Ліза сабрала раскіданыя газеты і заўважыла паперу на паліцы ў серванце – Наста там заўжды пакідала свае артыкулы, калі хацела, каб Ліза іх прачытала.
Ключ увайшоў у жалеза і адамкнуў цішыню – вярнулася Наста. Куртка паляцела на вешалку, пакет стукнуўся аб падлогу, ляснуліся чаравікі.
– Ты тут? Які гармідар. А, чытаеш, ну як табе? – Наста толькі зазірнула ў залу і прабегала ў кухню, паставіла чайнік і крыкнула адтуль: – Я так стамілася пісаць адно і тое, таму вырашыла: буду браць са старых газет старыя словы, там многае нам падыходзіць. Спрадвечныя тэмы. Во, напрыклад, узяла абзац, змяніла толькі прозвішча на нашага Данілава.
Ліза паставіла на стол кубак і села ў свой фатэль.
– Нешта ты маўклівая. Гэта таму, што дыван тут валяецца, не спатрэбіўся?
– Памятаеш, ты казала, што марыш пра сюжэт? Здаецца, у мяне нешта для цябе ёсць, – і расказала пра росшукі, запрашэнне старой бабулі і пра скарб, які, цалкам верагодна, гніе недзе на гарышчы.
Засвісцеў чайнік – Наста падхапілася і разліла кіпень:
– Але я пакуль не магу паехаць, наступны нумар увесь на мне.
– Прыязджай, калі зможаш. Тым больш, у госці запрашалі мяне адну, – Ліза сачыла за гарбатай: вада рабілася карычневай, як у лужыне. – Казалі, што там водзяцца русалкі.
– Цвікі ў нас ёсць? А малаток? – Наста вярнулася з калідора, трымаючы ў руках чорны дыван: выцвілыя кветкі па баках, дзяўчына з кавалерам пасярэдзіне, нахіліліся адно да аднаго, як галубочкі. – Давай яго павесім. Можа, ён камусьці там і не патрэбны, але для нас ён будзе як першая старонка, з якой і пачнецца сапраўдная гісторыя.
Марыначка, не бойся, гэта смертачка твая
Казалі, што Марылю бачылі з аграномам па вечарах занадта часта. Яшчэ казалі, што ёй лепей быць асцярожнай. І шапталі, што Ядзя ходзіць на працу з заплаканымі вачыма. Але Марыля нічога не чула, і побач не было нікога, хто мог бы ёй гэта расказаць: Тоня ведала толькі пра мінулае, а Алена жыла ў сваім уласным свеце.
Карэспандэнтка паехала, і Алена пачала чакаць: разам з Марыляй яны ў хаце-чытальні перабіралі старонкі новых газет, шукалі сярод чужых імёнаў Аленіна прозвішча, бы знаёмы твар у натоўпе. А яго ўсё не было відаць.
Дываны больш ніхто не замаўляў. Вольга прывезла з горада размалёваную кардонку: пярэсты букецік, матылькі і пчолкі. Адразу бачна, фабрычная рэч – колеры яркія, пялёсткі на кветках роўныя, залакіравана намёртва, ажно блішчыць, дый палатно не марнуецца. Таму жанчыны прасілі Вольгу наступным разам набыць такія кардонкі і ім. Марыля занесла Тонi тканіну, якая засталася яшчэ з матчыных часоў, і мяшэчак бульбы, каб замовіць дыван для сябе. Алена не хацела браць бульбу, але Марыля заўпарцілася, і разам з Тоняй яны вымусілі Алену згадзіцца.
– Што маляваць?
– Намалюйце, як для сябе.
Засынаючы, Марыля глядзела праз акно на Тоніну хату. Думала, як там Алена: напэўна, разаслала палатно на падлозе і стаіць, укленчыўшы. А палатно чорнае, падобнае на дзірку склепа, і мроіцца, што зараз яна туды праваліцца.
Агеньчык згас – і будыніна знікла. Марыля адразу задзьмула сваю свечку, каб схаваць у цемры і ўласную хату, залезла пад стары кажух. Прытулілася да печкі, нібыта адчула побач гарачае роднае цела, і павольна апусцілася ў сон, як у цёплую ваду.
Тук-тук.
І Марылю з гэтай вады выштурхнула – пастукалі ў шыбу.
Гукнула:
– Хто там? Ніхто не азваўся.
І нікога не бачна: халоднаю цемраю заваліла вокны, як снегам.
Напэўна, падалося. Шчыльней захінулася ў кажух, паспрабавала заснуць.
Тук-тук – пастукалі яшчэ. І жаночы голас паклікаў:
– Аліна!
Мо, то да Алены? Прыйшлі замовіць дыван. Але чаму ноччу?
І зноў: тук-тук. Ды іншы голас, дзявочы, пазваў:
– Лідачка!
А першы спяваў: