З тым злосным гонарам ён пакінуў хату.
Толькі тады ўсе ў вобміг вока сцямілі, што былі нібыта зачараваныя і ні на каліўца не запярэчылі затрыманню Вайніслава. Спадары Драбышэўскі, Ляхоўскі ды мой дзядулечка, апамятаўшыся, выбеглі на падворак, але нікога не засталі. Сяляне здзіўлена паціскалі плячыма і казалі, што наагул нікога тут не бачылі, а пагатоў паліцэйскіх саняў. Ірэна выскачыла на двор ды закрычала без асаблівага стрымлівання эмоцыяў. Рэха ейнага ляманту рэзала вуха, і слязой роспачы аздобіўся мой сумны твар. Хто забраў Славачку?
Доктар Акімовіч-Загорскі параіў збянтэжанай грамадзе ўсё ж зладзіць пагоню ды хоць бы спраўдзіць: а) ці быў сп. Боўт сапраўды затрыманы? б) ці быў сп. Боўт затрыманы сапраўды? в) ці быў сапраўды затрыманы сп. Боўт? Такі рэбус нашых мужчынаў раз’юшыў, але яны volens nolens паслухаліся парады. Драбышэўскі, Абуховіч ды небарака Аляксандраў рушылі на санях у бок Менску. У хаце заваладарыла трудлівае маўчанне. Нехта з жанчынак урэшце не вытрываў, зацягнуўшы тужлівую народную песню аб падзеях даўніх год. Песня проста вымала сэрца:
Мне захацелася малака. Спадарыня Цюндзявіцкая, спаслаўшыся на багаты досвед сваёй маці, параіла мне мятавага ўзвару.
– Дзе ж я цяперака знайду таго ўзвару? – з усімі прыкметамі пачынання істэрыкі запытала я.
– Ну то хоць малітву ўчыніць, крыж пацалаваць… – перапараіла яна.
Я суцішылася і зрабіла тое моўчкі.
Спадар Дарэўскі, адклаўшы дуду ў бок, узяўся распавядаць чыста жахлівую гісторыю з багатае скарбніцы крывіцкага народа. Дык жа. У адным сяле жыў хлопец. Звычайна сабе хлопец Міхалка. З бацькамі на зямельцы роднай працаваў. А як што пан у іх добры і справядлівы быў, то мела сям’я сякі-такі прыбытак, што волю сынку купіць змаглі. То і вырашыў Міхалка ў свет выправіцца. Не проста глянуць на яго, а вывучыцца і стацца гэтым самым светам. І рушыў, дарма што зіма-завіруха і крывавы твар Каіна ў начным небе. Прыйшоў у горад ды ў карчму адразу (грашэй жа сіла за пазухай было). П’е, балюе. Люд гуляцкі слухае. Аж дзеўка да яго якаясь падсела. Папрасіла ў карчмара пранцускае патравы (з наскага, аднак, гароха) ды ціха спытала ў Міхалкі: «Можа, што пачуў ты ў завейнай цішы?». Ён маўчаў, слухаючы спевы красуні-мяцеліцы, што бушавала за вакном. Голас зачуў спаміж хваласпеваў снежных. Нехта казаў, што яна не жыве. Пра што вялося, Міхалка не ведаў. І хто казаў? Дзеўка ўсміхнулася і мовіла хлопцу: «Гэта твой грэх, твой найвялікшы грэх. Не катуй мяне». Міхалкавы рукі самі сабою памкнуліся да яе, яны скочылі разам у бок і ўзяліся танчыць нібы аўстрыякі. Толькі агонь палыхаў у сярэдзіне, і плаўная думка аб жарсці апаноўвала глузд. Піва. Нягож гэта піва так скалыхнула яго? І што ён тут робіць? Адкуль тыя рухі і слодыч ад іх? Міхалка не чуў анікога, толькі яе ды голас, каторы гучаў з-за снега. Дзеўка ўтрапёна пяяла пра княжацкі сад, пра салодкія грушы ды пра струны скураныя на гуслях. Голас шаптаў, што яна не жыве. І святло невыцерпна зыркае пераняло на хвілю зрок Міхалкі, а потым з’явіўся змрок… Ачомаўся хлопец у снежным сумёце, горнучы да сябе гурму чалавечых касцей – няйначай старых, быццам тыя, што пан іхны колісь з-пад валатоўкі дастаў. Паглянуў Міхалка навокал – чорна-белае поле, бо снег, хоць і моцны, не здолеў акрыць усёй чарнаты, і косткі паўсюль вытыркаюцца на паверхню. Мёртвы горад. Пералякаўся дзяцюк, утаропіўся перад сабою і каля блізкага чэрапа згледзіў медальён. Узяў яго асцярожна ды прачытаў ледзь прыкметныя словы: «Яна не жыве». Узножыў тады Міхалка і рушыў прэч з той мясціны. У сэрцы ляжала туга. Нячыста было на душы. Ні шэлега ў кішэні. У галаве толькі думка – трэба вяртацца дамоў… Хлапец закрычаў, што меў сілы, у несціханы снег: «Яна жыве!!!».
Ніхто не наважваўся перарваць цішыню, што лягла ў хаце пасля заканчэння гісторыі. Шум за шыбкамі прыбраў агульнае здраньцвенне, але не дадаў супакою. Я агледзіла, што пані Каміла крадком змахвала слязінкі. А выглядала ж на самую стойкую і стрыманую. Мужчыны вярнуліся без Вайніслава. Павел моўчкі прыгарнуў мяне. Чэслаў Драбышэўскі развёў рукамі і сказаў, што ані знаку ліхіх візітоўцаў і спадара Баўта не адшукалі. Абуховіч рэкнуў штось недарэчнае пра віленскіх ваўкалакаў і казаў наліць яму гарэлкі.
– Маю спадзеў, – звярнулася да яго Ірэна, – што гэты кілішак вы п’яце не за спакой душы Вайніслава?
– Я разумею: арда ёсць ардою. Але ж не стануць яны яго вось так проста без дай прычыны расстрэльваць. Дзевятнаццатае стагоддзе ўсё-ткі на дварэ! – не ў лад адказаў той.
– Страх займае нам мову, – падвёў рысу доктар Загорскі.
Сумныя і збянтэжаныя мы вярнуліся ў Менск. На Цярэшку бяда стала… Няўжо Славу кінулі ў вязніцу?
Чароўнай гарой маіх жаданняў па вяртанні ў Менск было жаданне хутчэй схавацца пад коўдру і заснуць, забыўшыся ўсіх бед. Сапраўды, сон прыйшоў надзвычай хутка і быў абсалютова бесклапотным, каб не высненыя пад канец рымскія прыручоныя каменыя шэршні. Менавіта так і прыснілася. Што мяне магло нітаваць з Рымам? Нічога. «Усе дарогі вядуць у Рым, – пракаментаваў маю начную відзежу Павел і дадаў, – але, на жаль, апошнім часам усё часцей у трэці…». Хаця той кляты Трэці Рым і не быў сталіцаю імперыі, маскалі ўпорыста лічылі яго сэрцам сваёй дзяржавы. Гэта яны імкнуліся і нам накінуць, дык я па наіўнасці лічыла сябе расейкай заходняй, або беларуска-крывіцкай, галіны. Гэта цяпер я – мякка гаворачы, паджылая дама без сабачкі, але з вялізным жыццёвым досведам – маю выразную перакананасць, што паходжу з даўняе беларускае мяшчанскае фаміліі, абмаскаленай да неймавернасці. Кепска, пане Грыгоры, што далей, то горай.
Спадар Драбышэўскі не прамінуў звярнуцца ў менскія паліцэйскія часткі, каб выясніць лёс Вайніслава. Бедны Чэслаў так нічагуські і не выхадзіў, бо ўсюдых яму адным знакам цвердзілі, што «ніякіх баўтоў» у ноч на сёмага не забіралі. Яны ж з Вайніславам напэўна былі някепскімі таварышамі. Міжсобку дзяліліся рознымі цікавінкамі. Я помню, што Чэслаў (а па-сяброўску – Чэсь) збіраў і апрацоўваў матар’ялы па народнай астраноміі, пісаў кнігу «Крывічанскае звяздарства». А мой Аляксандраў, праўда, нашэптваў мне свае неўразуменні з той нагоды: «Неяк дзіўна стасуецца яго крывіччына з ягонымі ж яцьвягскімі элементамі ў гаворцы». Я з такіх словаў дзіву давалася мала, бо вельмі захаплялася ўсімі гэтымі планідамі, зоркамі і сузор’ямі, якія ў вуснах Чэся ставаліся Чагірамі і Мілавіцамі, Сітніцамі і Вазáмі, Кічагамі і Вайсковымі Станамі. Калі б я не ўлялюшчылася ў Вайніслава, то верагодна ўтрэскалася б у Чэся. Але па-праўдзе я пытаю сябе: ці не знік бы тады Чэсь гэтак жа, як прапаў мой раскаханы Славачка? Я ўзнімала свой пракудны голаў ды тупа зерыла ў студзеньскае неба. Зорны Кол калоў вока. Ваўчынае Вока ледзьве ліпела. Маўчала Нявеста, чыя я нявеста. Знічкі ляцелі, нібы абрывалася сэрца. Дзесьці далёка хвасты распушчалі мётлы-каметы, каб праз соткі гадоў аб’явіцца тут – па-над намі. “Іншыя людзі. Ці ходзяць яны па планідах? Ці церпяць ад болю кахання. Як мы?” – пыталася я. Адказу не было.
Чамусьці мы ўсе тады забыліся пра Славачкіну кантору. Узгадаў пра яе наш шаноўны доктар Загорскі. Ён завітаў туды, дзе яму адразу ж з ласкавым раздраженнем паведамілі, што спадар Боўт сваім коштам узяў сабе вакацыі і з’ехаў у Маларосію. О, мілы, чытачу, каб жа ты бачыў нашыя вочы пасля таго, як нашыя вушы пачулі тую навіну! Мы борздзенька рвануліся на кватэру «прапалага героя» (адрас таксама доктар выцыганіў) у доме на Стара-Віленскай. Гаспадыня нас сустрэла абыякава. Гаварыла, здаецца, па-беларуску, але неяк дзіўна і да таго ж абрывіста, з паўзамі. Яна паясніла, што язык ня толькі да Вільні, але й да Кіева дапытаць здатны. Шырэй ад сусвету раскінулася нашае здзіўленне. Не паддавалася розуму, чаму Вайніслаў нічога нікому не сказаў, і што ўрэшце такое адбылося ў Лошыцы на Цярэшку? Спектакль? Але дзеля чаго? Гаспадыня перарвала нашыя тлумныя перагляды:
– А вашэцю, чы не Наталяю клічуць?
– Але, – ледзь чутно адказала я, адчуваючы нейкую ўтоеную небяспеку, што раптоўна паўставала сваёй явай.
– Клыкоўская?
– Так, – сказала я яшчэ цішэй, чакаючы самага горшага, бо позірк Паўла пляжыў літаральна кожную маю вузачку.
– То для вашэці маю ліста, – жанчына нават усміхнулася, наўмысля робячы мне такое вось паскудства. Я у момант узненавідзела гэтую саву і ейны няпэўны ўзрост, які мог не замінаць ёй быць з Вайніславам не проста гаспадыняй кватэры, але і сябрыхай дзён яго суворых у самым непрыстойным разуменні гэтых пушкінскіх радкоў. Совы заўжды ўдаюць нешта іншае. Зрэшты, хто ж не без бервяна ўваччу? Але ўсё адно…[5]
Павел Аляксандраў гатовы быў мяне з’есці без сыру і маянезу, аднак прысутнасць доктара Мечыслава не дазваляла гэта ўчыніць. Мы зайшлі ў шынок (можа «Красны»), дзе я нарэшце распячатала пасланне ад Вайніслава. Мне дужа не хацелася зачытваць яго ўголас, і мае кампаньёны, на дзіва, далі магчымасць прачытаць вестачку вачыма. Змест я памятаю дасканала да сёння, бо ліст захоўвала цягам чвэрці стагоддзя, пакуль яго не скраў якісь злодзей разам з куфэркам маіх каштоўнасцяў.
Я досыць непрыстойна ўсміхнулася. Загадак не паменела. Павнл не вытрываў-ткі і пераняў у мяне аркуш. Акурат прынеслі каўку і я мерна піла, назіраючы метамарфозы твару майго нарачэнага.
– Ну знаеш, Наталечка, гэта ўжо занадта, – прасіпеў ён.
– Што-о? – паспяшалася я пашыцца ў дурніцы.
– Якая такая тайна з адмарожанай шыбкай? – абсалютова траціў раўнавагу Аляксандраў.
– Табе лепей відаць, – нахабна кінула я. – Ты ж з ім больш знаўся. А гэта выяўна нейкі рэбус: і золата, і вакно, і лічба года, і тое, што ліст адрасаваны менавіта мне, а не табе, спадару Мечыславу ці Ірэне Галавацкай.
Павел у момант асекся.
– Зірнеце вы, Мечыславе, – падаў ён пасланне доктару.
– О, без сумневу загадка! – усклікнуў ён.
[5] Прагал у тэксце (зацем С. Б.).