…Эх, шкада, што цяпер няма рэвалюцыі, на якую можна адправіцца. Паехаць бы куды-небудзь у Мэксыку, да Вільі ды Сапаты, альбо стаць паплечнікам Гарыбальдзі, а можа, Рабэсп’ера. Цікава… Калі сячы галаву гільяцінай, ці ня будзе шалом перашкодай?.. А раптам яна не пакоціцца, як качан сьвежаадрэзанай капусты, а ўпадзе ўніз ды ўтыркнецца пікай у драўляны наст эшафоту… Стане на памосьце, як дэсэрт у залатой вазе…
…Не… лепш апынуцца ў сямнаццатым у Піцеры ды пайсьці на штурм Зімняга… Прыўкрасная была б карціна – разам з матросамі залезьці ў прускім шаломе на чыгунную царскую браму з залатымі арламі…
…бальшавікам бы гэта не спадабалася… сказалі б, што я кайзэрскі лазутчык…
…можна на шалом будзёнаўку надзець… усё адно яны аднолькавай формы… а потым адправіцца будаваць новы сьвет для балотных людзей…
…так, штаб трэба абавязкова ў стозе зрабіць…
…шкада… адзіную рэвалюцыю зараз чурбаны ў паранджах зьдзяйсьняюць… фу, мярзота… выправяць у пекла чарговую партыю нявінных цывільных, а потым красуюцца ў тэлевізары… паскуды… падняліся на нафтадалярах… грэбаны АПЭК… і яшчэ ўвесь час шантажуюць… маўляў, здабычу зьнізім…
…чаму ўсялякай свалаце ўсе скарбы сьвету дастаюцца, а нам толькі багны, бярозы ды сосны… бэмц, бэмц… партызанскія сёстры… бэмц, бэмц
… ды цьвіль балотная…
…мундзіры таксама трэба жоўтыя пашыць… бо як жа ў стозе – ды ў зялёным… заўважна будзе…
…і пагоны жоўтыя… бэмц, бэмц…
…і боты… бэмц, бэмц… – кружлялі ў галаве Андрэ водгукі анты-антыглябалісцкага рэпу.
…а гэтыя антыглябалісты… бэмц, бэмц… таксама прыдуркі… бэмц, бэмц… толькі і могуць, што біць вітрыны… бэмц, бэмц… у вайнушку нагуляюцца, а потым зоймуць бацькавы фатэлі… бэмц, бэмц, бэмц…
….
…трэээба выызваляаааць… бэмц, бэмц… балот…нае…пле…мя…. бэмц…
…
…………пээ…рыс…коп……….тааак…самааа… жоооўў…тыыы….. бэээмц…»
Пад думкі пра рэвалюцыі ён незаўважна заснуў на шыкоўным саламяным ложку. Дзесьці непадалёк буркатаў аўтабан. Тысячы машын несьліся па ім да вялікіх жоўтых гарадоў. За шэрымі аблокамі, міргаючы чырвонымі вочкамі, праляталі самалёты. Вышэй, над імі, рухаліся спадарожнікі-шпіёны, што назіралі за жоўтымі гарадамі, аўтабанамі й чырвонымі вочкамі самалётаў. Дзесьці зусім высока над спадарожнікамі праплывалі камэты, нараджаліся новыя зоркі, пачыналіся іншыя сусьветы. А яшчэ вышэй, над усімі, віселі чорныя дзіры, што пажыралі камэты, зоркі ды іншыя сусьветы з аўтабанамі, жоўтымі гарадамі, машынамі ды самалётамі.
І пакуль Андрэ спаў, тысячы машын зноў і зноў несьліся да буйных гарадоў, самалёты ляцелі, спадарожнікі назіралі, а вялікая жоўтая зорка пад назваю Сонца павольна ўздымалася з-за гарызонту, каб вярнуць усіх у новы дзень…
Прачнуўся ён досыць позна. Стомленасьць апошніх дзён, бяссонныя ночы прымусілі яго розум патануць у настолькі глыбокім сьне, што ён не адчуваў шалома, не круціўся з боку на бок, не бадзяўся па п’яных кутох, не купляў валёнкі, не захрасаў у шафах і абудзіўся, калі сонца паднялося ўжо зусім высока над саламяным полем.
Вылезшы са стогу, Андрэ накіраваўся да трасы, што гула побач. Па дарозе ён знайшоў дзеравяку памерам сантымэтраў пятнаццаць на пятнаццаць і, дастаўшы сьцізорык, зрабіў па цэнтры невялічкую адтуліну. Затым прыкруціў калодку да шпілю шалома і, задаволены сваім вынаходніцтвам, рушыў далей. «Гэтак надзейней, – падумаў ён, – а то зноў праб’ю дах якому прыдурку».
Машыны доўга праяжджалі міма, не спыняючыся. Нарэшце паджылая спадарыня на вельмі дарагім аўто ўзялася падкінуць Андрэ да Гановэру. Ужо маючы досьвед аўтамабільнага падарожжа ў шаломе, ён адразу ж забраўся на задняе сядзеньне й расьцягнуўся на шырокай скураной канапе.
Фраў Марта (гэтак звалі спадарыню) аказалася вельмі жвавай і цікаўнай кабетай. Як толькі Андрэ разваліўся на вохрыстым фатэлі, яна тут жа спытала, чаму ён носіць на галаве гэтую кітайскую пагаду. Андрэ ня надта хацелася пачынаць працяглыя тлумачэньні, таму ён сьціпла паведаміў, што зьяўляецца прыхільнікам культу Бісмарка, што гэта новая надзвычай прагрэсіўная сэкта і едзе ён да сваіх аднадумцаў у Гановэр сьвяткаваць новы год, які для іх пачынаецца сёньня, у дзень нараджэньня вялікага Канцлера.
Палена ж, што прыкручанае да шалома, – гэта частка будучага сьвятога агню, які яны запаляць дакладна апоўначы. Кожны зь ягоных братоў прывязе на кончыку свайго шалома па кавалачку сьвятарнага дрэва. Уначы, калі праб’е дванаццаць, яны зьбяруцца ля вялікага рытуальнага вогнішча, укленчаць і, пакланіўшыся, засунуць галаву ў агонь. Калі сьвятое дрэва ўзгарыцца, яны ўзьнімуцца і выканаюць вогненны танец з маленькімі паходнямі на кончыках сваіх шаломаў. А затым ён выправіцца на ўсход зь місіяй далучыць да іхняга брацтва новых адэптаў, што жывуць у цемры й няверы ў багнах за Бугам.
Гэтая гісторыя вельмі зацікавіла фраў Марту. Прыехаўшы ў Гановэр, яна пажадала Андрэ вясёлага новага году й высадзіла яго дзесьці непадалёк ад Цэнтральнага вакзалу.
Надвор’е да таго часу зусім сапсавалася. Ад самага ранку нябёсы хмурыліся, нібыта ўсім выглядам давалі зразумець, што лета скончылася. Цяпер жа неба набрыняла чымсьці цяжкім і, ужо ня маючы моцы трымаць гэты цяжар, пачало нудна й манатонна аддаваць яго зямлі, зарадзіўшы доўгім шэрым дробным дажджом. Андрэ зьняў кавалак сьвятарнага дрэва са свайго шалома і, паклаўшы яго ў заплечнік, паплёўся па нейкай маркотнай вуліцы ў невядомым напрамку.
Пад шэрым небам і гэткім жа шэрым дажджом горад падаўся яму таксама шэрым. Ён крочыў даўгой апусьцелай вуліцай, падобнай да бясконцага калідору з мноствам зачыненых дзьвярэй. Над кожнай вісела шыльда, якая мусіла патлумачыць, што менавіта адбываецца па той бок: Цырульня, Піцэрыя, Музычныя прылады, Кебаб, Аптэка, Абутковая крама, Пральня, Кнігі.
Зазірнуўшы за вітрыннае шкло, ён сапраўды знаходзіў там чалавека, што сядзеў у фатэлі з закручанай вакол шыі белай прасьціною; нагрувашчваньні барабанаў, гітары, якія акуратна адна ля другой віселі ў пакоі; некалькі туркаў за вузкім жоўтым сталом перад вялікім конусам са смажаным мясам; жанчыну ў белым халаце пры касавым апараце; істоту ў паранджы перад доўгім шэрагам аднолькавых пральных машынаў; чараду дамскіх ботаў з цэтлікамі ў вітрыне.
Дождж пачаў узмацняцца, і Андрэ падумаў, што ўсё ж давядзецца дзесьці схавацца. Да таго ж, узьняўся вецер, і надвор’е ўжо напоўніцу ўяўляла зь сябе эталён восеньскай непагоды. Аднак варыянтаў прытулку было няшмат. Заставалася пайсьці ў найбліжэйшую шматпавярховую краму ды шпацыраваць там між вітрынаў з выглядам заклапочанага пакупніка альбо рушыць на цэнтральны вакзал, дзе прынамсі можна было знайсьці пустую лаву ды, уладкаваўшыся на ёй, перачакаць залеву. Выбірацца зараз на трасу з рызыкай сустрэць ноч пад дажджом ня мела сэнсу, і Андрэ, запытаўшы ў мінака, дзе знаходзіцца вакзал, рушыў у яго напрамку. Датупаўшы да вялізарнага будынку з надпісам «Банхоф», ён увайшоў усярэдзіну і з абыякавасьцю зазначыў, што вакзал насамрэч месьціўся менавіта тут.
Як і кожная падобная ўстанова, гановэрскі банхоф жыў сваім адмысловым жыцьцём, шмат у чым не падобным да жыцьця навакольных кварталаў. У адрозьненьне ад іншых, драбнейшых, вакзалаў, дзе ўначы звычайна ўсё заціхала, ён гаманіў, сустракаў, выпраўляў бесьперыпынку, круглыя суткі. Горад месьціўся на перакрыжаваньні шляхоў, таму цягнікі ішлі празь яго несупынна. Да таго ж, прасторы ён меў велізарныя, і ў гэтых прасторах зьмяшчалася мноства ўсялякіх установаў: крамак, кавярняў, шапікаў, імбісаў.
Натуральна, такі сымфанічны аркестар розных начных забягалавак ня мог ня вабіць да сябе самую пярэстую публіку – тую, што зусім не зьбіралася нікуды ехаць. Проста хтосьці даўно памяняў дзень на ноч і прачынаўся, калі іншыя ўжо спалі, хтосьці таксама б спаў, але, як і Андрэ, ня меў дзе. Для некага гэта была праца – абцяпваць тут па начох розныя гешэфты, хтосьці проста сумаваў па жыцьці і хацеў сустрэць чалавека, якому за бутэлечкай Корну можна было б распавесьці свой сум.