– Дай на піва! – нарэшце прагундосіла першая.
Андрэ крыху падумаў, палез у кішэнь і выцягнуў два эўра. У яго яшчэ заставалася надзея, што можна пазьбегнуць размовы з «калчаногай і крывою» невялікімі грашыма. Але адкупіцца ад непрыемнасьцяў малой крывёй сёньня відавочна не выпадала.
– Што так мала? Давай, гані бабос! Я бачыў, як ты сёньня разводзіў лахоў каля Домскага сабору.
Андрэ пачынаў нецярплівець:
– Я ў шабат фашам больш за два эўра на піва не падаю!
– А! Дык ты яшчэ й жыд! Ха-ха! Глядзі, Тобі, які вясёлы жыд трапіўся: ён нам у суботу больш за два шэкелі не падае!
– Гэй ты, засранец! Валі адсюль! – раптам умяшалася ў гутарку Інгрыд.
– Хто засранец? Я засранец? А ну-ка, Тобі, увалі гэтай сучцы!
– Гэй-гэй, хлопцы! Спакайней! – Андрэ стаў на шляху тоўстага Тобі, які ўжо папёр з кулакамі на Інгрыд.
– Ды што зь імі размаўляць? Валіць іх, казлоў, трэба! – закіпеў таўстун і вырачыў на Андрэ свае маленькія нацыянал-сацыялістычныя вочкі.
– Здымай шалом! – прамовіў даўгалыгі. – Вам, марамоям, нельга датыкацца да сьвятыняў.
Андрэ ўжо зразумеў, што мардабою пазьбегнуць не атрымаецца, зрабіў крок назад і пракрычаў:
– А не пайшоў бы ты, Адольфік, са сваім тоўстым Борманам у дупу?
Тое, што здарылася далей, відавочна: «старыя» наляцелі на Андрэ, як два злыя, намуштраваныя на людзей сабакі. Адзін учапіўся ў шалом, другі пачаў калашмаціць яго кулакамі. Утварылася каша. Андрэ кінуў скрынку з ботамі і адной рукой стаў адмахвацца ад нападнікаў, іншай ён спрабаваў утрымаць на галаве шалом, які вось-вось быў гатовы сасьлізнуць зь яе. Інгрыд, падхапіўшы бот, што вываліўся са скрынкі, стала хвастаць ім «бабулек» па сьвіных лычах. Калі б не яна, шалом, хутчэй за ўсё, пакінуў бы галаву Андрэ. Але «старым» даводзілася адмахвацца яшчэ і ад цешчынага бота, што запавольваў іх набліжэньне да мэты.
Нарэшце яны павалілі Андрэ на зямлю і прыняліся лупцаваць яго нагамі. У нейкі момант Інгрыд з усяго размаху заехала абцасам тоўстаму па воку. Той зароў ад болю і кінуўся на яе. Андрэ скарыстаўся гэтай сэкундай і, зрабіўшы рэзкі рух, паспрабаваў ускочыць, але якраз даўгалыгі нахіліўся над ім, і ў наступную сэкунду Андрэ адчуў, што шпіль шалома ўвайшоў у нешта мяккае, быццам чэлес у жаночае цела.
Падскочыўшы на ногі, ён убачыў, што Адольфік ляжыць на зямлі й храпе крывёю, якая льецца ў яго проста з горла. Наканечнік шалома патрапіў яму дакладна ў рот, пратыкнуўшы ў ім нейкія мяккія тканкі. Борман звар’яцелымі вачыма вылупіўся на даўгалыгага і ў паніцы залямантаваў:
– Забілі!!!
Андрэ, яшчэ толкам не зразумеўшы, што адбылося, са словамі: «Што, гніда! І ты хочаш?!» – падаўся на тоўстага. Той у жаху адскочыў і, мільгаючы чэрапам з касматай свастыкай, імгненна нырнуў у цемру.
– Капец! Толькі гэтага не хапала! Трэба змывацца! Патэлефануй у хуткую – можа, яшчэ адкачаюць! – Андрэ шпульнуў у скрыню цешчын бот, і яны кінуліся бегчы ў напрамку Хаакішэ Маркет. На вуліцы Інгрыд папрасіла ў выпадковага мінака тэлефон і, паведаміўшы пра месца здарэньня, выклікала хуткую дапамогу.
Далей усё адбывалася, як у нейкім кашмарным сьне. Яны дабеглі нэрвовым трушком да Хаакішэ Маркет, падняліся на прыпынак у-бану і селі ў першы-лепшы цягнік. Праехаўшы адну станцыю, выйшлі на Фрыдрыхштрасэ і рушылі ў напрамку Унтэр-дэн-Ліндэн. Адшукалі на бульвары вольную лаву, нарэшце прыселі і, запаліўшы, моўчкі сталі асэнсоўваць тое, што здарылася. Адчыніўшы скрынку, Андрэ пабачыў у ёй толькі адзін цешчын бот.
– Чорт! Чорт! Чорт! Яшчэ і гэта! Прыдуркі!
– У рэшце рэшт, гэта быў напад. Калі ён нават і скапыціцца, цябе апраўдаюць, – прамовіла Інгрыд, зацягваючы другую цыгарэту ад яшчэ недапаленай першай.
– Можа, ён выжыве, – з надзеяй і нясьцерпным жаданьнем, каб менавіта так і адбылося, адказаў Андрэ. Думка, што ён забіў чалавека, няхай нават гэта была старая са свастыкай на ілбе, ня ўкладвалася ў галаве. Ён ня быў здольны гэтага ўцяміць. Усё, што здарылася, здавалася нерэальным трызьненьнем, тым, што магло стацца з кім заўгодна, але ня зь ім. Прызнаць гэтую думку значыла прызнаць іншую рэальнасьць, іншае жыцьцё, у якое ты раптоўна ўвайшоў хвіліну таму. Увайшоў рэзка і нечакана, быццам немавед чаму выскачыў на прыпынку мэтро і забег у цягнік, які рушыць у наўпрост процілеглым напрамку.
І цяпер, седзячы на бульвары Унтэр-дэнЛіндэн сярод шматлюднага і абыякавага натоўпу, Андрэ жадаў толькі аднаго: саскочыць на найбліжэйшым пэроне і вярнуцца ў ранейшы вагон. Але магчымасьць рушыць у папярэднім напрамку цяпер залежала толькі ад таго чалавека, якога пад завываньні сырэны хуткая дапамога везла ў гэтыя хвіліны па вуліцах вечаровага Бэрліну да ўжо накрытага апэрацыйнага стала пад вялікай нэонавай лямпай. На якім ён, як сьвежы ласунак, будзе зьедзены іншай вядомай старой, ці ёй давядзецца яшчэ пачакаць, здаволіўшы свой голад кімсьці другім.
– Пазьней трэба будзе празваніць шпіталі – даведацца, што зь ім, – вымавіў Андрэ, і з прыкрасьцю дадаў: – Вось крэтынізм!
Ён дастаў са скрынкі адзіны бот, скамечыў кардон і кінуў у сьметніцу. Хацеў было адправіць туды і бот, але перадумаў і паклаў яго ў заплечнік.
– Навошта табе адзін бот?
– Адвязу цешчы. Чортава цешча! І тут мяне дастала. Празь яе абцасы мы патрапілі ў гэтую гісторыю. Дарэчы, доказ у сквэры застаўся.
– Ідыёт! Галоўны доказ на тваёй галаве! Можа, ты яе такі здымеш? – Інгрыд амаль з мальбой у вачах паглядзела на Андрэ.
Ён крыху памаўчаў, затым палез у сьметніцу, куды толькі што выкінуў скрынку, выцягнуў паперу, якая абгортвала боты, і сьцёр ёю кроў са шпілю шалома. Потым кінуў паперу назад, выцягнуў з заплечніка пляшку, зрабіў вялікі глыток, рэзка ўзьняўся і прамовіў: