Праўда, місія гэта вельмі складаная. Існуе яго антыпод у касцы ваяра-вызваліцеля, які жадае заманіць ягоны люд на берагі матухны Волгі. І, уласна, на двубой волатаў, ад якога залежыць будучыня ягонага народу, ён і кіруецца.
Калі Андрэ з важным выглядам замаўчаў, даючы зразумець, што баек больш ня будзе, кіроўца зь недаверам зірнуў на яго і зрабіў гучней музыку.
– Кактэлі, картэлі, нафталінавыя бардэлі, бэмц, бэмц, бэмц, – далятаў з прымача антыглябалісцкі рэп.
«Дзіўна, – злавіў сябе на думцы Андрэ, – раней слова «мастак» я прамаўляў з гонарам. А цяпер – зь нейкай няёмкасьцю, быццам займаюся чымсьці непрыстойным».
У дзяцінстве, як і ўсе хлопчыкі, ён марыў стаць лётчыкам. І, магчыма, ягонае жыцьцё склалася б інакш, калі б не зьявіўся дзядзька Іван – мастак, блізкі сябра маці і мясцовы авангардыст. Іван Панцялеевіч быў чалавек незвычайны і ў адрозьненьне ад большасьці магілёўскіх мастакоў, якія з усіх колераў аддавалі перавагу шэраму, ладзіў сур’ёзны экспэрымэнт у мастацтве: складаў шэры з мноства адценьняў. Наблізіўшы твар упрытул да ягонага твора, глядач прыходзіў у захапленьне: кожны сантымэтрык палатна ўбіраў у сябе ўсю гаму фарбаў. Але варта было адысьці мэтры на тры – і выява зноў рабілася бескампрамісна, бездакорна шэрай.
Дзядзька Іван здаваўся Андрэ калі ня богам, то дакладна сьвятаром, жрацом нейкай боскай сілы. Сам ягоны вобраз быў падобны да Творцы з царкоўных іконаў. Даўгія валасы, сівая барада і, канечне, німб. Німб, праўда, быў крыху пацяганы, зроблены зь мяккага вэлюру, месцамі запэцканы фарбай, а можа, віном, але ён ганарліва ўзносіўся над галавой Івана Панцялеевіча высакародным чорным бэрэтам.
Вырашыўшы, што таксама будзе авангардыстам і прысьвеціць жыцьцё здабываньню шэрага колеру з стракатай разнастайнасьці сьвету, Андрэ пачаў старанна наведваць заняткі дзядзькі Івана ў студыі мясцовага шпалаўкладачнага камбінату. Магчыма, яму наканавана было стаць песьняром магілёўскіх туманаў, але раптам, калі ён крыху пасталеў, зьніадкуль паўстаў Зільдэрман. Ён вызначыў экспэрымэнт Івана Панцялеевіча як шэрую плесьню, балотны імпрэсіянізм, сказаў, што няма ў горадзе іншага авангардыста, апроч Яго, і ўзяўся знаёміць Андрэ з маніфэстамі супрэматыстаў, нумізматакубістаў, сынхараэлістаў, гіпэр-традыцыяналістаў, сукаперасоўных мануалістаў, пасьля чаго павёз у Пецярбург.
Пацягаўшы хулямата-хілярэта-нэафіта па піцерскіх майстэрнях, пагойсаўшы зь ім па «сайгонах», ліцейных і розных праграмных флэтах, Зільдэрман навучыў яго піць віно, прыгожа сплёўваючы, круціць «Беламор» і з асаблівым шыкам павязваць даўгі шалік. Вярнуўся Андрэ ў Магілёў ужо скончаным авангардыстам. Шляхі да адступленьня былі адрэзаныя. Заставалася адно – пачынаць свой пошук у мастацтве. Ён разьвітаўся з балотным імпрэсіянізмам і прыдумаў назву для ўласнага стылю – нэкрарамантычны турбаабстракцыянізм.
Андрэ ўзяўся экспэрымэнтаваць з матэрыяламі, паспрабаваў сябе ў скульптуры, стварыў першую ў Магілёве інсталяцыю з пустых віна-гарэлачных скрыняў, сьцягнутых уначы ад бліжэйшага гастраному. Потым была мастацкая вучэльня ў Менску, няўдалая спроба паступіць у інстытут, тужлівыя пошукі сябе, запоі, белы білет, налёты на Піцер, разрыў зь Зільдэрманам і, нарэшце, першыя выставы сапраўдных авангардыстаў.
У тыя часы Андрэ вельмі шкадаваў, што нарадзіўся ў Магілёве, а ня ў Віцебску, які знаходзіўся ўсяго кілямэтраў за дзьвесьце ад яго. Гэты горад лічыўся сапраўднай сталіцай рэвалюцыйнага мастацтва. Там працаваў гуру кожнага праўдзівага авангардыста – Казімір Малевіч, там зьявіўся на сьвет УНОВИС, у Віцебску жыў Марк Шагал. Магілёў жа здаваўся Андрэ правінцыйнай дзіркай, што не дала сусьвету ніводнага вялікага рэвалюцыянэра ў мастацтве.
Нават Менску пашанцавала болей: непадалёк нарадзіўся Хаім Суцін. На Берасьцейшчыне месьцілася радавое гняздо Хведара Міхайлавіча – найвялікшага для Андрэ аўтарытэта ў літаратуры ўсіх часоў і народаў. З Магілёўшчыны, калі хто й паходзіў з сапраўдных авангардыстаў, то толькі самазванец Ілжэдзьмітры Другі. Дый той, у адрозьненьне ад Ілжэдзьмітрыя Першага, аказаўся грэбаным лузэрам, бо яго намер захапіць Маскву абярнуўся няўдачай.
Некалькі разоў Андрэ рабіў спробы перабрацца ў Пецярбург. Сваім турбаабстрактным нэкрарамантызмам ён быў у Магілёве мала каму цікавы. Але завіснуць у Піцеры таксама не выходзіла. Ідэйныя праціўнікі – нэкрарэалісты экспрэсіянісцкага разьліву – яго не прымалі. «Дзікія» лічылі манэрным, «міцькі» – дэкадэнцкім. Таму, пашвэндаўшыся па сквотах, папіўшы гарэлкі з паэтамі на «Сайгоне» ці праз дарогу, у рэстарацыі Саюзу тэатральных дзеячоў, Андрэ зноўку вяртаўся дамоў. Адзіны, хто яго пахваліў, быў Чалавек-сабака, які ненадоўга неяк завітаў у Магілёў, лізнуў яго ў вуха ды назваў сапраўдным мастаком. Праўда, Сабака жыў у Маскве, а Андрэ яе не любіў, але з таго часу Чалавек-сабака стаў для яго першым аўтарытэтам у сучасным мастацтве.
Напрыканцы 80-х, калі прыадчыніліся межы, Андрэ пачалі запрашаць на першыя выставы ў Эўропу. Гэта былі залатыя часы. Ён раптам стаўся ўсім цікавы. Паўсюль закіпалі рэвалюцыі, мастакі з былога Саўка прыцягвалі ўвагу, карціны, нават правінцыйныя «-ізмы», хай і нядорага, але йшлі нарасхват. Здавалася, вось яно – новае, зь неверагоднымі пэрспэктывамі, жыцьцё! Жыцьцё, дзе ўсё давалася весела, проста, у якім нават папойкі былі не панурыя, а лёгкія, узвышаныя, быццам вясновыя карнавалы. Карнавалы… Карнавалы… Кар…на…валы…
Пад аднастайнае буркатаньне аўтабану Андрэ пачаў патанаць у салодкай дрымоце. Празь нейкія аддаленыя пакойчыкі сьвядомасьці да яго даносіліся ўрыўкі антыглябалісцкага рэпу з радыёпрымача. Дарога закалыхвала шэптам шынаў, гудзеньнем матораў вялікіх фураў, глухім посьвістам мэрсэдэсаў і бээмвушак, што на вялікай хуткасьці праносіліся наперад.
«Да д’ябла мастацтва…. Зільдэрман меў рацыю, своечасова зваліў…. цяпер на Брайтане дыскамі гандлюе…. а дзядзька Іван паранейшаму… ідыёт… да чорта бэрэты… німбы… шалом… шалом… ша…лом… шал…ом… шаа… лллл…ооомм…»
– Фак!!! Шайзэ!!! Шыт!!!
Андрэ падскочыў ад нечаканага ўдару і, толкам яшчэ ня сьцяміўшы, што адбылося, адразу адчуў – галава яго прыліпла да даху аўтамабіля.
– Чортаў прыдурак! Ты прабіў мне дах сваім рогам! – лямантаваў пачырванелы ад злосьці вадзіла.
Засьпеты зьнянацку, Андрэ тупа, спалохана й вінавата глядзеў па бакох, спрабуючы зразумець, што адбылося. Разуменьню перашкаджала нязручнасьць ягонага становішча. Галава нібы прысохла да даху гэтак, што ён нават ня мог павярнуцца, каб зірнуць на кіроўцу поўным вокам. Андрэ даводзілася спадылба касавурыцца на яго, таму нават вінаваты погляд здаваўся абуральна нахабным, што яшчэ больш разьюшвала вадзілу.
Пакуль Андрэ спаў, іх прыўкрасны кабрыялет на вялікай хуткасьці ўляцеў у велізарны затор – цалкам звычайную справу для нямецкіх дарог у нядзельны папаўдзённы час. Аднак шаша рабіла тут паварот, таму кіроўца, не адразу заўважыўшы яго набліжэньне, змушаны быў рэзка ўдарыць па тармазох, калі затор нечакана вырас перад імі. Ад тармажэньня сьпячага Андрэ кінула наперад, і ён літаральна працяў залатым шпілем скураны дах аўтамабіля. Вядома ж, калі б ён ехаў на мэрсэдэсе, і ўжо дакладна не ў кабрыялеце, гэтага не адбылося б. Ён адно парваў бы мяккую абіўку салёну. Але глямурная скурка францускай прыгажуні не змагла даць годнага супраціву сталі, адлітай на заводах Крупа, таму цяпер галава з шаломам заставалася ў салёне, а востры шпіль нахабна тырчэў звонку.
– Ідыёт!!! Хто мне заплаціць за рамонт даху!
– Перцы, путаны, тата за акіянам, маці марыхуана, бэмц, бэмц, бэмц, – па-ранейшаму хрыпеў па радыё і біўся ў канвульсіях нэрвовы антыглябалісцкі рэп.
Андрэ ўхапіўся за шалом дзьвюма рукамі й асьцярожна пацягнуў на сябе. Кіроўца, выскачыўшы з машыны, пачаў зь іншага боку прапіхваць яго ўсярэдзіну салёну. Людзі: мужчыны, фраў, фройляйн і мэдхен з аўто, што павольна рушылі міма, зь цікаўнасьцю паглядалі на дзіўнае відовішча. Нарэшце, калі шалом цалкам вярнуўся ў салён, спацелы і ашалелы вадзіла пракрычаў:
– Раганосец! Пайшоў прэч з маёй машыны, сэктант хрэнаў!
Зразумеўшы, што дыскутаваць ня мае сэнсу, Андрэ моўчкі падхапіў заплечнік, з пачуцьцём уласнай годнасьці выйшаў на дарогу і раздражнёна паслаў наўздагон:
– Сам раганосец! Валёнак дробнабуржуазны!
Апынуўшыся зноўку на трасе, ён разгублена паглядзеў на аўто, што праяжджалі міма, а потым павярнуўся і рушыў да бліжэйшай шыльды, каб зразумець, у якім прыкладна месцы яны прыпыніліся.
Першы дзень новага жыцьця хіліўся да вечару. Лавіць іншую машыну пакуль не хацелася. Ля першага вялікага шчыта з назвамі населеных пунктаў, зазірнуўшы ў мапу, ён адзначыў, што ўсё ж праехалі яны нямала. За сьпінаю былі Цукервафэль, Дзёнэрмітзэльц, Абэндкапут, Хам. Недзе наперадзе ўжо маячыў Нахрэннахостэн.
Да Гановэру заставалася ня больш за сто кілямэтраў, але Андрэ вырашыў збочыць з трасы для невялікага прыпынку. «Трэба выпіць піва ды нечага зьесьці», – прапанаваў ён сам сабе і рушыў у цішыню вясковых прыцемкаў. Сонца па-ранейшаму не было. Неба зацягнулася мяккай шэрай тканінай. «Мабыць, сонца, ладна стаміўшыся за дзень, вырашыла пайсьці з працы раней. Ну й добра, – думаў Андрэ, – самы час на піва. Толькі трэба знайсьці бэнзакалёнку, дзе яго можна набыць».
Ён збочыў на невялічкую мясцовую дарогу й накіраваўся па ёй, мяркуючы, што рана ці позна бэнзакалёнка абавязкова яму патрапіцца. Нядаўняе здарэньне не адпускала. Андрэ ніяк ня мог супакоіцца. Розныя крыўдныя думкі лезьлі ў галаву: