Чацьвёртая ноч новага жыцьця зноў выдалася трывожнай. Здаецца, і выпіў ён шмат, а таму мусіў бы спаць да раніцы, пакуль смага не паклікала б пацягнуцца да шклянкі вады, але нешта перашкаджала расслабіцца. Шалом зноў у штосьці ўпіраўся, ня мытая ўжо некалькі дзён галава пачынала сьвярбець, і Андрэ ўвесь час хацелася пакруціць шаломам, каб пачухаць яе. Матрац быў вузкі, і Інгрыд, што ляжала побач, абпальвала яго, як гарачая батарэя. Андрэ прачынаўся, варочаўся, ізноў засынаў.
На сьвітанку ён знайшоў сябе на нейкім замкнёным падворку. Па невысокіх утульных дамках у дахоўцы, якія атачалі невялікую прастору, ён здагадаўся, што знаходзіцца дзесьці ў паўднёвай частцы Эўропы. Амаль разьвіднела, але рэшткі ночы працягвалі хавацца ў цёмназялёнай лазе, што абвівала сьцены. Па цэнтры двара стаяла разложыстае гарэхавае дрэва – такое высокае, што верхавіна яго распускалася дзесьці ў бялёсым малацэ сьвітанкавага туману. На зямлі вакол дрэва шырокім вохрыстым дываном ляжалі грэцкія арэхі.
«Як дзіўна. Ня думаў, што грэцкія арэхі растуць на такіх вялікіх дрэвах!» – Андрэ падняў два. Заціснуў у далонях. Раскалоў. Пакаштаваў. Мякаць аказалася вельмі салодкай і смачнай. – «Як добра! Як спакойна! Як лёгка дыхаць гэтым ранішнім, вільготным, з кропелькамі ночы, паветрам!»
Андрэ падышоў да дрэва бліжэй. Пад нагамі мякка зашамацелі гарэхі. Ён прыгледзеўся да дрэва і заўважыў, што камель таксама шчыльна спавіты зялёнай лазой. Яна ўздымалася ад зямлі, караскалася ўгару і пераходзіла на галінкі. На саміх жа галінках лісьця амаль не было, а калі дзесьці й траплялася, то пажоўклае, гатовае ўпасьці да падножжа. Лаза спавівала дрэва настолькі, што яно здавалася вялікай касматай рукою, якая растапырыла ў неба тоўстыя зялёныя пальцы.
«Як цікава! Хутка зіма, і гарэшнік ужо апрануў махнатыя пальчаткі!» – падняўшы галаву ўгару, Андрэ паглядзеў на кончыкі галінак. Ветру не было, і яны нерухома спачывалі ў бялявым целе туману. – «Як хораша! Як ціха! Які казачны белы туман!»
Раптам яму падалося, што недзе высока ў тумане зьявілася незразумелая цёмная кропка. Андрэ прыгледзеўся. Кропка была зусім крохкая, амаль незаўважная, але яна яўна пачынала расьці, набліжацца. Непрыемнае прадчуваньне кальнула нутро. Ён напружыўся. Адышоў убок, але кропка таксама пасунулася. Ён – у другі, і кропка за ім. Андрэ ахапіў неспакой. Цяпер ужо было відавочна: кропка цэліла ў яго, няўмольна несучыся ўніз. Цяпер яе можна было ня толькі пабачыць, але й пачуць. Нешта з рэактыўным сьвістам падала, ляцела проста яму на галаву.
Андрэ ў паніцы пабег па падворку. Але схавацца нідзе ён ня мог – наўкол стаялі касматыя, зарослыя плюшчом зялёныя сьцены. Ён зразумеў, што патрапіў у пастку. Кінуўся да дрэва, пачаў, спатыкаючыся, мітусіцца вакол яго. Грэцкія арэхі з хрустам рассыпаліся пад нагамі. Ногі гразьлі ў іх, сыходзілі ў зямлю.
Раптам ён адчуў, што ўжо нават бегчы ня можа – гарэхі, як дрыгва, засмоктвалі яго. Андрэ зразумеў, што занураецца, патанае ў маленькіх шурпатых смачных шарыках. Ягонае цела па пояс завязла ў гарэхавым балоце і апускалася ўсё ніжэй і ніжэй.
«Гэта канец!», – мільганула ў галаве. Ён ужо па грудзі стаяў у грэцкіх гарэхах і працягваў занурацца далей. Калі гарэхі падступілі пад горла, ён асуджана ўзьняў галаву да неба і з жахам паглядзеў на невядомае нешта. Гэтае нешта імкліва падала ўніз, расло, набліжалася! Восьвось яно мусіла выскачыць з-за туману. Сьвіст, непрыемны сьвіст прадмету, што расьсякаў паветра і ляцеў проста на яго! Яшчэ сэкунда! Доля сэкунды! Імгненьне! Міг! І……….!
– Аааааааа!!! Бля! – з туману выскачыў здаравенны чырвоны бот на высокім абцасе і восьвось з размаху павінен быў храснуць яму па мордзе, але…
– Фу ты! Чорт!!! – … не пасьпеў. Андрэ падскочыў на матрацы, агледзеўся па бакох ды з палёгкай уздыхнуў. Побач спакойна спала Інгрыд. Дзесьці ў куце пахропваў есаул. Буян ужо зьнік з крэсла. Расьсеянае перадранішняе сьвятло пранікала ў акно і мяккім сіняватым воблакам слалася вакол стала па драўлянай падлозе майстэрні.
Ён павярнуўся набок і прыціснуўся да Інгрыд. Праляжаўшы так нейкі час, зразумеў, што ня можа заснуць. У галаве круціліся непрыемныя думкі. Яны таксама варочаліся з боку на бок ды ляніва, напаўголасу нешта мармыталі з-пад сваіх калючых ваўняных коўдраў.
– Атрымаў! Так, так, гэта цешча даслала табе прывітаньне з Магілёва! Яна ніколі не даруе, што замест ботаў ты напёр на галаву гэтую вайну ды яшчэ маеш нахабства маршыраваць зь ёй на ўсход! Тэўтонец хрэнавы!
– Цешча і без таго цябе заўсёды ненавідзела, па самыя грэцкія арэхі абцасамі ў зямлю ўганяла. Таму прыпрэсься ты дадому з вайной ці зь мірам – нічога ня зьменіцца. З вайной нават лепей – ёсьць шанец, што яе разарве ад злосьці!
– А за што ёй цябе любіць? Ты ж, чортавы лузэр, зламаў жыцьцё яе адзінай дачцэ. А яна ж магла ўзяць шлюб з нармальным, прыстойным чалавекам. Вось Кузьміч, што сватаўся да яе, ужо банкірам стаў. А Вася? Які катэдж пад Магілёвам паставіў! Ты ж, басота, ні машыны купіць, ні кватэры пабудаваць ня можаш! Дзяцей нарабіў, а звазіць іх улетку да мора грошай няма. А табе яшчэ на самім пачатку Мар’я Іванаўна казала:
«Андруша, уладкуйся на нармальную працу! Ну хоць бы палатку пастаў на прыпынку, гандлюй чым-небудзь!» Ты ж замест гэтага мядзьведзікаў з саломы ляпіў. Карцінкі ідыёцкія маляваў, як на школьным падворку два п’яныя піянэры ў чырвоных гальштуках уганяюць адзін адному відэльцы ў дупу.
– Ды ўжо лепш відэльцы піянэрам ў сраку ўганяць, чым усё жыцьцё на прыпынку півам ды цыгарэтамі гандляваць!
– Тупая, безадказная заява!
– У рэшце рэшт, Сьветка бачыла, за каго замуж выходзіла!
– Дык ты ж ёй абяцаў, што станеш вялікім мастаком, грошай будзе нямерана! А замест гэтага кожны раз кажаш ёй: «Патрывай яшчэ крыху! Гэты год будзе цяжкім, але ў наступным усё наладзіцца!» І так ужо пятнаццаць гадоў! А зараз яшчэ прыпрэсься з гэтымі дранымі катамі на галаве! Бач ты, якія пысы яхідныя. Пашчы разявілі. Вокам не міргнеш – зжаруць гэтую няшчасную рыбіну на сподзе!
– Сама пашчу заткні, крываногая! – рыкам агрызнуўся Сьвятаполк, злавіўшы на сабе ўхвальны позірк Валенрода.
Андрэ рэзка ўстаў, падышоў да стала і наліў паўшклянкі віна зь недапітага ўвечары пакету.
– Хведар Міхайлавіч будзе вельмі не…
– Ці не пайшлі б вы да д’ябла, паважаны Хведар Міхайлавіч? – прамовіў ён з раздражненьнем, нагбом выпіў і, прысеўшы на крэсла, запаліў цыгарэту.
Сьвітанкавы бялявы туман за акном пакрысе прымаў абрысы дахаў і пашарпаных сьценаў, якія стаялі на іншым баку вялікага двара, што прымыкаў да Тахелесу. У пакоі было ціха. Толькі лёгкае пахропваньне Хведара парушала спакой гэтага імглістага ранку. Андрэ падняў рукі і асьцярожна, на розныя бакі пакруціў шаломам. Галава часалася і сьвярбела. Здавалася, думкі высунулі свае калючыя ваўняныя коўдры вонкі і цяпер, зьбіўшыся ў кучу, яны тапырыліся замест валасоў у яго пад шаломам.
– Што можа быць горш за бурклівую жонку, якая цябе ніколі не разумела? А замест гэтага ў любы зручны момант старалася прынізіць – тыцнуць у пысу тваёй галечай, тваім лузэрствам, паведаміць, што менавіта ты і ёсьць той вечны мудак у піянэрскіх штоніках, якога Кузьміч з Васем торкаюць у дупу ржавым відэльцам, сьцягнутым са школьнай сталоўкі.
– Дык ты і ёсьць вечны мудак! Думаеш, калі надзеў прускі шалом, то ўжо стаў самім Кайзэрам! А жонка твая па-свойму, па-бабску мае рацыю – для яе дзеці важней, і пляваць ёй, што ты непрызнаны геній! Лепш згадай, колькі сьвінства ты ёй прычыніў – п’янкі бясконцыя і ўсё бабы, бабы нейкія…
– Менш трэба было пяліцца ў тэлевізар! А то нагледзіцца там на танцуючых малпаў з салодкага жыцьця – і падавай ёй такое самае. А няма ніякага салодкага жыцьця! Ёсьць толькі працэс спарахненьня матэрыі! Тамака, дзе нядаўна былі прыгожыя ножкі, – вырастаюць цэлюлітныя грушы. Цьху, ты чорт! Салагубаўшчына нейкая! – Андрэ нэрвова загасіў недапаленую цыгарэту.
Яму раптам зрабілася неяк самотна і сумна. Ён падумаў, што ў прынцыпе і Мар’я Іванаўна, і жонка ягоная Сьвета – някепскія людзі. Ды і ён не такі ўжо злодзей. Проста няўтульна ім разам, вось і катуюць адзін аднога, ня могуць знайсьці выйсьця з зачараванага кола. «Зрэшты, – падсумаваў Андрэ, – якое гэта цяпер мае значэньне? У новым жыцьці іх ўсё роўна ня будзе!» – ён падняўся, прачыніў акно, і, зрабіўшы глыток вільготнай бэрлінскай раніцы, адправіўся пад коўдру да гарачай, як батарэя, Інгрыд.
Андрэ прачнуўся, калі дзень пераваліў далёка за поўдзень. Інгрыд побач ужо не было. Акінуўшы вачыма майстэрню, ён убачыў Буяна, які са змрочным выразам твару сядзеў за сталом і пацягваў піва з бляшанкі. Між тым дзень за акном уяўляў зь сябе поўную супрацьлегласьць яго панураму настрою. Ён пераліваўся адценьнямі жоўтага кадмію, вясёла шумеў вуліцай і ўсім выглядам даваў зразумець: хто не ацэніць яго хараства – той скончаны мэлянхолік і мізантроп, які дарма дыхае гэтым найсьвяжэйшым, з прысмакам паравознага гару і кавы, бэрлінскім паветрам. Нават паўшыя мандавошкі ў сонечных промнях гэтага дня выглядалі ўзьнёсла. Празрыстае блакітнае неба, як на карцінах Буяна, выпраўляла іх у апошні шлях фэервэркамі чысьцюткага бэрлінскага лязурку.