Дваццаць гадоў таму мы правялі «чырвоную» імпэрыю з праклёнамі і са сьлязьмі. Сёньня ўжо можам паглядзець на нядаўнюю гісторыю спакойна, як на гістарычны досьвед. Гэта важна, таму што спрэчкі пра сацыялізм не сунімаюцца дагэтуль. Вырасла новае пакаленьне, у якога іншая карціна сьвету, але нямала маладых людзей зноў чытаюць Маркса і Леніна. У расейскіх гарадах адкрываюць музэі Сталіна, ставяць яму помнікі.
«Чырвонай» імпэрыі няма, а «чырвоны» чалавек застаўся. Працягваецца.
Мой бацька, ён нядаўна памёр, да канца быў верным камуністам. Захоўваў свой партыйны білет. Я ніколі не магу вымавіць слова «савок», тады мне давялося б так назваць свайго бацьку, «родных», знаёмых людзей. Сяброў. Яны ўсе адтуль — з сацыялізму. Сярод іх шмат ідэалістаў. Рамантыкаў. Сёньня іх называюць па-іншаму — рамантыкі рабства. Рабы ўтопіі. Я думаю, што ўсе яны маглі б пражыць іншае жыцьцё, але пражылі савецкае. Чаму? Адказ на гэтае пытаньне я доўга шукала — аб’езьдзіла велізарную краіну, якая нядаўна звалася СССР, запісала тысячы стужак. То быў сацыялізм і было проста наша жыцьцё. Па макулінках, па драбочках я зьбірала гісторыю «хатняга», «унутранага» сацыялізму. Тое, як ён жыў у чалавечай душы. Мяне прыцягвала вось гэтая маленькая прастора — чалавек... адзін чалавек. Насамрэч там усё і адбываецца.
Адразу пасьля вайны Тэадор Адорна быў узрушаны: «Пісаць вершы пасьля Асьвенціма — гэта барбарства». Мой настаўнік Алесь Адамовіч, чыё імя хачу назваць сёньня з удзячнасьцю, таксама лічыў, што пісаць прозу пра кашмары XX стагодзьдзя — блюзьнерства. Тут нельга выдумляць. Праўду трэба даваць, як яна ёсьць. Патрабуецца «звышлітаратура». Гаварыць павінен сьведка. Можна ўспомніць і Ніцшэ зь яго словамі, што ніводзін мастак ня вытрымае рэальнасьці. Не падніме яе.
Заўсёды мяне мучыла, што праўда не ўмяшчаецца ў адно сэрца, у адзін розум. Што яна нейкая раздробленая, яе шмат, яна розная, і рассыпаная ў сьвеце. У Дастаеўскага ёсьць думка, што чалавецтва ведае пра сябе больш, значна больш, чым яно пасьпела зафіксаваць у літаратуры. Што раблю я? Я зьбіраю штодзённасьць пачуцьцяў, думак, словаў. Зьбіраю жыцьцё свайго часу. Мяне цікавіць гісторыя душы. Побыт душы. Тое, што вялікая гісторыя звычайна прапускае, да чаго ставіцца з пагардай. Займаюся прапушчанай гісторыяй. Ня раз чула і цяпер чую, што гэта не літаратура, гэта дакумэнт. А што такое літаратура сёньня? Хто адкажа на гэтае пытаньне? Мы жывем хутчэй, чым раней. Зьмест рве форму. Ломіць і зьмяняе яе. Усё выходзіць з сваіх берагоў: і музыка, і жывапіс, і ў дакумэнце слова вырываецца за межы дакумэнту. Няма межаў паміж фактам і выдумкай, адно перацякае ў другое. Нават сьведка не бесстароньні. Распавядаючы, чалавек творыць, ён змагаецца з часам, як скульптар з мармурам. Ён — актор і творца.
Мяне цікавіць маленькі чалавек. Маленькі вялікі чалавек, так я б сказала, таму што пакуты яго павялічваюць. Ён сам у маіх кнігах распавядае сваю маленькую гісторыю, а разам са сваёй гісторыяй і вялікую. Што адбылося і адбываецца з намі, яшчэ не асэнсавана, трэба вымавіць. Для пачатку хаця б вымавіць. Мы гэтага баімся, пакуль ня ў стане справіцца са сваім мінулым. У Дастаеўскага ў «Бесах» Шатаў кажа Стаўрогіну перад пачаткам гутаркі: «Мы дзьве істоты сышліся ў бязьмежнасьці... апошні раз у сьвеце. Пакіньце ваш тон і вазьміце чалавечы! Загаварыце хоць раз голасам чалавечым».
Прыблізна так пачынаюцца ў мяне размовы з маімі героямі. Вядома, чалавек кажа з свайго часу, ён ня можа гаварыць зь ніадкуль! Але прабіцца да чалавечай душы цяжка, яна засьмечаная забабонамі стагодзьдзя, яго прыхільнасьцямі і падманамі. Тэлевізарам і газэтамі.
Мне хацелася б узяць некалькі старонак з сваіх дзёньнікаў, каб паказаць, як рухаўся час... як памірала ідэя... Як я ішла па яе сьлядах...
1980 — 1985 гг.
Пішу кнігу пра вайну... Чаму пра вайну? Таму што мы ваенныя людзі — мы або ваявалі, або рыхтаваліся да вайны. Калі прыгледзецца, то мы ўсе думаем па-ваеннаму. Дома, на вуліцы. Таму ў нас так танна каштуе чалавечае жыцьцё. Усё, як на вайне.
Пачынала з сумневаў. Ну, яшчэ адна кніга пра вайну... Навошта?
У адной з журналісцкіх паездак я сустрэлася з жанчынай, яна была на вайне санінструктарам. Расказала: ішлі яны ўзімку праз Ладажскае возера, праціўнік заўважыў рух і пачаў абстрэльваць. Коні, людзі сыходзілі пад лёд. Адбывалася ўсё ноччу, і яна, як ёй здалося, схапіла і пачала цягнуць да берага параненага. «Валаку яго мокрага, голага, думала, вопратку сарвала, — расказвала. — А на беразе выявіла, што прыцягнула велізарную параненую бялугу. І загнула такім трохпавярховым матам — людзі пакутуюць, а зьвяры, птушкі, рыбы — за што? У іншай паездцы я пачула апавяданьне санінструктара кавалерыйскага эскадрону, як падчас бою прыцягнула яна ў варонку параненага немца, але што гэта немец, яна выявіла ўжо ў варонцы, нага ў яго перабіта, сьцякае крывёй. Гэта ж вораг! Што рабіць? Там наверсе свае хлопцы гінуць! Але яна перавязвае гэтага немца і паўзе далей. Прыцягвае рускага салдата, ён непрытомны, калі ачуньвае, хоча забіць немца, а той, калі прыходзіць у прытомнасьць, хапаецца за аўтамат і хоча забіць рускага. «То аднаму па мордзе дам, то другому. Ногі ў нас, — успамінала, — усё ў крыві. Кроў перамяшалася».
Гэта была вайна, якую я ня ведала. Жаночая вайна. Не пра герояў. Не пра тое, як адны людзі гераічна забівалі іншых людзей. Запомнілася жаночае галашэньне: «Ідзеш пасьля бою па полі. А яны ляжаць... Усе маладыя, такія прыгожыя. Ляжаць і ў неба глядзяць. І адных, і другіх шкада». Вось гэта «і адных, і другіх» падказала мне, пра што будзе мая кніга. Пра тое, што вайна — гэта забойства. Так гэта засталося ў жаночай памяці. Толькі што чалавек усьміхаўся, курыў — і ўжо яго няма. Больш за ўсё жанчыны кажуць пра зьнікненьне, пра тое, як хутка на вайне ўсе ператвараецца ў нішто. І чалавек, і чалавечы час. Так, яны самі прасіліся на фронт, у 17-18 гадоў, але забіваць не хацелі. А памерці былі гатовыя. Памерці за Радзіму. З гісторыі словаў ня выкінеш — за Сталіна таксама.
Кнігу два гады не друкавалі, яе не друкавалі да перабудовы. Да Гарбачова. «Пасьля вашай кнігі ніхто ня пойдзе ваяваць, — вучыў мяне цэнзар. — Ваша вайна страшная. Чаму ў вас няма герояў?» Герояў я не шукала. Я пісала гісторыю праз расказ нікім не заўважанага яе сьведкі і ўдзельніка. Яго ніхто ніколі не распытваў. Што думаюць людзі, проста людзі пра вялікія ідэі — мы ня ведаем. Адразу пасьля вайны чалавек расказаў бы адну вайну, празь дзясяткі гадоў іншую, вядома, у яго нешта мяняецца, таму што ён складае ва ўспаміны ўсё сваё жыцьцё. Усяго сябе. Тое, як ён жыў гэтыя гады, што чытаў, бачыў, каго сустрэў. У што верыць. Нарэшце, шчасьлівы ён або не шчасьлівы. Дакумэнты — жывыя істоты, яны зьмяняюцца разам з намі...
Але я абсалютна ўпэўненая, што такіх дзяўчатак, як ваенныя дзяўчаткі 41-га году, больш ніколі ня будзе. Гэта быў самы высокі час «чырвонай» ідэі, нават вышэйшы, чым рэвалюцыя і Ленін. Іх Перамога дагэтуль засланяе сабой ГУЛАГ. Я бясконца люблю гэтых дзяўчатак. Але зь імі нельга было пагаварыць пра Сталіна, пра тое, як пасьля вайны цягнікі зь пераможцамі ішлі ў Сібір, з тымі, хто быў сьмялейшы. Астатнія вярнуліся і маўчалі. Аднойчы я пачула: «Свабоднымі мы былі толькі ў вайну. На перадавой». Наш галоўны капітал — пакута. Ня нафта, ня газ — пакута. Гэта адзінае, што мы ўвесь час здабываем. Увесь час шукаю адказ: чаму нашы пакуты не канвэртуюцца ў свабоду? Няўжо яны марныя? Меў рацыю Чаадаеў: Расея — краіна бяз памяці, прастора татальнай амнэзіі, цнатлівая сьвядомасьць для крытыкі і рэфлексіі.
Вялікія кнігі валяюцца пад нагамі...
1989
Я — у Кабуле. Я не хацела больш пісаць пра вайну. Але вось я на сапраўднай вайне. З газэты «Праўда»: «Мы дапамагаем братняму афганскаму народу будаваць сацыялізм». Усюды людзі вайны, рэчы вайны. Час вайны.
Мяне ўчора ня ўзялі ў бой: «Заставайцеся ў гатэлі, панначка. Адказвай пасьля за вас». Я сяджу ў гатэлі і думаю: нешта ёсьць амаральнае ў разглядваньні чужой мужнасьці і рызыкі. Другі тыдзень я ўжо тут і не магу вызваліцца ад пачуцьця, што вайна — спараджэньне мужчынскай прыроды, для мяне неспасьціжнай. Але будзённасьць вайны грандыёзная. Я адкрыла для сябе, што зброя прыгожая: аўтаматы, міны, танкі. Чалавек шмат думаў над тым, як лепш забіць іншага чалавека. Вечная спрэчка паміж ісьцінай і прыгажосьцю. Мне паказалі новую італьянскую міну, мая «жаночая» рэакцыя: “Прыгожая. Чаму яна прыгожая?«Па-ваеннаму мне дакладна патлумачылі, што калі на гэтую міну наехаць або наступіць вось так... пад такім вось вуглом... ад чалавека застанецца паўвядра мяса. Пра ненармальнае тут кажуць, як пра нармальнае, само сабой зразумелае. Маўляў, вайна... Ніхто ня траціць розум ад гэтых карцін, што вось ляжыць на зямлі чалавек, забіты не стыхіяй, ня злым лёсам, а іншым чалавекам.
Бачыла загрузку «чорнага цюльпана» (самалёт, які вязе на Радзіму цынкавыя труны з загінулымі). Мёртвых часта апранаюць у старую вайсковую форму яшчэ саракавых гадоў, з галіфэ, бывае, што і гэтай формы не хапае. Салдаты перагаворваліся паміж сабой: «У лядоўню прывезьлі новых забітых. Быццам нясьвежым кабаном пахне». Буду пра гэта пісаць. Баюся, што дома мне не павераць. У нашых газэтах пішуць пра алеі дружбы, якія садзяць савецкія салдаты.
Размаўляю з хлопцамі, многія прыехалі добраахвотна. Прасіліся сюды. Заўважыла, што большасьць зь сем’яў інтэлігенцыі — настаўнікаў, лекараў, бібліятэкараў — адным словам, кніжных людзей. Шчыра марылі дапамагчы афганскаму народу будаваць сацыялізм. Цяпер сьмяюцца зь сябе. Паказалі мне месца ў аэрапорце, дзе ляжалі сотні цынкавых трунаў, таямніча блішчалі на сонцы. Афіцэр, які суправаджаў мяне, не стрымаўся: «Можа тут і мая труна... Засунуць туды... А за што я тут ваюю?» Тут жа спалохаўся сваіх слоў: «Вы гэта не запісвайце».
Ноччу мне сьніліся забітыя, ва ўсіх былі зьдзіўленыя твары: як гэта я забіты? Няўжо я забіты?
Разам з мэдсёстрамі езьдзіла ў шпіталь для мірных афганцаў, мы вазілі дзецям падарункі. Дзіцячыя цацкі, цукеркі, печыва. Мне дасталася штук пяць плюшавых Мішак. Прыехалі ў шпіталь — доўгі барак, з пасьцелі і бялізны ва ўсіх толькі коўдры. Да мяне падышла маладая афганка зь дзіцем на руках, хацела нешта сказаць, за дзесяць гадоў тут усе навучыліся трохі размаўляць па-расейску, я дала дзіцёнку цацку, ён узяў яе зубамі. «Чаму зубамі?» — зьдзівілася я. Афганка ссунула коўдрачку з маленькага цельца, хлопчык быў без абедзьвюх рук. — «Гэта твае рускія бамбілі». Хтосьці ўтрымаў мяне, я падала...
Я бачыла, як наш «Град» ператварае кішлак ў перааранае поле. Была на афганскіх могілках, доўгіх як кішлак. Дзесьці пасярэдзіне могілак крычала старая афганка. Я ўспомніла, як у вёсцы пад Менскам уносілі ў дом цынкавую труну, і як выла маці. Гэта не чалавечы крык быў і не зьвярыны... Падобны да таго, што я чула на кабульскіх могілках...
Прызнаюся, я не адразу стала свабоднай. Я была шчырай са сваімі героямі, і яны давяралі мне. У кожнага з нас быў свой шлях да свабоды. Да Афганістану я верыла ў сацыялізм з чалавечым тварам. Адтуль вярнулася свабоднай ад усіх ілюзій. «Прабач мне, бацька, — сказала я пры сустрэчы, — ты выхаваў мяне зь верай у камуністычныя ідэалы, але дастаткова адзін раз убачыць як нядаўнія савецкія школьнікі, якіх вы з мамай вучыце (мае бацькі былі сельскія настаўнікі), на чужой зямлі забіваюць невядомых ім людзей, каб усе твае словы ператварыліся ў пыл. Мы — забойцы, тата, разумееш!?» Бацька заплакаў.
З Афганістану вярталася шмат вольных людзей. Але ў мяне ёсьць і іншы прыклад. Там, у Афганістане, хлопец мне крычаў: «Што ты, жанчына, можаш зразумець пра вайну? Хіба людзі так паміраюць на вайне, як у кнігах і кіно? Там яны паміраюць прыгожа, а ў мяне ўчора сябра забілі, куля трапіла ў галаву. Ён яшчэ мэтраў дзесяць бег і лавіў свае мазгі...» А празь сем гадоў той самы хлопец — цяпер пасьпяховы бізнэсовец, любіць распавядаць пра Афган. — Патэлефанаваў мне: «Навошта твае кнігі? Яны занадта страшныя». Гэта ўжо быў іншы чалавек, ня той, якога я сустрэла сярод сьмерці і які не хацеў паміраць у дваццаць гадоў...
Я пыталася ў сябе, якую кнігу пра вайну я хацела б напісаць. Хацела б напісаць пра чалавека, які не страляе, ня можа стрэліць у іншага чалавека, каму сама думка пра вайну прыносіць пакуты. Дзе ён? Я яго не сустрэла.
1990–1997 гг.
Расейская літаратура цікавая тым, што яна адзіная можа расказаць пра ўнікальны досьвед, празь які прайшла калісьці велізарная краіна. У мяне часта пытаюцца: чаму вы ўвесь час пішаце пра трагічнае? Таму што мы так жывем. Хоць мы жывем цяпер у розных краінах, але ўсюды жыве «чырвоны» чалавек. З таго жыцьця, з тымі ўспамінамі.
Я доўга не хацела пісаць пра Чарнобыль. Я ня ведала, як пра гэта напісаць, зь якім інструмэнтам і адкуль падступіцца? Імя маёй маленькай, закінутай у Эўропе краіны, пра якую сьвет раней амаль нічога ня чуў, загучала на ўсіх мовах, а мы, беларусы, сталі чарнобыльскім народам. Першымі дакрануліся да невядомага. Зрабілася ясна: акрамя камуністычных, нацыянальных і новых рэлігійных выклікаў, наперадзе нас чакаюць больш лютыя і татальныя, але пакуль яшчэ схаваныя ад вока. Нешта ўжо пасьля Чарнобылю прачынілася...