Яна яго падтрымала з запалам:
– Якраз гэта я і адчуваю.
Ён запытаў, ці кожны тыдзень яна прыязджае на таксі.
– Так… у мяне ж кветкі. Калі быў жывы мой чуж, у нас была свая машына, але толькі ён адзін умеў яе вадзіць.
– Я таксама бяру таксі, і па той жа прычыне…
Ён доўга не адважваўся, нарэшце прамовіў ціха і асцярожна:
– Яно, можа… нарэшце… Гэта здасца вам дзіўным, але ж у нас аднолькавы маршрут і той самы дзень… ці не маглі б мы браць таксі адно на дваіх? Я б заязджаў па вас.
– Вельмі далікатна з вашага боку… Але я не хачу, каб Амелія… Бог ведае, што яна падумае, убачыўшы, што я еду разам з вамі.
– А мы зробім наадварот. Таксі возьмеце вы каля свайго дома і заедзеце па мяне. Я вас буду чакаць.
– Гэта ўжо лепш. Але нябожчыкі… Ці згодзяцца яны, ці дазволяць нам?
– А чаму не? Мы ж гэта, каб выканаць наш агульны абавязак. Мы ж іх любім, шануем…
– Я падумаю. Ва ўсякім разе я не дазволю, каб вы плацілі за таксі.
– Ну, гэта можна ўладзіць. Мы падзелім выдаткі, калі нельга іначай.
– Пабачым, – сказала яна. – Вось я і прыехала.
Яна скінула пальчатку і працягнула яму руку, белую, тонкую, з пярсцёнкам на пальцы.
У наступны чацвер яны прыйшлі на могілкі кожны са свайго боку, потым, не дамаўляючыся, сустрэліся на вуліцы, разам дайшлі да стаянкі і селі ў адно таксі. Па дарозе яна сказала: «Я абдумала вашу шчырую прапанову. Мне здаецца, яе можна прыняць. Яно сапраўды неразумна кожны раз плаціць за два таксі. І мне з вамі добра. Праз тыдзень я заеду па вас».
Гэта стала ў іх як абрад. Яна прыязджала на вуліцу Помп з кветкамі на каленях, ён стаяў на ганку з букетам у руцэ. Таксі спынялася, Эцьен садзіўся. Яны вырашылі не даязджаць да брамы могільніка, а выходзіць на рагу, дзе іх не маглі бачыць вартаўнікі. Яны ішлі паасобку, на пэўнай адлегласці, перад гэтым па-змоўніцку шапнуўшы адно аднаму «да скорага пабачэння».
Пасля некалькіх сумесных падарожжаў яны гаварылі ўжо аб усім. Спачатку тэмай для размовы былі кветкі. Абое любілі летнія, асабліва набор палявых – васількі са сцяблінкамі зялёнага аўса. Цяпер яны складалі букеты для сваіх нябожчыкаў, вядома, і, мабыць, крыху для саміх сябе.
Эцьен, які, займаючыся крытыкай, павінен быў многа чытаць, памагаў маладой жанчыне павышаць адукацыю, даставаў і прыносіў ёй патрэбныя кнігі. Калі яна іх аддавала, ён дзівіўся дакладнасці яе тлумачэнняў. Яна была больш сур'ёзная, чым Люсіль. Але, злавіўшы ў сабе гэту думку, ён тут жа папракнуў сябе.
Па ўзаемнай згодзе яны ўсё лета заставаліся ў Парыжы, калі не лічыць кароткатэрміновых паездак да сваякоў у правінцыю. Гадавіна смерці Люсілі прыпадала на ліпень. Яго глыбока кранула, калі на жалобнай імшы ў касцёле ён убачыў у куточку ў апошнім радзе Габрыелу Канстан. Цяпер ён ужо ведаў імя дамы ў чорным.
– Мне не падабаецца гэта імя, – сказала яму Габрыела, – але ў нашай сям'і яно традыцыйнае.
У жніўні, калі стала асабліва горача, яна змяніла колер на чорна-белы.
– Антуан не любіў бачыць мяне ў чорным, – растлумачыла яна, крыху саромеючыся.
Аднаго разу вечарам ён запрасіў яе паабедаць за горадам на вольным паветры.
– Антуан з прыемнасцю абедаў у Булонскім Лесе, там сапраўды цудоўна. Парыж, перамешаны з дрэвамі… Часта, вярнуўшыся з канторы, ён раптоўна прапаноўваў: «Слухай… Хадзем у Лес…» Слаўны быў муж!
– Гэта не вельмі цяжка з такой жанчынай, як вы.
– Чаму?
– А таму, што ў вас ёсць усё: прыгажосць, розум, лагодны характар.
– Не спяшайцеся з вывадамі. Вы мяне не знаеце. Беднаму Антуану я калісьці рабіла жудасныя сцэны.
– Няўжо? Нешта не магу вас уявіць у такой ролі.