УСЕ (разам). Не можа быць!
АСА. Тэхнікі ў яго – цэлы двор. Сама бачыла.
МАТЫЛЬ. З агню ды ў полымя.
ЗВАНОЧАК (Матылю). І ты ёй верыш?
СМОЛКА. За адзін дзень столькі перамен!
РАМОНАК. І што цяпер?
Ледзь ідзе Пчолка з дзвюма поўнымі вядзерцамі. Стала, адпачывае.
ПЧОЛКА. План я сёння перавыканала. (Выцірае пот.)
АСА. Давай паднясу, сяброўка. (Бярэ адно вядзерца, падміргвае ў залу.) А то мужчыны ў нас нездагадлівыя. (Разам аддаляюцца.) Ды наманіла я ім, гэтым зёлкам лёгкаверным... Няхай патузаюцца.
Любоў за ўсё мацней
Дзейныя асобы:
МУЖ
ЖОНКА
АНЁЛ-АХОЎНІК
ЧОРЦІК
СМЕРЦЬ
Верхні ярус. Маладая жонка калыша на руках дзіцятка.
ЖОНКА (спявае). “Люлі, люлі, люлі, дзеткі ўсе паснулі”… Позна ўжо, а таткі нашага няма. На рабоце, мабыць, затрымаўся. Працавіты ён у нас. І ты, сынок, гэткім вырасцеш… “Люлі, люлі, люлі спаць, а я буду калыхаць. Прыйдзе шэранькі ваўчок…”
Ніжні ярус. Мужчына выходзіць з дзвярэй, на якіх напісана “гараж”.
Зіма, сыплецца снег.
МУЖ. Цяжкі сёння дзень выдаўся. Ну, нічога, не ўпершыню. Работа ў нас такая. (Паўза.) Можа, ў краму зайсці па дарозе? Піўца куплю ды і хлеба заадно, жонка прасіла.
АНЁЛ (з правага боку). Лепей без піва абысціся. Галава будзе цяжкай, вочы – мутнымі… Спаць адразу завалішся, з сыночкам не пагуляеш…
ЧОРЦІК (з левага боку). Ой, і смачнае ж яно, піва… “Старажытнаае” возьмеш ці “Балтыку” нумар восем. Пеністае, хмельнае… Адну бутэлечку не грэх кульнуць.
МУЖ. Праўду кажаш. Адну, для расслабону толькі – і дадому, у цяпло, да мілай маёй жоначкі.
ЧОРЦІК. Хі-хі! Усё па плану, усё як я хачу! (Скача ад радасці.)
Верхні ярус. Жонка вешае пялёнкі ды распашонкі.
ЖОНКА. Дзе ж ён? Затрымліваецца... Хлеба на вячэру няма, хаця б не забыўся купіць. Мабыць, зноў гэтым півам накачаецца…
АНЁЛ (збоку). Не думай кепскага, жанчына!
ЖОНКА. Столькі хлопцаў заляцалася, а я яго чамусьці выбрала.
От падабаўся – і ўсё. Сэрцу, кажуць, не загадаеш…