Заснуць я не мог. Гэта нечаканая прыгода парушыла роўную плынь майго жыцця. Я наогул не быў бабнікам, а тым больш пасля таго, як ажаніўся. Я любіў Мадлен ад усяго сэрца, і наша ўзаемнае давер'е было моцным і шчырым. Да Банівэ я адчуваў прыхільнасць і глыбокую ўдзячнасць. Але ўсё ж нейкі чорт мяне падбухторваў сустрэцца з Нэлі, каб хутчэй дазнацца, што азначаў яе позірк, пасля той фатальнай хвіліны. Здзіўленне? Гнеў? Вы ведаеце, якая фанабэрыя часам можа таіцца ў самым скромным мужчыне. Я ўявіў сабе працяглае, маўклівае пачуццё, якое раптам абудзілася, дзякуючы выпадку. Побач са мной на суседнім ложку мірна спала Мадлен.
На другі дзень я быў вельмі заняты і не было мне калі асабліва думаць аб учарашнім дзівосным здарэнні.
На трэці дзень мяне паклікалі да тэлефона.
– Вас пытаюць з міністэрства калоній, – пачуўся голас у трубцы. – Не адлучайцеся, з вамі будзе гаварыць міністр… Хвіліначку…
У мяне заныла сэрца. Ніколі Банівэ не званіў мне сам. Запрашэнні і адказы на іх звычайна паступалі ад нашых жонак. Ніякага сумнення, дадуць мне дыхту за кірмашовую прыгоду.
– Ало! – пачуўся раптам голас Банівэ… – А, гэта вы, Мафра?.. Вы маглі б з'явіцца зараз жа да мяне ў кабінет?.. Так, тэрмінова… Я вам растлумачу асабіста… Добра, чакаю!
Я павесіў слухаўку… Значыць, Нэлі належала да кодла тых агідных істот, што знарок спакушаюць мужчын (бо яна першая, даю вам слова, павалілася мне на калені), а потым прыстаюць да мужа і скардзяцца: «Ведаеш, дарэмна ты так верыш Бернару… Ён табе зусім не сябар…» У, ненавісінае племя!
Шукаючы таксоўку, каб адправіцца да Банівэ, я прабаваў угадаць, што мяне чакае. Дуэль? Я б згадзіўся ахвотна. Ва ўсякім разе гэта самы просты выхад, але пасля вайны на дуэлях не б'юцца. Не, хутчэй за ўсё, Банівэ пачне мяне ўпікаць і дасць зразумець, што між намі ўсё скончана. Гэта быў бы канец не толькі важнага для мяне сяброўства, але і ўсёй маёй кар'еры, як-ніяк, а Банівэ – чалавек магутны. Ёсць чуткі, што ён зойме пасаду прэм'ера.
І што тады сказаць Мадлен, як растлумачыць ёй гэты недарэчны разрыў?
Гэтыя думкі і розныя іншыя, яшчэ болей злавесныя, прыгняталі мяне па дарозе ў міністэрства. Я пачаў разумець тых няшчасных людзей, што ў цяжкім становішчы, не маючы мужнасці цярпець да канца, шукаюць збавення ў самагубстве.
Мне давялося некаторы час пачакаць у прыёмнай сярод шматлікіх наведвальнікаў і сакратароў. Маё сэрца моцна калацілася. Каб супакоіцца, я пачаў разглядаць насценную фрэску: «Анаміты збіраюць ураджай». Нарэшце сакратар назваў маё імя. Я ўстаў. Перада мной былі дзверы ў кабінет міністра. Што мне рабіць? Даць яму выказацца? Ці папярэдзіць прыкрую сцэну шчырым прызнаннем і споведдзю?
Банівэ падняўся насустрач і паціснуў мне руку. Я быў збянтэжаны яго ласкавасцю. А можа, ён усё ж такі здагадаўся, што здарэнне было выпадковае і ненаўмыснае?
– Перш за ўсё, – пачаў міністр, – прашу прабачыць, што выклікаў вас так спешна, але зараз вы самі зразумееце, што рашэнне трэба прымаць неадкладна. Справа вось у чым… Нэлі і я ў наступным месяцы збіраемся ў доўгае падарожжа па Заходняй Афрыцы… Я – з інспекцыйнымі мэтамі, яна – як турыстка для новых уражанняў… Я вазьму з сабой апроч служачых міністэрства таксама некалькі журналістаў, таму што пара нарэшце французам пазнаёміцца са сваімі ўладаннямі… Дагэтуль я не думаў гаварыць вам пра свой намер, паколькі вы не чыноўнік нашага міністэрства і не журналіст, апроч таго, у вас ёсць служба. Але ўчора ўвечары Нэлі сказала мне, што наша падарожжа амаль супадае з вашым водпускам і што ёй прыемней бавіць час з вамі і вашай жонкай, чым з нашымі афіцыйнымі кампаньёнамі, і што, яна спадзяецца, магчымасць пабачыць Афрыку на такіх выгадных умовах павінна спакусіць вас. Так што мяркуйце… Калі вы згодны, мы вас уключым у групу ўдзельнікаў… Толькі мне трэба ведаць гэта зараз жа, бо ў маёй канцылярыі скончваюць складаць маршрут і спісы.
Я падзякаваў і папрасіў даць мне некалькі гадзін, каб параіцца з жонкай. Спачатку я быў гатовы згадзіцца. Але, застаўшыся адзін, уявіў сабе ўсю непрыстойнасць і агіднасць гэтай напалову любоўнай інтрыжкі ды яшчэ пад пільным наглядам Мадлен і ў якасці госця Банівэ. Нэлі была прыгожая, але я сурова яе асуджаў.
Снедаючы дома, я расказаў жонцы аб нечаканай прапанове, утаіўшы, вядома, прычыны, якімі яна была выклікана. Я шукаў спосабу ветліва адмовіцца. Мадлен у момант прыдумала шэраг раней узятых абавязкаў, і мы не паехалі ў Афрыку.
Я ведаю, што з гэтага часу Нэлі Банівэ гаворыць пра мяне з іроніяй і нават з некаторай варожасцю. Наш сябар Ламбер-Леклерк нейк раз пры ёй назваў мяне магчымым кандыдатам на пасаду прэфекта дэпартамента Сены. Яна зрабіла грымасу і са здзекам прамовіла:
– Мафра? Ды вы што! Ён вельмі мілы, але пазбаўлены ўсякай ініцыятывы. Не ведае сам, чаго хоча.
– Нэлі гаворыць праўду, – пацвердзіў Банівэ.
І я не патрапіў у кандыдаты.
Кветкі па сезону
Эцьен Карлю выйшаў з таксі перад галоўнай брамай могільніка Манпарнас, несучы букет хрызантэм, у якім палалі ўсе колеры восені – ад цёмна-аранжавага да светла-жоўтага. Калі ён мінаў двух вартаўнікоў, што стаялі пры ўваходзе, адзін з іх яму пакланіўся. Заняты сваімі кветкамі, ён ледзь кіўнуў у адказ.
– Вы яго ведаеце, шэф?
– Ведаю… трошкі… Гэта настаўнік… Яго жонку пахавалі на сёмай дзялянцы ў канцы верасня… Ён прыходзіць у чацвер… У гэты дзень у яго няма заняткаў… Ён мне тады сам гаварыў.
– Занадта малады для ўдаўца… Доўга хадзіць не будзе.
– Хто яго ведае… Ніхто не можа ведаць… Гледзячы якія людзі.
Каб яны пра гэта запыталі чалавека ў чорным, з коратка падстрыжанай барадой, што так нязграбна нёс хрызантэмы – то як дзіця на руках, то за спіной, – ён бы адказаў, што будзе прыходзіць сюды кожны чацвер аж да самай смерці і жадае, каб гэта здарылася з ім як найхутчэй. Раптоўная страта Люсілі была для яго непапраўным няшчасцем, і розум яго ніяк не мог да гэтага прывыкнуць. Яны пражылі разам толькі пяць гадоў, але ўсё ў ім змянілася. Да жаніцьбы ён быў чалавек сур'ёзны (крыху нудны, як адзначалі жанчыны) і нічога не прызнаваў, апроч сваёй працы. Ён любіў выкладаць свой прадмет, правіў напісанае і рыхтаваў доктарскую дысертацыю. Па-за межамі навукі свет для яго быццам і не існаваў.
Нечакана, у адным з горных гатэляў, дзе ён праводзіў вакацыі, ён сустрэў Люсіль, дзяўчыну такой рэдкай красы – блакітныя вочы, залацісты волас, грацыёзная шыя, гібкія плечы, – што ўсе гэтыя пяць гадоў дзівіўся і захапляўся, не верачы ў яе рэальнасць. Нават калі ён трымаў яе раздзетую ў ложку і яна глядзела на яго знізу, ласкавая і пакорная, ён уяўляў яе істотай з чарадзейнай казкі. Яна нагадвала яму вобразы Шэкспіра і Мюсэ; і ён папракаў сябе за гэтыя кніжныя аналогіі, за тое, што нават і ў каханні застаецца вучоным педантам. Не, Люсіль не паўтарала сабою выдуманых гераінь, а была жанчынай сапраўднай – вясёлая, пяшчотная, юная целам і душой. Часам яна дражніла мужа сваім мілым какецтвам і трошкі крыўдзіла, але ў яго памяці засталася навек увасабленнем абаяльнасці і непаўторнага хараства.
– Я страціў сваё шчасце, – са смуткам шаптаў ён, ідучы да магілы, для яго свяшчэннай.
«Паўднёвая трэцяя», «Заходняя другая»… У першыя тыдні ён карыстаўся надпісамі, каб знайсці дарогу. Цяпер ён ішоў проста да пліты з шэрага мармуру, на якой было выбіта: «Люсіль Карлю, уроджаная Абан (1901–1928)» і нічога больш. Спачатку ён збіраўся дадаць лацінскі надпіс: «conjugi, amicае» (жонцы і другу), але палічыў гэта нясціплым. Дабіраючыся да яе магілы, ён абыходзіў пышныя фамільныя склепы з брыдкімі помнікамі ў гатычным альбо егіпецкім стылі, крыклівымі сведкамі багацця якіх-небудзь сталёвых ці бакалейных магнатаў. Наколькі лепшай здавалася яму звычайная гладкая пліта, без аздабленняў, – апошні падарунак, выбраны ім з любоўю для сваёй жонкі! Апошні? Не, зусім не апошні. Ён прынёс сягоння хрызантэмы, палымяныя колеры якіх ёй так падабаліся калісьці. Быць не можа, каб яна ляжала пад гэтай плітой! Ён жа выразна чуе яе голас:
– Ты ізноў прыносіш мне кветкі… Як гэта міла, дарагі мой!