— Правільна, — кажу. — Хадзем на двор, цяпліцу пашукаем. Мне здаецца, што недзе там Кляйн Мікі дрэсіруе. Адчынім дзверы ў цяпліцы — хай у лес Мікі бяжыць. Вызвалім яго. Га?
Я з надзеяй глядзеў на Міхася. Няўжо спалохаецца, адмовіцца?
— Паспрабуем, — сказаў Міхась. Асцярожна ступаючы, мы пайшлі па калідоры.
У доме было ціха-ціха. Я нават чуў, як тахкала маё сэрца.
«Няўжо не пашанцуе? Няўжо мы не вырвемся на двор? А што, калі Піф-Піф паблізу затаіўся? Вось каб вырвацца! Павінна ж чалавеку хоць калі шанцаваць», — адна за адною праносіліся ў галаве думкі.
Нам пашанцавала. Мы выйшлі на двор, спыніліся на ганку, азірнуліся. І на двары нікагутка. Нават палівальшчыкаў чамусьці не відаць.
— Чаго стаіце? — прашаптала Наташа. — Чакаеце Кляйна? Бяжым!
Мы саскочылі з прыступак і пабеглі, як гаворыцца, куды вочы глядзяць. Абы далей ад гэтага страшнага дома. У тую хвіліну нават забыліся, што хацелі цяпліцу шукаць.
Мы беглі, беглі па высыпаных пяском дарожках. А ў скронях стукала: «Хутчэй. Яшчэ хутчэй. Кляйн даганяе».
Нарэшце ўбачылі невялікую палянку. На палянцы стаялі вуллі. Мы спыніліся.
— Тут пчолы, — прагаварыла Наташа. — Можа, тыя, дзікія?
— Тых пчол Кляйн наўрад ці трымае тут, — сказаў Міхась. — Тут звычайныя, свойскія…
— Усё роўна блізка не падыходзьце. Пчолы не любяць чужых.
Калі б Наташа прамаўчала, я, напэўна, мінуў бы гэтую палянку. А пасля гэтых слоў мяне як хтосьці ў плечы штурхнуў: «Яна баіцца — і ты баішся? Памятаеш, як цябе Наташа бабаю ў штанах абазвала? Ідзі».
Усміхаючыся, я падыбаў да вулляў. І Міхась пайшоў са мною. Міхась, які прывык дзейнічаць па прынцыпу: сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Яго, мабыць, таксама хтосьці ў спіну штурхануў. А можа, проста воля яго ап’яніла? Пішуць жа ў кнігах, што воля ап’яняе чалавека, што, вырваўшыся на волю, чалавек робіцца як сам не свой. Відаць, так.
— Куды вы? — крыкнула Наташа. — Вярніцеся.
— Паслухаем, як пчолы дзынькаюць, і вернемся, — весела адказаў Міхась.
Але каля вулляў, як ні дзіўна, не было ніводнай пчалы.
— Хадзі сюды, — паклікаў Міхась Наташу. — Няма пчол. Пустыя вуллі.
— Няма? Вы правяралі?
— Зараз праверу.
У траве ляжаў бамбукавы кій. Міхась узяў яго і рэзнуў па вуллі. Адзін раз, другі.
— Няма. Бачыш?
Наташа нясмела падышла да нас. А Міхась стукнуў кіем па другім вуллі.
— Няма. А ты баялася.
— Дай і я стукну, — прашу Міхася.
— Што, рукі свярбяць? — засмяяўся Міхась. — Бо. Мне не шкада.
Я ўзяў у Міхася кій і грукнуў па бліжэйшым вуллі. Некалькі разоў запар.
— Вылазяць! — спалохана крыкнула Наташа. Я адчуў, як каля вуха быццам іголкай кальнула.
Спачатку падумаў, што Міхась жартуе, чым-небудзь парнуў. Ужо хацеў сварыцца, ды праз імгненне ўбачыў каля самага носа адну пчалу, другую. Я замахаў рукамі. Дарэмна. Зноў як іголкай кальнула. Ужо ў твар.