Тады ж, у першы бэрлінскі вечар, з муроў Пэргамону, што нісходзіў сваёй веліччу ў чорныя воды Шпрэе, на Андрэ глядзеў сам геній нямецкага духу, яе філязофіі, уяўлены ў каменьні архітэктуры. З таго дня ён палюбіў гэты горад бясконца і незваротна. І вяртаючыся сюды, ён раз за разам рабіў гэта з радасьцю і лёгкім трапятаньнем у сэрцы.
Да гораду дабраліся надзіва хутка – сонца стаяла яшчэ высока, калі яны ўжо былі непадалёк ад Патсдаму. Даехаўшы эсбанам да цэнтру, яны выйшлі на станцыі «Хакішэмаркет» і рушылі ў кірунку Араніенбургер штрасэ.
З усіх бэрлінскіх вуліцаў Араніенбургер была бясспрэчна самай любімай для Андрэ. У кожны з прыездаў ягонае жыцьцё ў Бэрліне круцілася альбо на ёй, альбо ў аддаленьні, якое ніколі не перавышала адлегласьці ў некалькі кварталаў.
Тут, у суседнім з сынагогай двары, калісьці знаходзілася тая самая кватэра прыяцеля. Тутака ж на Араніенбургер пасьля заходу сонца разгортвалася начное жыцьцё гораду – бары, індыйскія рэстараны, кнайпы запаўнялі турысты, бэрлінскія мастакі і паэты, на ходніках зьяўляліся путаны. Але ня проста путаны, а путаны-творы мастацтва, прыгажуні з вокладак глянцавых часопісаў, якіх, прыхапіўшы ў кішэню бутэлечку віскі, можна было, шпацыруючы, разглядаць як прыўкрасную экспазыцыю ў добрым музэі.
На гэтай самай вуліцы месьціўся Тахелес – прытулак маленькай калёніі хобітаў, якая ўжо шмат гадоў была цэнтрам прыцягненьня як для хобітаў, што аселі ў Бэрліне, так і для тых, што бывалі тут праездам. Кожны раз, трапіўшы ў горад, Андрэ перш за ўсё накіроўваўся сюды зь ведай, што апроч цёплага прыёму і немудрагелістага прытулку сустрэне тут людзей, якіх гадамі ня бачыў на радзіме.
Што праўда, Тахелес меў у горадзе не найлепшую славу. Паўстаўшы як сквот яшчэ да падзеньня сьцяны, ён, па сутнасьці, і заставаўся сквотам, які засялялі беспрытульныя мастакі з усіх магчымых ускрайкаў матухны Эўропы. З часам, каб крыху цывілізаваць гэтае месца, тут пачалі праводзіць выставы, чытаньні, невялікія канцэрты ды іншыя тусоўкі, што вабілі да сябе альтэрнатыўную публіку з усяго гораду.
Аднак мастакі парэспэктабельней у Тахелесе не выстаўляліся, бо лічылі яго занадта трэшавым і непрыстойным для вялікага мастацтва. Арт-генэралы яго прынцыпова не заўважалі. Шараговыя жаўнеры – пазьбягалі, каб не псаваць паслужны сьпіс, калі жадалі некалі выбіцца ў генэралы. Толькі арт-партызаны анархісцкага разьліву лічылі яго сваім месцам і, паклаўшы вялікі Х на меркаваньні генэралаў, маёраў, прапаршчыкаў, куратараў і іншай малапрыемнай для іх публікі, дзейсьнілі тут сапраўдны разгул першабытнага крэатыву.
Многія ў горадзе даўно зачынілі б Тахелес як рассаднік п’янства, блядзтва і ўсялякага бязладзьдзя. Але ён ужо стаўся такім культавым месцам, што турысты шыхтом ішлі паглядзець на гэтую выспу хаосу сярод зіхоткіх сьвежым рамонтам фасадаў Усходняга Бэрліну. Таму, каб не ўздымаць лішняга шуму, яго пакінулі на нейкі час у спакоі як адзін з бэрлінскіх атракцыёнаў для шарэнгаў дапытлівых маленькіх чалавечкаў з вузкімі вачыма ды фотаапаратамі «Соні» ў руках.
Тахелес узвышаўся на самым канцы Араніенбургер вялікім цёмным гмахам, падобным да гіганцкага бохана чорнага заплесьнелага хлеба. Сваім выглядам ён нагадваў бэрлінскі дом, які пасьля вайны зь нейкіх прычынаў ня сталі парадкаваць, а пакінулі як ёсьць – з разводамі на фасадах, сьлядамі куляў, адбітай тынкоўкай ды надпісамі на сьценах.
Сэрца Андрэ радасна затрымцела, калі ён пабачыў у далечыні вуліцы змрочны абрыс Тахелеса. Увайшоўшы з параднага ганку, яны падняліся па размаляванай лесьвіцы на чацьвёрты паверх. Тут ужо шмат гадоў месьцілася атэлье, у якім цяпер жыў Хведар, – яго даўні прыяцель зь Менску.
Спыніўшыся перад дзьвярыма з прылепленай скотчам паперкай, дзе ад рукі артыстычна-каравым почыркам было напісана «атэлье Хведара», ён пастукаў. За дзьвярыма нейкі час панавала маўчаньне, аднак, калі Андрэ пагрукаў мацней, нешта з таго боку заварушылася, ды пачуўся ціхі шоргат нясьпешных крокаў.
– Оооооо… Якія людзі! – на парозе ў ніжняй бялізьне стаяў Хведар. Галава яго была ўскалмачаная, твар выглядаў заспаным і крыху пакамечаным, але шырокая ўсьмешка, што завяршала гэтую канструкцыю, надавала Хведару выгляд цалкам абаяльны і нават мілы.
– Якім ветрам? – Хведар, па хобіцкай завядзёнцы, палез быў абдымацца, але, заўважыўшы Інгрыд, што стаяла за сьпінай Андрэ, засаромеўся і прыняўся нацягваць нагавіцы.
– Гэта Інгрыд!
– Хведар! А ў нас тут учора… Ну, адным словам… разумееш, мы толькі нядаўна леглі спаць! – працягнуўшы руку Інгрыд, ён зь цікаўнасьцю акінуў яе поглядам.
Хведар лічыўся адным з старажылаў бэрлінскай калёніі. Але, галоўнае, ён уяўляў зь сябе вобраз стоадсоткавага, без староньніх дамешкаў і дабавак, сапраўднага жаўнера мастацтва, для якога паходы, нягоды неўладкаванага жыцьця ў акопах, плямы бэрлінскага лязурку на вопратцы, смурод ацэтонаў ля падушкі, арт-абстрэлы, бамбёжкі, налёты на галерэі былі справай штодзённай і ў той жа час любімай. Ён ня ведаў, не ўяўляў, ды й не хацеў сабе іншага лёсу. Хведар аддаваўся творчасьці цалкам, быў гатовы несьці гэты крыж самазабыўна, не патрабуючы ўзамен ані ўзнагарод, ані званьняў, ані пасьмяротнай славы.
Яго нават цяжка было назваць шарагоўцам мастацкага войска, ён быў хутчэй старшыной, есаулам, малодшым афіцэрам. Калі б ён служыў у іншай арміі – францускай альбо нямецкай, то напэўна насіў бы ўжо пагоны калі не генэрала, то палкоўніка ці маёра. Але ў Мордары генэралаў у мастацтве не існавала, дакладней, мелася пару, якіх прызначалі зьверху. Але войска, хоць гэта было нават ня войска, а хутчэй апалчэньне – разрозьненыя і расьсеяныя па лясох ды балотах партызанскія атрады, іх не прызнавала.
Маладыя салабоны глядзелі на Хведара з павагай. Для іх ягоны аўтарытэт быў бясспрэчным, і папраўдзе сказаць, прускі шалом павінен бы насіць ён – Хведар. Менавіта яго галава як мага больш падыходзіла пад гэты пазалочаны знак воінскай пашаны, доблесьці і ўлады. Але шалом красаваўся на галаве Андрэ, і Хведар нарэшце заўважыў яго:
– Ух, якая рэч! Ты дзе яго здабыў?
– Ды так! Потым распавяду! Хведар, мы пажывем у цябе пару дзён. Акей?
– Ясна! Не пытаньне! Знайдзіце сабе матрац на сьметніку ў калідоры і начуйце колькі заўгодна. Ну, праходзьце, праходзьце! – скінушы нейкае рызьзё з крэсла, Хведар паставіў крэсла перад Інгрыд. – Вельмі рады! Даўно ня бачыліся! Жадаеце віна? – сымбалічна спытаў ён і, не чакаючы адказу, выцягнуў зь нейкага завалу літровы пакет белага.
Трэба сказаць, Хведар не прызнаваў лёгкіх напояў у шкляной тары і купляў заўсёды толькі кардоны. На маршы зь імі было значна зручней: важылі яны меней, каштавалі яшчэ меней, а ўмяшчалі на чвэрць болей.
– Ну, распавядай! Як ты тут апынуўся?
– Мы зь Інгрыд выпраўляемся ў вясельнае падарожжа! Вось, пачалі з Бэрліну, потым едзем у Прагу, адтуль у Вену, ненадоўга ў Вэнэцыю, а затым на Лязурны бераг. Дарэчы, хачу ў цябе пазычыць крыху грошай на дарогу, а то ў мяне на кішэні ўсяго паўтара эўра.
– Ты ж ведаеш, я не трымаю буйных грошай у хаце! У мяне ўсёй наяўнасьці – нейкая дваццатка!
– Што ён кажа? – запытала Інгрыд, якая не разумела мовы хобітаў, але слухала іх пявучую тарабарскую гутарку зь вялікай цікаўнасьцю.
– Ён кажа, што праставіць нам квіткі да Сан-Трапэ і гатовы быць нашым сьведкам на вясельлі. А цяпер жадае пачаставаць нас віскі.
– Дарэчы, Хведар, ты ведаеш, да закрыцьця «Плюсу» сорак хвілінаў! Ці не пара нам пасьпяшацца, а то застанемся сёньня бязь віскі!
У гэты момант у далёкім куце майстэрні нешта зашамацела, заварушылася і з-пад ватнай коўдры на гук галасоў паказаўся заспаны лыч, у якім госьць адразу пазнаў свайго даўняга прыяцеля зь Менску – паэта Буяна. Дакладней, так называў яго толькі Андрэ, знаходзячы ў гэтым найменьні вельмі дакладнае вызначэньне неардынарнай постаці, што сумяшчала ў сабе такое мноства разнастайных талентаў.
Па-першае, Буян быў сапраўдным паэтам і калі, крыху выпіўшы, пачынаў дэклямаваць свае вершы, то гучалі яны чароўна, як гук прыбою ўночы перад штормам, як мэлёдыя баяна ў ніжніх актавах, як крык шамана, што заклікае да пачарнелага перад навальніцай неба. Выпіўшы болей, Буян рабіўся сапраўдным буянам. Ён пачынаў чапляцца да дзяўчатаў, гучна мацюгацца, хаміў усім, хто падвернецца пад руку, магчыма, ён нават хацеў бы пабіцца, але паколькі целаскладу быў далікатнага, далей за пагрозы справа не даходзіла.