У памяці засталося, як стары таксіст адчайна вылаяўся, калі голуб стукнуўся аб лабавое шкло: «За дзень дзьве-тры птушкі разьбіваюцца. А ў газэтах пішуць сытуацыя пад кантролем».
У гарадзкіх парках зграбалі лісьце і везьлі за горад, там лісьце хавалі. Зразалі зямлю з заражаных плям і таксама хавалі — зямлю хавалі ў зямлі. Хавалі дровы, траву. Ва ўсіх былі крыху вар’яцкія твары. Распавядаў стары пчаляр: «Выйшаў раніцай у сад, чагосьці не хапае, нейкага знаёмага гуку. Ніводнай пчалы... Не чуваць ніводнай пчалы. Ніводнай! Што? Што такое? І на другі дзень яны ня вылецелі і на трэці... Потым нам паведамілі, што на атамнай станцыі — аварыя, а яна побач. Але доўга мы нічога ня ведалі. Пчолы ведалі, а мы не». Чарнобыльская інфармацыя ў газэтах была спрэс з ваенных словаў: выбух, героі, салдаты, эвакуацыя... На самой станцыі працавала КДБ. Шукалі шпіёнаў і дывэрсантаў, хадзілі чуткі, што аварыя — заплянаваная акцыя заходніх спэцслужбаў, каб падарваць лягер сацыялізму. У кірунку Чарнобылю рухалася вайсковая тэхніка, ехалі салдаты. Сыстэма дзейнічала, як звычайна, па-вайсковаму, але салдат з новенькім аўтаматам у гэтым новым сьвеце быў трагічны. Усё, што ён мог, набраць вялікія радыядозы і памерці, калі вернецца дадому.
На маіх вачах дачарнобыльскі чалавек ператвараўся ў чарнобыльскага.
Радыяцыю нельга было ўбачыць, памацаць, пачуць яе пах... Такі знаёмы і незнаёмы сьвет ужо акружаў нас. Калі я паехала ў зону, мне хутка патлумачылі: кветкі рваць нельга, садзіцца на траву нельга, ваду з калодзежа ня піць... Сьмерць таілася паўсюль, але гэта ўжо была нейкая іншая сьмерць. Пад новымі маскамі. У незнаёмым абліччы. Старыя людзі, якія перажылі вайну, зноў зьяжджалі ў эвакуацыю — глядзелі на неба: «Сонца сьвеціць... Няма ні дыму, ні газу. Не страляюць. Ну, хіба гэта вайна? А трэба рабіцца ўцекачамі».
Раніцай усе прагна хапалі газэты і тут жа адкладалі іх з расчараваньнем — шпіёнаў не знайшлі. Пра ворагаў народу ня пішуць. Сьвет без шпіёнаў і ворагаў народу быў таксама незнаёмы. Пачыналася нешта новае. Чарнобыль усьлед за Афганістанам рабіў нас вольнымі людзьмі.
Для мяне сьвет рассунуўся. У зоне я не адчувала сябе ні беларускай, ні расейкай, ні ўкраінкай, а прадстаўніком біявіду, які можа быць зьнішчаны. Супалі дзьве катастрофы: сацыяльная — сыходзіла пад ваду сацыялістычная Атлянтыда, і касьмічная — Чарнобыль. Падзеньне імпэрыі хвалявала ўсіх: людзі былі заклапочаныя днём і бытам, на што купіць і як выжыць? У што верыць? Пад якія сьцягі зноў стаць? Або трэба вучыцца жыць безь вялікай ідэі? Апошняе нікому не знаёма, бо яшчэ ніколі так не жылі. Перад «чырвоным» чалавекам стаялі сотні пытаньняў, ён перажываў іх у адзіноце. Ніколі ён ня быў такі адзінокі, як у першыя дні свабоды. Вакол мяне былі ўзрушаныя людзі. Я іх слухала...
Закрываю свой дзёньнік...
Што з намі адбылося, калі імпэрыя ўпала? Раней сьвет дзяліўся: кáты і ахвяры — гэта ГУЛАГ, браты і сёстры — гэта вайна, электарат — гэта тэхналёгіі, сучасны сьвет. Раней наш сьвет яшчэ дзяліўся на тых, хто сядзеў і хто саджаў, сёньня дзяленьне на славянафілаў і заходнікаў, на нацыянал-здраднікаў і патрыётаў. А яшчэ на тых, хто можа купіць і хто ня можа купіць. Апошняе, я б сказала, самае жорсткае выпрабаваньне пасьля сацыялізму, бо нядаўна ўсе былі роўныя. «Чырвоны» чалавек так і ня здолеў увайсьці ў тое царства свабоды, пра якое марыў на кухні. Расею падзялілі безь яго, ён застаўся ні з чым. Зьняважаны і абкрадзены. Агрэсіўны і небясьпечны.
Што я чула, калі езьдзіла па Расеі...
— Мадэрнізацыя ў нас магчымая шляхам шарашак і расстрэлаў.
— Расейскі чалавек быццам бы і ня хоча быць багатым, нават баіцца. Чаго ж ён хоча? А ён заўсёды хоча аднаго: каб нехта іншы не зрабіўся багатым. Багацейшым, чым ён.
— Сумленнага чалавека ў нас ня знойдзеш, а сьвятыя ёсьць.
— Нелупцаваных пакаленьняў нам не дачакацца; расейскі чалавек не разумее свабоды, яму патрэбны казак і бізун.
— Два галоўныя расейскія словы: вайна і турма. Скраў, пагуляў, сеў... выйшаў і зноў сеў...
— Расейскае жыцьцё павінна быць злое, нікчэмнае, тады душа падымаецца, яна ўсьведамляе, што не належыць гэтаму сьвету... Чым брудней і крывавей, тым больш для яе прасторы...
— Для новай рэвалюцыі няма ні сілы, ні нейкага вар’яцтва. Куражу няма. Расейскаму чалавеку патрэбная такая ідэя, каб мароз па скуры...
— Так наша жыцьцё і боўтаецца — паміж бардаком і баракам. Камунізм не памёр, нябожчык жывы.
Бяру на сябе сьмеласьць сказаць, што мы змарнавалі свой шанец, які ў нас быў у 90-ыя гады. На пытаньне: якой павінна быць краіна — моцнай або годнай, дзе людзям добра жыць, выбралі першы — моцнай. Цяпер зноў час сілы. Расейцы ваююць з украінцамі. З братамі. У мяне бацька — беларус, маці — украінка. І так у многіх. Расейскія самалёты бамбуюць Сырыю...
Час надзеі зьмяніўся часам страху. Час павярнуў назад... Час сэканд-хэнд...
Цяпер я ня ўпэўненая, што дапісала гісторыю «чырвонага» чалавека...
У мяне тры дамы — мая беларуская зямля, радзіма майго бацькі, дзе я пражыла ўсё жыцьцё, Украіна, радзіма маёй мамы, дзе я нарадзілася, і вялікая расейская культура, безь якой я сябе не ўяўляю. Яны мне ўсе дарагія. Але цяжка ў наш час казаць пра любоў.
© The Nobel Foundation, 2015
7 сьнежня 2015
Сяргей Дубавец, Менск
Найлепшае, што магла паказаць і паказала Сьвятлана Алексіевіч у сваёй Нобэлеўскай лекцыі, гэта сябе такую, якая яна ёсьць, а не такую, якую нехта хацеў пабачыць.
Яна сапраўды савецкі чалавек, як і яе героі. Яна толькі перастала ці перастае быць «чырвоным чалавекам». Зь лекцыі мы так і не зразумелі, ці мае для яе сэнс незалежная краіна Беларусь, якую яна прадстаўляе.
Яна не разьвіталася з Расеяй, каб цалкам прыйсьці да Беларусі. Яна і не плянуе гэтага рабіць, бо «русская культура» яе стварыла, а Беларусь — толькі «мая зямля».
У гэтым сэнсе Нобэлеўская лекцыя прагучала, як разьвітаньне Алексіевіч з сабою ўчорашняй. Па духу гэта была ўчорашняя лекцыя з прыпахам нафталіну. Аўтарка сапраўды падобная да Лукашэнкі зь яго непераадольнымі комплексамі «вялікай русской культуры» і Беларусі, як «куска зямлі».
Лекцыя паказала, што гэты Нобэль у разуменьні ляўрэаткі — пэрсанальна для Алексіевіч, а не для Беларусі — незалежнай эўрапейскай краіны з уласнай культурай. Але высокі статус з пазнакай нашай краіны даецца назаўжды. Магчыма, пасьля гэтай разьвітальнай лекцыі мы пачуем некалі і прывітальную, заўтрашнюю, зьвернутую да новай Беларусі, яе культуры і мовы.
9 сьнежня 2015