Я паўтарыў свой расказ аб начным здарэнні, але на гэты раз касірка мне, відаць, не паверыла.
– Нарэшце не цяжка ўявіць, мадам, што гэта – памылка, жахлівае непаразуменне… Што яна падумае? Яна была ў вялікім адчаі, калі я яе сустрэў… І вось прывёў яе сюды, пакінуў з гэтым фальшывым білетам, і ваш калідорны яе выгнаў, вытурыў… Ах! Разбіла ёй сэрца людская лютасць! У тым стане, у якім яна была, усё магчыма… нават самагубства…
Дарэмныя спрэчкі. Трэба было дзейнічаць. Я памчаўся ў Цэнтральны паліцэйскі ўчастак, дзе ў мяне быў знаёмы адзін высокапастаўлены кіраўнік – Мелвенэй. Ён выслухаў маё паведамленне з раўнадушнасцю чыноўніка, які ўсё ведае і да ўсяго прывык, але мігам падняў па трывозе паліцэйскія машыны ў квартале блізкім да моста. Вы ведаеце – у Ню-Ёрку безліч радыёфікаваных аўтамабіляў з узброенымі дэтэктывамі, якія трымаюць сталую сувязь з цэнтрам. Адказы паступалі адмоўныя. Гэтай жанчыны ніхто не бачыў.
– Зрэшты, гэта нічога не даказвае, – растлумачыў Мелвенэй. – Мною раскрыта нямала бясшумных самагубстваў. Заўтра ў нас будуць весткі ад рачной паліцыі.
Я адразу ж паехаў да Мірыям. Яна яшчэ спала. Пабудзіў і пачаў упікаць. Яна доўга смяялася.
– Праўда, гэта я. Але выпадкова… Раскрыўшы сумачку, каб ад шчырага сэрца даць вам тое, што вы прасілі, я заўважыла рэкламны білет, які мне падсунулі ў краме і які я чамусьці захавала. Я ўявіла сабе вашу разгубленасць, калі шафёр адмовіцца ўзяць гэту пустышку. Я лічыла, што жарт мой зусім бяскрыўдны, паколькі ў сваім гатэлі вы маглі пазычыць грошай у швейцара… Мне і ў галаву не прыходзіла, што вы надумаецеся сярод ночы выконваць ролю вандроўнага рыцара.
Праз тры дні Мелвенэй паведаміў мне па тэлефоне, што труп няшчаснай знойдзены ў водах Іст-Рывера. Следства так нічога і не выявіла. Ні адна з зарэгістраваных жанчын, што бясследна прапалі ў Ню-Ёрку і наваколлі, не была на яе падобна. Ніхто яе не апазнаў. Ні адна сям'я, ні адзін мужчына не прад'явілі прэтэнзій. Я і цяпер не разумею, як магла дзяўчына такой рэдкай прыгажосці расстацца са светам, не пакінуўшы пасля сябе ні жалю, ні смутку.
Мірыям і я, абое мы, прысутнічалі на пахаванні няшчаснай. Мы адчувалі, яна і я, што нейкім чынам адказваем за гэта, хоць непасрэднай віны за намі і не было. Мірыям дазволіла ў адносінах да свайго сябра нявінны жарт. А я прабаваў, можа, і з пэўным разлікам, але без ліхіх думак, выратаваць гэту дзяўчыну. Сістэма перадач фатальнай машыны, прыведзеная намі ў рух, з няўхільнай дакладнасцю прывяла няшчасную да гібелі. Суладжанасць выключная: адзін даляр, які мне дала Мірыям… адзін даляр за нумар у гатэлі… адзін даляр, які выратаваў бы жыццё і, магчыма, перайначыў бы маё…
– Будуць гаварыць, – сказала Мірыям, калі мы пакідалі могільнік, – будуць гаварыць…
– Што?
– Нічога. Я так…
І я падумаў тады, што яна ўспомніла пра бязлітасны лёс і пра кароткае наша жыццё ў гэтым дзіўным свеце.
Падарожжа ў нябыт
Я болей не мог ні варушыцца, ні гаварыць. Маё цела, мой язык, мае павекі не падпарадкоўваліся маёй волі, і, хоць вочы мае былі расплюшчаны, я нічога не бачыў, апроч светлай імглы, у якой скакалі бліскучыя кропкі, як пылінкі ў промені сонца. Я адчуваў, што маё існаванне канчаецца. Аднак я нешта яшчэ чуў. Гучанне слоў да мяне даплывала невыразна, гэта быў хутчэй шэпт, чым гутарка, але галасы я пазнаваў. Я ведаў, што каля майго ложка былі доктар Галцье, які лячыў нас (свой вясковы акцэнт ён змякчаў, як мог), другі доктар, аўтарытэтны тон якога біў, як молатам, па маіх напятых нервах, і Данаціна, мая жонка. Яна стрымлівала рыданні і, задыхаючыся, пытала ў дактароў:
– Ён пры памяці?
– Не, мадам, – адказаў незнаёмы доктар. – Напэўна, не. Ён нават больш не трызніць. Каматозны стан. Гадзіна альбо некалькі хвілін, і ўсё.
– А можа, – нясмела прапанаваў Галцье грубаватым голасам, – як вы думаеце, можа, зрабіць укол?..
– Навошта мучыць няшчаснага? – запярэчыў кансультант. – У яго ўзросце, дарагі калега, падобны шок не дасць вынікаў… Пеніцылін быў нашай апошняй надзеяй. Але ён не даў належнага эфекту. Ніякіх іншых сродкаў, на жаль, няма.
– А можа, як вы думаеце, – пачціва прамовіў Галцье, – арганізм пацыента – фактар не менш важны, чым яго ўзрост? Месяц назад я аглядаў яго, перад самым запаленнем лёгкіх… Сэрца ў яго і ціск, як у маладога.
– Толькі на выгляд, – заўважыў прафесар. – Толькі на выгляд… Хочацца гэтаму верыць… Але ўзрост ёсць узрост.
– Ды не, прафесар! – ледзь не крыкнула Данаціна. – Мой муж быў малады, зусім малады.
– Ён лічыў сябе маладым, мадам, а ілюзіі – гэта самае небяспечнае… Вы павінны адпачыць, мадам. Я абсалютна ўпэўнены, што ён вас не бачыць. Сядзелка вас пакліча, калі што…
Рыданне Данаціны, яе крык разарвалі на момант імглістую заслону, і мне здалося, што здалёку бліснулі яе вочы, як агеньчык на беразе ахутанай туманам ракі. І тут жа згаслі… Галасы змоўклі, і я застаўся адзін у магільнай цішыні. Колькі часу прайшло? Не ведаю. Туга сціскала мяне ўсё мацней і мацней, і, калі стала зусім нясцерпнай, я раптам надумаўся падняцца. Некалькі разоў прабаваў паклікаць сядзелку, але яна не прыйшла. І тады я закрычаў: «Данаціна».
Мая жонка не адазвалася.
«Пайду яе шукаць», – вырашыў я.
Як я здагадаўся, што магу варушыцца, апусціць на дол свае худыя ногі, хадзіць? Помню толькі, што быў перакананы ў гэтым, і не без падставы, бо падняўся лёгка і пайшоў праз густы малочны туман адразу да адзежнай шафы. Але не паспеў я дакрануцца да яе дзверцаў, як, дзіўная рэч, намацаў на сваім целе вопратку. Я пазнаў варсістае паліто, купленае ў Лондане для падарожжаў у ліхое надвор'е. Нахіліўшыся, я ўбачыў, што абуты і стаю не на паркетнай падлозе, а на нейкім няроўным бруку. Якім чынам я, будучы непрытомным, як лунацік, злез з ложка, адзеўся, абуўся і пакінуў дом? Я быў занадта ўсхваляваны, каб паглыбляцца ў роздум. Але самае дзівоснае было тое, што я не паміраў, нават не быў хворы. І што гэта за горад? Парыж? Малочны туман з жаўтаватым адценнем хутчэй уласцівы Лондану. Засланяючы рукамі твар, каб не наткнуцца на нябачную перашкоду, я зрабіў некалькі крокаў, прабуючы дабрацца да якой-небудзь сцяны. Здалёку раз-пораз даносілася велічнае завыванне параходных сірэн. Вецер быў моцны і салёны, нібы дзьмуў з акіяна. Што гэта за порт?
– Гэй! Там! Зважай, куды ідзеш!..
– Даруйце! – адказаў я. – Я нічога не бачу… Дзе я знаходжуся?
Чалавек трымаў вялікі электрычны ліхтар. Ён павярнуў святло спачатку на мяне, потым на сябе, і я заўважыў, што ён апрануты ў форму, але з выгляду ён не быў падобен ні на французскага агента паліцыі, ні на ангельскага палісмена. Яго куртка хутчэй нагадвала форму пілотаў амерыканскіх ліній. Ён узяў мяне моцна, але не груба за плячо і павярнуў налева.
– Ідзіце прама ў гэтым кірунку, – сказаў ён, – і выйдзеце на пляцоўку.