МАТЫЛЬ. Што я ведаў?
СМОЛКА. Што заўтра луг пачынаюць касіць.
МАТЫЛЬ (агаломшаны). Заўтра? Не можа быць.
СМОЛКА. Хочаш сказаць, што першы раз чуеш? Не выкруцішся, даражэнькі! Ты ведаў! Вы нездарма там пад лапухом шапталіся…
МАТЫЛЬ. Хто шаптаўся?
СМОЛКА. Значыць, так. Мы аб’яўляем табе байкот. Не смей набліжацца ні да якай кветкі.
МАТЫЛЬ. Ты мяне і так з усімі на лузе пасварыла. Захацела быць адной-адзінай… Ты думаеш, што калі цябе выбралі ў лугавую раду…
СМОЛКА. Нічога я не думаю.
МАТЫЛЬ. Ды і не косяць каторы год. Няма кароў – не трэба сена.
Паблізу чуваць працяглае “Му-у-у…”
СМОЛКА. Парнакапытнае! Накаркаў!
МАТЫЛЬ. Ідзе сюды.
З’яўляецца К а р о в а. Яна на прывязі і рухаецца па крузе.
МАТЫЛЬ (Смолцы). Хавайся! (Карове, паважліва.) Добрага здароўя вам!
КАРОВА. Не скарджуся, дзякуй богу!
МАТЫЛЬ. Чаму адны тут пасіцёся?
КАРОВА. А я гаспадарская, на вольным выпасе. Праўда, які ён вольны? (Паказвае на вяроўку.) А мне расказвалі, што ў свеце яшчэ ёсць такія запаведныя мясціны, дзе каровы самі пасуцца ўсё лета і нават рэчкі пераплываюць.
МАТЫЛЬ. Байкі!
КАРОВА. Мая гаспадыня граматная, усё ведае.
МАТЫЛЬ. А вы не чулі, выпадкам, што заўтра луг касіць збіраюцца?
КАРОВА (хітае галавой). Не можа быць. Навошта яго касіць, калі ёсць я? Я тут прывыкла: і трава сакавітая, і цянёк ёсць… За дзень добрую лапіну апрыходую...
Смолка высунулася з-пад куста, слухае.
МАТЫЛЬ (робіць знакі). Знікні! (Карове.) Спытайце ў сваёй граматнай бабулі, можа, яна ведае.
КАРОВА. Люблю паважлівае абыходжанне. Малачка хочаш?
МАТЫЛЬ (аблізваючыся). Не-а. Нельга мне. Алергія.
КАРОВА. Ну глядзі. А я спытаю абавязкова. (Знікае з вачэй.)
Бягуць Рамонак са З в а н о ч к а м.
РАМОНАК (Смолцы). Усіх паклікалі! Усе будуць!
ЗВАНОЧАК (звоніць). Рада на захадзе сонца! Рада на захадзе сонца! (Пабеглі далей.)
СМОЛКА. Каб ведала, што так мала часу засталося… Навошта ўсё гэта – сваркі, рэўнасць, непаразуменні, калі заўтра мы можам не прачнуцца?