Яна засмяялася, але, схамянуўшыся, зноў напусціла на сябе смутак.
– Так, так! Бедны Антуан… Ён быў надзвычай раўнівы… Упэўненая ў сваёй вернасці, часам я жартавала з агнём. Мой муж злаваўся; я гэтак жа не давала спуску. Шкадую, што парой крыўдзіла яго… Але часта ён сам быў вінаваты.
Раптам, у парыве раскаяння, зірнула на Эцьена са страхам, спадзяваннем і любоўю.
– Божа мой, нашто я вам гэта гавару? Забудзьце… Гэты дзівосны вечар абуджае давер'е, нават рызыкоўнае… Мне так быў патрэбен, – прамовіла яна з адчаем, – гэтакі вечар, каб ён быў тут… са мною…
У цемнаце пацяклі слёзы. Яна адвярнулася і выцерла вочы.
– Урэшце я маладая, зусім маладая, і жыццё маё скончана… Я самая няшчасная з жанчын.
Эцьен дакрануўся да яе рукі:
– Не, няпраўда, што для вас усё скончана… Жыццё не такое… Вясна вяртаецца… На кожную пару – свае кветкі… Аддавацца цалкам мінуламу – шкодна для здароўя і неразумна. Гэта значыць, пазбаўляць успаміны іх гуманістычнай сутнасці. Толькі так. Бо іх прызначэнне – падтрымліваць нас у жыцці, а не перашкаджаць нам, умацоўваць наш дух, а не расслабляць яго… Паколькі вы і я, мы абое, былі ў шлюбе шчаслівыя, мы ведаем добра, што гарманічны шлюб магчымы… Вы не верыце?
Яна не адымала рукі, глядзела на яго мокрымі ад слёз вачамі, нібы пыталася, потым заківала галавой:
– Не, я не веру… Сумна не тое, што адчуваеш сум, а тое, што можна і не сумаваць… Я дала слова быць вернай.
– Я таксама! – адказаў ён жорстка. – Вось таму і боль, што любім.
Афіцыянт запытаўся, што падаць на дэсерт. Яна заказала трускалкі з цукрам і перавяла размову на тэмы нейтральныя.
Назаўтра яна з'явілася, як заўсёды, каб разам ехаць на могілкі. Усю дарогу ім было не па сабе. Шафёр папаўся зласлівы і гаваркі, увесь час бурчаў на прахожых, на паліцыю, на пагоду. Паглыбленыя ў свой роздум, яны даўжэй, чым звычайна, затрымаліся каля магіл. Выйшаўшы з алеі, яны прайшлі каля кучы камення – міма разбітых абеліскаў і пліт, дзе яшчэ можна было прачытаць: «Вечная па…», «Дарагой жон…» Габрыела спынілася.
– Гэта ўсё з тых участкаў, якія не даглядаюцца, – сказаў Эцьен. – Калі нябожчыка ніхто не наведвае на працягу пэўнай колькасці год і магіла разбураецца, яе ліквідуюць, каб ачысціць месца для іншых.
– Эцьен, – яна ўпершыню назвала яго па імені. – Як гэта сумна! Мёртвыя, у якіх нікога няма, якіх ніхто не шкадуе, паміраюць яшчэ раз.
Ён узяў яе за руку, і яна прытулілася да яго.
Калі яны вярталіся ў таксі, ён успомніў пра кнігу, якую абяцаў ёй даць, і прапанаваў зайсці да яго. За ўсё іх знаёмства яна толькі цяпер пабачыла яго кватэру. Усюды былі фатаграфіі Люсілі: на сценах, на этажэрцы, на пісьмовым стале.
– Ці адчуваеце вы, што гэты мёртвы дом ажыў з вашым прыходам? – прамовіў Эцьен.
Яна здагадалася, што ён збіраецца прасіць яе стаць яго жонкай, і падумала, што ў пакоі, дзе яўна прысутнічае другая, гэта не зусім зручна.
– Што вы робіце сёння ўвечары? – запытала яна.
– Асаблівых планаў у мяне няма. Хочаце, паабедаем разам?
Яна кіўнула ў знак згоды, працягнула руку, якую ён пацалаваў, і ў момант знікла.
Застаўшыся адна, яна доўга блукала па вуліцы, ані не спяшалася дадому. Усхваляваная, шчаслівая, яна дзівілася, што так прагна хапаецца за жыццё.
«Напэўна, – разважала яна, – Антуан не пажадаў бы, каб у мае гады я адмовілася ад кахання… Ён бы мне параіў выйсці замуж яшчэ раз… Я сама, калі б памерла…»
Усё гэта было правільна, але яна ўжо набыла прывычку хадзіць у жалобе, і, пасля такога кароткага ўдаўства, нялёгка было абвясціць сябрам і радні рашэнне цалкам процілеглае. Што скажа Амелія? Асудзіць, не іначай. Але хіба можна ўвесь век жыць для другіх? Шлюб павінен быць вельмі сціплы, без ніякага шуму, толькі самае неабходнае. Яна ўявіла сабе плацце, якое надзене ў гэты ўрачысты дзень: шэрае, з белым адкрытым каўнерыкам і яшчэ трошкі белага ў поясе, каб было прыгажэй.
Лёс
– Лёс? – сказаў Бландэль. – Не, я не веру ў лёс… ці, больш дакладна, не веру ў тым сэнсе, які надавалі гэтаму слову ў старажытнасці… Я не веру, што нейкая варожая сіла, схаваўшыся за ўсыпанай зоркамі заслонай, вышуквае людзей і рыхтуе ім гібель… Я не веру, што нейкі пякельны механізм, сканструяваны багамі, заўсёды абкружае нас сваімі хітра-мудрымі і жорсткімі спружынамі, якія мы накручваем і прыводзім у рух… Не… Наадварот, я веру, што сусвет абыякавы да ўчынкаў людзей і кожны з нас можа, у пэўнай меры, каваць свой уласны лёс… Такая вера супакойвае… Аднак…
Ён спыніўся і хвілінку падумаў:
– Аднак бывае такі дзіўны збег акалічнасцей… такія цудоўныя супадзенні… спалучэнні падзей, калі ўсё адно да аднаго, зубец да зубца, шасцярня да шасцярні, так дапасавана і з такой няўхільнасцю прыводзіць да катастрофы, што спасылка на выпадковасць не кожнага можа задаволіць. О, я добра ведаю, што з мільярдаў фактаў, сведкамі якіх мы былі, знойдзецца некалькі незвычайных… Тым не менш д'ябальская злашчаснасць гэтых здарэнняў нярэдка можа здзівіць людзей самых далёкіх ад забабоннасці.
Слухайце… Аднойчы ў Ню-Ёрку… Але гэта доўгая гісторыя.