– Калі ласка… Знайдзіце хоць які-небудзь шанс. Вы чалавек разумны. Вы ж ведаеце, як мне трэба пасля столькіх пакут перабрацца ў іншы свет. Я стаміўся. Дайце мне спакой. Калі ва мне яшчэ жыве якая-небудзь страсць, дазвольце мне самому патушыць яе, мне памогуць разлука, час… толькі не выкідайце мяне ў гэтыя змрочныя абшары… Не выкідайце.
Пан Франк са спагадай глядзеў на мяне сваімі цяжкімі вачамі, пад якімі віселі пухлыя мяшкі; ён пакручваў у пальцах аловак і нейк дзіўна прыціскаў яго да ніжняй губы.
– Лепш за ўсё вам падыдзе, – прамовіў ён павучальным тонам, – транзітная віза ў Лімб.[3]
– Калі гэта вырашае маю праблему, чаму ж, я згодзен.
– Гэта б вырашала вашу праблему, але, на жаль, ад мяне не залежыць.
– А ад каго залежыць?
– Ад ККК… Камісіі Каматознасцей і Каталепсій.
– О госпадзі! А дзе яна знаходзіцца?
– Невялічкі асобны будынак у паўднёва-заходнім канцы поля.
Ён зірнуў на гадзіннік:
– Але вы не паспееце туды да закрыцця.
– Што ж мне рабіць?
– Вярнуцца ў горад… Прыйсці заўтра.
– У мяне сіл няма.
– Ну так, ну так… Усе вы на гэта спасылаецеся… І будзеце хадзіць дзесяць дзён, дваццаць дзён… Наступны!..
І вось я зноў апынуўся на балоцістай сумнай пляцоўцы, якую агортвалі адразу ноч і туман. Ізноў пачаў шукаць амаль вобмацкам у вільготнай цемры прахадную будку. Ізноў трамвай са скрогатам даставіў мяне ў душны пакой, у якім мігаценне светлавой рэкламы і грукат электрычкі не давалі заснуць. Гэта была жудасная ноч. Абліты потам, я задыхаўся. На світанні ўзяў чамадан і паплёўся на пляцоўку. Я спадзяваўся, што, з'явіўшыся ў такі нялюдскі час, пападу адным з першых. Аднак іншыя пасажыры разважалі гэтак жа, і яшчэ ніколі я не далучаўся да такой даўжэзнай чаргі. Выстаяўшы гадзіны тры і дабраўшыся да будкі, я сказаў вартаўніку тонам бывалага пасажыра:
– Вы мяне ўжо бачылі.
– На які рэйс?
– На аб'яднаны.
Ён мяне прапусціў. Цяпер мне трэба было знайсці кантору ККК. «Паўночна-заходні канец поля», – даў адрас Франк… Я прабаваў арыентавацца, як умеў… Сонца хавалася ў тумане, але расплывістая пляма цьмянага святла паказвала, дзе яно прыблізна знаходзіцца. Я перайшоў цераз імшыстую нізіну, дзе сярод чахлага трысця і нізкарослага хмызняку варушыліся слімакі і жабы. Нарэшце я заўважыў адзінокі будынак з чырвонай цэглы, на якім выдзяляліся тры белыя літары «ККК». Дом быў невялікі, звычайны, службовы, накшталт тых, што будуе ведамства мастоў і дарог на французскіх станцыях. З адчаем убачыў я, што, нават і ў гэтым глухім кутку, перад дзвярамі варушыліся сотні наведвальнікаў; некаторыя з іх горка плакалі.
Не буду апісваць гэта новае чаканне. Я так стаміўся, што не меў сілы ні скардзіцца, ні пакутаваць. Калі надышла мая чарга, я апынуўся ў крэсле перад сталом, а насупраць сядзела дзяўчына ў шэра-блакітнай уніформе. Яна не была прыгожай ні з твару, ні з фігуры, валасы, зачасаныя без прэтэнзій; але я заўважыў, што, прымаючы майго папярэдніка, увіхалася спрытна і шпарка. Відаць, яна не належала да той катэгорыі служачых, што чэрпаюць асалоду, ставячы перашкоды і ўскладняючы становішча.
– Вы гаворыце, што бачылі пана Франка?.. У вас ёсць накіраванне ад яго?
– Ёсць. Калі ласка.
– Добра… Пагляджу… Значыць, вы просіце візу на часовы прытулак… Колькі часу, думаеце, спатрэбіцца вам, каб… я не кажу, забыць, а каб аслабіць гэту сувязь? Дваццаць год? Трыццаць год?
– Не ведаю… У маім узросце…
– У вас няма ўзросту… Дзесяць год хопіць?
Яна ў момант запоўніла друкаваныя бланкі, дала іх мне падпісаць, потым праводзіла мяне да вельмі старога чалавека, які сядзеў на ўзвышшы пасярод залы.
– Пан камісар, – далажыла яна. – Гэта пропуск на пэўны тэрмін па просьбе пана Франка… Усё ў парадку.
Дзядок падпісаў, не чытаючы, і паставіў штэмпель з датай.
– А цяпер хутчэй бяжыце да пана Франка, – спагадліва параіла дзяўчына. – Зараз пятнаццаць гадзін. Кантора зачыняецца ў шаснаццаць.
[3] Лімб – мясціна на тым свеце для праведнікаў дахрысціянскай эры і няхрышчаных дзяцей (у католікаў).