МАТЫЛЬ. А можа й пранясе.
СМОЛКА. Табе – што? На іншы луг пераляціш, знойдзеш яшчэ адну... ліпучку. Прыстойны мужчына, дарэчы, даўно б папрасіў прабачэння. (Матыль маўчыць.) Ну, твая справа. Бывай! (Пайшла.)
МАТЫЛЬ (сабе, гледзячы на гадзіннік). У пяць спатканка з Асою.
І што ёй трэба ад мяне? Аса так проста не прызначыць.
Аса на арэлях, Матыль яе злёгку гайдае.
АСА. Нейкі доўгі сёння дзень. Ну проста бясконцы.
МАТЫЛЬ. Гэта ад незанятасці.
АСА. Не скажы. Масаж, манікюр, педзікюр... Табе падабаецца новы колер маіх валасоў?
МАТЫЛЬ. Колер як колер.
АСА. Ад цябе, бачу, камплімента не дачакаешся. (Паўза.) А праўда, што ты сваю справу распачынаеш?
МАТЫЛЬ. Што за луг! Усе пра ўсё ведаюць!
АСА. Вытворчасць капялюшыкаў для кветак – гэта класная задума.
МАТЫЛЬ. Праўда? Табе падабаецца мая ідэя?
АСА. Я проста ў адпадзе. Нават больш. Магу аказаць пасільную дапамогу.
МАТЫЛЬ. Якую?
АСА. Буду мадэллю ў тваім атэлье. Трэба ж некаму дэманстраваць твае модныя вырабы. А мне ў гэтай справе роўных няма, скажу без лішняй сціпласці. А не, дык займуся рэкламай… А магу і бухгалтэрыю весці… Што скажаш?
МАТЫЛЬ. Я падумаю. (Перастае гушкаць.)
АСА (неахвотна злазячы з арэляў). Парыць. (Пазяхнула.) А што гэта кветкі нейкія ўстрывожаныя?
МАТЫЛЬ. У іх перапалох: нібыта заўтра пачатак касьбы.
АСА (прытворна). Не можа быць!
МАТЫЛЬ. Так нечакана… І для каго я капялюшыкі буду вымоджваць?
АСА. Жыццё, дарагі мой, непрадказальнае. Чакаеш аднаго, а адбываецца зусім іншае. Не люблю я, папраўдзе, аднастайнасці. Люблю, каб усё кіпела, віравала... У-у-у!
МАТЫЛЬ. Цікава, адкуль пайшла пагалоска пра касьбу?
АСА (задумалася). Напэўна, ад каровы.
МАТЫЛЬ. Я пытаўся. Тая не ў курсе.
АСА. Можа прыснілася якой кветцы… Яны ж такія эмацыянальныя, такія чуллівыя… Яшчэ вырашаць на сваёй радзе, што лепш дабраахвотна здацца карове, чымся пайсці пад касу.
МАТЫЛЬ. Карове? Навошта карове?
АСА. А каму яшчэ патрэбны гэтыя лугавыя зёлкі? Сам бачыш: аніякія! Ну, у нас з табою няма падстаў для панікі. Калі што – паляцім на суседні луг.
МАТЫЛЬ. Прабач, пагаворым другім разам.
АСА. Ведаеш, а давай злятаю ў вёску і пра ўсё даведаюся.