць. Але нічога ў іх не атрымалася.
Наста выключыла запіс.
– Што будзеш рабіць?
Ліза сядзела ў фатэлі, абхапіўшы калені рукамі. Перад ёй стаяў пусты кубак, на дне – рэшткі молатай кавы, быццам зямля.
Лізін твар змяніўся. Наста казала сабе, што змяніўся зусім крыху, так, як звычайна змяняецца пасля некалькіх тыдняў разлукі твар чалавека, якога ты звык бачыць кожны дзень. І ёй хацелася хутчэй гэтыя змены змыць, як дарожны пыл, каб твар стаў такім, якім яна яго ведала. Ліза вярнулася новая, іншая, і гэта непакоіла.
Калі дома была кава, яе пілі і ранкам, і, як зараз, замест вячэры. Наста прыгатавала новую порцыю – туркі якраз хапала ім абедзвюм – і адрэзала чорнага хлеба, дастала яблычнае сочыва, што Ліза прывезла з вёскі. Яно было старое, зацукраванае і не выклікала даверу, але акрамя яго нічога не было.
– Я чакала цябе, каб даць паслухаць запіс, каб параіцца, – Ліза глядзела, як Наста намагаецца намазаць сочыва на лусту, моцна прыціскаючы яго лыжкай. – І мне зрабі, калі ласка. Пакуль ты там гойсала па лясах, я сядзела і думала, думала.
– Ты даслала запіс Алесю? Што ён?
– Мяркую, ён не хоча чакаць, пакуль Марыля памрэ. Папрасіў, каб я нічога не рабіла, пакуль ён не прыедзе. Зараз недзе за мяжой.
– То-бок, ты хочаш пакінуць дыван сабе?
– Я не магу. Да таго ж у яе дзве дачкі, гэта іх спадчына. І там хутчэй гаворка пра тое, каб я перадала дыван у музей.
Ліза ўзяла каву і, хаця і не было холадна, пачала грэць рукі аб кубак:
– Навошта мне дыван, у мяне і ўласнага пакоя няма. Ды, увогуле, я не пра тое. Скончыцца гэтая гісторыя, і я не ведаю, што рабіць далей. Паехалі заўтра туды разам? І давай напішам пра знаходку, пра Марылю, пра русалак.
– Ліза, я не магу, у мяне праца.
– Пісаць тое, што ніхто не чытае? Колькі разоў ты сама казала, што стамілася. Што табе патрэбны сюжэт. Вось сюжэт!
– Мо праз тыдзень ці два адпрашуся. Калі гэта не яшчэ адна твая кухонная размова, якая толькі размовай і застанецца, – і дадала, пабачыўшы, як перасмыкнуўся Лізін твар. – Адпрашуся, паедзем утраіх, Юра нас адвязе.
Ліза адпіла кавы, адкусіла хлеб.
Наста ўзгадала пра свой і адкусіла таксама, каб з’явіўся час прыдумаць, што сказаць.
– Ты пісала мне пра русалак, і я чытала сёе-тое з беларускай міфалогіі. Для цябе.
Сочыва было засалодкае, крохкае: у роце распадалася на цвёрдыя крышталікі, якія хрумсцелі на зубах, як пясок. Наста пасмактала шурпаты кавалак яблыка, які быццам бы ўвесь ператварыўся ў цукар, і дадала:
– Ёсць апісанні русалак як прыгожых сумных дзяўчат, якія загінулі праз няшчаснае каханне. Такія, празрыстыя, у вяночках, гушкаюцца на бярозах, як на арэлях. А ёсць, наадварот, паданні пра пачвар, якія могуць забіць, заказытаць, задушыць «жалезнымі цыцкамі». Цікавая дваістасць, як табе? І, дарэчы, у нашых русалак, у адрозненне ад замежных, не было хвастоў. Звычайныя ногі. А ў некаторых цела «пакрытае цвёрдай луской, падобнай на пазногці».
– Калі ласка, не нагадвай мне пра пазногці, – Ліза паднялася і паставіла кубак у ракавіну.
– Прабач. Мо цябе туды так цягне таму, што цябе таксама русалкі клічуць, – Наста паспрабавала пажартаваць, але зразумела, што не атрымалася. – Я, між іншым, згадкі пра такі «покліч» не знайшла.
Ліза нічога не адказала і пайшла ў свой пакой.
Наста яшчэ доўга мыла пліту, прыбірала посуд, працірала пыл у скрынях, каб заняцца чымсьці і не працягваць размову. Скончыла тады, калі пачула, як пстрыкнуў выключальнік у Лізіным пакоі. І, не запальваючы святло, асцярожна праслізнула да сябе.