– Давай-давай, пагавары з жаніхом, – Жанна наліла сабе гарбаты і падміргнула. – І не спяшайся там, я з Сямёнаўнай пакуль паразмаўляю.
Ліза стамілася тлумачыць, што гэта не яе жаніх, таму проста выскачыла на двор:
– Ну, як справы, як настрой?
– Прабач, зноў нічога. Бабулька маўчыць. Сёння пайду да мясцовай доўгажыхаркі.
Алесь чамусьці не пісаў, як усе астатнія, а званіў, быццам літар было недастаткова, а неабходны быў голас.
– Гэта ты мне прабач. Бо ты ж праз мяне паехалаў гэты забыты Богам край. Я там зусім крыху пабыў, і тое здалося, што з мяне ўсю энергію высмактала.
– Так, тут файнае месца, каб дэпрэсаваць. Я са столькімі старымі пагаварыла, што пачала баяцца старасці. Калі і я такая стану, то навошта клапаціцца пра здароўе. Лепей live fast, die young.
– Усё настолькі дрэнна? Там ёсць возера: плавай-загарай.
– Захалодна. Датагож на вадзе я ледзь трымаюся. Затое я прыдумала ідэю для бізнесу. Замест аграсядзіб. Каб гараджане пачалі цаніць сваё жыццё, пасылаць іх у гэтую вёску. Дзе няма ні крам, ні кіно, ні душа, а яшчэ адабраць у іх смартфоны. Толькі ёсць пабочны эфект: праз нейкі час ім захочацца забіць сябе – пагубляем усіх кліентаў.
– Напэўна, табе час вяртацца.
– А што ты робіш, калі табе самотна?
– Пішу дзённік. Кажуць, што словы матэрыяльныя, вось і я часам пішу не толькі пра тое, што адбылося, але і пра тое, што мае адбыцца, каб спраўдзілася так, як я хачу.
– І што, атрымоўваецца запраграмаваць рэальнасць?
– Пакуль не ведаю, я толькі пачаў.
На ганку з’явілася Жанна, і Ліза хутчэй развіталася. Тая зноў усміхнулася, каб паказаць, штоўсё разумее, а Ліза зноў не стала марнаваць час на тлумачэнні.
– Калі я стану во як наша Сямёнаўна, то я б хацела не забыць, як пячы бліны. Так я іх люблю, што кожны дзень бы ела. І пустыя, і з сочывам, і з мёдам, і з тварагом, і з мясам, і з ягадамі, – Жанна паказала рукой налева. – Вунь, там, дзе шэры дах, там жыве Бандарчуха. Хвілін сем адсюль. Калі і яна не ведае, то больш ніхто. Але ж ці скажа, во гэта пытанне. Эх, і адпачну я на пенсіі, каб толькі бліны былі.
На акне торгнулася фіранка – Сямёнаўна глядзела ім услед.
Перад будынінай пад шэрым дахам іх сустрэла старая жанчына. Ёй не падыходзіла слова «дачка», хутчэй, «бабулька»: сівыя валасы і на іх пажоўклая хустка, як сухое лісце на белым зімовым дрэве.
– Сорамна мне, Жанначка, што тут усё травой зарасло, але дзе ж ты час возьмеш, у мяне ж гаспадарка, а маці да мяне не згаджаецца, просіць у сваёй хаце памерці, – замест прывітання пачала тлумачыць жанчына і глядзела больш не на Жанну, а на Лізу. – То ты ж мяне разумееш, а вось перад гарадскімі сорамна. Я маці ў бальніцу вазіла, то і ўнутры яшчэ не прыбрана. Вы пакуль з ёю пабудзьце, я да сябе збегаю, падаю карову. Як дзіцёнак маці, пакінуць страшна. Даяе перасялюся, пэўна, але хто ж маю гаспадарку дагледзіць? Ці будзеш цэлымі днямі туды-сюды бегаць. Дзякуй табе, Жанначка, што не забываеш нас, а больш ніхто і не заходзіць.
Жанчыне яшчэ хацелася пагаварыць, але і трэба было да каровы, таму яна пашыбавала да веснічак, на хаду даючы парады.
– Вы гаварыце грамчэй, мо яна і зразумее што. Вы ж ведаце: што старое, што малое.
Хата насамрэч нагадвала грабніцу, у якой сабраліся паміраць. І дзеля гэтага знеслі сюды скарб, які назапашвалі ўсё жыццё. У сенцах – стары абутак усіх сезонаў: летнія басаножкі побач з валёнкамі, стаптаныя туфлі з крывымі абцасамі, абрэзаныя гумовыя боты. Па сценах, бы мох, – паліто і ватоўкі, штучная шуба і выцвілы плашч. У куце – поліэтыленавы мех з бруднымі лялькамі «Не дом, а дамавіна», – падсумала Ліза і здрыганулася, калі падумала, колькі такіх халодных скляпенняў, звонку неадрозных ад звычайных, жылых, цёплых хат, стаіць зараз па вёсках, чакаючы, пакуль іх гаспадары аддадуць богу душу, каб разам з чорным дымам спаленых рэчаў яна ўзнеслася на неба.
Бандарчуха сядзела ў фатэлі, заматаная ў ватную чырвоную коўдру: старая нагадвала сэрца гэтага дома, якое не білася, а ледзь-ледзь варушылася.
– Дзень добры, Іванаўна, – прывіталася Жанна і замаўчала, каб даць час на адказ.
Сэрца тарганулася некалькі разоў і сціхла: на іх уважліва ўтаропіліся два маленькія шэрыя вочкі.
– Вось, прывяла да цябе маладую змену. Гэта Ліза, гасцюе ў Сямёнаўны, ты ж памятаеш Сямёнаўну? Ты, я ведаю, усё памятаеш, то распавядзі ёй пра Алену Кіш. Кажуць, жыла такая ў нас на вёсцы.
Старая пажавала вуснамі і перавяла позірк на акно.
– Ну, я цябе прывяла, а больш часу не маю. Ты пасядзі з ёй, мо яна да цябе прывыкне і пачне размаўляць. Яна не дурная, больш прыкідваецца, – Жанна зачыніла за сабою дзверы, пакінуўшы Лізу ў скляпенні адну.
І сапраўды, яна нібыта засталася з чужым немаўляткам. Невядома, што з ім рабіць: ці гаварыць, ці, наадварот, маўчаць і ўсміхацца, каб яно не заплакала.
– Я збіраю інфармацыю пра Алену Кіш, – Ліза рызыкнула сесці на канапу, на якой быў навалены мотлах нейкага рыззя і стаялі кардонныя каробкі. – Яна малявала дываны. Дываны, як гэты, – паказала на дыван над канапаю. Крамны, па такія калісьці стаялі ў чарзе ці выпісвалі па блату праз знаёмых, а зараз – пабіты моллю, выцвілы.