ЛІСКА. На полі, дзе. Наладзім нарыхтоўку на зіму.
ЗАЙ. Насушым, ці што?
ЛІСКА. Тэхналогія – мой клопат. А твая справа – зарэгістравацца. У нас тут – у цябе, дакладней – офіс будзе. Улады зусім звар’яцелі: без офісу цяпер ліцэнзію не выдаюць.
ЗАЙ. Ага, падаткі як заплоціш – зубы на паліцу пакладзеш.
ЛІСКА. Дзіўнае ў мяне становішча, Зай. Пярэдняя частка тулава – у раі, а задняя нібыта ў пекле. Мерзне, бедненькая, пакутуе... Яшчэ б заднюю лапу прыстроіць. Век богу за цябе маліцца буду.
ЗАЙ. Першы раз чую, што ты маліцца ўмееш. (Задумаўся.) А якому богу – лісінаму ці зайчынаму?
ЛІСКА. Бог адзін, Бялевіч, гэта я табе аўтарытэтна заяўляю. Ну, а калі ты асцерагаешся авантуры з капустай, то я маю яшчэ адну задуму: давай адкрыем астралагічную школу. (Крыху пасунулася ў дамок.)
ЗАЙ. У мяне, Рыжыкава, ад тваіх прапаноў дах едзе. Ты, аказваецца, не толькі хірамантка, але, да таго ж, і астролаг!
ЛІСКА. Мяне, даражэнькі, само жыццё вучыла, і вучыла шмат чаму. Я нават піфагораву матрыцу магу табе скласці.
ЗАЙ (выціраецца ручніком). Аж узмакрэў я ад тваіх праектаў.
ЛІСКА. Скажы толькі дакладны год, месяц і дзень тваіх народзінаў.
ЗАЙ. Маю метрыку маці згубіла, калі за ёй сабака гнаўся.
ЛІСКА. І што, зусім не ведаеш? (Прасунулася ў дамок амаль уся, адно хвост знадворку.)
ЗАЙ. Прыблізна толькі.
ЛІСКА. Шкада. Астралагічная школа, лічы, накрылася. Адно застаецца…
ЗАЙ. Што?
ЛІСКА (горача). Цяпер гэтым усе займаюцца. Біядабаўкі. Жывыя грошы. Увесь лес вітамінамі засыплем. Пачысцім у звяроў кішэчнікі, нармалізуем абмен, палепшым кроў… (Азірнуўшыся, ціха.) Хвосцік, пачакай, ужо мала засталося…
Зай раптам абвяў – страціў прытомнасць. Ліска кінулася яго ратаваць і ўся аказалася ў дамку. Пырскае на яго вадой, расцірае скроні.
Што з табой?
ЗАЙ (слаба). Ты знарок… пра кроў… А?
ЛІСКА. Даруй, даражэнькі! Я зусім забылася, што ты не пераносіш гэтага слова… А хочаш, я зраблю табе масаж?
ЗАЙ. Яшчэ і масаж! Хопіць з мяне! Капуста, астралогія, дабаўкі… Дурдом нейкі.
ЛІСКА. Валяр’янка трэба. (Ўкладвае яго на канапу, сама размясцілася побач.) А прызнайся, любы, у шостым класе я табе падабалася.
ЗАЙ. І ў шостым, і ў сёмым… Грыўка ў цябе была такая, смешная…
ЛІСКА. Эх, дзе яна, маладосць?… Час ляціць… (Пафасна.) Але нават час не ўладны над сапраўднымі пачуццямі.
ЗАЙ (расчулена). Дай абніму цябе, рыжая… Што ні кажы, а другой такой у лесе не знойдзеш.
ЛІСКА. Гэта праўда. (Адсоўваецца, пераходзіць на дзелавы тон.) Што за камод старасвецкі? Бабулін, ці што? Дзе ты такія бачыў цяпер? І люстра гэтая ні к сялу, ні к гораду. Павесім бра. Фэн-шуй, даражэнькі, трэба паляпшаць.
ЗАЙ. Фэн – што?
ЛІСКА. Як, ты не чуў пра фэн-шуй?! Усе толькі і гавораць: “Фэн- шуй, фэн-шуй”… Усе літаральна на ім памяшаліся. Ты што, кітайскі народ не паважаеш? (Праходжваецца.) Шторы закажам сучасныя, на Жданах. З фальбонамі. Званочкаў усходніх навешаем і ладанам усё гэта абкурым. Будзе поўны адпад!
ЗАЙ. Ладанам? Абкурым? О-о-о… (Зноў абсоўваецца.)