– Чаму за Мар’ю Іванаўну?
– А чорт яго ведае! Проста да слова прыйшлося!
– За Бэрлін!
– За нас!
– За нашых ворагаў!
– За тое, каб усе!
– Ура!
– З Новым годам!
– Новы год яшчэ ня хутка!
– Нічога страшнага! За яго яшчэ сёньня не пілі!
– Будзьма!
– Бум!
– Ну!
– Аааааа!
Так, бітва завязвалася нежартоўная! Вораг насядаў з усіх бакоў! Але наш маленькі атрад мужна, гераічна адбіваў яго націск. Інгрыд, не змаўкаючы, стракатала з кулямёту. Адначасова яна выконвала ролю сястры міласэрнасьці. У нейкі момант, адчуўшы, што сілы з галадухі пакідаюць Андрэ і ён можа раней часу паваліцца на дно акопу, яна скокнула байцу на калені і, упіўшыся ў ягоныя вусны, пачала рабіць штучнае дыханьне. Потым схапіла за руку і пацягнула за сабой па доўгім калідоры Тахелесу. У зацішным цёмным куце Інгрыд прыціснула параненага да сябе, расшпіліла замок на прарэху і запусьціла туды руку. Андрэ тут жа адчуў прыліў сілаў – адкрылася другое дыханьне. Ён усадзіў маленькую кулямётчыцу на зялёныя драўляныя скрынкі, і яны з паганскай радасьцю ў сэрцы выканалі тое, што тоіць у сабе патаемную сутнасьць усялякага сэнсу.
Вярнуўшыся ў майстэрню, яны знайшлі сьвежае падмацаваньне. Пакуль іх не было, сусед па паверсе, пачуўшы страляніну, шум, грукат, бразганьне шкла і Брэгавіча, што ва ўвесь голас роў з прайгравальніка, зазірнуў да Хведара. Пабачыўшы такое, ён адразу кінуўся да сябе і, крэкчучы, прыцягнуў яшчэ скрыню снарадаў. Што было вельмі своечасова, бо віскі да таго моманту якраз скончыўся. На стале заставаліся толькі вінныя патроны ды піўныя хлапушкі, так што есаулу ўжо не было чым зараджаць цяжкую артылерыю.
Канечне, такі бой ня мог абысьціся бяз стратаў. Першым па-геройску ляснуўся паэт Буян. Нейкі шалёны фугас разарваўся побач, і ён, рухнуўшы проста на рукі Андрэ, учапіўся яму ў плечы паранены і прастагнаў:
– Ааааа… аааааа…… Гаўнюк! Аддай шалом!
На што той адправіў Буяна ў дупу. Але ён тут жа пераключыўся на Інгрыд, што сядзела поруч, і ў простых ангельскіх выразах прапанаваў ёй зьдзейсьніць полавы акт на ягоным матрацы. Андрэ паглядзеў на Хведара з пытаньнем у вачох: ці не пара нам ужыць сакрэтную супрацьбуянную зброю? Але той быў заняты гутаркай з мэксыканцам – суседам па паверсе і, у прынцыпе, ужо ні на што не зьвяртаў увагі. Ён нават кінуў кіраваць артылерыяй і проста падліваў сам сабе, выпіваючы без усялякіх тостаў.
Бітва прымала зацяжны, нудны характар. Абодва лягеры несьлі сур’ёзныя страты, але сілы варагуючых бакоў аказаліся прыкладна роўныя, таму ніхто ня быў здатны ў рашучым націску пераламаць на сваю карысьць ход бою. Артылерыя ўжо не грукатала, як напачатку. Ішла млявая аўтаматная перастрэлка паміж асобнымі дробнымі групамі. Хоць Хведар час ад часу і зараджаў сваю гаўбіцу, але ўжо ня цэліўся, а пасылаў снарад наўдачу, у надзеі: а раптам патрапіць, куды трэба.
У нейкі момант цяжкія зарады зноў скончыліся. Але мэксыканец аказаўся сапраўдным, зь вялікай літары Аміга. Ён яшчэ раз зганяў да сябе ў пакой і вярнуўся з бутэлькай процітанкавага бранябойнага рому.
Буян, хоць і быў цяжка кантужаны, не пакідаў поле бою. Ён поўзаў паміж Андрэ, Інгрыд, есаулам і мэксыканскім Аміга, вешаўся ўсім па чарзе на шыю, лез абдымацца і нешта распавядаў пра сваю геніяльнасьць. Інгрыд ён па-ранейшаму прапаноўваў сэкс, на шпіль шалому спрабаваў прышпіліць канапку са шпікам, а мэксыканца проста хацеў засмактаць у вусны. Хведар паглядаў на гэта спакойна, але толькі да моманту, пакуль Буян нечакана не абазваў Аміга чарназадай малпай.
Есаул быў чалавекам правільным, жыў «па паняцьцях», а таму не трываў расізму ні ў якой форме. Пачуўшы такое, ён моўчкі выцягнуў прыхаваны фаўст-патрон вэрмуту і, наліўшы поўную шклянку, усунуў яе ў руку Буяну. Звыклым жэстам той адпіў палову і хацеў нешта яшчэ сказаць мэксыканцу, але раптам самлеў, зморшчыўся і зьдзьмуўся, як паветраны шарык, на першым, што патрапілася, крэсьле.
Гэта была першая вялікая страта ў атрадзе. Другім паў мэксыканец. У нейкі момант бою, мабыць, прадчуваючы штосьці няладнае, ён захацеў зьмяніць дысьлякацыю, перабрацца ў больш надзейнае – падалей ад абстрэлу – месца, прыўзьняўся з-за стала, але раптам… шалёная куля проста навылёт працяла яго. Ад нечаканасьці Аміга пабялеў, на імгненьне завіс у паветры і… павольна, як аднаногая чапля, узмахнуўшы крыламі, рухнуў, распасьцёршы рукі, сьпінай проста ў ружовыя сунічныя палі.
Мандавошкі ў спартовых трусах, не чакаючы такога, у паніцы ды жаху кінуліся ўцякаць. Іх калектыўны бег у адным напрамку, пазытывісцкае стаўленьне да жыцьця, радасьць саборнай працы, узрушанасьць сумеснай творчасьцю, прыгажосьць спартовага сьвята на тле вясковых пэйзажаў і многае-многае іншае ў імгненьне было абарвана раптоўным нашэсьцем вайны. Яна рухнула на іх галовы проста з блакітнага неба вялікім потным целам п’янага мэксыканца, прабіўшы чорныя варонкі-дзюры ў ружовых палях, зруйнаваўшы іх процітанкавымі надоўбнямі разламаных падрамнікаў.
А тут яшчэ – о жах! – чатыры страшэнныя твары апакаліпсісу проста зь неба насунуліся на іх. Адзін – счарнелы і зьедзены зморшчынамі, нейкага сівога мужыка, і другі больш жудасны – галава ў залатым шаломе Бісмарка – быццам сам дух вайны – назіралі за імі. Ды яшчэ дзьве зубастыя львіныя пашчы – Валенрод з Сьвятаполкам, як дзьве вогненныя гіены, раўлі зьверху на мандавошак, што разьбягаліся ў жаху па крывавых сунічных палях.
Хведар з Андрэ схілілі галовы над тварам забітага сябра. Іх вочы журботна глядзелі на яго, быццам кажучы:
– Сьпі спакойна, наш дарагі камарадэ! Ты быў сапраўдным таварышам, паплечнікам, сябрам! Мы адпомсьцім ворагам за цябе! – нейкая няшчасная мандавошка, якой мэксыканец прыціснуў нагу сваім целам, спрабавала вырвацца з-пад яго і жаласьліва пішчала.
– Так… Піздаўскас на вуліцы Баўскас! Колькі падрамнікаў паламаў! Заўтра Буян сапраўды заб’е яго! – вымавіў Хведар. – Бяры за ногі, перацягнем мэксыканца ў ягоную майстэрню!
Калі яны вярнуліся, Інгрыд ужо спала. Буян, згарнуўшыся сьлімаком, па-ранейшаму сядзеў на крэсьле. Хведар наліў па чарцы, і яны яшчэ выпілі. Ром быў гідкі, заходзіў рыўкамі, спрабуючы рыкашэтам вярнуцца назад. Размаўляць ужо не хацелася, да таго ж сон пудовымі гірамі цягнуў галаву да зямлі. Надышоў час абвясьціць перамір’е. Андрэ распрануўся і залез пад коўдру да Інгрыд. Есаул яшчэ патаптаўся па пакоі, а затым, згасіўшы сьвятло, таксама прылёг.