– А што тады ў святле вашых смелых думак застаецца з вешчым песняром? Ён таксама прыдуманы манастырскім містыфікатарам?
Вайніслаў у чарговы раз усміхнуўся, зрабіў заўвагу наконт асабліасцяў успрыняцця прамоўленага ды толькі тады адказаў на пастаўленыя запыты.
– Баян – мітычная істасць. Я не паўзяўся б казаць пра ягоную менскую аселасць, але з землямі крывічоў яго вобраз безумоўна знітаваны. Гэта толькі шляхецкія надуцькі з ХVІ стагоддзя свае радаводы сталі весці ад фараонаў ды палямонаў, а то нават і ад часоў усясветнае паводкі. Вось жа век дзевятнаццаты, і чорт рогі паламае – хто мы такія насамрэч ёсць? Палякі, ліцьвіны, беларусы, крывічы, рускія… Напрыклад нейкі пан тутэйшы заве сябе палякам. Хто тады яму ягоныя сяляне? Палякі? Не! Ён назаве іх як заўгодна, але ня гэтак, як мянуе сябе. Ён паранейшаму адасоблены. Ён усё яшчэ плёскаецца ў рымскіх хвалях ці коціцца сармацкай каляінай. Хаця зрэдку бывае запіша якую chłopsku piosenku дый носіцца з ёю, як Піліпка з пантоплямі: «Глядзіце, я ж таксама даследнік!».
– Вайніславе, але ці можна пра Баяна? – нецярпліва настойваў мой мілы.
– Ну дык вось, сяляне лічаць, што продкам усяго людства нашага краю быў чалавек па імені Бай або Бой. Пра яго аж дасюль ходзяць легенды. А гутарнікі, накшталт Піліпа Смурага, цэлае радаводнае дрэва ад Бая вымалёўваюць. Сугучча з Баянам відавочнае. У Слове Баян названы ўнукам Сварога, то можна яго залічыць у пантэон язычніцкіх багоў гэтага краю. Бог слова, спеваў, паэзіі. Мы яшчэ будзем дзве сотні год запісваць народныя творы, а потым яшчэ год трыста будзем іх асэнсоўваць. Калі, канечне, людцы не вынайдуць якіх-кольвек штучных мазгоў, якія будуць думаць і вырашаць у 366 і болей разоў хутчэй за нас нягеглых.
Калі мы развітваліся, Павел горача падзякаваў Вайніславу, запрашаючы не прамінаць наступных сустрэчаў. Той ізноўку чароўна ўсміхнуўся і паабяцаў прынесці узор сучаснага крыўскага верша. Зыходзячы, ён неўпрыцям прамовіў: «Я думаю, што, акром уяўленняў пра Бая існавалі ўяўленні і аб ягоным антыподзе, якога называлі Бабаем. Цяпер гэтым імем пужаюць малых». Гэтая рэмарка ўканец дабіла Паўлушу, і пасля зыходу госця, мой мілы прызнаўся, што даўно ў яго свядомасці не адбывалася столькі многа змен за такі кароткі час. Але гэта быў клопат майго нарачэнага. Мне ж не давалі спакою ўсмешка спадара Вайніслава і ягоны адметны позірк, перад якім я пачувалася яшчэ больш скаванаю, чым перад камерай Дагера. Толькі ж я гнала таковыя думкі ў самыя далёкія закуточкі майго розуму.
Мой менскі быт цягнуўся далей. Для сваіх пансіянарак я сталася сапраўднаю любімкаю, і не адна з іх прыходзіла да мяне за нейкай жыццёвай парадай, якую мне было даваць зусім няпроста. Я ж сама не так даўно была дзяўчынкай, бачыўшы свет ружовым і бесклапотным, хаця часамі чытала нештачкі не вельмі вясёлкавае. Дык жа даводзілася зазвычай прасіць у арупленых навучэнак часу на роздум, а самой гутарыць дома з Серафімай Паўлаўнай. Хросная, як ніхто, зналася ўва многіх нюансах жыццёвых сцежак-дарожак і выдавала такія рэцэпты, якія ўяўляліся бездакорнымі. Пансіянаркі былі ад тых парад у захапленні і дзячылі, як толькі ўмелі. Вось толькі спадарыня Шрэйдар, каторая ўчула пра мае кансультацыі, троху ўзвар’явалася. Я нават мусіла з’ясняцца з ёй крыху на гэты конт. На дзіва, мне пашчасціла пераканаць гаспадыню ў карыснасці сумоўяў з навучэнкамі. З хітраю ўсмешкаю яна пахітала галавою ды ў сваёй звыклай манеры спытала: «Когда już Fräulen hat свой свадьба?».
Шлюб мы вырашылі перанесці на лета. Бацька Паўла ўфундаваў пабудову дома для нас на Ляхаўскай Слабодцы. Дом наш меўся быць выгодным і прыгожым, але на status палаца не прэтэндаваў. Я кахала Паўлушу. Але ніяк не магла даўмецца, чаму ён такі таварыскі і вясёлы ў грамадзе, са мной сам-насам неаднакроць гуляў у маўчанку. Балазе, што хоць не піў багата. Алкаголю, апроч хіба champagne ці дабрэннага віна, я не цярпела. Зрэшты, які ж мужчына ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя стаў бы слухаць ушчуванні жанкі? Павел слухаў. Незаўсёды. А гэта «незаўсёды» было нярэдкім. Частым.
Анансаваўшы прыйсцё цікавага спадара, мой нарачэны назапрашаў на чарговую пятніцу плойму людзей, што калі-нікалі завітвалі на тыя сустрэчы. Ведаючы небяспеку даваць гэткім raendvous пэўную назву (можна было выклікаць такім чынам падозранні з боку ўладаў), Паўлуша толькі для сябе і мяне стаў зваць свой гурток «Дасканалы Крывіч». Я не была з ім згодная, бо ад назвы патыхала франмазоншчынай. Не скажу, што была ў тым адмыслоўкай. Проста мела нагоду прачытаць у Каніскага пра масонскае выхаванне – секлі правінных яловымі венікамі і прымаўлялі: «Любы мой браце, вазьмі наша пацалаванне». Але тое было яшчэ за часы Кацярыны Вялікай. Пра нашых жа сучаснікаў хадзілі цьмяныя чуткі і даляталі гучныя найменні – «Дасканалае Задзіночанне», «Гарлівы Ліцьвін», «Добры Пастыр» et cetera. Былі ў іх і свае літары. Выпадкам знаю, што такі вось нямудрагелісты надпіс азначае «люблю»:
Ці ж мой мілы збіраўся ўдаваць усё тое самае? Наўрад ці.
Аднак вернемся да нашых баранкаў. Павел запрасіў архіварыуса Людвіка Ляхоўскага і каморніка Вікента Скавыша, канцылярскага служку без чыну Чэслава Драбышэўскага, хатнюю настаўніцу польскае літаратуры Камілу Свентаржэцкую, актрысу і спявачку Ірэну Галавацкую, доктара медыцыны Мечыслава Акімовіча-Загорскага ды яшчэ колькіх чалавек, чые імёны сённейка дзеля спарахнеласці памяці я прыгадаць не здолею. Паўлуша не толькі хацеў уразіць гасціну, але і атрымаць магчымасць паспрабаваць хоць бы гуртам запярэчыць Вайніславу. Ён знемагаў ад чакання і нават мяне цалаваў зусім не так жарсна, як бывала раней.
Але сёмага лістапада выявілася страшэнная для Менска навіна: на адной з вулак Татарскага канца, мала не ля мячэта, было знойдзена бездыханнае цела дзяўчыны. Адразу панеслася пагалоска на ўсю вёску (хаця Менск усё ж вёскаю не быў, прынамсі – не зусім вёскаю). Адны гаварылі, што то была пакаёўка спадарства Д-скіх, якую мардэрца насамперш згвалціў, а потым задушыў. Іншыя цвердзілі, што забітая служыла чалядкай у паноў А-няў, якую злачынец задушыў спачатку, а гвалт цялесны ўчыніў пасля. Так ці не, але я была ў захвіцэнні, як і маса менскіх жанчынаў без увагі на іх сацыяльнае становішча. Паліцыя ж, каб суняць залішнія плёткі і пострах сярод гараджан, абвесціла аб затрыманні падазронага на тым паскудстве мужчыны… З усяго гэтага здавалася, што чарговая сустрэча «Дасканалага Крывіча» міжволі тэматычна прадвызначана, і новы чалавек не станецца сенсацыяй. Павел дужа засмуціўся, але мусіў змірыцца з той відавочнай акалічнасцю.
Сапраўды, размовы кожнага з гасцей пачыналіся з агучвання факта забойства пакаёўкі. Мала хто пільнаваўся няпісанага правіла гэтых сустрэчаў – гутарыць па-беларуску. Таму прамаўлялі сабе бальшынёй па-польску і па-расейску, а нехта станаўко ўхіляўся ў пінскія гаворкі. Завітаў урэшце і спадар Вайніслаў Боўт. З прытомнай публікі, як высветлілася, яго троху зналі пані Каміла і спадар Чэслаў. Пры чым мне не надта спадабалася, як у Камілы блішчэлі вочы ад пагляда на Вайніслава. Павел адразу ж узяў рэй у тым, каб расшаволькаць «сэнсацыйную персону» і натуральна зачапіў тэму менскага здарэння.
– Мяне бянтэжыць, – пачаў госць, – такая рэч, што труп ляжаў каля магаметанскае бажніцы. А прамоўленае намі тутака тыдзень таму слова без увагі на яўную нутраную сваю славянскасць, вонкава выдае на татаршчыну.
– Бабай?! – выгукнула я.
– Сказана, як звязана.
Я не зразумела гэтай послаўкі і крыху пакрыўдзілася, але потым дапяла, што крыўдавала дарэмна. Для ўсіх Павел пераказаў самую істу праблемы і з цікаўным позіркам папрасіў у спадара Вайніслава ўдакладненняў:
– І што?
– Нічога асаблівага. Проста гэта тхне містыкаю. Я вельмі хачу абмыліцца, але баюся, што небарачку тую забіў Бабай.
– Дазвольце, – падняў руку спадар Чэслаў Драбышэўскі. – Гэта мне падаецца якімсьці вар’яцтвам. Які Бабай? Пры чым тут Бабай? Нейкая містычная істасць прыходзіць, каб забіваць?
– Менавіта так, – адказаў Боўт. – Гістарычны цэнтар Менску незвычайнае месца. Асабліва Няміга. Падаецца там тысячагоддзямі таілася зло. Я не ведаю, што там дакладна: уваход у апраметную ці пачвара на ланцугу нашых дабрамыснасцяў…
– Не, – перабіў яго Вікент Скавыш, – уваход у апраметную ляжыць ля Чачэрску. Адназначна.
– Магчыма, – усміхнуўся прамоўца. – Не патраплю запярэчыць. Але зло і Няміга – браты-блізнюкі. Наплачуцца мянчане яшчэ з гэтай Нямігай.
– Але, спадару Вайніславе, – выгукнула спадарыня Галавацкая, – на чым грунтуюцца гэныя вашы праракаванні? І я магу сказаць, напрыклад, што праз 129 гадкоў тут усё палыном зарасце, а праз 143 гады які-небудзь Курск патоне ў ледзяной вадзе. Хто мне паверыць? Смешна.
Павел узрадаваўся распачатай спрэчцы. Усе таксама пасміхаліся, бо згадка пра затапленне Курску выглядала дужа пацешнай. Мне ж думалася, ці здолее госць даць прыстойны адказ.
– Шаноўная спадарыня, – працягнуў ён. – Я менш за ўсё хочу быць прарокам. Што занадта, знаеце, то нездарова. Я проста адчуваю злобнасць тае мясціны, як бы адчуваў боль у разбітым калене ці паламанай руцэ. Гэта не ёсць адчуваннем фізічным. Гэта штось інтуітыўнае. Дарэчы. Ніхто не можа гарантаваць, што названыя вамі толькі што падзеі сапраўды не адбудуцца. Разумееце?
Усе чамусьці змоўклі. Відавочна Вайніслаў гаварыў незусім гэткімі словамі, але сэнс іх быў прыблізна такі. Я зноўку набралася смеласці (мая тагачасная сарамяжнасць!) і запытала:
– Мінулым разам вы абяцалі прынесці нейкі верш, ці не так? – фраза відавочна была для мяне даўгаватай.
– Ці ж я мог падмануць такую чароўную спадарыню? – выразныя залёсткі мяне збянтэжылі і загналі ў чырвань. Павел скоса зірнуў на Вайніслава. Той жа дастаў з кішэні колькі аркушоў, спісаных дробнымі літарамі, у якіх не пазнаваліся ні кірыліца, ні лацінка. Хаця апошняе, магчыма, мая пазнейшая дадумка, бо насамрэч па блізарукасці я нічога там разгледзіць не магла. Чамусьці я тады захвалявалася, будучы пэўнай, што прагучыць нештачка зусім адметнае, а не якоесьці там «Вясна гола перапала…». Падмануцца з такім чалавекам было цяжка. Верш быў пра каханне. Я і цяпер, праўда небеспахібна, магу ўзгадаць пару-другую радкоў: