Зьявіўшыся на кухні, бойфрэнд ва ўпор зірнуў на нечаканага госьця й грозна спытаў:
– Хто гэта? – так, як быццам Андрэ не было ў пакоі.
– Гэта мой фрэнд. Ён застанецца ў нас начаваць, – спакойна, як пра нешта вырашанае, што не патрабуе абмеркаваньня, адказала Інгрыд.
Патарашчыўшы нейкі час вочы на немаведама адкуль узьніклага фрэнда й нібыта згаджаючыся зь непазьбежнасьцю ягонай прысутнасьці, бойфрэнд запытаў:
– Што гэта за сабачае лайно ў цябе на галаве?
– Шалом!
– І табе шалом! Ты што – жыд?
– Не!
– Мусульманін?
– Па-нашаму шалом – гэта ня мір, а вайна! Гэта значыць шалом ваяра!
– Ты што – ваяр?
«Так, мярзотны тып!» – падумаў Андрэ, вытрымаў паўзу й прамовіў:
– Я маршалак!
– Ха, маршалак! І дзе ж тваё войска?
– Яно расьсеянае ў багнах пад Магілёвам. Я акурат накіроўваюся туды. Маё зьяўленьне будзе сыгналам да паўстаньня.
Зласьлівы бойфрэнд пачаў пакрысе лагаднець, прысеў, узяў з рук Інгрыд бляшанку зь півам і, адпіўшы, спытаў:
– Як жа ты тут апынуўся?
– Мне давялося некалькі гадоў хавацца ў Эўропе ад агентаў ахранкі. Цяпер я, атрымаўшы заданьне германскага генштабу, еду зь Цюрыху, вяртаюся з эміграцыі. Дарэчы, тавагішчы па пагтыі далі мне на дагожку пакуначак віна! – і Андрэ палез у заплечнік і выцягнуў адтуль той літар, якім прадбачліва запасься зь вечара.
– Такім чынам, тавагішчы, усенепгеменьнейша мы мусім выпіць за спгаву нашай гевалюцыі!
Бойфрэнд зусім ужо падабрэў, дастаў шклянкі й прадставіўся:
– Я – Макс!
– Цудоўна! Амаль Маркс! Андрэ!
Макс аказаўся не такім ужо мярзотным тыпам, якім падаўся спачатку. Тое, што ён быў поўным прыдуркам, не выклікала ніякіх сумневаў. Але ж кожны творчы чалавек – а Макс лічыў сябе музыкам і граў на гітары ў малавядомым пачаткоўскім гурце – мусіць быць хоць крыху прыдуркам, інакш яму няма чаго рабіць у гэтым бізнэсе.
Напачатку ён узяўся распавядаць пра іхні бэнд і пра новы альбом, потым дастаў дыск і паставіў паслухаць нешта з апошніх запісаў. Шчыра кажучы, Андрэ ня вельмі любіў гучную музыку, асабліва калі інструмэнты равуць адначасова, імкнучыся перакрычаць адзін аднаго, але з павагі да гаспадара дому старанна слухаў і, час ад часу пазіраючы на Інгрыд, цёрся пад сталом аб яе нагу насамі сваіх чаравікаў.
Потым бойфрэнд выцягнуў з кішэні элеганцкую табакерку і прапанаваў пыхнуць. Андрэ ветліва адмовіўся, сказаўшы, што не па гэтых справах. На што Макс утаропіў на яго такія зьдзіўленыя вочы, як быццам упершыню ў жыцьці сустрэў адзінага ў сьвеце ўнікальнага чалавека, які адмаўляецца ад марыхуаны. Каб не выглядаць поўным лохам, госьцю давялося патлумачыць: колькі ён ні спрабаваў прызвычаіць свой арганізм да марыхуаны, ніводнага разу нічога добрага з гэтага не выходзіла. Магчыма, ён сапраўды ёсьць той самы ўнікальны чалавек, якога трава не бярэ, але, наадварот, прыбівае. Таму няма сэнсу пераводзіць каштоўны прадукт, а лепш ён вып’е віна.
Не да канца паверыўшы, што такі цуд, калі трава не бярэ, існуе ў прыродзе, Макс забіў касячок, і яны зь Інгрыд пыхнулі. Андрэ ж выпіў яшчэ віна ды паабяцаў, што, калі прыйдзе да ўлады, адправіць Максу ў падарунак марскім транспартам з Уладзівастоку вялікі кантэйнэр «Беламору», каб яны надалей ня мучыліся з рознымі там самакруткамі. У дадатак ён вышле ім у Гановэр цэлую скрыню «Крыжачка», праўдзівага, круцейшага за абсэнт дурману, настоенага не на нейкіх траўках, а на сапраўдных балотных грыбках-галюцынагенах.
Усё складалася някепска, і другі дзень новага жыцьця, у адрозьненьне ад першага, схіліўся б да хэпі-энду, калі б не падаў голас гэты чортавы вакзал. На жаль, кватэра Інгрыд месьцілася ў небясьпечнай да яго блізкасьці, усю непрыемнасьць якой Андрэ адчуў пасьля першай гадзіны ночы, калі да іх на агеньчык пачалі наведвацца ўсялякія асобы, што засумавалі ўначы й пасьпелі да гэтага часу знудзіцца і ад нуды вакзалу.
Спачатку намаляваліся два панкі. Яны былі ўжо ладна абдзяўбаныя, але галоўнае, калі яны зьявіліся на кухні, там адразу стала шумна, цесна й няўтульна. Андрэ зразумеў, што вечар для яго скончыўся, і папрасіў паказаць месца, дзе можна прылегчы. Інгрыд адвяла яго ў вялікую залю, прынесла ватовую коўдру і сказала, што спаць ён можа тут, на канапе, а яны з Максам звычайна сьпяць у суседнім маленькім пакоі.
З кухні зноў даносілася музыка ў выкананьні Макса й яго бязьлітаснага бэнду.
– Ну што, едзеш са мной у Магілёў на сьвята піва? – Андрэ прыціснуў Інгрыд да сябе гэтак блізка, каб адчуць усе пірсынгі на яе целе.