– Няма… Ну, гэта не мае значэння. На жаль, у мяне самога на гэты раз мала, усяго адзін даляр. Але гэтага нам якраз хопіць. Вы бачыце: «Ад аднаго даляра і вышэй». Я заплачу за нумар, а заўтра раніцай прыйду і ўладжу ўсё астатняе… Так што, калі хочаце есці альбо яшчэ чаго, не саромейцеся, заказвайце. Я потым разлічуся. Вы згодны? Так і быць.
Я пазваніў у гатэль. Ніхто не адазваўся. Я пазваніў яшчэ раз і яшчэ раз. Нарэшце пачуліся крокі, заляпалі шлапакі, бразнула засаўка, і паказаўся калідорны – рослы, кучаравы дзядзька, які праціраў кулакамі заспаныя вочы. Ён дрэнна гаварыў па-ангельску і зусім не размаўляў на вядомых мне мовах (па-французску і па-італійску), так што мне было вельмі цяжка ўбіць яму што-небудзь у галаву.
– Гэта дзяўчына, – тлумачыў я, – толькі пераначуе. Багажу пры ёй няма. Заўтра раніцай я вярнуся; усе яе выдаткі я аплачу… Магу вам пакінуць у заклад гадзіннік ці яшчэ што… але, думаю, абыдзецца і так… Падазронага тут абсалютна нічога няма, вы самі бачыце… Я ж з ёю не застаюся. Зараз я толькі прашу даць ёй нумар на адну ноч, і вось вам даляр. Вы мяне зразумелі? Мы дамовіліся? Усё ў парадку?..
Я пачаў ужо злавацца на гэтага без'языкага тупіцу. Трэба было паўтараць па некалькі разоў адно і тое ж… Нарэшце ён узяў даляр і адышоў убок, каб прапусціць дзяўчыну. Я не ведаў, чым яе ўцешыць на развітанне. Пад «заслону» трэба было сказаць нешта цёплае, ласкавае, але слоў такіх я не знаходзіў.
– Ну, дык да заўтра… І пастарайцеся заснуць, – прамовіў я паспешліва і працягнуў руку.
Яна схапіла яе і, ажывіўшыся, упершыню загаварыла:
– Вы харошы чалавек.
І хоць, апроч гэтых трох слоў, я ад яе нічога не чуў, у маіх вушах і цяпер яшчэ гучыць яе нізкі пявучы голас. Застаўшыся адзін, я тут жа ўспомніў, што, аддаўшы незнаёмай свой апошні даляр, не маю за што паехаць ні на таксі, ні нават на аўтобусе і да свайго гатэля павінен дабірацца пеша. Дзе ж я быў? 60-я вуліца? 62-я? А папасці мне трэба было ў Ніжні горад, гэта больш за гадзіну хады ў слоту і непагадзь. Але я быў так задаволены сваім мужным учынкам, што рушыў у дарогу ў вясёлым настроі, насвістваючы на бязлюдных вуліцах старадаўнія салдацкія мелодыі. Мабыць, упершыню Мэдзісан-авеню слухала ў гэтую ноч «Бравага артылерыста».
На другі дзень раніцай, калі я прачнуўся, спачатку ў мяне было ўражанне, што ўчарашняя дзіўная прыгода мне проста прыснілася. Пасля некаторай развагі, я прыпомніў усе дэталі начнога здарэння і вырашыў, перш чым адправіцца на работу, заехаць у «Гатэль Берагавы», завезці крыху грошай гэтай таямнічай дзяўчыне і, калі яна шчыра пра ўсё раскажа, заняцца яе справай. Сярод палітычных дзеячаў Ню-Ёрка ў мяне было нямала сяброў… І хто яго ведае? Пачуццё ўдзячнасці…
Гатэль я адшукаў лёгка, каля самага моста. Дзённае святло пазбавіла яго ранейшага крыху падазронага выгляду, як мне тады здалося. За сталом сядзела жанчына, абкладзеная ключамі.
– Выбачайце, – звярнуўся я да яе, – хацеў бы даведацца, як тая маладая асоба, якую я прывёў сюды мінулай ноччу…
Яна зірнула на мяне са здзіўленнем:
– Маладая асоба?
Я растлумачыў і расказаў пра сваю прыгоду. Відаць было, што факты гэтыя для яе навіна.
– Прыблізна гадзіны ў дзве ночы… Вы ж ёй далі нумар… Зусім маладзенькая дзяўчына, без багажу…
– Але ж ніякай адзнакі ў кнігах…
– Як жа так, нарэшце! У вас тут дзяжурыў калідорны, ён нават па-ангельску не ўмее, чарнавалосы, кучаравы.
– А, Стэпан… Ну і што?
– Ён нас прымаў. Паклічце яго.
Яна націснула кнопку, і праз некалькі хвілін з'явіўся калідорны. Убачыўшы мяне, ён вытрашчыў вочы.
– Вы мяне пазналі? – запытаў я.
– Пазнаў, – буркнуў ён злосна.
– Гэтай ноччу я прыходзіў сюды разам з маладой дзяўчынай. Дзе яна?
– Пайшла, – вызверыўся калідорны. – Я яе выгнаў.
– Што? – ускіпеў я. – Вы яе выгналі? Як вы пасмелі! Я заплаціў… Вы не мелі права…
Ён выцягнуў з кішэні паперку і, шпурнуўшы яе мне ў твар, замармытаў:
– А гэта? Маеце права?.. Фальшывы даляр даваць?
– Фальшывы даляр?!.
Я падняў паперку і аслупянеў. Гэта нават не была фальшыўка. Гэта быў адзін з тых білецікаў, дзе на адным баку намаляваны даляр, а на другім – пералік тавараў – рэклама, якую некаторыя крамы раздаюць прахожым на вуліцы. Напэўна, я не разгледзеў яго мінулай ноччу, тым больш, што сагнуты папалам, ён вельмі нагадваў даляр, і ў мяне не было прычыны сумнявацца. А можа, гэты нягоднік яго падмяніў? Але пайсці на такое дробнае жульніцтва было б занадта подла, а гнеў калідорнага быў натуральны… Не… Значыць, работа Мірыям і яе сяброў. Пажартавалі, называецца!.. І гэта няшчасная…
– Куды яна пайшла? – закрычаў я. – Яе трэба абавязкова знайсці. Разумееце, мадам, чалавек гіне!.. Трэба ратаваць жыццё…