Зьявіўшыся на вакзале, Андрэ адразу прыкмеціў на сабе ўважлівыя погляды яго сталых насельнікаў. Людзі, якія кагосьці сустракалі, выпраўлялі або самі зьяжджалі, таксама зь цікаўнасьцю пазіралі на дзівака ў шаломе, але ня больш як на калярытны падвід панка. Самі ж панкі, жабракі, бяздомныя, наркаманы ды выпівохі адразу адчулі ў ім чалавека, які, падобна да іх, нікуды не зьбіраецца ехаць, а апынуўся тут, каб крыху заняць час. Ацаніўшы памеры вакзалу, Андрэ бязмэтна пабадзяўся па ім, перагледзеў вітрыны ды рушыў да выхаду папаліць.
– Прывітаньне! Цыгарэтай не пачастуеш? Перад ім стаяла маладая асоба ў чорнай перакляпанай скураной куртцы зь пірсынгам на ўсіх прыдатных для гэтага частках цела. Андрэ моўчкі выцягнуў пачак і падаў дзяўчыне цыгарэту. Ён ня быў сквапны на цыгарэты, але цяпер, калі яны заканчваліся й грошай набыць новы пачак амаль не заставалася, падобныя просьбы яго крыху раздражнялі.
– Дадай пяцьдзясят цэнтаў на піва, – дама відавочна жадала працягнуць размову.
– Я й сам бы стрэльнуў у каго-небудзь пяцьдзясят цэнтаў на піва, – неахвотна адказаў Андрэ, адчуваючы, што ня зможа ўнікнуць дыялёгу з дапытлівай паненкай.
– Ты адкуль? – пацікавілася тая, зразумеўшы па акцэнце, што ён ня немец.
– Зь Беларусі.
– А дзе гэта?
– На ўсходзе. Адразу за Польшай.
– У Расеі?
– Паміж. На лініі фронту.
– Ааа! Чарнобыль!
Паненка ажывілася і зь яшчэ большай цікаўнасьцю зірнула на незнаёмца ў шаломе. Андрэ таксама больш уважліва паглядзеў на яе. Дзяўчыне было гадоў дваццаць пяць. Выглядала яна цалкам няблага. Праўда, гэты крыху маскарадны, падкрэсьлена чорны прыкід выдаваў у ёй чалавека шалапутнага, ад якога можна чакаць любых сюрпрызаў. «Мусіць, яшчэ тая сьцярвоза. Шукае сэнс жыцьця ў любым экстрыме!» – падумаў Андрэ, падносячы даме запальнічку.
– Куды ж ты накіроўваешся?
– Еду ў Магілёў, на піўны фэстываль. Тут, у Баварыі, ёсьць Актобэрфэст, а ў нас ён таксама праходзіць восеньню, але завецца Дажынкі, ці Вялікае Сьвята Піва ў Могелі. «А яна нічога! – злавіў сябе на думцы Андрэ, – можа, і не прыгажуня, але твар выразны, з характарам. Такая можа з паўабароту мужыкоў заводзіць. Калі змыць гэтую ідыёцкую, а-ля лэдзі Макбэт, чорную туш з вачэй, то будзе зусім някепска», – і ўголас дадаў:
– Хочаш – паехалі разам!
– Да-жін-кі, – крыху каверкаючы слова, паўтарыла дзяўчына.
– Не дажінкі, а дажынкі. «Ж» цьвёрдае. Бо «да жінкі» – гэта як па-ўкраінску «да жонкі». Хаця не! «Да жонкі» будзе «да дружыны». А! Добра! Чорт зь ім!
– Ха! Я ні разу не была на ўсходзе! Аднойчы мы езьдзілі ў Познань, але далей не даводзілася выбірацца.
– Знайшла мне ўсход! У Познань – гэта амаль тое самае, што зьезьдзіць у Бон!
Андрэ пачынаў пакрысе ажыўляцца. Андрэйка, які драмаў дзесьці далёка ўсярэдзіне, мабыць, ачомаўся ад суботняга перапою і высунуў свой заспаны лыч у гэты сыры дажджлівы гановэрскі вечар.
– Ты павінна ўбачыць сапраўдны ўсход! Зьезьдзіць да нас – тое самае, што наведаць Індыю! Беларусь – сьвятая зямля арыйскіх багоў! У часы акупацыі гаўляйтар Кубэ нават хацеў Асгард збудаваць у нашых багнах. Не пасьпеў, праўда. Масква бомбу пад матрац падклала. Дарэчы, як цябе завуць? Мяне – Андрэй, але тут, у Нямеччыне, сябры завуць Андрэ.
– Інгрыд!
– Інгрыд! Якое кляснае імя! Гучыць як у багіні з старажытнага нямецкага міту! Ну што, едзеш?
– Добра, паехалі! У цябе ёсьць што-небудзь выпіць? – яна ўсьміхнулася з выглядам чалавека, які, вядома ж, ні ў які Могель на сьвята піва ехаць не зьбіраўся, але патусавацца вечарок зь дзіваком у шаломе ў прынцыпе ня супраць.
У Андрэ яшчэ заставалася пятнаццаць эўра, якія нядрэнна было б з розумам расьцягнуць да Бэрліну. Але, зь іншага боку, падумаў ён, бутэлька «Егермайстару» ў такі зябкі вечар была б вельмі дарэчы. «А, хрэн зь ім! Да Бэрліну ўсяго нейкіх дзьвесьце пяцьдзясят кілямэтраў. Калі раніцай выехаць, то пасьля заходу сонца я ўжо буду з хобітамі парыць мазгі грапай у Тахелесе», – вырашыў ён і ўголас прамовіў:
– Ты ня ведаеш паблізу якой-небудзь недарагой крамы кшталту «Лідла»?
Увесь час, пакуль Андрэ размаўляў зь Інгрыд ды нахвальваў ёй вартасьці магілёўскага піўнога фэсту, за імі нястомна назіралі некалькі параў уважлівых вачэй. Калі ж яны рушылі ў бок найбліжэйшага недарагога супэрмаркету, нехта, відаць, добра знаёмы зь Інгрыд, паклікаў яе і, пацікавіўшыся, куды яны накіроўваюцца, асьцярожна запытаў, ці ня мог бы ён да іх далучыцца.
На што Андрэ, акінуўшы вокам экстравагантную фрызуру кандыдата ў кампанію й крыху расправіўшы плечы, рашуча адказаў:
– Ведаеш, камрадэ, я вяртаюся з фронту й крыху патраціўся ў дарозе. Наступным разам, калі наведаю Гановэр, абавязкова пастаўлю выпіўку ўсяму вакзалу, але сёньня, на жаль, «Егермайстру» хопіць толькі на дваіх.
Пакуль яны прабіраліся праз сутоньне дажджлівых вуліцаў да недарагой крамы, Андрэ зацікаўлена з усіх бакоў прыглядаўся да Інгрыд.