Старая ўсё яшчэ пазірала ў акно.
– Я ведаю не шмат, толькі тое, што знайшла ў… бібліятэцы, – Ліза не наважылася згадаць інтэрнэт, – Кіш малявала дываны па вёсках, і да вайны, і пасля яе. Хадзіла з хаты ў хату. Некаторыя прымалі яе за жабрачку. Хочаце, я пакажу вам фота, мо пазнаеце, – і палезла ў кішэню па смартфон.
– Каўрыха, – глуха данеслася з-пад коўдры. – Я памятаю каўрыху. Толькі яна не такія дываны малявала, – старая паказала карычневым пальцам на сцяну за Лізай. – Не такія, а прыгожыя, з ільвамі.
– Мо ў вас застаўся такі дыван? – гэта было б занадта добра, але як не спытаць.
– Не, яна мне не малявала. Я пашкадавала. У мяне тады хлеб не заўжды ў хаце быў, куды мне леў.
– А мо вы ведаеце хату, дзе такі дыван набылі?
– Ведаю, – бабулька глядзела проста ў вочы, – Толькі не ведаю, чаму яна табе пра гэта не расказала.
Ліза разгубілася: няўжо прыйдзецца тлумачыць, што хаты не размаўляюць? Неяк зняважліва да дарослага чалавека.
– Ты распытай яе лепш, – працягвала старая. – Я той дыван памятаю, бо зайздросціла. Але ён пракляты. І правільна, штояна яго хавае. Але ты спытай, яна раскажа. Мо ты не пытала?
– Каго спытаць?
– Марылю. Алена з ёю сябравала, калі тут жыла.
– А дзе яе знайсці? Старая насупілася:
– Жанна ж казала, ты ў яе хаце жывеш. Ці падманула?
– Я жыву ў Марыі Сямёнаўны, яна…
– То я ж кажу, пытай у Марылі, – старая задаволена мацней захуталася ў коўдру. – А зараз уключы тэлевізар, пачынаецца маё кіно.
Сямёнаўна сядзела за сталом, тамсама, дзе і ранкам, бы і не рухалася з месца. Толькі прыўзняла галаву:
– Ну, расказала што Бандарчуха?
– Я сёння паеду дамоў. Ці заўтра, калі там першы аўтобус. Марыя Сямёнаўна, я не ведаю, навошта вы мяне клікалі. Можа, вы перадумалі, я разумею, гэта магчыма. Але калі вы не хочаце расказваць, што сябравалі з Кіш, што мелі дыван, то мне не варта тут заставацца.
Ліза разгублена села побач і ледзь не заплакала: што яна такога зрабіла, каб страціць давер і назаўжды згубіць таямніцу?
– Я хачу, хачу расказаць. Каб мо хоць так ушанаваць яе памяць. Я, дочачка, баюся памерці, нікому не распавёўшы, са словамі ў глотцы. Але страшна расказваць, – перад старой так і ляжаў на талерцы халодны ранішні кавалак яечні з крывёю. – Бо загінула яна праз мяне.
На, сястрычка, падсілкуйся крывёю
Пра галасы Марыля нікому не расказвала, але на наступны вечар папрасілася начаваць да Тоні, нібыта засумавала адна.
У хаце было холадна, на сэрцы таксама: збіраліся спаць моўчкі. Марыля прынесла мех з сенам, кінула на падлогу. Побач Алена выцірала рукі ад фарбаў: дыван быў скончаны, але яшчэ ляжаў сыры, як недапечаны хлеб.
– За ноч высахне, – яна ўладкавалася на драўляную лаву і павярнулася да ўсіх спінаю. – Высахне, і можаш вешаць, Марыля. Ая да сваіх пайду. Скончана тут. Няма больш замоў, няма і ніколі не будзе.
І пасля яе слоў наступіла цішыня, быццам замёрз увесь свет, і ўсё ў ім замёрзла і так і застанецца – без надзеі і без шчасця.
На печцы цяжка, бы дамавы, заварочалася Тоня:
– Чуеш, Марыля, а што ў цябе з аграномам?
– Не ведаю.
– То-бок, яшчэ не казаў? То скажа. Я ж бачу, як ён на цябе глядзіць.
Напэўна, гэта ад печкі павеяла жарам, бо Марыля адчула, якзагарэліся шчокі і цёпла стала ўсярэдзіне. Кладучыся, яна зірнула ў акно: нешта белае мільганула на яе двары. Ці то падалося? Далёка, не бачна.