– Якая сволач учора мне столькі карцінаў пахерыла? – буркнуў Буян, заўважыўшы, што Андрэ ўжо ня сьпіць.
– Гэта ня сволач, гэта – вайна!
– Хопіць паясьнічаць! Гэта ж трэба, як быццам танк па іх праехаўся!
– Гэта ня танк. Гэта авіяцыя! Учора ўначы, калі ты заснуў, быў налёт. Прыляцелі мэксыканцы і разьдзяўблі тут усё к чортавай матары!
– Якія мэксыканцы! Нажэрліся, як сьвіньні, і валяліся на маіх карцінах!
– Лепш бы дзякуй сказаў! Мы параненых ратавалі! Ведаеш, колькі мандавошак Хведар вынес з-пад абстрэлу! А ў цябе карціны яшчэ сьвежыя, фарба ня высахла – так што, пакуль ён тут па-пластунску поўзаў, у яго ўсё бруха зялёнае стала!
– Добра, годзе зьвізьдзець! Піва будзеш?
– Сонца яшчэ высока! І табе ня раю!
У гэты час за дзьвярыма пачуліся крокі, і праз імгненьне ў пакой увайшоў радасны, відавочна чымсьці ўзрушаны Хведар.
– Вось! Прыдумаў! Проста геніяльна! – з гэтымі словамі ён паставіў перад Андрэ старую драўляную павозку на такіх самых драўляных разьдзяўбаных колах.
– Што гэта? – задаў Андрэ бессэнсоўнае пытаньне, пераглянуўшыся з крыху зьбянтэжаным Буянам.
– Зараз, зараз усё растлумачу! Раніцай я ўстаў і, як звычайна, выйшаў на шпацыр па навакольлях Тахелесу. Асабліва я люблю павывучаць кучы сьмецьця, што ляжаць на нашым двары. Часам тамака можна знайсьці штосьці цікавае для працы. Пізьдзюліну якую-небудзь для інсталяцыі, ляльку, стары падрамнік ці нешта яшчэ. А сёньня іду – ляжыць гэтая павозка! Я зірнуў на яе – і раптам як азарэньне найшло!
– Ну, і?..
– Што, ну і? Разумееш, пакуль я шпацыраваў, у мяне ў галаве думка круцілася: дзе грошай табе на дарогу да Магілёва ўзяць? А тут як убачыў – адразу зразумеў: дык вось яно!
– Што яно?
– Як ты не разумееш! Вось, зірні! – ён палез на кніжную паліцу, парыўся там крыху і выцягнуў зашмальцаваны альбом рэпрадукцый Ота Дыкса. Трэба сказаць, Ота Дыкс быў адным з найулюбёнейшых мастакоў Хведара. Ён гадзінамі мог гартаць старога добрага Ота, разглядаючы карціны, на якіх усіх магчымых кшталтаў выродцы – з рукамі і бязь іх, аднаногія альбо зусім бязногія, аднавокія, бязвокія, на мыліцах і вазках, у мундзірах, фуражках, прускіх шаломах, з забінтаванымі галовамі – інваліды Першай сусьветнай, ішлі, ехалі, кульгалі, каціліся па вуліцах Бэрліну.
– Вось зірні! – Хведар пагартаў альбом, знайшоў патрэбны малюнак і радасна тыцнуў у яго зялёным ад фарбы пальцам.
На карціне быў намаляваны жаўнер першай сусьветнай вайны. Ног ён ня меў. Замест іх да абрубка-тулава была прымацавана драўляная павозка накшталт той, што прыцягнуў Хведар са сьметніцы. Адна рука таксама адсутнічала. Яе замяняла дошка з намаляванымі на ёй спружынкамі. Ці трэба казаць, што ў салдата не было і аднога вока, на яго месцы красавалася чорная пірацкая павязка. Пра такія дробязі, як зубы і сківіцы, можна было нават ня згадваць. Але самае галоўнае – галаву чалавека-абрубка вянчаў дакладна такі, з накіраваным да нябёсаў шпілем, шалом, які быў цяпер на Андрэ. Калека на карціне ганарліва і пагрозьліва каціўся па вуліцах Бэрліну ды зьбіраў міласьціну ў мінакоў, якія шарахаліся ад яго, быццам ад пракажонага.
– Ну што, цяпер зразумеў? – Хведар пераможна паглядзеў на Андрэ.
– Гм, мдаааа… жудаснае відовішча!
– Вось менавіта! Гэта проста кляс! Галоўнае, у нас ёсьць шалом і павозка! Засталося прыкруціць драўляную руку і дадаць крыху антуражу.
– Сківіцу я магу выбіць! Будзем у разьліку за мэксыканцаў! Ха-ха-ха! – уставіў свой пятачок Буян.
– Ідзі да д’ябла!
– Ну! Як ідэя? Па-мойму, проста геніяльна!
– Ааанн, ндаа, – аптымізм Хведара ніяк не хацеў перадавацца Андрэ. Нешта ў сярэдзіне яго бунтавала, супраціўлялася гэтай ідэі. Хоць ён і адчуваў сябе чалавекам небагатым, а часамі нават і бедным, але думка жабраваць, пагатоў на вуліцах Бэрліну, неяк у галаву ніколі не прыходзіла. Да таго ж пачынаць новае жыцьцё з прускім шаломам у ролі папрашайкі здавалася яму зьдзекам з самой яго сутвы.
– Ведаеш, Хведар, гэта вельмі цікавая прапанова, але яе трэба абдумаць, – дыпляматычна адказаў Андрэ.
– Што тут думаць! Гэта ж сапраўдны тэатар! Такога яшчэ не было! Ува ўсіх гэтых бэрлінскіх жабракоў фантазіі не хапае такое прыдумаць! Максымум, што могуць, – запэцкацца срэбнай фарбай ды строіць зь сябе якога-небудзь Моцарта ці Паганіні. А тут, уяві, сапраўдны чалавек-абрубак! Жаўнер Першай сусьветнай!
У кайзэрскім шаломе! Ля Брандэнбургскай брамы! Ды гэта ж супэр!
– Так, так, мне гэтая ідэя таксама падабаецца, – умяшаўся Буян, да якога нарэшце дайшоў размах фантазіі Хведара.
– Ты зірні зь іншага боку! Гэта не клянчаньне! Гэта пэрформанс, тэатар, арт-праект. Ты ж, як артыст, павінен атрымліваць ганарар за выступ!