– Адэ-э-э-лечка!
Хата заціхла, прыслухоўвачыся. Кажух спалоханым сабакам прыціснуўся да ног – поўсць на ім стала дыбкі.
А на двары крыкнулі:
– Вікця!
І зараўлі:
– Надзейка! Галінка! Настачка! Любка! Жанка!
Таццянка! Во-о-о-ольга!
І не тыя два галасы, а яшчэ, і яшчэ. Яны стукаліся аб шыбы і сцены, ціснуліся праз шчыліны, пёрліся ў вокны, грукалі-грукалі-грукалі. Нябачныя ў цемры, ці то дзеўкі, ці то цені, якіх не пушчае шкло. Але яшчэ крыху – і яго выб’юць.
– Зінка! Зінка! Зінка! – хорам, хорам, хорам. І нечакана змоўклі.
І з гэтай цішыні данеслася:
– Марта! Ма-а-артачка!
Гэта быў той самы, першы голас. Ён, дакладней, яна клікала ласкава, бы котку, што хавае недзе кацянят, якіх прыйшоў час патапіць.
Марыля заплюшчыла вочы і хацела закрыць вушы, каб не чуць гэтага, але голас набліжаўся, мацнеў, і яна слухала, баючыся прапусціць слова.
– Мартачка, адгукніся, – тая паднялася на ганак і засмяялася, маўляў, зразумела сваю памылку. – Ці ты не Мартачка? Ведаю, Марынка! Марыначка, хадзем да нас! Марыначка, не бойся, гэта смертачка твая, – скрыпнулі дзверы, і шчака адчула начны холад, нібы яе кранулі мокрыя пальцы.
На шчасце, закрычаў певень – і на парозе спынілася. Пасля бразнула клямка, дзынькнулі шыбы, і хуткія крокі дожджыкам прабеглі па зямлі.
Ранкам Марыля знайшла на двары рыбную луску.
Ліза жыла ў Сямёнаўны з тыдзень. Тая ніколі не згадвала іх размову, рабіла выгляд, што не разумее намёкаў, і паводзіла сябе бы звычайная бабуля, да якой унучка прыехала на вакацыі – карміла сняданкам, пасылала да суседзяў па малако і расказвала бясконцыя гісторыі. І толькі аднойчы Ліза злавіла на сабе засяроджаны позірк: старая ўглядалася ў яе твар, як углядаюцца праз акно ў паветра, каб заўважыць, ці ёсць там дождж, ці толькі падалося.
За ўвесь час Ліза не знайшла ніводнай згадкі, толькі згубілася сама – нібыта і не было нічога на свеце акрамя гэтых хат, чорнага лесу і выцвілага возера, паверхня якога заўжды рабаціла, як паламаны тэлевізар. Каб хоць аднойчы паказалася сонца, вада б адбіла жоўтыя промні, высокі блакіт і белыя аблокі, неба падвоілася б на зямлі, пашырылася б, але не, сонца не з’яўлялася, таму паўсюль панавала шэрасць.
Ліза і сама не разумела, навошта гуляла каля возера. Мо ёй хацелася быць далей ад маўклівых двароў, ад страціўшых розум старых і ад іх сядых дзяцей, якія даглядалі бацькоў, што затрымаліся задоўга на гэтым свеце. Дні цягнуліся, як бясконцыя расейскія серыялы, якія тут любілі больш заўсё. Іх ды яшчэ пярэстыя канцэрты з заўсёды аднымі і тымі ж выканаўцамі і аднымі і тымі ж песнямі, што ў гэтай цішы здаваліся недарэчнымі, бы вясельная музыка на хаўтурах. Хутка выпадала вяртацца. Ліза дакарала сябе, што паверыла ў нейкую лухту і сапсавала адпачынак, але адразу абрывала думкі: усё роўна ехаць больш не было куды. Казка пра стары дыван павінна была стаць прыгодай, пра якую яна марыла ў дзяцінстве, але гэтая надзея не спраўдзілася, як і ўсе астатнія надзеі.
Хутка выпадала вяртацца. Але навошта?
– Зараз будзе яечанька, – Сямёнаўна разбіла шкарлупу аб патэльню і войкнула: – Бач ты, з крывёю яйка. Дрэнны знак. Ці не на смерць?
Ліза пралічвала ў галаве, ці варта ехаць сёння, ці пачакаць яшчэ адзін дзень, бо з бальніцы павінны былі прывезці самую старую жыхарку вёскі. Апошні шанц што-небудзь даведацца пра Алену Кіш.
Яечня засмажылася, пайшла па краях карычневымі хрусткімі карункамі. Сямёнаўна пакінула сабе яйка з чырвонымі крапінкамі, а два большыя скінула на Лізіну талерку.
– Яйкі ўсё ведаюць, усё праяўляюць. Калі правесці яйкам па лбе чалавеку, а пасля яйка разбіць, то калі там будзе чорнае – гэта значыць, што чалавек сурочаны.
Пасля старая разліла па кубках гарбаты, адрэзала сабе кавалак батона і пачала адшчыкваць маленькія кавалачкі, кідаць іх у рот і рассмоктваць, як цукеркі.
– Ну што, Лізка, зноў яечня? – у хату, як заўжды гучна, уварвалася Жанна. – Не надакучыла?
– Мне, Жанначка, моцы няма на што іншае. І памяці няма. Калісьці ведала, як гатаваць: абеды з трох страў, ды для вялікай сям’і, ды для гасцей. А зараз забылася. Дзякуй Богу за тое, што ты мяне корміш, а зараз во Ліза, – губы старой затрэсліся, вочы сталі вільготнымі.
– Няма чаго мне тут гарбату саліць. Ты, Ліза, даядай хутчэй, і пойдзем разам да Бандарчухі, яе на дзень раней прывезлі. Распытаеш, што хацела.
Як Ліза толькі прыехала, Жанна некалькі дзён трымалася з ёю насцярожана, а пасля пусціла да сэрца – ёй спадабалася, як тая даглядае старую. Калі даведалася пра росшукі, то сама прапанавала дапамогу: гэта яна вадзіла яе па хатах, знаёміла з мясцовымі, тлумачыла ім пра Кіш. І гэта яна параіла звярнуцца да найстарэйшай жыхаркі вёскі, хаця і папярэдзіла, што памяць у той блытаецца.
Ліза праглынула яечню, запіла яе засалодкай гарбатай, каб хутчэй бегчы, як зазваніў тэлефон. Зірнула на экран – Алесь: ягоныя званкі – адзінае, што выцягвала з гэтай цяжкой рэчаіснасці.